ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),
італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян.літ.мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.Баршчэўскі, Ю.Гаўрук, М.Дуброўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Санеты. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
Рус.пер. — Избранное. М., 1974;
Сонеты. Мн., 1982;
Эстетические фрагменты. М., 1982;
Лирика. М., 1989;
Африка: Поэма. М., 1992;
Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;
Сочинения философские и полемические. М., 1998.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),
мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.
Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл.Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл.Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.Чорны) і інш. (гл.Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).
Літ.:
Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;
Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;
Старычонак В.Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ (Алесь) (Аляксандр Сцяпанавіч: н. 5.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1966—68), скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1970). Настаўнічаў. З 1972 у газ. «Літаратура і мастацтва», бюлетэні «Родная прырода», у 1974—86 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1992 працаваў у Нац.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. У 1994—99 у час. «Крыніца». Друкуецца з 1961. Аўтар паэт.кн. «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях—360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1990), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Дзверы» (Беласток, 1994, з Н.Артымовіч), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000); літ.-крытычных рэфлексій («Медытацыі наўзбоч «Шляху—360», 1981; «Нататкі на дубовых лістах», 1983; эсэ («Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча», 1997). Сродкамі сучаснай бел.мовы ўзнавіў творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Я.Руцкага, К.Транквіліёна-Стаўравецкага, М.Сматрыцкага, І.Пацея. Як паэт найб. адбыўся ва ўведзеных у бел. паэзію жанравых формах версэтаў, вершаказаў, квантэмаў, пункціраў, зномаў. Творы Р. звернуты да анталагічных праблем — мінулага і сучаснасці, нац.гіст. памяці, асобы і часу, жыцця і смерці, вечнага і часовага, экзістэнцыяльнага сэнсу рэчы і інш. На бел. мову перакладае з груз., літ., балг., сербахарвацкай, швед., славенскай, рус., чэш. і інш. Выдадзена кн. яго перакладаў з ням. паэзіі (Элькэ Э., Гумэльт Н., Кірш С. «Кропка, кропка, працяжнік», 2000).
Тв.:
[Вершы] // 4+4+4: Швед. і бел. паэзія Мн., 1999;
Танец з вужакамі: Выбр.Мн., 1999.
Літ.:
Кісліцына Г.М. Алесь Разанаў: Прабл. мастацкай свядомасці. Мн., 1997;
Гарадніцкі Я. «1 верад свой я ў слова пераклаў...»: Эсэ: пра творчасць А.Разанава // Роднае слова. 1992. № 1;Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн. 1998; Верына У.Ю. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А.Разанава // Весн. БДУ. Сер. 4. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́НІНАЎ (Сяргей Васілевіч) (1.4.1873, маёнтак Анег, цяпер Наўгародскі р-н, Расія — 28.3.1943),
рус. кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл.фп. (1891, у А.Зілоці) і кампазіцыі (1892, у С.Танеева і А.Арэнскага). У 1895 канцэртаваў па Расіі, у т. л. на Беларусі, і за мяжой. У 1897—98 дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы С.Мамантава, у 1904—06 — Вял.т-ра. З 1917 за мяжой, пераважна ў ЗША. У 2-ю сусв. вайну даваў канцэрты ў фонд Чырв. Арміі. Р. — адзін з апошніх кампазітараў-рамантыкаў, які завяршыў рус.рамант. традыцыю М.Глінкі, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава. Яго музыцы ўласцівы яркі меладызм, маляўнічасць, арыгінальнасць гарманічнай мовы, багацце і разнастайнасць рытмікі; рамантычны пафас і напружаны драматызм спалучаюцца з праніклівай лірыкай і паэтычнай сузіральнасцю. Сярод твораў: оперы «Алека» (1892, паст. ў Бел. т-ры оперы і балета ў 1949), «Скупы рыцар» і «Франчэска да Рыміні» (абедзве паст. 1904); кантата «Вясна» (1902), вак.-сімф. паэма «Званы» (1913); сімф. паэма «Востраў мёртвых» (1909), «Тры рускія песні» для арк. і хору (1926); 3 сімфоніі (1895, 1907, 1936), Сімф. танцы (1940), 4 канцэрты (1891, 1901, 1909, 1926); Рапсодыя на тэму Паганіні (1934) для фп. з арк., фп. варыяцыі, 2 фп. санаты (1907, 1913), цыклы фп. п’ес, Элегічнае трыо для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1893), саната для віяланчэлі і фп. (1901), больш за 80 рамансаў і інш. Выканальніцкае мастацтва Р. — адно з вышэйшых дасягненняў сусв. піянізму 20 ст.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1—3. М., 1978—80.
С.В.Рахманінаў.
