у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак. 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш.).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 19 — пач. 20 ст.
У 19 ст. абудзілася цікавасць да бел.нар. песні. Паралельна са збіраннем, вывучэннем і публікацыямі рабіліся спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Першыя публікацыі мелодый бел.нар. песень змешчаны ў працах М.Чарноўскай («Помнікі міфалогіі славянскай у звычаях, якія захаваліся ў сельскім насельніцтве Беларусі», 1817), Л.Галамбёўскага («Люд польскі, яго звычаі, забабоны», 1830), А.Абрамовіча (арт. «Некалькі мелодый беларусаў, запісаных і складзеных фартэпіянным таварыствам», 1843). Перыяд інтэнсіўнага назапашвання звестак пра нар.муз. культуру беларусаў, фіксацыя напеваў і найгрышаў, іх публікацыі прыпадаюць на 2-ю пал. 19 — пач. 20 ст.Муз. матэрыял уключаўся ў этнаграфічныя апісанні і фалькл. зборы: «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П.Шэйна(т. 1—3, 1887—1902), «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» М.Косіч (1901), «Беларусы-сакуны» І.Сербава (1915). Асобнымі выданнямі выйшлі «Беларускія песні Дзісенскага павета Віленскай губерні» А.Цернага (1895), «Зборнік народных песень, запісаных у пасёлку Калюга-Камарна Рагозненскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні» І.Бычко-Машко (1911). Сярод важных прац гэтага перыяду: муз. «Зборнік маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу пад акампанемент фартэпіяна» (1881) і «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)» (1888; упершыню апісаны стараж. тып бел. шматгалосся — гетэрафонія) З.Радчанкі, «Беларускі зборнік: Беларускія народныя мелодыі. Песні сезонныя, абрадавыя, гульнявыя, танцы, духоўныя вершы» Е.Раманава (1910), «Беларускія песні з нотамі» А.Грыневіча (т. 1, 1910). Стыль двухгалосых спеваў Беларусі ўпершыню зафіксаваны ў кн. «Беларускія песні з нотамі» А.Грыневіча (з А.Зязюлем, т. 2, 1912). У рэчышчы рамантызму і пазітывізму разгортвалася дзейнасць М.Федароўскага і О.Кольберга. У фундаментальным зборы «Люд беларускі» М.Федароўскага (падрыхтаваны ў 1890-я г., выд.т. 5, 1958; т. 6, 1960) змешчана 1413 разнажанравых песень з мелодыямі, запісанымі і натаванымі Я.Карловічам, Л.Патула, І.Трачыкам. У асноўнай бел. працы ў т. 52 «Беларусь—Палессе» (1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) О.Кольберга змешчана 41 мелодыя з тэкстамі абрадавых і пазаабрадавых песень. Першы тэарэтык-этнамузыколаг Л.Куба ў зборы «Беларуская народная песня» (1887) вызначыў месца бел.нар. песні ў слав. свеце, ахарактарызаваў асноўныя яе муз.-стылявыя прыкметы з асаблівай увагай на іх старажытнасць у параўнанні з рус. і ўкраінскімі. Дзейнасць М.Янчука вызначалася арганізацыйным размахам, навізной навук. падыходу, што дазволіла надаць этнамузыкалогіі статус адной з народазнаўчых навук. Кола праблем, акрэсленых і распрацаваных у найб. буйных яго муз.-фалькларыстычных працах «Па Мінскай губерні» (1889) і асабліва «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Седлецкай губерні» (1886), дазволілі сістэмна асэнсаваць муз.-песенны кампанент у структуры бел. вясельнага абраду. Асаблівая роля належыць зб. «Народныя песьні з мелодыямі» М.Гарэцкага (з М.Аладавым і А.Ягоравым, 1928), які ў значнай ступені з’явіўся правобразам будучых аналітычных этнамузыкалагічных зборнікаў 1980—90-х г.
У 1-й пал. 19 ст. вядомасць набылі маёнткавыя тэатры, галерэі, бібліятэкі і прыватныя школы магнатаў Тышкевічаў (Лагойск, Астрашыцкі Гарадок, Плешчаніцы, Свіслач), графа З.Чарнышова (Магілёў, Чачэрск), князёў Сапегаў (Ружаны), меламана і мецэната У.Ракіцкага (Гарадзішча пад Мінскам). Пашырэнню хатняга музіцыравання і выхавання спрыяла дзейнасць муз. салонаў графаў А.Тызенгаўза ў Жалудку Гродзенскай губерні і Л.Ракіцкага ў Гарадзішчах, генерала Завішы ў Кухцічах, князя М.К.Агінскага ў Залессі Мінскай губ. і інш. Актыўнымі арганізатарамі хатніх муз. вечароў былі бацькі С.Манюшкі і В.Дуніна-Марцінкевіча. Інтэнсіўны характар набыло муз. жыццё ў буйных гарадах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Бабруйск, Гродна, Гомель і інш.). Важную ролю ў яе пашырэнні набылі пансіёны ў Мінску, Пінску, Гомелі, Віцебску і Полацку, Слуцку, Мсціславе, Беластоку, Брэсце, Гродне і інш. У Мінскіх пансіянатах муз. адукацыю набылі бел. піяністка, кампазітар і педагог К.Марцінкевіч (пансіянат Л. і М. Мантэграндзі), С.Манюшка, Ф.Міладоўскі (пансіён Д.Стафановіча). Пашырэнню муз. культуры садзейнічалі гарадскія аркестры ў Мінску (дырыжоры браты Д. і В.Стафановічы), Гарадзішчы (дырыжор Ю.Дашчынскі), Магілёве (дырыжор Л.Скрабецкі), Гомелі (дырыжор Т.Сіпайла), Віцебску (дырыжор і кампазітар І.В.Шадурскі), аматарскі аркестр у Гродне (дырыжор І.В.Дабравольскі); сольныя выступленні піяністаў К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, Н.Орды, скрыпачоў К.Кжыжаноўскага, М.Ельскага, выканаўцаў на духавых інструментах сына і бацькі Т. і Ю. Сіпайлаў, вакалістаў Н.Муранскай, Ю.Рэйдар, гітарыста К.Стрэлкі. Некаторыя музыканты займаліся муз.-тэарэтычнай дзейнасцю: Н.Орда стварыў «Граматыку музыкі, ці Тэарэтычнае і практычнае выкладанне мелодыі і гармоніі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт, аркестравыя інструменты, арган, фартэпіяна і пра навуку спеваў для піяністаў» (1873), Я.Голанд напісаў «Акадэмічны трактат пра сапраўднае музычнае мастацтва» (1806), Л.Скрабецкі — артыкулы пра муз. жыццё Магілёва і інш. З 1838 вялася хроніка муз. жыцця (газ. «Минские губернские ведомости»). З 19 ст. абудзілася цікавасць да бел.нар. песні. Разам са збіраннем, публікацыяй і вывучэннем (гл.Музыказнаўства ў раздзеле Навука) рабілася спроба яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Бел. народнапесенныя тэмы ці інтанацыі эпізадычна выкарыстоўвалі польскія (Ф.Шапэн, С.Манюшка, М.Карловіч) і рус. (М.Рымскі-Корсакаў, А.Глазуноў) кампазітары-класікі. На бел. фальклоры былі заснаваны творы бел. кампазітара А.Абрамовіча («Беларускае вяселле», «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда»). Адным з першых прапагандыстаў бел. песеннага фальклору быў расійскі харавы дырыжор Дз.Агрэнеў-Славянскі (з 1863). У 1893 некалькі бел. песень у апрацоўках М.Кляноўскага з суправаджэннем сімф. аркестра прагучалі ў зале маскоўскага дваранскага сходу. Значная роля ў вывучэнні і прапагандзе бел.нар. песні належала Муз.-этнаграфічнай камісіі этнаграфічнага аддз.Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, арганізаваная ў 1901 М.Янчуком. У яе рабоце ўдзельнічалі С.Танееў, М.Кляноўскі, А.Маслаў, Ю.Энгель. У кампазітарскай дзейнасці ў гэты перыяд вылучыліся жанры аперэты («Канкурэнты» Ф.Міладоўскага, «Тарас на Парнасе» І.Шадурскага, «Рэкруцкі набор» і «Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, «Спаборніцтва музыкаў» і «Чарадзейная вада» С.Манюшкі), муз. камедыі («Латарэя» С.Манюшкі), а таксама інстр. канцэрта (2 скрыпічныя канцэрты М.Ельскага), інстр. мініяцюры (фартэпіянныя кампазіцыі В.Пшыборы, танцы для розных інструментаў, у т. л. паланэзы, мазуркі, англезы П.Карафа-Корбута), фартэпіянныя мініяцюры (мазуркі М.Ельскага, Н.Орды, К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, вальсы А.Абрамовіча, Ю.Дашчынскага, Н.Орды, экспромты Ф.Міладоўскага, М.Ельскага, серэнады Н.Орды, «песні без слоў» М.Ельскага і інш.). Побач са свецкай стваралася і духоўная музыка. Яе пісалі: Ю.Дашчынскі (месы, рэквіемы, нешпары, Вастрабрамская літанія і інш.), С.Манюшка (месы, рэквіемы, Вастрабрамскія літаніі, арганныя кампазіцыі, рэлігійныя песні і інш.), Ф.Міладоўскі (месы, гімны і інш.), Ё.Глінскі (месы, матэты), Ю.Грым (месы, арганныя апрацоўкі і інш.) і інш. Пашырыліся месы на тэксты польскамоўных вершаваных парафраз традыц.лац. тэкстаў. У Вільні рэгулярна выдаваліся касцельныя канцыяналы Э.Тупальскага, М.Гербурта, Вашкевіча, спеўнікі Ю.Грыма, падручнікі арганнай ігры Я.Галіча, Ю.Грыма, месы Л.Герынга, Ю.Грыма і інш. Былі спробы стварэння спец.навуч. устаноў для касцельных музыкантаў.
