ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),

гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ АГО́НЬ,

агонь, які запальваюць і падтрымліваюць на памятных месцах, як сімвал увекавечання памяці тых, хто загінуў, на месцах бітваў, каля помнікаў, манументаў, курганоў Славы, Памяці, Бессмяротнасці, на брацкіх могілках і мемарыяльных могілках воінаў, партызан, ахвяр фашызму. Упершыню запалены ў 1920 у Парыжы на магіле Невядомага салдата 1-й сусв. вайны. На Беларусі вечны агонь гарыць каля манументаў Перамогі ў Мінску і Віцебску, у Брэсцкай крэпасці-героі, каля помнікаў Памяці ахвяр фашызму лагераў смерці Трасцянец, Масюкоўшчына (Мінскі р-н), у мемарыяльных комплексах Хатынь (Лагойскі р-н) і інш. населеных пунктах, а таксама на месцах памятных падзей.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЖ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),

рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

грамадска-паліт. газета. Выдавалася штодзённа з 1(14).7.1912 да 16(29) 4.1917 у Віцебску на рус. мове. Была рупарам мясц. арг-цыі Саюза рускага народа і правых акцябрыстаў. Выдавалася на ўрадавыя сродкі. Друкавала афіц. ўрадавыя матэрыялы, агляды рус. газет і часопісаў, хроніку, аб’явы. Лічыла Беларусь спрадвечным рускім краем з мясц. асаблівасцямі. У гады 1-й сусв. вайны прапагандавала патрыят. погляды. Пасля Лют. рэв. 1917 перайшла на памяркоўна-ліберальную пазіцыю. Публікавала этнагр. даследаванні Е.​Раманава, апавяданні і нарысы А.​Пшчолкі, гіст.-краязнаўчы нарыс А.​Сапунова «Французы ў Віцебску» і інш. творы мясц. аўтараў.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШКО́Ў Сяргей Георгіевіч (26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЦІЛО́ВІЧ Антон Іосіфавіч (7.11.1902, б. фальварак Пянькоўшчына, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл. — 23.11.1976),

генерал-палкоўнік (1959), д-р ваен. н. (1957), праф. (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ленінградскую пях. школу (1924), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штаба, камандуючы 17-й арміяй Забайкальскага фронту, з ліст. 1943 камандзір корпуса, камандуючы арміяй на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі 1944, баёў у Карпатах, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1965 камандуючы арміяй, пам. камандуючага ваен. акругай, на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі Генштаба, кансультант акадэміі.

А.І.Гасціловіч.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ Пётр Міхайлавіч (30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял. Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.

П.М.Гаўрылаў.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ІТАЛЬЯ́НСКІ ДАГАВО́Р 1939, «Пакт аб саюзе паміж Італіяй і Германіяй» («Стальны пакт»). Падпісаны 22 мая ў Берліне міністрамі замежных спраў нацысцкай Германіі (І.​Рыбентроп) і фаш. Італіі (Г.​Чыяна) тэрмінам на 10 гадоў. Аформіў ваен. супрацоўніцтва фаш. дзяржаў (прадугледжваў іх абавязкі аб узаемадапамозе і саюзе ў выпадку ваен. дзеянняў, абавязваў не заключаць перамір’я і міру без поўнай згоды бакоў і інш.). Дагавор стаў адным з элементаў ваен.-дыпламат. падрыхтоўкі 2-й сусв. вайны, у якую Італія ўступіла на баку Германіі ў чэрв. 1940. Дагавор ануляваны ў выніку ваен. паражэння абедзвюх фаш. дзяржаў (1945).

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)