АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),

адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,

выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.​П.​Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н V Аляксеевіч

(27.8.1666, Масква — 29.1.1696),

рускі цар [1682—89]. Сын Аляксея Міхайлавіча, бацька Ганны Іванаўны. Вызначаўся слабым здароўем (хварэў на цынгу, меў слабы зрок). Пасля смерці бяздзетнага цара Фёдара Аляксеевіча (27.4.1682) Нарышкіны абвясцілі царом малодшага царэвіча Пятра Аляксеевіча. У час Стралецкага паўстання І. V быў пасаджаны на прастол і 26.5.1682 зацверджаны Земскім саборам «першым» царом (яго малодшы брат Пётр I стаў лічыцца «другім» царом). Цараванне І. V было намінальным, да 1689 фактычна правіла царэўна Соф’я Аляксееўна, пасля Пётр I.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),

грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.​Лукша, К.​Цвірка, В.​Шымук.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ЧЫН,

2 гарадзішчы і селішча жал. веку каля в. Калочын Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 і селішча — калочынскай культуры. Гарадзішча-сховішча было ўмацавана па перыметры драўлянай агароджай і 2 падковападобнымі валамі. Датуецца канцом 4 — пач. 9 ст., трапляюцца і больш раннія матэрыялы мілаградскай і зарубінецкай культуры. На селішчы выяўлены 2 паўзямлянкі. Гарадзішча-2 адносіцца да мілаградскай культуры. 3 боку поля ўмацавана 2 валамі і ровам паміж імі.

Міхаіл Лашанкоў, Георгій Штыхаў.

Гліняныя пасудзіны з гарадзішча-1 Калочын.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШКО́ЎСКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (1864, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл. — 12.6.1925),

руская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Скончыла Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1888). З 1888 у Малым т-ры. Яркая камедыйная актрыса, іграла ролі свецкіх «драпежніц», какетак, інтрыганак: Глафіра, Лідзія Чабаксарава («Ваўкі і авечкі» і «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага) і інш. Тонкім гумарам, абаяннем было прасякнута яе выкананне ролей Дыяны («Сабака садоўніка» Лопэ дэ Вегі), Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш., стварала таксама драм. вобразы сучасніц.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА,

прыватная навуч. ўстанова. Засн. ў Мінску ў ліст. 1908. Заснавальнік доктар Л.​З.​Гутцайт. Пачала дзейнічаць са студз. 1909. Прымаліся асобы жаночага і мужчынскага полу (пераважалі жанчыны). У 1909 было 200 навучэнцаў, у 1910—39 (пераважна яўрэі). Працавалі 9 выкладчыкаў. Курс навучання падзяляўся на тэарэт. і практычную часткі. Практычныя заняткі праводзіліся ў Мінскай яўр. бальніцы. У 1920-я г. на базе школы створана мед. вучылішча № 1, якое дзейнічае і цяпер.

Н.​Я.​Новік.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Мсціслаў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Мсціслаўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай губ. 12.12.1796 уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем папярэдніх межаў. Пл. каля 2,5 тыс. км². Нас. на 1883 было 63 тыс. чал. 2.2.1919 М.п. разам з Магілёўскай губ. уключаны ў РСФСР (з 26.4.1919 у складзе Смаленскай губ.). 3.3.1924 М.п. у паменшаных межах вернуты БССР, 20.6.1924 скасаваны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)