На мяжы 19—20 ст. працавалі прыватныя муз. школы ў Мінску (С.Шацкінай, з 1894), Магілёве (Пячкоўскай, з 1886), Гомелі (С.І.Захарына, з пач. 20 ст.). У 1872—97 у Мінску дзейнічала вучылішча арганістаў (заснавальнік канонік Ф.Сенчыкоўскі), у якім выкладаліся ігра на фартэпіяна, скрыпцы, спевы, тэорыя музыкі, а таксама выканальніцтва на аргане і ў аркестры духавой музыкі. Аб узроўні культуры на Беларусі ў 19 ст. сведчыць існаванне фабрык муз. інструментаў у Мінску (фабрыка фартэпіяна І.Бяляўскага, ёй папярэднічала фабрыка муз. інструментаў І.Фохта, Ю.Качкоўскага; у 1858 тут зроблены касцельны арган); у 1896 у друку ўпаміналася дэпо раяляў і піяніна В.Л.Валіцкага. У канцы 19 ст. на Беларусі стацыянарныя тэатры былі ў Мінску (з 1890) і Магілёве (з 1888). Пашырылася дзейнасць антрэпрызных труп: А.Металава (1877—81, Мінск, Бабруйск; паст. аперэты, а таксама оперы «Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага і «Наталка-Палтаўка» М.Лысенкі), А.Даніловіча, А.Ф.Картавага (першы антрэпрэнёр у новым будынку Мінскага тэатра, дырыжор В.Сук; пастаўлены оперы класічнага рэпертуару), І.А.Шумана (арандаваў будынак Мінскага тэатра з 1892, дырыжор В.Сук), Ф.Кастэлана (1899—1901, 1903), М.Ф.Кнаўф-Камінскай (з 1902—03), Е.Бяляева (1906—07), О.Суслава (красавік 1906); польская аперэтачная трупа Б.Марэцкага (лістапад 1906), італьянская трупа братоў Гансалец (снежань 1906) і інш. У 1907 у Мінскім тэатры прадстаўлена новая форма сцэнічнага мастацтва «опера ў фраках», якую паказала маскоўскае Т-ва оперных артыстаў. У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі арганізаваны Муз. таварыства (1860), Літаратурна-муз.-драматычны гурток аматараў (1884) і Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1898) у Мінску, Брэсцка-літоўскае муз.-драматычнае таварыства аматараў (1885), Таварыства муз. і драм. мастацтва ў Віцебску (1887), Брэсцкі муз.-драм. гурток (1892), Магілёўскі муз.-драм. гурток (1905—14), Гродзенскае таварыства аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14), Мінскае таварыства сяброў музыкі (1912), «Ліра», «Лютня» ў Дзвінску, Муз.-драм. таварыства ў Гомелі, Таварыства прыгожых мастацтваў у Віцебску і інш. Сярод музыкантаў, што канцэртавалі ў той час на Беларусі, Л.Аўэр, М.Батыстыні, А.Вержбіловіч, Г. і Ю. Вяняўскія, М.Гельмар (салістка Венскай оперы, ураджэнка Мінска), І.Гофман, К.Давыдаў, Г.Есіпава, А.Зілоці, А.Концкі, С.Ментар, Мікалай і Медэя Фігнеры, Ф.Шаляпін. У 1895 у Гродне, Мінску і Магілёве адбыліся канцэрты С.Рахманінава, які выступаў з італьян. скрыпачкай Т.Туа. На мяжы 19—20 ст. на Беларусі гастраліравалі піяністы Р.Пюньё, І.Слівінскі, скрыпачы К.Грыгаровіч, П.Сарасатэ, віяланчэліст Д.Попер, аркестр рус.нар. інструментаў пад кіраўніцтвам В.Андрэева і інш. У пач. 20 ст. аднавілася работа літаратурна-маст. таварыстваў і муз. класаў пры іх. У 1915 арганізавалася аддз.Рус.муз. таварыства ў Віцебску (сярод яго дырэктараў М.Арцімовіч, В.Кармілаў, Ф.Левінсон, П.Рэнгартэн, В.Сомаў). З 1907 дзейнічала Мінскае муз. вучылішча (дырэктар Н.Рубінштэйн) з дзённым і вячэрнім аддзяленнямі. Штогод наладжваліся 5—6 камерных і сімфанічных канцэртаў. Уступныя лекцыі чытаў І.Патулаў. З бел.муз. культурай звязана творчасць польскага кампазітара Л.Рагоўскага, які стварыў муз. афармленне да спектакляў трупы І.Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (1911) і інш.муз. творы, у т. л. хары (у іх ліку на верш «А хто там ідзе?» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІПІ́НЫ (тагальскае Pilipinas, англ. Philippines), Рэспубліка Філіпіны (тагальскае Republika ñq Pilipinas, англ. Republic of Philippines),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у зах.ч. Ціхага ак., на Філіпінскіх а-вах. У складзе Ф. больш за 7,1 тыс. астравоў, у т. л. 11 буйных (96% тэр.) — Лусон, Мінданао, Самар, Неграс, Палаван, Панай, Міндора, Лейтэ, Себу, Бахоль, Масбатэ; некат. астравы акружаюць каралавыя рыфы. Пл. 300 тыс.км². Нас. 81 160 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — тагальская і англійская. Сталіца — г.Маніла. Падзяляецца на 73 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны кангрэс, складаецца з сената (24 месцы) і палаты прадстаўнікоў (не больш як 250 месцаў; 200 дэпутатаў выбіраюцца, 50 назначаюцца прэзідэнтам ад паліт. партый і грамадскіх арг-цый). Сенатары выбіраюцца на 6 гадоў ( не больш як 2 тэрміны запар), члены палаты прадстаўнікоў — на 3 гады (не больш як 3 тэрміны запар). Выканаўчы орган — кабінет міністраў на чале з прэзідэнтам.
Прырода. Берагавая лінія большасці астравоў моцна парэзана. Уздоўж усх. ўзбярэжжа цягнецца Філіпінскі жолаб. Паверхня астравоў пераважна гарыстая, сярэдняя выш. 500—1500 м, найб. 2954 м (вулкан Апа на в-ве Мінданао). Раўніны займаюць міжгорныя катлавіны і вузкія ўзбярэжныя палосы. Больш за 10 дзеючых і шмат патухлых вулканаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., медныя, цынкавыя, нікелевыя руды, храміты, ртуць, золата, серабро, малібдэн, кадмій, кам. вугаль, нафта, азбест. Клімат трапічны і субэкватарыяльны, мусонны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, у гарах да 19 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000—4000 мм, на ўсх. падветраных — менш за 1000 мм за год. Частыя тайфуны. Рэкі кароткія, парожыстыя, гал. — Кагаян (на в-ве Лусон), Агусан (на в-ве Мінданао). Шмат азёр. Глебы пераважна горныя, латэрытныя, пашыраны чырвона-карычневыя. Каля 46% тэр.пад лесам; на У і ў гарах — вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З — лістападныя. Шмат эндэмічных відаў. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. З жывёл характэрны макакі, даўгапят, яшчаркі; каля 450 відаў птушак, у т. л. какаду, сметнікавыя куры, гарпія-малпаед. Нац. паркі (Маён-Волькана, Канлаон, Маўнт-Апа і інш.), фауністычныя рэзерваты, лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 100 народаў і народнасцей, у т. л. вісая (41%), тагалы (21%), ілокі (12%), мора (7%), кітайцы (1,5%) і інш. Насельніцтва размаўляе больш як на 70 мовах і дыялектах, якія належаць да аўстранезійскай моўнай сям’і. Большасць вернікаў — католікі (83%); пратэстанты — 9%, мусульмане — 5%, будысты — 3% Сярэдняя шчыльн. 271 чал. на 1 км², найб. на а-вах Себу, Лейтэ, Лусон, Неграс, Панай, Бахоль. Сярэднегадавы натуральны прырост 2,2%. У гарадах жыве 58% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Маніла (10 870), Кесан-Сіці (1989), Давао (850), Калаокан (780), Себу (610), Замбаанга (450). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 10%, у буд-ве 6%, у сферы паслуг 41%.
