род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.
Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял.Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл.каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ХІ (Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІФІ́НІЯ,
гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЧАС, Воўчыца,
рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каляв. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІВІЯ́Д (Alkibiadēs; каля 450—404 да н.э.),
старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,
старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э.каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм са стаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.Скарыны, С.Буднага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen),
горад у Вялікабрытаніі (Шатландыя). Адм. ц. раёна Грампіян. 216,9 тыс.ж. (1992). Порт на Паўночным м., вузел чыгунак і шашэйных дарог, у вусці р. Ды.
Засн.каля 700. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства ў Шатландыі. У 12—14 ст. рэзідэнцыя шатл. каралёў. Пасля разбурэння англ. войскамі ў 1336 побач з старым пабудаваны новы Абердзін. У 1860 каралеўскі (1494) і маршальскі (1593) калегіумы аб’яднаны ва ун-т. Арх. помнікі 14—19 ст., у т. л. гатычны гранітны сабор (1336—1522).
Арганізацыйны цэнтр па абслугоўванні нафтаздабычы ў Паўночным моры. Рыбаперапр., цэлюлозна-папяровая, хім. (у т. л.вытв-сць угнаенняў) прам-сць, машынабудаванне. Каля Абердзіна — гранітныя кар’еры. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАФА́УНА (ад арніта... + фауна),
авіфауна, гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст.каляв. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.