Літ.:
Келдыш Ю. Рахманинов и его время. М., 1973;
Брянцева В.Н. С.В.Рахманинов. М., 1976;
Воспоминания о Рахманинове. Т. 1—2. 5 изд. М., 1988;
Паисов Ю. Жизнестойкость романтического миросозерцания: Рахманинов // Русская музыка и XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,
сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.
Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус.грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.
Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш.мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.
Літ.:
Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;
Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;
Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ТА (італьян. sonata ад sonare гучаць),
адзін з асноўных жанраў камернай інстр. музыкі. Класічная С. — твор для аднаго або двух выканаўцаў, напісаны ў санатна-цыклічнай форме, з асн. часткай цыкла ў санатнай форме.
Як вызначэнне інстр. твора вядома з 15 ст. У 17 — пач. 18 ст. сфарміравалася ўстойлівая структура С. як шматчасткавага твора, заснаванага на тэматычных і танальных сувязях паміж часткамі, вобразным і тэмпавым кантрасце ў паслядоўнасці частак. Класічная цыклічная С. сфарміравалася ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў творчасці І.Гайдна, В.А.Моцарта, М.Клеменці. Росквіт жанру, адзначанага складанасцю драматургічнай канцэпцыі і маст. формы, прыпадае на творчасць Л.Бетховена (санатныя цыклы, блізкія да сімфанічных, а таксама цыклы з адвольнай паслядоўнасцю частак і элітныя). У творчасці кампазітараў-рамантыкаў С. набыла вобразнасць, характэрную для іх стылістыкі, рысы паэмнасці (гл. Паэма ў музыцы), часам праграмнасць. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё С. абумоўлена арыентацыяй кампазітараў на класічныя і рамант. традыцыі. Наватарствам і самабытнасцю вылучаюцца С. філас. зместу, з распрацаванай сістэмай сімволікі (А.Скрабін), істотным пераўтварэннем вобразнага ладу муз.мовы, структуры, выканальніцкага складу (Б.Бартак, С.Пракоф’еў, І.Стравінскі, Ф.Пуленк, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек і інш.).
У бел.муз. культуры сярод першых твораў санатнага жанру 12 С. для віяланчэлі і фп. Ф.Міладоўскага і С.-фантазія для скрыпкі і фп. М.Ельскага (2-я пал. 19 ст.). Большасць С. бел. кампазітараў напісана ў санатна-цыклічнай форме, на аснове якой узнікла мноства кампазіцыйных варыянтаў (Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, А.Сонін, Р.Сурус, Э.Тырманд, К.Цесакоў і інш.), у т. л. і тыя, што ўвасабляюць толькі некаторыя гал. прынцыпы санатнасці (Дз.Смольскі, В.Войцік, А.Мдывані).
Літ.:
Гл. да арт.Санатная форма, Санатна-цыклічная форма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук.цэнтр.Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал.пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед.ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г.ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч.г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук.б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус.мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).
У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.М.Бутлераў, Э.Х.Ленц, Дз.І.Мендзялееў, А.С.Папоў, І.М.Сечанаў, А.А.Шахматаў; вучыліся І.Я.Білібін, А.А.Блок, А.К.Глазуноў, М.І.Глінка, І.І.Мечнікаў, М.М.Міклуха-Маклай, І.П.Паўлаў, Дз.І.Пісараў, Я.Райніс, І.С.Тургенеў, М.А.Урубель, М.Г.Чарнышэўскі, К.А.Ціміразеў і інш.
Літ.:
275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРБЕ́ЎСКІ (Мацей Казімір) (24.2.1595, в. Сарбева, каля г. Плоцк Мазавецкага ваяв., Польшча —2.4.1640),
новалацінскі паэт, тэарэтык л-ры і школьнага т-ра, тэолаг, філосаф. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім (1618—20, 1626—27) і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, у Віленскай езуіцкай акадэміі (1620—22, 1628—35). З 1635 каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. Аўтар зб-каў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і ант. міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зб-кі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выд. ў Польшчы на лац. і ў перакладзе на польскую мову). Асноўваючыся на працы ант. аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю.Скалігер, Я.Пантан), распрацоўваў эстэт. пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрап. прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы С. перакладзены на англ., ням., франц.мовы Д.Набароўскім, на польскую мову — У.Сыракомлем.
Літ.:
Резанов В.И. Поэтика М.К.Сарбевского...: (К истории рус. драмы). Нежин, 19.11;
Конан У.М. Полацкі курс паэтыкі М.К.Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Яго ж. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМВО́ЛІКА,
1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.
2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм.Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНУА́ТУ (Vanuatu),
Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ.мовы, афіц.мовыангл., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.