Гісторыя. Ф. насялялі плямёны аўстралоіднай расы, у 2-м тыс. да н.э. іх адцяснілі ў горныя раёны паўднёвамангалоідныя народы. У 1521 Ф. наведала ісп. экспедыцыя Ф.Магелана, які загінуў у сутычцы з жыхарамі в-ва Мактан. У 1565 з прыбыцця флоту М.Л.Легаспі пачалося ісп. заваяванне Ф. Да канца 16 ст. іспанцы падпарадкавалі большую ч. краіны, акрамя ісламізаванага ў 14—15 ст. насельніцтва, якое захавала на Пд незалежнасць да 19 ст. У хуткім часе большасць філіпінцаў хрысціянізавана.
На Ф. усталявалася сістэма кіравання на ўзор ісп. калоній у Амерыцы. З 17 ст. іспанцы ізалявалі краіну ад знешняга свету. Выхад з ізаляцыі ў пач. 19 ст. спрыяў уздыму гаспадаркі Ф. і мясц.культ.-асв. руху (гал. яго прадстаўнік Х.Рысаль). У 1892 засн. тайная патрыят.арг-цыя Каціпунан (кіраўнік А.Баніфасіо), якая ўзначаліла нац. паўстанне 1896—97. У часіспана-амерыканскай вайны 1898 на Ф. высадзіліся войскі ЗША, 12.6.1898 абвешчана незалежная Філіпінская Рэспубліка на чале з Э.Агінальда. У выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 Ф. сталі калоніяй ЗША. У 1916 утвораны Заканад. сход Ф., а паводле закона і канстытуцыі 1934 у 1935 утвораны аўт. ўрад на чале з прэзідэнтам М.Л.Кесанам. У 1941—42 Ф. акупіравалі яп. войскі. У 1942—44 на в-ве Лусон узбр. барацьбу супраць захопнікаў вяла партыз. армія Хукбалахап. У канцы 1944 — пач. 1945 тут адбыліся жорсткія баі паміж амер. і яп. войскамі. 4.7.1946 абвешчана незалежнасць Ф. У 1965 прэзідэнтам краіны абраны Ф.Маркас, які ў 1972 увёў надзвычайнае становішча (да 1981) і замацаваў свае вял. паўнамоцтвы. Дыктатура прэзідэнта і карупцыя сярод яго паплечнікаў прывялі да нар. выступленняў у лют. 1986, рэжым Маркаса быў скінуты. Урад прэзідэнта К.Акіна правёў дэмакратызацыю паліт. жыцця. Але ён і ўрад прэзідэнта М.Рамаса (1992—98) не здолелі рэфармаваць эканоміку Ф. Нягледзячы на мірнае пагадненне 1996 з мусульм. арг-цыямі, радыкальныя ісламісцкія групоўкі на Пд Ф. працягваюць узбр. барацьбу супраць урада. Эканам. рэформы на Ф. вядуцца і пасля выбрання ў студз. 2001 прэзідэнтам краіны Г.Макапагал-Араё. Ф. — чл.ААН (з 1945), Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў маі 1996.
Дзейнічаюць Ліберальная партыя, Партыя нацыяналістаў, Барацьба за філіпінскую дэмакратыю.
Гаспадарка. Ф. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 270,5 млрд.дол. (3,5 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой ствараецца каля 20% ВУП і каля палавіны кошту экспарту. Зямля належыць пераважна буйным памешчыкам і плантатарам. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 19% тэр.; асн. плошчы на а-вах Лусон, Себу, Панай, Неграс, Бахоль, Мінданао. Пераважае раслінаводства. Глебы ўрадлівыя. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. На экспарт вырошчваюць какосы, абаку (адно з першых месц у свеце па вытв-сці і экспарце копры і манільскай пянькі), цукр. трыснёг, тытунь, арахіс, ананасы, бананы, манга; на ўнутр. патрэбы — рыс (пл. 3,2 млн.га, збор 8,6 млн.т), кукурузу (2,4 млн.га, 3,8 млн.т), батат, маніёк, агародніну, каву, какава. Ёсць насаджэнні каўчуканосаў. Гадуюць (млн. галоў, 1997) свіней (10,4), коз (6,8), буйвалаў (3), буйн. раг. жывёлу (2,4), курэй (137,7). Рыбалоўства — важная галіна гаспадаркі. Большую ч. спажываемых бялкоў філіпінцы атрымліваюць з морапрадуктаў. Улоў рыбы ў 1999 склаў 2,14 млн.т. Промысел жэмчугу. Нарыхтоўка высакаякасных гатункаў драўніны (пераважна на экспарт), дубільнай кары, каўчуку, гутаперчы, воску, фарбавальнага дрэва, ратангавай пальмы. Аснова прамысловасці Ф. — горназдабыўная галіна. Здабыча меднай руды (штогод каля 500 тыс.т), храмітаў (120 тыс.т), серабра (40 т), золата (25 т), жалеза, марганцу, цынку, свінцу, каменнага вугалю, нафты. Вытв-сць электраэнергіі 39,6 млрд.кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС (70%), якія працуюць на імпартуемай нафце і нафтапрадуктах, і ГЭС (11%). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў — філіялы замежных кампаній або належаць іх субпадрадчыкам. Апрацоўчая прам-сць: цукр., рысаачышчальныя, тытунёвыя, алейныя, агароднінакансервавыя прадпрыемствы, вытв-сць копры, канатаў і інш. Развіты тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая галіны. У машынабудаванні хуткімі тэмпамі развіваецца радыёэлектронная прам-сць. Вытв-сць тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, электратэхн. вырабаў, зборка аўтамабіляў, суднабудаванне і суднарамонт у Маніле, Кесан-Сіці, Калаокане, Ілаілі і інш. Металургічныя прадпрыемствы ў Калаокане, Пасаі, Ілігане. Хім. (мін. ўгнаенні. гумаватэхн. вырабы), нафтахім. і нафтаперапр.прам-сць (Іліган, Маніла, Себу). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Саматужныя промыслы. Даўж. чыгунак 492 км (на а-вах Лусон і Панай), аўтадарог 200 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 39,6 тыс.км. Пан-Філіпінская шаша (з паромамі) злучае а-вы Лусон, Самар, Лейтэ і Мінданао. У краіне 703 тыс. легкавых і 1,35 млн. грузавых аўтамабіляў. Асн. роля ў знешніх і ўнутр. перавозках належыць суднаходству. Гал. парты: Маніла, Себу, Ілаіла, Давао, Замбаанга, Іліган. Міжнар. аэрапорты: Маніла, Давао, Себу, Пасай, Замбаанга. Экспарт (34,8 млрд.дол., 1999) электронікі, машын, адзення, копры, абакі, цукру, какосавага алею, каляровых металаў. Імпарт (30,7 млрд.дол., 1999) сыравіны, камплектуючых дэталей, прамысл. і спажывецкіх тавараў, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Сінгапур, Рэспубліка Карэя, Вялікабрытанія і інш. Грашовая адзінка — філіпінскае песа.
Літаратура. Развіваецца пераважна на тагальскай (піліпіна), а таксама ісп. і англ. мовах. Стараж. фальклор прадстаўлены анімістычнымі замовамі і заклінаннямі, міфамі, легендамі і паданнямі. У 14—16 ст. пашыраны вершаваныя і празаічныя сказанні. У перыяд ісп.калан. панавання (16—19 ст.) л-ра набыла рэліг. характар. Пад уплывам ісп. л-ры склалася містэрыяльная паэзія пасьён (рэліг. песнапенні пра жыццё і смерць Ісуса), з’явіліся курыда (балады), авіт (гераічныя паэмы), папулярнымі сталі мора-мора (тэатр. паказы). Заснавальнік тагаламоўнай л-ры Ф.Бальтасар паклаў пачатак антыкалан. кірунку. Творчасць Х.Рысаля паўплывала на развіццё рэаліст. іспанамоўнай л-ры. У пач. 20 ст. пашырылася л-ра на англ. мове (паэзія і проза Х.Г.Вільі, Н.М.Хаакіна, Н.В.М.Гансалеса). З’явіліся бытапісальныя раманы Л.Сантаса, абнавілася паэзія. Традыцыі Бальтасара прадоўжыў у сац. насычаных раманах А.Эрнандэс. Сучасная паэзія блізкая да сінкрэтызму, у прозе пераважаюць малыя жанры, для якіх характэрна ўзмацненне сац. гучання. У 1974 створаны Саюз пісьменнікаў Ф.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на Ф. адносяць да позняга неаліту (арнаментаваная кераміка, урны з ляпной «ладдзёй памерлых»). У нар. мастацтве развіты разьба па дрэве і бамбуку абарыгенаў аэта, ткацтва горных малайскіх народаў са стылізаванымі выявамі божастваў і сіл прыроды, майстэрская апрацоўка дрэва і металу; размалёўкі і тканіны мусульман мора з міфічнымі матывамі, расл. і геам. ўзорамі; вышыўка, пляценне, разьба, ювелірная справа; выраб масак і касцюмаў для містэрый, лубкоў, фігур святых і інш. ў хрысціянізаваных раўнінных народаў. Традыц. жытло — дом на па́лях, накрыты пальмавым лісцем. У каланіяльны перыяд узніклі гарады, умацаванні, касцёлы, кляштары, палацы ў стылях барока і класіцызму (палац Прэзідэнта «Малаканьян», 1863). Тыповыя для ісп. дойлідства арх. формы спалучалі з нац. матывамі дэкору (касцёл Міяг-ао ў Ілаіла на в-ве Панай). У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Маніла забудоўвалася ў духу зах.-еўрап. і амер. архітэктуры; з’явіліся жывапіс на патрыят. тэмы Х. дэ Луны, Ф.Ідальга, скульптура Г.Таленціна. З 1930-х г. пабудовы архітэктараў (П.Антоніо, С.Консьё, Л.В.Лаксін, Х.Накпіль) спалучалі метады сучаснай архітэктуры з дэкар. элементамі нац. стылю (Культ. цэнтр Ф. у Маніле, 1969, арх. Лаксін). У 1950-я г. будавалі фешэнебельныя кварталы ў Маніле, Макаці, Кесан-Сіці. У жывапісе Ф.Аморсала ўзначаліў школу рэаліст. традыцый мастацтва 19 ст. Сучаснае мастацтва развіваецца ў нац. традыцыях і пад уплывам амер. мадэрнізму. Вылучаецца творчасць жывапісца-манументаліста К.Франсіска, жывапісцаў В.Эдадэса, Г.Акампа і інш., скульптараў Н.Абуэва, Э.Кастрыльё.
