Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НАРАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на паўд. беразе воз. Нарач, на аўтадарозе пас. Нарач—в. Брусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, 150 км ад Мінска, 47 км ад чыг. ст. Княгінін. 692 ж., 246 двароў (1997).
Вядома з 16 ст., мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1740 уласнасць Сташкевічаў, з 1781 — Даброўскіх. З 1795 у Рас. імперыі. У 1868 сяло Свянцянскага пав. Віленскай губ., 208 ж. У 1897—354 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 41 чал. У 1971—379 ж., 140 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Царква. У цэнтры вёскі курганны могільнік (3-я чвэрць 1-га тыс.н.э.).