ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),

прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў ўнутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).

Прэс-форма для гарачага прасавання пластмасы: 1 — штурхач; 2 — матэрыял. што прасуецца; 3 — матрыца; 4 — пуансон; 5 — гатовы выраб.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЭ́ЛЬНІКАЎ (Сямён Сільвестравіч) (10.2.1921, в. Свісцёлкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў пад Ленінградам. Пасля цяжкага ранення з 1944 у пагранвойсках Закарпацця (Украіна). 5.2.1945 яфрэйтар П. перарэзаў шлях 25 парушальнікам мяжы і адзін вёў з імі бой да апошняга патрона. Падарваў гранатай сябе і 2 бандытаў. Яго імем названа вуліца ў Оршы.

С.С.Пустэльнікаў.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́НДЗАЛЬ,

асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НАЕ ВО́ЗЕРА.

У Іванаўскім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна, за 18 км на ПдЗ ад г. Іванава. Пл. 2,08 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыбіня 5,7 м, даўж. берагавой лініі 6,7 км. Схілы катлавіны выш. 2—4 м (на Пд да 7 м), пясчаныя, разараныя, на У забалочаныя, пад хмызняком. Берагі пясчаныя, усх. — забалочныя. 1 востраў пл. 3 га. Дно сапрапелістае. Упадае канава Кобельская, сцёк па канаве Заазерская.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дабрылаўка (цячэ праз возера), за 15 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 0,66 км², даўж. 1,04 км, найб. шыр. 980 м, найб. глыб. 3 м, даўжыня берагавой лініі 3,19 км. Пл. вадазбору 76,7 м². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. да 3 м (на ПнУ да 10 м), разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, месцамі абрывістыя. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў ілістае. Зарастае.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЧ з Дубы

(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),

дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ц,

пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖАЕ ВО́ЗЕРА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Ашмянка, за 14 км на ПнЗ ад г. Смаргонь. Пл. 0,65 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 650 м, даўж. берагавой лініі 2,98 км. Схілы катлавіны выш. 12—15 м, пад хмызняком, на У разараныя. На Пн і Пд да возера прымыкае балота. Берагі на З і У зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Праз возера цячэ невялікая рэчка.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ДАВА (Sadová),

горад у Чэхіі, у раёне якога 3.7.1866 у час аўстра-прускай вайны 1866 прус. войскі пад фактычным камандаваннем нач. Генштаба ген. Г.​Мольтке Старэйшага (221 тыс. чал., 924 гарматы) разграміла аўстра-саксонскую Паўн. армію Л.​Бенедэка (215 тыс. чал., 770 гармат). Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі больш дасканалыя прус. ваен. тэхніка і ўзбраенне, а таксама перавага ў стратэгіі і тактыцы. У выніку паражэння Аўстрыя вымушана была заключыць Пражскі мір 1866.

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)