ВАЛАТО́ЎСКІ (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 25.10.1939, Мінск),
бел. біяфізік. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-рбіял.н. (1979), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). З 1964 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі (з 1985 дырэктар), адначасова з 1988 у БДУ. Навук. працы па вывучэнні структурна-мембранавых механізмаў рэгуляцыі фотабіял. і рэцэптарных рэакцый, ролі іонаў кальцыю ў механізмах фотатрансдукцыі жывёльных і раслінных сістэм.
Тв.:
Введение в молекулярную фотобиологию. Мн, 1971 (разам з С.В.Коневым);
Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979 (з ім жа);
Структурная динамика фоторецепторного аппарата. Мн., 1986 (з ім жа);
Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990 (разам з У.І.Хаўратовічам, Л.А.Баранавай);
Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́НСКІ (Міхаіл Ігнатавіч) (14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),
гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл.літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана зпач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Ну эканоміцы,
узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч.вытв. працэсу, з другога — адна зсамаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сцьз размеркаваннем і спажываннем.
Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл.Бартэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТВАЛЬД ((Gottwald) Клемент) (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл.ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. Зпач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх.ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),
адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА (грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз.інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
Да арт.Гліптыка. Інталія «Джулія, дачка Цітуса». Аквамарын. 16 ст.Да арт.Гліптыка. «Камея Ганзага» з выявай Пталамея II Філадэльфа і яго жонкі Арсіноі. 3 ст. да н. э. Александрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл.Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз.драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш.Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),
пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).
Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл.Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.