САЛЯРЦІ́НСКІ Іван Іванавіч (3.12.1902, г. Віцебск — 11.2.1944),

расійскі гісторык музыкі, тэатра, літаратуры. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). З 1929 працаваў у Ленінградскай філармоніі (з 1940 маст. кіраўнік), з 1936 адначасова ў Ленінградскай кансерваторыі (з 1939 праф.). Абуджэннем цікавасці да муз. мастацтва, веданнем сімф. рэпертуару ў многім абавязаны М.​Малько. Выступаў як лектар і крытык-публіцыст па пытаннях мастацтва, эстэтыкі, псіхалогіі. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку праблем класічнай муз. спадчыны, сімфанізму, опернай і балетнай драматургіі, паўплываў на творчасць Дз.​Шастаковіча. Аўтар артыкулаў па зах.-еўрап. муз. класіцы, харэаграфіі, тэатр. мастацтве, л-ры, а таксама па тагачаснай замежнай і сав. музыцы.

Тв.:

Исторические этюды. Критические статьи. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1963;

Статьи о балете. Л., 1973.

Лит.: Шостакович Д. И.​И.​Соллертинский // Сов. музыка. 1946. № 2—3; Памяти И.И. Соллертинского: Воспоминания, материалы, исслед. 2 изд. Л., 1978.

Б.​С.​Смольскі.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДЧЫ,

службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫНКО́ВІЦКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

помнік абарончага дойлідства ў в. Сынковічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст. з цэглы. Мае рысы стылю готыкі 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны храм зальнага тыпу (у плане — перакошаны прамавугольнік), фланкіраваны па вуглах 4 баявымі вежамі (з З гранёныя, з У круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў. Будынак накрыты высокім 2-схільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены некалькімі ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных ніш. Знадворку апсіды ў верхняй ч. аб’яднаны ў адну і накрыты агульным высокім дахам. Пазней прыбудаваны бабінец. У 1880—81 у час рамонту заменены дах і дабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтр. ч. храма. Перад царквой пастаўлена бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.

С.​Г.​Багласаў.

Сынковіцкая царква-крэпасць.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́МЮЭЛСАН, Сэмуэльсан, Самуэльсан (Samuelson) Пол Энтані (н. 15.5.1915, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША), амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Гайдпаркскую вышэйшую школу, Чыкагскі і Гарвардскі ун-ты. З 1940 выкладае ў Масачусецкім ун-це (з 1966 праф.). У 1961—68 дарадчык прэзідэнта Дж.​Кенэдзі па пытаннях эканомікі. Выступаў за выкарыстанне найноўшых матэм. метадаў у агульнай тэорыі і метадалогіі эканам. навукі. У галіне тэорыі эканам. дынамікі сфармуляваў прынцып адпаведнасці, паводле якога стат. прадказанні эканам. мадэлі і яе дынамічныя паводзіны ўзаемазвязаны («Асновы эканамічнага аналізу», 1948). У галіне тэорыі эканам. дабрабыту распрацаваў крытэрыі, па якіх вызначаецца магчымасць павелічэння дабрабыту ў выніку пэўных змен. У навук. працах па праблемах міжнар. гандлю даказаў, што свабодны міжнар. гандаль садзейнічае зніжэнню адрозненняў паміж даходамі ад працы і капіталу ў розных краінах. У галіне дзярж. фінансаў распрацаваў тэорыю дзярж. расходаў, дзе імкнуўся вызначыць аптымальнае размеркаванне рэсурсаў. Аўтар сусветна вядомага падручніка «Эканоміка» (1945). Нобелеўская прэмія 1970.

П.Э.Сэмюэлсан.

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎ Юрый Паўлавіч (н. 20.4.1935, г. Таропец Цвярской вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі. Акад. Рас. АН (2000, чл.-кар. 1987). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1958). Працаваў у КБ М.К.Янгеля. З 1964 у КБ С.П.Каралёва. З 1989 гал. канструктар, з 1991 ген. дырэктар НВА «Энергія». З 1994 прэзідэнт і гал. канструктар ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік рас. часткі работ па стварэнні Міжнар. касм. станцыі. Навук. працы па касм. тэхніцы і энергетыцы пілатуемых касм. комплексаў. Удзельнічаў у стварэнні касм. апаратаў для даследавання Месяца, арбітальных станцый і пілатуемых касм. караблёў для працяглых палётаў. Узначальваў работы па стварэнні касм. карабля шматразовага выкарыстання «Буран». Ленінская прэмія 1978. Дзярж. прэмія СССР 1985. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР (1987).