Музыка. Ф. зазнала ўплыў паўд.-ўсх. Азіі. У выніку араба-мусульманскіх уплываў 7—8 ст. побач з традыц.муз. інструментамі пашырыўся духавы язычковы інструмент серунай. У 15 ст. пашырыліся цырыманіяльныя аркестры нобат. З 16 ст. пранікалі еўрап.муз. традыцыі, з 17 ст. — іспанізаваныя песенныя стылі пасьён, курыда, кундзіман; танцы хота, хабанера і інш.; інстр. ансамблі рондалья, тэатр. жанры сарсуэла, мора-мора і інш. На Пд захавалася выканальніцтва на кулінтангу (наборы металафонаў, гонгаў), ансамблі бамбукавых інструментаў пангкат каваян. Лакальныя асаблівасці вак. музыкі звязаны са спецыфікай муз. суправаджэння, моўнымі дыялектамі і інш. Эпічным песням ламанг на гіст. і міфал. сюжэты ўласцівы элементы тэатралізацыі. Уздым муз. творчасці ў 1940-я г. спрыяў фарміраванню нац. кампазітарскай школы, для якой характэрны ісп. і амер. ўплывы. Сярод муз. дзеячаў 20 ст.: кампазітары М.Адонай, Н.Абелярда, Ф.Буэнкаміна, Л.Р.Касілаг, Ф.П. дэ Леон, Х.М.Маседа, А.Х.Маліна, Ф.Сант’яга, Х.Эстрэлья; выканаўцы А.Авеліна, П.Консепсьён, Х.Сілас. Працуюць: аркестр філармоніі (Маніла), сімф. аркестр пры Манільскім сімф. т-ве, ансамблі «Баяніхан» і «Філіпінескас», Нац.муз. федэрацыя, Сіліманскі муз. фонд, Культ. цэнтр, Ліга кампазітараў, Оперная гільдыя, Нац. асацыяцыя бэндаў, Асацыяцыя хар. дырыжораў, Т-вы муз. выхавання, кампазітараў, аўтараў, выдаўцоў, арганістаў. З 1979 у Маніле праводзіцца міжнар. фестываль хар. музыкі.
Літ.:
Сумленова Е.В. Острова сампагиты. М., 1985;
Барышникова О.Г., Левтонова Ю.О. Филиппины и США: 200 лет противостояния, компромиссов, партнерства. М., 1993;
Мазуров В.М. От авторитаризма к демократии: (Практика Юж. Кореи и Филиппин). М., 1996;
Александрович Н.Н. Филиппины после второй мировой войны. М., 1980;
Сантос А. Филиппинская литература. М., 1965.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Філіпін.Да арт.Філіпіны. Керамічная пасудзіна з пячоры Манунгуль (востраў Палаван). 9—8 ст. да н.э.Да арт.Філіпіны. Ф.Аморсала. Юныя прачкі. 1942.Да арт.Філіпіны. Возера Тааль.Да арт.Філіпіны. Палац Прэзідэнта «Малаканьян».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ
Тэрытарыяльна-адміністрацыйныя і палітычныя змены. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Рас. імперыі далучаны паўн.-ўсх. землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяв. Гэта тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ., якія былі аб’яднаны ў Беларускае ген.-губернатарства. У жн. 1776 замест Пскоўскай заснавана Полацкая губ. (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Вясной 1777 Магілёўская і Полацкая губ. падзелены на паветы, з 1778 губерні перайменаваны ў намесніцтвы. У 1783—85 праведзена Ген. межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна аформіла правы новай улады на далучаныя землі.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 да Расіі, акрамя ўкраінскіх, адышлі бел. землі: рэшткі Полацкага ваяв. (на левым беразе Зах. Дзвіны); Віцебскага і Аршанскага пав. Віцебскага ваяв.; Мінскі, Мазырскі пав. Мінскага ваяв.; частка Рэчыцкага пав. (па правым беразе Дняпра); усх. часткі Навагрудскага і Слонімскага ваяв.; Сініцкі пав. Слуцкага княства; усх. часткі Браслаўскага і Ашмянскага пав. Віленскага і Пінскі пав. Брэсцкага ваяводстваў. Указам ад 13.4.1793 рэшткі Полацкага ваяв. далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіна — да Магілёўскага; Мазырскі пав. далучаны да Чарнігаўскай губ., а на астатняй тэр. ўтворана Мінская губ. Указам Сената ад 3.5.1793 заснавана Мінскае намесніцтва.
У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму ген.-губернатару кн. М.В.Рапніну падзяліць рэшткі Вял. княства Літоўскага на З часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне. У чэрв. 1795 у Гродне заснаваны часовы орган кіравання тэр. Літвы і Зах. Беларусі — Вярх. праўленне Літвы. 25.12.1795 новадалучаныя землі падзелены на Віленскую і Слонімскую губ. У жн. 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 і Слонімскае — 8 паветаў. Такі падзел праіснаваў да канца 1796, калі Павел I правёў новую адм.-тэр. рэформу. Указам ад 12.12.1796 на гэр. Беларусі і Літвы створаны губерні: Беларуская (аб’яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім пав.) і Літоўская (увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі 468 тыс.км²тэр. з насельніцтвам больш чым 6 млн. чал.
У 1801—02 Аляксандр I увёў новы адм.-тэр. падзел. Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў Беларускае ген.-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губ. (увайшлі ў склад Літоўскага ваен. губернатарства).
На новадалучаных землях царскі ўрад пачаў распаўсюджваць сваю сістэму мясц.дзярж. кіравання. Гал. асобай у губернях быў ген.-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясц. адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. Фактычна ген.-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму былі падпарадкаваны ваен. і грамадз. губернатары (або правіцелі). У абавязак грамадз. губернатара, які камандаваў мясц. гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следстваў, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся з рус. саноўнікаў і чыноўнікаў. Паколькі канчатковае рашэнне прымаў ген.-губернатар, то ўлада грамадз. губернатараў у канцы 18—1-й пал. 19 ст. была абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены. У кожнай губерні дзейнічала губ. праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гасп. і фін. справамі кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю і інш. У губернях дзейнічалі і інш. органы кіравання: рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавая кантора і інш.Гал. органам пав. улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адм.-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У адрозненне ад цэнтр.рас. губерняў ён не выбіраўся, а прызначаўся Сенатам.
У сувязі з недахопам рус. чыноўнікаў Кацярына II дазволіла прызначаць на адм. пасады ў новаўтвораных губернях мясц. жыхароў. Мясц. шляхта атрымала правы выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясц. кіравання і суда, аналагічныя з правамі рас. дваранства. На бел.-літ. губерні была таксама распаўсюджана расійская (уведзеная яшчэ Пятром 1) 14-класная сістэма чыноў і рангаў.
У якасці судовага заканадаўства на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які ў 1780 быў перакладзены на рус. мову. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры Юстыцкалегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сената створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Гал. Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем Вільні трыбунал скасаваны, але ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для іх завяршэння створаны Грамадз. дэпартамент старых літоўскіх спраў. У лют. 1797 заснаваны Гал. літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губ. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадз. і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губ. рэформы 1801 у кожнай губерні былі створаны гал. суды ў складзе крымінальнага і грамадз. дэпартаментаў.
