СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скрыпень: 1 — валасісты; 2 — горны; 3 — балотны.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМА́ДА (ад ісп. armada флот, эскадра),

устарэлая назва вялікай колькасці сабраных у адным раёне караблёў, самалётаў або танкаў, якія дзейнічаюць адначасова і ўзгоднена. Гл., напр., «Непераможная армада».

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАМБЛЕ́Я (ад франц. assemblée сход),

1) сход, нарада.

2) Назва дзярж. органа (парламента — Нац. асамблея ў некаторых краінах) або вышэйшага органа міжнар. арганізацыі (напр., Генеральная асамблея ААН).

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІНТ,

плоскае бясколернае цісненне на кніжных пераплётах пры іх апрацоўцы. Выкарыстоўваюць як самастойны прыём афармлення кніжных пераплётаў і як падрыхтоўку іх паверхні для друку фарбай або фольгай.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́ГРАФЫ [ад гама... + ...граф(ы)],

словы або іх формы, якія аднолькава пішуцца, але адрозніваюцца гучаннем (націскам) і значэннем. Напр.: «ка́са—каса́», «а́тлас—атла́с», «му́ка—мука́». Амографы можна адрозніць толькі ў кантэксце.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́М (ад грэч. anōnymos безыменны),

1) аўтар пісьма, запіскі або літ. твора, які ўтойвае сваё імя.

2) Літаратурны твор без подпісу, невядома кім напісаны, гл. Ананімны твор.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫНЕЙТРО́Н (n_ або n~),

антычасціца нейтрона, якая адрозніваецца ад яго знакамі барыённага зараду і магнітнага моманту. Зарэгістраваны ў 1956 амер. вучонымі пры рассейванні пучка антыпратонаў у рэчыве.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за пэўны час (дэкаду, месяц, сезон, асобны год або шэраг гадоў) у параўнанні з сярэднім значэннем (нормай за гэты перыяд).

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛІНГ (англ. dealing),

памяшканне, у якім супрацоўнікі банка або кампаніі (дылеры) ажыццяўляюць здзелкі з валютай, дэпазітамі, кашт. паперамі, золатам з дапамогай тэлефонаў, тэлексаў, факсаў і інш. тэхнікі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ... (лац. de...), прыстаўка, якая абазначае: 1) аддзяленне, выдаленне, адмену, спыненне чаго-н. або адваротнае дзеянне, напр., дэгазацыя, дэмабілізацыя; 2) рух уніз, паніжэнне, спад, напр., дэградацыя, дэвальвацыя.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)