ШАЎМЯ́Н Сцяпан Георгіевіч (13.10.1878, Тбілісі — 20.9.1918),

палітычны дзеяч. Скончыў Берлінскі ун-т (1905). Чл. РСДРП з 1900, яе ЦК з 1912. У 1917 старшыня Бакінскага савета, з крас. 1918 — Бакінскага СНК. Адначасова са снеж. 1917 надзвычайны камісар РСФСР па справах Каўказа. Расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў. Аўтар прац па пытаннях філасофіі, мастацтва і л-ры. У яго гонар названы гарады Сцепанаван (Арменія) і Сцепанакерт (Азербайджан).

т. 17, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;

Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;

Закон единства противоположностей. Киев, 1991.

А.​І.​Осіпаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРАНО́ ДЭ БЕРЖЭРА́К (Cyrano de Bergerac) Жан Савіньен (6.3.1619, Парыж — 28.7.1655),

французскі пісьменнік. Вучыўся ў Калеж дэ Бавэ пры Парыжскім ун-це (1631—37). Служыў у каралеўскай гвардыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 1-га этапу Фронды. Аўтар камедыі «Асмеяны педант», трагедыі «Смерць Агрыпіны» (надрук. у 1654), санетаў, рандо, памфлетаў, у т. л. вершаванага памфлета «Мазарынада» («Міністр дзяржавы пагарэлай...»), які выкрываў палітыку кардынала Мазарыні і працягваў бурлескную традыцыю П.​Скарона. Славу С. дэ Б. прынеслі філас. і навук.-фантаст. раманы і адначасова памфлеты «Іншы свет, або Дзяржавы і імперыі Месяца» (надрук. 1657, поўнасцю 1910) і «Дзяржавы і імперыі Сонца» (незавершаны, надрук. 1662), напісаныя ў манеры, блізкай да ісп. кансептызму, традыцыі шахрайскага рамана, у якіх даў вострую сатыр. карціну жыцця чалавецтва, стварыў інтэлектуальную утопію неабмежаванасці мыслення, свабоды сумлення, свету без войнаў і рэліг. фанатызму. Да рамант. вобраза С. дэ Б. — узнёслага і адначасова скептычнага паэта, высакароднага ў каханні, чалавека, які адмыслова валодае зброяй шпагі і вострага жарту, звярнуўся ў аднайм. камедыі Э.​Растан (1898).

Тв.:

Рус. пер. — Иной свет, или Государства и империи Луны // Утопический роман XVI—XVII вв. М., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕ́САРАЎ Андрэй Яўгенавіч (13.12.1865, с. Старая Калітва Расашанскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 4.12.1937),

расійскі і сав. военачальнік, вучоны-ўсходазнавец, праф. (1921). Герой Працы (1928). Ген.-лейт. (1917). Скончыў Маскоўскія ун-т (1888), кансерваторыю, ваен. вучылішча (1890) і Акадэмію Генштаба (1899); валодаў 14 мовамі. З 1888 на ваен. службе ў Туркестане, дзе вёў ваенна-геагр. апісанне Сярэдняга Усходу; здзейсніў паездкі па Індыі, Афганістане, Тыбеце, Кашгарыі. З 1904 у Генштабе, адначасова выкладаў у ваен. вучылішчах. З 1910 нач. штаба казацкай дывізіі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, брыгадай, дывізіяй, корпусам. У Чырв. Арміі з 1918. З вер. 1918 нач. Заходняга раёна абароны (гл. таксама Заходні ўчастак атрадаў заслоны). З 15.11.1918 па 31.5.1919 камандуючы Заходняй арміяй 1918—19 (з 13.3.1919 наз. Беларуска-літоўскай арміяй, з 7.6.1919—16-й арміяй Заходняга фронту 1919—24). У 1919—21 нач. Акадэміі Ген.штаба. У 1921—30 рэктар і праф. Ін-та ўсходазнаўства, адначасова (з 1924) праф. Ваенна-паветр. і з 1926 Ваенна-паліт. акадэмій. У 1930—34 знаходзіўся пад арыштам па лжывым абвінавачанні. Аўтар прац па ваен. геаграфіі.

Літ.:

А.​Е.​Снесарев. Жизнь и науч. деятельность. М., 1973.

т. 15, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАМЕРЫ́Я (ад грэч. tauto тое самае + meros доля, частка),

з’ява раўнаважнага існавання 2 ці больш структурных ізамераў (таўтамераў), якія лёгка ператвараюцца адзін у адзін; асобны выпадак структурнай ізамерыі. Рэчывы, схільныя да Т., ва ўмовах усталяванай раўнавагі маюць адначасова малекулы ўсіх таўтамераў у пэўных суадносінах.

Працэс узаемаператварэння таўтамераў наз. таўтамерызацыяй. Таўтамеразацыя адбываецца пераважна за кошт міграцыі катыёнаў (катыёнатропная Т.), радзей — аніёнаў (аніёнатропная Т.). Найб. пашырана прататропная трыядная Т. — міграцыя пратона (H​+) паміж крайнімі атамамі трыяды (сістэма 3 атамаў, з якіх 2 атамы злучаны падвойнай сувяззю), што адбываецца адначасова з перамяшчэннем падвойнай сувязі. Да такога віду адносіцца, напр., кета-енольная Т., якая найб. вывучана для ацэтавоцатнага эфіру, у якім прыблізна 7% малекул енольнай формы (гл. Спірты). У асобных выпадках таўтамеры могуць быць вылучаны ў індывід. стане, аднак з цягам часу кожны з іх у выніку Т. зноў ператвараецца ў раўнаважную сумесь. Т. — адна з прычын дваістай рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў. Звычайна існаванне таўтамераў у рэчыве выяўляюць спектральнымі метадамі. Выкарыстоўваюць у сінтэзе некаторых лек. сродкаў і фарбавальнікаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Кета-енольная таўтамерыя для ацэтавоцатнага эфіру: а — кетонная форма (этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты), б — енольная форма (этылавы эфір β-аксікратонавай кіслаты).

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬТ (Bildt) Карл (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКСІЛА́ЗЫ, монааксігеназы,

ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛ (ваен.),

насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБКО́ Аляксандр Аляксандравіч (5.11.1936, в. Хадзяўляны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.6.1993),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1967 працаваў у ім, адначасова кіраўнік артапеда-траўматычнай клінікі на базе 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Навук. працы па лячэнні адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых касцей, інфіцыраваных пераломах, незрашчэнні касцей, метадах дыягностыкі і лячэння артапеда-траўматычных хворых.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)