Паводле «Устанаўлення» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся пав. суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя і верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя і губ. магістраты. Акрамя таго, у губ. гарадах існавалі крымінальная і грамадз. палата і губ. пракурор, які кантраляваў іх дзейнасць. Рас. ўрад адмяніў смяротнае пакаранне і не дазваляў судам разглядаць справы асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці. Замест земскіх судоў спачатку ва ўсх. Беларусі, а потым у інш. губернях былі створаны губ. і правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 называліся павятовымі. У далейшым ім перададзены і функцыі скасаваных гродскіх судоў. Падкаморскія суды, скасаваныя ва ўсх. Беларусі ў 1772, а на астатніх тэрыторыях — у 1795, былі ў 1797 адноўлены Паўлам I і праіснавалі да 1832. Спалучэнне бюракратычнага і саслоўнага элементаў у мясц. кіраванні найб. яскрава выявілася ў судовай сістэме. Урад прызначаў на пасады ў губ. і пав. судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбары дваранства, пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя рас. уладзе.
У канцы 18—1-й трэці 19 ст. ў бел.-літ. губернях сістэма судаводства захоўвала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадз. судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася паводле агульнаімперскіх законаў і на рус. мове.
З далучэннем да Рас. імперыі ўводзілася абавязковае пацвярджэнне вышэйшым саслоўям новадалучаных зямель сваіх правоў на прывілеі. Пачынаючы з 1772 шляхта была абавязана прадставіць у губ. гарады дакументы аб сваім паходжанні. Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, былі запісаны ў дваранскія родавыя кнігі.
Царскі ўрад, абвяшчаючы дваранства «пяршынствуючым» рас. саслоўем, юрыдычна замацаваў яго пануючыя пазіцыі ў сістэме абсалютысцкай дзяржавы. Сац., юрыд. і паліт. статус дваранскага саслоўя Рас. імперыі ўпершыню ў найб. поўным выглядзе быў зафіксаваны Кацярынай II у «Даравальнай грамаце дваранству» (1785). Асновай паліт. і эканам. магутнасці дваранства было валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не мелі правоў інш. саслоўі. Дваранства вызвалялася ад усялякіх падаткаў, цялесных пакаранняў і магло быць асуджана толькі роўнымі сабе. У новаўтвораных губернях і паветах дваранству дазвалялася кожныя 3—4 гады збіраць сходы (сеймікі). У іх функцыі ўваходзіла выбранне губ. і пав. прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), а таксама прадстаўнікоў у саслоўныя суды і ўстановы, раскладка земскіх павіннасцей, вырашэнне гасп. і грамадскіх спраў мясц. жыцця.
У 1773 Сенат дапусціў да выбараў у дваранскія сходы асоб, якія валодалі не менш чым 10 рэвізскімі душамі. Права голасу і выбрання на пасаду мелі ўладальнікі 20 і больш сялян. У 1805 права голасу атрымалі дваране, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, валодалі ў губернях маёнткамі не менш за 8 дамоў і атрымлівалі 150 руб. прыбытку за год. З 1817 у Гродзенскай губ. тэрмінам на 3 гады дазволілі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў час вайны 1812 і не былі да гэтага часу запісаны ў дваранскія кнігі.
Гал. ролю сярод абраных асоб адыгрывалі дваранскія маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку 2 выбраных кандыдатаў. Асн. іх абавязкам было кіраванне справамі дваранскай карпарацыі. Пасады маршалкаў не аплачваліся, таму іх звычайна выбіралі з заможных памешчыкаў. Для прадстаўнікоў дробнай шляхты выбранне ў нізавыя выканаўчыя органы, суды і паліцыю з’яўлялася сродкам паправіць матэрыяльнае становішча, таму яны імкнуліся заняць адпаведныя пасады. Татарскай шляхце таксама было дазволена прымаць удзел у выбарах.
У выніку рэвізіі 1811 выявілася, што да шляхецкага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс.чал., сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, людзі невядомых саслоўяў з бел.-літ. губерняў. Адначасова ў гэтых жа губернях заставаліся людзі, якія пацвердзілі дваранскае паходжанне, але працягвалі плаціць падаткі ў казну. Таму пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сената ад 20.1.1816, у дваранстве пакідаліся толькі тыя, хто быў запісаны да саслоўя ў 1795. Усім астатнім неабходна было пацвярджаць сваё паходжанне дакументальна. Паводле ўказа ад 23.8.1817 дробная шляхта, якая магла валодаць зямлёю, але без прыгонных або знаходзілася на службовых і чыншавых землях, трапіла ў спісы падатковага насельніцтва.
Беларусь у вайне 1812. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, а ў ноч на 24 чэрв.Паўн. групоўка «Вялікай арміі» пад камандаваннем Напалеона I (каля 213 тыс.чал.) пачала пераход расійскай граніцы пераправай цераз Нёман у раёне Коўна. Цэнтр. групоўка (каля 77 тыс.чал.) на чале з Э.Багарнэ 29 чэрв.—2 ліп. перайшла Нёман у раёне Пілонаў. 27 чэрв. ў ваен. дзеянні ўключылася паўд. групоўка Ж.Банапарта (каля 82 тыс.чал.), авангард якой праз дзень заняў Гродна. З ліп. каля в. Магільніцы цераз Зах. Буг пераправіліся гал. сілы дапаможнага аўстрыйскага корпуса К.Ф.Шварцэнберга. Пачынаючы вайну з Расіяй, Напалеон намагаўся прымусіць рас. камандаванне прыняць ген. бітву на тэр. Літвы, разбіць гал. сілы рас. армій паасобку ў памежных баях і пасля бліскучай перамогі вымусіць цара Аляксандра I заключыць мір на выгадных для Францыі ўмовах.
Адарваныя і расцягнутыя рас. арміі адыходзілі з ар’ергарднымі баямі ўглыб краіны для аб’яднання ў зручным месцы: 1-я Зах. армія М.Б.Барклая дэ Толі (каля 120 тыс.чал.) у напрамку на Дрысенскі лагер, потым, пакінуўшы корпус П.Х.Вітгенштэйна для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку, да Полацка, Віцебска, Смаленска; 2-я Зах. армія П.І.Баграціёна (каля 49,5 тыс.чал.) — ад Ваўкавыска праз Слонім, Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Бабруйск да Магілёва, а пасля бітвы каля Салтанаўкі 21—23 ліп. — да Новага Быхава, Мсціслава і Смаленска. У час адыходу рас. войск адбыліся сутычкі і баі рознай напружанасці: каля Гродна, Ашмян, Друі, пад Віцебскам, пры Дзісне, в. Чарнова, Кукавячына, мяст. Казяны, Браславе і Леамполі, Астроўне, Карэлічах, Міры, Раманаве і інш.
Адносна незалежны характар мелі баявыя дзеянні на стратэгічных флангах. Пасля Клясціцкіх баёў (30 ліп. — 1 жніўня) паміж войскамі Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно напалеонаўскія войскі адышлі да Полацка, куды падышоў баварскі корпус Л.Гуўён Сен-Сіра. Узмоцненыя напалеонаўскія войскі перайшлі ў наступленне, 11 жніўня адбыўся бой на р. Свольна паміж авангардамі карпусоў Вітгенштэйна і Н.Ш.Удзіно. У выніку 1-й Полацкай бітвы (17—18 жніўня) войскі Вітгенштэйна адышлі да р. Дрыса.
У ліпені пачалі баявыя дзеянні войскі 3-й Рэзервовай абсервацыйнай арміі А.П.Тармасава. Пасля Кобрынскага бою 27 ліп. аб’яднаныя войскі К.Ф.Шварцэнберга і Ж.Л.Э.Рэнье ў выніку Гарадзечанскай бітвы (12 жніўня) вымусілі войскі А.П.Тармасава адступіць да Луцка. Паміж гэтымі буйнымі баямі адбыліся сутыкненні каля г. Пінск, Пружаны, мяст. Сялец, Сігневічы, в. Равяцічы і інш.
Абарону Бабруйскай крэпасці забяспечваў гарнізон і войскі корпуса Ф.Ф.Эртэля, размешчаныя каля Мазыра, якія ў ліп. — жніўні мелі сутычкі і баі з напалеонаўскімі войскамі паміж в. Брэжы і мяст. Парычы, пад Пінскам, Слуцкам, мяст. Лафа, Жлобінам, Казіміравам, с. Каменка і інш. 14 вер. авангардныя часці корпуса занялі Глуск, на наступны дзень у выніку ўпартага бою — в. Гарбацэвічы, а атрад А.В.Запольскага 16 вер. — Пінск. Аднак Эртэль не адважыўся развіваць поспех наступлення і 22 вер. вярнуўся ў Мазыр.
Напалеонаўскія войскі 28 чэрв. занялі Вільню, 8 ліп. — Мінск, 20 ліп. — Магілёў, 28 ліп. — Віцебск. Да пачатку жніўня асн. сілы «Вялікай арміі» выйшлі на лінію Дняпра і Зах. Дзвіны. Амаль уся Беларусь і Літва, акрамя Веліжскага, Люцынскага, Невельскага, Рэжыцкага, Себежскага пав. Віцебскай губ., Мазырскага, Рэчыцкага, часткі Бабруйскага пав. Мінскай губ., а таксама Беліцкага пав. Магілёўскай губ., была занята ці кантралявалася напалеонаўскімі войскамі, якія вымушаны былі перайсці на самаўтрыманне і забяспечваць свае патрэбы гал. чынам рэквізіцыйным шляхам за кошт мясц. харчова-фуражных рэсурсаў.