Тв.:

Новые российские технологии в ракетно-космической технике последних лет // Вестн. РАН. 2000. Т. 70, № 8.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЕ́РКІ,

самагучальны ударны музычны інструмент. Складаецца з 2 метал. дыскаў (з чашападобнымі ўзвышэннямі ў цэнтры), якімі ўдараюць адзін аб адзін і глушаць, прыціскаючы да грудзей. Па памерах і характары гучання бываюць малыя (дыяметр 25—35 см), сярэднія (37,5—45 см), вял. (47,5—60 см); «турэцкія» (яркага гучання), «кітайскія» (з прыгукам гонга), педальныя («чарльстон», ці джазавыя), «антычныя» («кроталы» — самыя малыя па памерах) і інш. Ужываюць і 1 Т., падвешаную на руцэ або штатыве, па якой б’юць палкай ад літаўраў і інш. Вядомы са стараж. часоў. У сімф. аркестр уведзены ў канцы 18 ст. Выкарыстоўваюцца ў бел. нар. інстр. музыцы (вядомы з 17—18 ст. ў складзе «янычарскіх капэл»). Спалучэнні Т. і барабана, Т. як састаўной часткі і нар. ударнай устаноўкі з педаллю (у якой, акрамя барабана, шумёлы, бубен, клякотка і інш.) складаюць характэрныя рысы бел. нар. інстр. музыкі з адметнымі мясц. традыцыямі.

А.​В.​Скорабагатчанка.

Талеркі.

т. 15, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНЫ І МАРА́ЛЬНЫ ЗНОС асноўных фондаў,

страта асноўнымі вытворчымі фондамі спажывецкай вартасці і вартасці ў працэсе вытв. функцыянавання ці бяздзейнасці. Фізічны знос мае некалькі форм: мех. знос, карозія і стомленасць металаў, дэфармацыя і разбурэнне збудаванняў і інш. Чым большы фіз. знос дзеючых асн. фондаў, тым ніжэйшая іх астаткавая вартасць. Па меры фіз. зносу кошт асн. фондаў па частках пераносіцца на новавыраблены прадукт і прапарцыянальна іх зносу прымае форму амартызацыйных адлічэнняў, якія выкарыстоўваюцца для мадэрнізацыі і абнаўлення асн. фонду (гл. Амартызацыя). Маральны знос — старэнне і абясцэненне раней створаных сродкаў вытв-сці, незалежна ад іх матэрыяльнай зношанасці. Адрозніваюць 2 формы маральнага зносу: страта часткі вартасці машын без фіз. зносу ў выніку скарачэння грамадска неабходных затрат на іх узнаўленне; з’яўленне пад уздзеяннем навук.-тэхн. прагрэсу асн. фондаў, якія па тэхніка-эканам. характарыстыках (магутнасць, прадукцыйнасць, надзейнасць, эканамічнасць, камфартабельнасць і інш.) перавышаюць фонды, што выкарыстоўваліся раней.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛУП (Chlup) Отакар (31.8.1875, г. Боскавіцы, Чэхія — 14.5.1965),

чэшскі педагог. Акадэмік Чэхаславацкай АН (1952), праф. Пражскага ун-та (з 1953). Скончыў Пражскі ун-т і з 1919 выкладаў у ім педагогіку. У 1922—39 праф. ун-та ў г. Брно, дзе заснаваў Т-ва новага выхавання і быў рэдактарам (з 1927) яго часопіса. Па яго ініцыятыве ў 1946 адкрыты пед. ф-ты ва ун-тах Чэхаславакіі. З 1953 праф., арганізатар і заг. кафедры педагогікі ў Пражскім ун-це. Заснавальнік (1957) і дырэктар (да 1960) Ін-та педагогікі Я.​А.​Каменскага Чэхаславацкай АН. Аўтар прац па праблемах навучання, пед. адукацыі, гісторыі педагогікі, у т. л. падручніка «Педагогіка» (2-е выд. 1965), «Хрэстаматыі па гісторыі педагогікі» (т. 1—2, 1948—50). Адзін з рэдактараў «Педагагічнай энцыклапедыі» (т. 1—3, 1938—40).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. М., 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЖЫЛПРАЕ́КТ,

гл. Беларускі інстытут па праектаванні капітальнага рамонту і рэканструкцыі аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЬЯ́НС (франц. patience літар. цярпенне),

раскладванне карт па пэўных правілах для забавы або варажбы.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)