Вышэйшая школа будаўніцтва і мастацкага канструявання, навучальная ўстанова і арх.-маст. аб’яднанне ў Германіі. Засн. ў 1919 ням.арх. В.Гропіусам у г. Веймар, у 1925 пераведзена ў Дэсаў, у 1933 скасавана фашыстамі.
Абапіраючыся на эстэтыку функцыяналізму, кіраўнікі «Баўгауза» імкнуліся выпрацаваць універсальныя прынцыпы формаўтварэння ў пластычных мастацтвах, знайсці комплекснае маст. вырашэнне сучаснага матэрыяльна-прадметнага асяроддзя; развівалі ў студэнтаў здольнасць творчага асэнсавання новых матэрыялаў і канструкцый. У навучальным працэсе пераважала працоўная практыка ў вытв., маст. і праектных майстэрнях, дзе разам з вучэбнымі работамі ствараліся арх. праекты, узоры масавай прамысл. прадукцыі (мэбля, лямпы, тканіна), творы дэкар. жывапісу і пластыкі. У «Баўгацзе» выкладалі вядомыя архітэктары-функцыяналісты (Гропіус, Х.Меер, Л.Міс ван дэр Роэ), піянеры дызайну (І.Ітэн, Л.Мохай-Надзь), мастакі (П.Клее, В.Кандзінскі, Л.Файнінгер, О.Шлемер). «Баўхаус» адыграў важную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рацыяналізму ў архітэктуры 20 ст. і станаўленні сучаснага маст. канструявання.
Літ.:
Гропиус В. Грантицы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971.
палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж.будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.І.Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦККВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ.будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.
Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн.тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчую — адм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп. расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЧАНКА (Іван Ягоравіч) (2.6.1923, в. Людкоў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.4.1997),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1980). Д-ргіст.н. (1969). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1950). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1945—51 на парт. рабоце. З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі: навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962—68 і 1976—81 нам. дырэктара, адначасова заг. сектара і аддзела. Асн. працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культ.будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 3, 5, 1973—75), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі Беларусі» ў 2 ч. (ч. 2, 1995).
Тв.:
Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917—1918 гг.Мн., 1959;
Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Белоруссия—Литва: содружество множит силы. Мн., 1985 (разам з Г.С.Мельянковым);
Белорусская ССР курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з У.І.Навіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.
Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст.будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял.Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.С.Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».