Паліт. арганізацыя і адм.-тэр. ўладкаванне занятых тэрыторый адпавядала дзярж. ўладкаванню напалеонаўскай імперыі. 1.7.1812 у Вільні створана Камісія Часовага кіравання (урада) Літвы (ВКЛ) — каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай грамадз. улады для адм. кіравання тэр. Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., пазней перайменаваных у дэпартаменты. Камісіі падпарадкоўваліся цэнтр., рэгіянальныя і мясц. органы цывільнай адміністрацыі 4 дэпартаментаў. У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (не падпарадкаваных камісіі) арганізоўвалася адм. камісія з 3 членаў, прызначаных ці зацверджаных асабіста Напалеонам, пад старшынствам франц. інтэнданта, які выбіраўся з аўдытараў Дзярж. савета напалеонаўскай імперыі і падпарадкоўваўся імператарскаму камісару пры Камісіі Часовага ўрада. У адм. адносінах дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты на чале з падпрэфектамі. Па прыкладу Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання ў дэпартаменцкіх цэнтрах і дыстрыктах. Адначасова была створана сістэма ваенна-адм. кіравання краем. У цэлым уладныя паўнамоцтвы камісіі пашыраліся на 4 дэпартаменты з плошчай 3787 міль2 і насельніцтвам 2,5—3,5 млн.чал., падзеленыя на 32 дыстрыкты. Аднак рэальна пад уладаю было толькі каля 17 дыстрыктаў, бо астатнія кантраляваліся пэўны часрас. войскамі. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фарміраванняў, забеспячэннем войск, зборам грашовых сродкаў.
Ва ўмовах нестабільнага ваенна-паліт. становішча, кіруючыся палітыка-стратэгічнымі меркаваннямі, Напалеон адклаў пытанне аб аднаўленні ВКЛ да канца вайны з Расіяй. Захаваўшы ў непарушнасці прыгоннае права, ён спадзяваўся абаперціся на шляхту — гал. чынніка яго палітыкі, у свядомасці якой яшчэ не згасла ідэя ранейшай дзяржаўнасці.
Восенню 1812 у наступленне перайшлі рас. войскі, размешчаныя на флангах. Аб’яднаныя войскі 3-й і Дунайскай армій пад кіраўніцтвам П.В.Чычагова 12 кастр. занялі Брэст, атрад Я.Чапліца 20 кастр. разбіў пад Слонімам полк Я.Канопкі. Аднак толькі 30 кастр. часці Дунайскай арміі рушылі на Мінск. Пакінутая для аховы тылу вайсковая групоўка Ф.В.Остэн-Сакена пасля Ваўкавыскага бою 16 ліст. і паражэння пад Брэстам 25 ліст. адступіла на Валынь. Гэта дазволіла войскам К.Ф.Шварцэнберга заняць Слонім. Войскі Чычагова 13 ліст. пераправіліся цераз Нёман і пасля Койданаўскага бою 15 ліст. занялі Мінск, 21 ліст. — Барысаў. 24 ліст. атрад А.П.Ажароўскага заняў Магілёў.
Умацаваны корпус Вітгенштэйна пасля 2-й Полацкай бітвы (18—20 кастр.) вымусіў напалеонаўскія войскі адступіць да Лепеля. Корпус Ф.Ф.Штэйнгеля, дасланы з-пад Рыгі на дапамогу Вітгенштэйну, вёў баі з напалеонаўскімі войскамі на р. Ушача, пад Рудняй, 25 кастр. ў Кублічах. 7 ліст. атрад В.І.Гарпе ўвайшоў у Віцебск. Аб’яднаныя карпусы Н.Ш.Удзіно і К.П.Віктора 31 кастр. далі бой пад Чашнікамі войскам Вітгенштэйна, пасля чаго адышлі да Чарэі.
26—28 ліст. адбыліся баі па абодвух берагах ракі Бярэзіна. У ходзе Бярэзінскай аперацыі баяздольныя часці напалеонаўскай арміі (у т. л. гвардыя і значная частка афіцэрскага корпуса) здолелі каля в. Студзёнка пераправіцца цераз Бярэзіну. Аднак адчувальныя страты прадвызначылі немагчымасць працягваць актыўныя баявыя дзеянні. Гал. сілы «Вялікай арміі» адступалі на Вільню, ведучы ар’ергардныя баі: пры Зембіне і Плешчаніцах (30 ліст.), пры Даўгінаве і Латыгалі (2 снеж.), пад Маладзечнам (4—5 снеж.), пад Ашмянамі, Меднікамі. 5 снеж., даручыўшы кіраўніцтва арміяй І.Мюрату, Напалеон з Смаргоні выехаў у Парыж. Войскі К.Ф.Шварцэнберга арганізавана адступалі ад Слоніма да Беластока. 10 снеж. авангард Я.І.Чапліца заняў Вільню, 20 снеж. атрад Дз.В.Давыдава — Гродна.
Бел. землі вынеслі асноўны цяжар ваен. дзеянняў. Найб. моцна пацярпелі мясціны, якія сталі арэнай шматлікіх баёў, прылеглыя да маршрутаў руху і раёнаў працяглай дыслакацыі вял. кантынгенту напалеонаўскіх і рас. войск. Амаль цалкам былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск. Голад, холад, хваробы і эпідэміі прадвызначылі гібель значнай часткі бел. насельніцтва. Колькасць рэвізскага насельніцтва, асабліва гарадскога, зменшылася на 12%. Вайна 1812 падарвала прадукцыйныя сілы сельскай гаспадаркі краю: рэзка зменшылася пагалоўе рабочай і прадукцыйнай жывёлы, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы, разбурана ці знішчана шмат будынкаў.
Ва ўмовах панавання прыгонніцкай сістэмы працэс аднаўлення разбураных вайной памешчыцкіх і сял. гаспадарак расцягнуўся на доўгі час.Сац.-эканам. вынікі напалеонаўскіх войнаў на землях Беларусі абвастрылі і паскорылі крызіс прыгонніцкай сістэмы.
Сельская гаспадарка. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі царскі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рус. памеснага землеўладання. Былыя дзярж. і духоўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясц. памешчыкаў, якія адмовіліся прысягнуць на вернасць новай уладзе, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31 і рэв. руху раздаваліся рас. вяльможам, ваен. і грамадз. чыноўнікам. У 1772—1801 у 5 бел.-літ. губернях ім падаравалі 250,4 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да часу адмены прыгону ўдзельная вага панскай зямельнай уласнасці заставалася вельмі высокай. У 1859 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў (больш за 100 рэвізскіх душ прыгонных) 5 губерняў было 16 071,1 тыс. дзесяцін прыдатнай зямлі, або 66,8% усёй яе плошчы. Па адносных памерах панскай зямельнай уласнасці Беларусь у канцы 1860-х г. займала 1-е месца ў Еўрап. Расіі. Сярод панскай зямельнай уласнасці пераважала буйная, латыфундыяльная феад. ўласнасць (маёнткі, дзе было больш за 500 душ прыгонных). У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю ва ўсх. паветах прыпадала 74,6% прыватнаўласніцкай зямлі, у зах. і цэнтр. — у сярэднім 68,5%. У далейшым у сувязі з драбленнем і канфіскацыяй часткі латыфундыяльных уладанняў царскімі ўладамі памеры буйнапамеснай зямельнай уласнасці прыкметна зменшыліся. Рост таварнай прадукцыі ў панскай гаспадарцы, асабліва вытворчасці збожжа на продаж, патрабаваў пашырэння плошчы фальварковай ворнай зямлі, што абумовіла значнае ўзмацненне феад. прыгнёту сялянства, павелічэнне адпрацовачных павіннасцей. Колькасць ворнай зямлі павялічвалася не толькі за кошт асваення новых зямель, але і ў выніку захопу сял. угоддзяў.
Гал. прадукцыйнай сілай панскай гаспадаркі былі прыгонныя сяляне. У 5 бел.-літ. губернях у 1795 яны складалі 84,8% усяго сялянства, або 75,1% народанасельніцтва, у 1858 — адпаведна 70,9 і 57,6%. Змяншэнне ўдзельнай вагі іх тлумачыцца крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і частымі неўраджаямі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў было ворнае земляробства, пануючай сістэмай — папарнае трохполле. З пашырэннем пасеваў бульбы ў многіх маёнтках яно замянялася чатырохполлем. З развіццём танкаруннай авечкагадоўлі, гал. чынам на захадзе Беларусі, у некат. панскіх гаспадарках з’явілася шматполле з травасеяннем.
