род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн.Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.
Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІГАЛО́Ў (Conium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн.Афрыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца балігалоў плямісты (Conium maculatum). Расце на сметніках каля жылля, дарог і па берагах рэк.
Двухгадовыя травяністыя расліны з непрыемным мышыным пахам. Сцябло голае, галінастае, тонкабаразнаватае, часта з пурпуровымі плямамі. Лісце звычайна тройчыперыстае, з похвамі. Кветкі дробныя, белыя, у складаных шчыткападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек. (болепатольны, заспакаяльны і проціракавы сродак), дубільныя, інсектыцыдныя і ядавітыя (маюць алкалоіды каніін, халін, канідрын і інш.) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАЦЭ́НТАР (Dermacentor),
род іксодавых кляшчоў атр. паразітыформных. 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі (акрамя паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва, Індастана, Індакітая), Паўн.Афрыцы. Жывуць пераважна ў стэпах, лясах, пустынях. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу небяспечных хвароб. Гаспадары — млекакормячыя, зрэдку птушкі. На Беларусі 2 віды: Д. pictus і Д. marginatus.
Даўж. цела ў галодным стане 2—8,5 мм Характэрны для ўсіх відаў белы эмалевы малюнак на спінным шчытку. Развіццё Д. адбываецца па трохгаспадаровым цыкле Працягласць развіцця 1, зрэдку 2 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШЫНКІ (Pisidium),
род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн.Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (P. amnicum), гарошынка бліскучая (P. nitidum), гарошынка балотная (P. casertanum).
Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНІ́ШНІК (Succisa),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар. назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ КЛАПЫ́ (Eurydema),
род насякомых сям. шчытнікаў атр. паўцвердакрылых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Афрыцы. На Беларусі найб. трапляюцца К.к. гарчычны (E. ornata), капусны (E. ventralis) і рапсавы (E. oleracea). Шкоднікі культ. крыжакветных раслін, у асн. капусты.
Даўж. да 10 мм. Афарбоўка яркая, стракатая: белыя, жоўтыя або чырв. плямы і палосы на чорным, сінім ці зялёным фоне; трапляецца сезонная змена афарбоўкі. Ротавыя органы сысучыя. Кормяцца сокамі раслін. 1—4 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАДО́НТЫ (Creodonta),
атрад (падатрад) вымерлых млекакормячых. 4—5 сямействаў. Існавалі ад палеацэну да ранняга пліяцэну. Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.Афрыцы.
Памеры розныя, у адпаведнасці з сучаснымі жывёламі — ад куніцы да мядзведзя. Мелі шмат прымітыўных рыс: доўгі і нізкі чэрап з маленькай мазгавой поласцю, бугрыста-рэжучыя карэнныя зубы, пяціпальцыя канечнасці з тупымі капытападобнымі кіпцюрамі. Былі пераважна ўсёеднымі, некаторыя насякомаеднымі, некрафагамі (падлаедамі), драпежнікамі. Дробныя эацэнавыя К. з адносна вял. галаўным мозгам далі пачатак наземным драпежнікам і ластаногім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБА́НГА (Cubango),
Акаванга (Okavango), рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс.км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТУХ (Columna oenas),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах.Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.
Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́БУ (Bos indicus),
падвід свойскай буйной рагатай жывёлы з невял. тлушчавым гарбом на карку. Пашыраны ў Азербайджане, Паўд. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы. Гадуюць пераважна як мясную і рабочую жывёлу. Добра пераносяць засушлівы клімат, непатрабавальныя да кармоў. Гарбы па фізіял. прызначэнні аналагічныя гарбам вярблюдаў і курдзюкам сярэднеазіяцкіх авечак. Масць чорная і чырвона-пярэстая, рыжая, шэрая, бурая. Маса дарослых кароў 250—550 кг, быкоў 300—1000 кг. Гібрыды З. з буйн. раг. жывёлай пладавітыя, што выкарыстоўваюць пры стварэнні новых мясных парод.