маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНІЦА (Calamagrostis),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў нетрапічных паясах абодвух паўшар’яў, часткова — у высакагор’ях тропікаў. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: наземная (C. epigeios), непрыкметная (C. neglecta), сіваватая (C. canescens), трысняговападобная (C. arundinacea). Трапляюцца ў лясах, на лугах, балотах, часта — дамінанты раслінных груповак.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, моцныя, звычайна шурпатыя. Лісце лінейнае, жорсткае. Суквецце мяцёлчатае, радзей коласападобнае. Плод — зярняўка. Кармавыя, тэхн., дэкар. расліны.
Пажарніца: 1 — трыснёгападобная; 2 — наземная (а — да цвіцення, б — пасля цвіцення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫВЕ́Ц, анхуза (Anchusa),
род кветкавых раслінсям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўд. і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. лекавы (A. officinalis), нар. назвы валовы язык, заечая салата, мядоўка. Трапляецца каля дарог, на ўскрайках палёў. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. італьянскі (A. italica).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Сцёблы тоўстыя, прамастойныя, галінастыя. Лісце ланцэтнае, сядзячае. Сіне-фіялетавыя кветкі ў густых завітках. Плод — арэшак. Лек., дэкар., меданосныя, фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУЛА́К (Portulaca),
род кветкавых раслінсям. партулакавых. Больш за 100 (па інш. звестках, каля 200) відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. На Беларусі 1 від — П. агародны (P. oleracea) — амаль касмапалітнае пустазелле. Трапляецца на палях, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны П. буйнакветны (H.grandiflora).
Адна- ці шматгадовыя мясістыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, сядзячае. Кветкі пераважна дробныя, адзіночныя або ў пазушных пучках, двухполыя. Плод — каробачка. Аднагадовы П. агародны ўжываецца ў ежу як салата. Харч., лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЕРКІ,
дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛІ́ЦА (Agrostis),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. На Беларусі найб. вядомыя віды М.: гіганцкая, або белая (A. gigantea), кармавая расліна натуральных сенажацяў і пашаў; парасткаўтваральная (A. stolonifera); сабачая (A. canina); тонкая (A. tenuis). Трапляюцца па лугах, хмызняках, берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы выш. да 120 см. Лісце лінейнае, шурпатае.
Дробныя двухполыя кветкі сабраны ў раскідзістую рыхлую шматкаласковую мяцёлку. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЫ́ТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца на ніжніх частках схілаў, у лагчынах і ярах у выніку адкладу змытага дажджавымі і талымі водамі глебавага драбназёму. Таксама наз. дэлювіяльнымі глебамі (гл.Дэлювій). Развіваюцца звычайна ва ўмовах кароткачасовага залішняга ўвільгатнення. Маюць слаісты профіль з вял. колькасцю гліністых і пылаватых часцінак і гумусу (2—3%). Колерам падобныя на перагнойны гарызонт нязмытых глеб. Сярэдне- ці слабакіслыя. Паводле магутнасці дэлювію падзяляюцца на слаба- (да 20 см), сярэдне- (20—50), моцна- (50—100) і вельмі моцнанамытыя (больш за 100 см). Багатыя элементамі жыўлення раслін. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎНІК (Echinops),
род кветкавых раслінсям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).
Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.