У абсалютнай большасці гаспадарак памешчыкаў апрацоўка зямлі і ўборка ўраджаю вяліся цяглавай сілай, прымітыўнымі прыладамі (саха, драўляная барана, серп, каса) і працай прыгонных сялян. Удасканаленыя прылады (плугі, жалезныя бароны), сеялкі, жняяркі, сенакасілкі сустракаліся рэдка. У 1840—50-я г. ў панскіх фальварках вял. пашырэнне атрымалі толькі малацілкі і веялкі. У канцы 18 ст. ў магнацкай сельскай гаспадарцы зах. Беларусі наёмная рабочая сіла складала 17,2%, усходняй — 7,4% усёй рабочай сілы. Выкарыстанне машын і наёмнай працы ў панскай сельскай гаспадарцы сведчыла пра фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, спробе перабудовы перадавых маёнткаў у бурж. кірунку. Аднак у эпоху позняга феадалізму наёмная праца не была яшчэ альтэрнатывай паншчыне, а толькі спадарожнічала ёй. Вынікам панавання папарнага трохполля і слабай тэхн. узброенасці земляробства былі пераважна збожжавы характар паляводства, невысокая ўраджайнасць.
Земляробства ўсё больш падпарадкоўвалася попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, набывала таварны характар. Да канца 18 ст. з магнацкіх латыфундый зах. і цэнтр. паветаў на рынкі паступала больш за 3/4 вытв-сці жыта. Самай таварнай галіной магнацкага прадпрымальніцтва было вінакурства. З магнацкіх маёнткаў усх. Беларусі вывозілі гал. чынам лён, пяньку, а таксама лес і прадукты перапрацоўкі драўніны.
2-й па значнасці галіной панскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Разводзілі пераважна прадукцыйную жывёлу (кароў, свіней, авечак). З ростам суконнай вытв-сці ў 1830—40-я г. ў зах. паветах значнае развіццё атрымала мерыносавая авечкагадоўля. Пашыралася і таварная мяса-малочная жывёлагадоўля. З развіццём рыначных, таварна-грашовых адносін на Беларусі паступова складвалася раённая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі (лён у паўн., каноплі ва ўсх., бульба ў зах. і цэнтр. паветах, жывёлагадоўля на захадзе і Палессі).
Развівалася вотчыннае прадпрымальніцтва. У канцы 1820-х г. узніклі першыя панскія фабрыкі і заводы. На прамысл. прадпрыемствах выкарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).
Дзярж. зямельная ўласнасць на Беларусі значна саступала панскай. У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю прыпадала каля 18% усёй зямельнай уласнасці. З раздачай дзярж. зямель колькасць казённых сялян на Беларусі ў апошняй трэці 18 ст. зменшылася прыкладна ў 3 разы і склала 76,4 тыс. рэвізскіх душ, або 5,5% народанасельніцтва. У далейшым з пашырэннем дзярж. зямельнай уласнасці і натуральным прыростам насельніцтва колькасць іх тут вырасла. У 1866 яна дасягнула 266 тыс. душ мужчынскага полу, што складала 21,1% сялянскага, або 15,5% усяго насельніцтва. Амаль усе дзярж. маёнткі здаваліся з публічных таргоў у доўгатэрміновую арэнду (на 24 гады і больш) чыноўнікам, дробнай шляхце. Фальварковая гаспадарка вялася працай казённых сялян. Земляробства, жывёлагадоўля, уся гаспадарка дзярж. маёнткаў да 1840-х г. знаходзіліся на той жа ступені развіцця, што і ў панскіх фальварках.
Сяляне атрымлівалі ў карыстанне ад феадала зямельны надзел, за які абавязаны былі адбываць паншчыну або плаціць грашовы аброк. З развіццём фальваркова-паншчыннай гаспадаркі ішоў працэс абеззямельвання сялянства. У 1790-я г. ў зах. і цэнтр. Беларусі налічвалася 17,8 тыс., або 7% сялян (агароднікаў і халупнікаў), якія не мелі палявога надзелу. Напярэдадні рэформы 1861 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў 5 зах. губерняў землі, што знаходзіліся ў сял. карыстанні, складалі толькі 26,6% панскай зямлі. З развіццём таварна-грашовых адносін, абеззямельваннем часткі сял. двароў, пры розным забеспячэнні іх рабочай і прадукцыйнай жывёлай паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У 2-й пал. 1850-х г. у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў і дзярж. уладаннях Беларусі было больш за 100 тыс. беззямельных сялян-бабылёў абодвух полаў і прыкладна столькі ж малазямельных сялян-агароднікаў. Асн. крыніцай іх існавання з’яўлялася наёмная праца. З другога боку, вылучалася праслойка заможнага сялянства, якое мела вял. надзелы і значную колькасць жывёлы. Сац. расслаенне сялянства Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. дасягнула значнай велічыні.
З пашырэннем плошчы фальварковай ворнай зямлі адбываўся перавод сялян з аброчных у паншчынныя. З канца 18 да сярэдзіны 19 ст. ўдзельная вага паншчыннага сялянства ў маёнтках Беларусі павялічылася з 77 да 97%. Казённыя сяляне да 1840-х г. таксама адбывалі паншчыну. Гэта тармазіла разлажэнне феад.-прыгонніцкіх і развіццё капіталіст. адносін як у фальварковай, так і ў сял. гаспадарцы, але не магло спыніць іх. На працягу 1-й пал. 19 ст. памер паншчыны, што прыпадала на сял. гаспадарку, вырас у сярэднім у 1,5—2 разы. У 1830—40-я г. ў большасці маёнткаў найб. пашырана была паншчына 6 дзён на тыдзень з сял. гаспадаркі. Захоўваліся шматлікія павіннасці па абслугоўванні панскага двара і натуральны аброк (даніна).
Апрача павіннасцей за карыстанне зямлёй сяляне неслі дзярж. грашовыя (падушны падатак, земскі збор) і натуральныя (дарожная, кватэрная і інш.) павіннасці. Новым для Беларусі відам цяжкай павіннасці стала рэкруцкая павіннасць.
Сяляне, як і раней, займаліся рознымі промысламі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі адыходныя промыслы — работы на будаўніцтве дарог, крэпасцей і асабліва сплаў лесу, возніцтва. Промыслы, асабліва адыходныя, садзейнічалі пранікненню таварных адносін у сял. гаспадарку.
У снеж. 1839 пачалася перабудова адм.-гасп. кіравання дзярж. вёскай зах. губерняў. Праводзілася люстрацыя, г.зн. падрабязнае апісанне маёнткаў і вызначэнне памераў сял. землекарыстання і павіннасцей. Уводзіўся падушны надзел, роўны 3 дзес. ворнай зямлі і 1 дзес. сенажацей. На аснове маёмаснай няроўнасці на дзярж. вёсцы сяляне былі падзелены на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Рэформа палепшыла становішча дзярж. сялян. У выніку праведзенай люстрацыі павіннасці казённых сялян Віцебскай і Магілёўскай губ. зменшыліся на 62—65%, Гродзенскай і Мінскай на 30—35%, а зямельныя надзелы ў апошніх губернях павялічыліся на 32—36 %, у Магілёўскай — на 15%. З 1844 у дзярж. уладаннях Беларусі фальваркі ліквідаваны, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Пазней адменены даніна і дадатковыя адпрацовачныя павіннасці, спынена і здача дзярж. маёнткаў у арэнду. У 1844 паводле палажэння Мікалая I ва ўсіх зах. губернях створаны губ. дваранскія к-ты для складання абавязковых інвентароў панскіх маёнткаў. Павіннасці сялян у іх вызначаліся адпаведна колькасці і якасці надзельнай зямлі, але не маглі перавышаць 1/3 валавога даходу з пазямельных участкаў. Памешчыкам забаронена самавольна вызначаць згонныя дні і абкладаць сялян натуральнымі паборамі. У панскіх уладаннях зах. і цэнтр. Беларусі абавязковыя інвентары ўведзены ў 2-й пал. 1840-х г. Ва ўсх. паветах яны былі ўведзены ў частцы маёнткаў, некалькі разоў пераглядаліся і выпраўляліся. У цэлым інвентарная рэформа засталася незавершанай і не аблегчыла становішча панскіх сялян.
19.2.1861 Аляксандр II падпісаў Маніфест і зацвердзіў праекты «Палажэнняў» аб адмене прыгону ў Расіі. З адменай прыгону панскія сяляне сталі асабіста свабоднымі. Яны атрымалі шэраг грамадз. правоў: заключаць дагаворы, узбуджаць іскі, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Аднак памешчыкі засталіся ўласнікамі ўсёй зямлі маёнткаў. Сяляне на працягу 9 гадоў па-ранейшаму былі прымацаваны да надзелаў. Да заключэння выкупных здзелак яны знаходзіліся на становішчы «часоваабавязаных», але і пасля заканчэння азначанага тэрміну селянін толькі з дазволу памешчыка меў права выкупу палявой зямлі. Памеры надзелаў вызначаліся канчаткова, сяляне пазбаўляліся права прырэзкі зямлі ў будучым.
Мясц. «Палажэнні» вызначалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання павіннасцей за карыстанне ёю. На Беларусі рэфармаваннем былі ахоплены 1860,3 тыс. (78%) душ абодвух полаў прыватнаўласніцкіх сялян. На Магілёўскую і Віцебскую (акрамя Дрысенскага і латгальскіх паветаў) губ. распаўсюджвалася мясц. «Палажэнне» для губерняў «вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., Дрысенскім і латгальскіх пав. Віцебскай губ. дзейнічала асобнае мясц. «Палажэнне».
Паводле мясц. «Палажэння» для рускіх, паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў, у Віцебскай (8 паветаў) і Магілёўскай губ. быў устаноўлены душавы зямельны надзел. Для кожнай мясцовасці ўведзены вышэйшая і ніжэйшая яго нормы. Памеры вышэйшага душавога надзелу па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшага — ад 1,3 да 1,8 дзес. Калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак зямлі на сваю карысць. У выпадку, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 агульнай плошчы ўгоддзяў маёнтка, ён мог утрымаць за сабой да трэці ўсіх прыдатных зямель. Са згоды сялян землеўласнік атрымаў права памяншаць надзел да чацвяртнога (1/4 вышэйшага), што даваўся бязвыплатна («дармовы», або «жабрацкі», надзел). Скарачэнне памераў надзелаў, абеззямельванне сялянства пры ўвядзенні «Палажэнняў» ва ўсх. Беларусі практыкавалася ў значных памерах. Паводле мясц. «Палажэння» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губ. за сял. грамадой замацоўваліся надзельныя землі, якія знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян на 19.2.1861. Але калі памер надзелу быў вышэйшы за інвентарны ці ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 угоддзяў маёнтка, праводзілася адпаведная адрэзка сял. зямлі. Надзелы, дадзеныя сялянам паводле мясц. «Палажэння», у мностве панскіх уладанняў былі ўрэзаны. Памешчыкі імкнуліся пазбавіць сялян карыстання сервітутамі, у якіх сял. гаспадарка мела вял. патрэбу. У 1860-я г. зямельнымі сервітутамі і агульнымі пашамі карысталіся 56% двароў панскіх сялян цэнтр. і зах. Беларусі.
Мясц. «Палажэнне» для рус., паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў вызначала памеры павіннасцей адпаведна велічыні душавога надзелу. Паводле яго сяляне павінны былі абкладацца аброкам да тых памераў, якія ён меў на час адмены прыгону. Паводле мясц. «Палажэння» для зах.-бел. і літ. губерняў у аснову вызначэння памераў аброку і паншчыны была пакладзена агульная вартасць павіннасцей з надзельнага ўчастка, азначаных у інвентары маёнтка. Гранічная велічыня сял. плацяжоў у параўнанні з інвентарнай некалькі зніжалася.
У зах. і цэнтр. Беларусі з адменай прыгону сяляне да зацвярджэння ўстаўных грамат павінны былі адбываць паншчыну ў памерах, устаноўленых інвентарамі панскіх маёнткаў.
Надзельную зямлю сяляне набывалі на аснове агульнага для ўсёй Рас. імперыі «Палажэння аб выкупе». Вартасць надзелу па выкупе вылічвалі шляхам капіталізацыі аброку з 6% гадавых. Выкупную аперацыю праводзіла дзяржава, якая выдавала сялянам выкупную пазыку. Пры згодзе сялян на выкуп, калі яны атрымлівалі поўны надзел, гэта пазыка складала 80% выкупной сумы, пры паменшаным надзеле — 75%. Астатнюю частку выкупной сумы (20—25%) сяляне павінны былі выплаціць памешчыку наяўнымі пры заключэнні выкупнога пагаднення. Выкупную пазыку сяляне абавязаны былі пагашаць на працягу 49 гадоў штогоднімі выкупнымі плацяжамі ў памеры 6% выкупнога доўгу. Фактычна выкуплялася не зямля, а феад. паншчынная і аброчная павіннасці сялян на карысць памешчыка.
Указам ад 1.3.1863 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ., Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губ. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся з 1.5.1863. Уводзіўся абавязковы выкуп са зніжэннем аброчных і выкупных плацяжоў. Сялян, што адбывалі паншчыну, пераводзілі на аброк з памяншэннем яго на 20% супраць аброчных плацяжоў, вызначаных устаўнымі граматамі. 2.11.1863 выдадзены ўказ аб спыненні з 1.1.1864 часоваабавязаных адносін у Магілёўскай, бел. і рускіх паветах Віцебскай губ.Асн. маса панскіх сялян Беларусі перайшла з аброку на выкуп ужо ў пач. 1870-х г.
З мэтай адцягнення абеззямеленых сялян ад удзелу ў паўстанні, паводле цыркуляра віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 18.10.1863, у зах. і цэнтр. Беларусі, а таксама Літве ім павінны былі вярнуць землі, захопленыя памешчыкамі пасля 1857 (калі яны не паступілі ў надзел інш. прыгонным або не знаходзіліся ў арэндзе). Сяляне, пазбаўленыя зямлі ў 1846—56, атрымлівалі 3-дзесяцінны сямейны надзел. У зах. і цэнтр. паветах Беларусі зямлёй былі надзелены 19,2 тыс. двароў (каля 12,5% двароў панскіх сялян).
У выніку адзначаных мерапрыемстваў умовы рэформы на Беларусі сталі больш спрыяльнымі для сялян. Аднак яна па-ранейшаму мела грабежніцкі характар. Нягледзячы на значнае зніжэнне памераў выкупу, сялянства намнога пераплаціла за яго ў сувязі са спагнаннем высокіх працэнтаў па выкупной пазыцы. За 46 парэформенных гадоў дзяржава, праводзячы выкупную аперацыю, у 5 зах. губернях атрымала каля 100 млн.руб. прыбытку. Масавы сял. рух 1905 у Рас. імперыі прымусіў царскія ўлады з 1907 скасаваць выкупныя плацяжы.
16.5.1867 прыняты закон аб рэформе дзярж. вёскі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Дзярж. сялян перавялі на абавязковы выкуп і прылічылі да т.зв. сялян-уласнікаў. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якімі яны пастаянна карысталіся да часу рэформы 1867, дапускаліся прырэзка да сял. надзелаў з запасных і інш. свабодных дзярж. зямель і абмен сял. надзелаў на казённыя зямельныя ўчасткі. Але, як і панскія, дзярж. сяляне не мелі права павялічваць памеры надзелаў пасля рэформы.
У адрозненне ад панскіх сялян дзярж. сяляне не атрымлівалі ніякай пазыкі ад казны, што ўскладняла выкуп.
Пасля рэформы 1861 вызначальным фактарам эвалюцыі с.-г. вытв-сці стала развіццё таварна-грашовых, капіталіст. адносін. Рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі раслі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Сял. гаспадарка таксама набывала бурж. характар. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы выяўлялася найперш у пашырэнні вытв-сці, асабліва таварнай прадукцыі, у інтэнсіфікацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, узмацненні выкарыстання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, пашырэнні выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы, выцясненні напаўпрыгонніцкіх форм гаспадарання капіталістычнымі, у сац.-класавай палярызацыі сялянства.
У канцы 19 ст. Беларусь, як і інш. рэгіёны Рас. імперыі, ахапіў агр. крызіс. Назіралася рэзкае паніжэнне цэн на збожжа, абумоўленае прытокам на еўрап. рынкі танных збожжавых тавараў з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі. У гэтых умовах памешчыкі і сял. буржуазія пачалі перабудоўваць сваю гаспадарку на жывёлагадоўлю, найперш малочную, што прыносіла большы прыбытак. У выніку ў канцы 19 ст.вытв-сць збожжа на продаж у сельскай гаспадарцы Беларусі страціла пяршынствуючае значэнне. Ва ўмовах зніжэння цэн на збожжа, пры павелічэнні попыту на малочныя прадукты і павышэнні цэн на іх малочная жывёлагадоўля стала вядучай таварнай спецыялізаванай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі ўплывала на структуру пасяўных плошчаў, садзейнічала пашырэнню травасеяння, павелічэнню вытв-сці тэхн. і кармавых культур, сярод якіх першае месца займала бульба. Пашырэнне пасяўной плошчы пад бульбай вяло да паляпшэння тэхн. аснашчанасці с.-г. вытв-сці і павышэння ўзроўню агратэхнікі — замены архаічнага трохполля чатырохпольнымі севазваротамі. Рост гандл. бульбаводства быў абумоўлены ў першую чаргу развіццём вінакурнай вытворчасці (у 1881—94 у сярэднім штогод на вытворчасць спірту паступала 10,2 млн. пудоў бульбы, альбо 1/3 яе валавога збору на гэтых землях). Рост вінакурства і інш. галін с.-г. прадпрымальніцтва (мукамольнага, масларобчага, сыраварнага, алейнага, суконнага і г.д.) адыгрываў важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Гандлёва-капіталіст. характар мела і льнаводства. У парэформенны перыяд у паўн. паветах Беларусі яно было адным з асн. кірункаў таварнай спецыялізацыі с.-г. вытв-сці.
Выключна важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін на вёсцы адыграла выкарыстанне машын і палепшаных прылад працы. У большасці маёнткаў меліся малатарні, веялкі. Часцей сталі выкарыстоўвацца сеялкі, жняяркі, сенакасілкі; глебу апрацоўвалі гал. чынам жалезнымі плугамі і баронамі. Разам з тым асн. частка бел. сялян карысталася старымі, прымітыўнымі земляробчымі прыладамі працы.
Адным з найб. істотных паказчыкаў усталявання капіталіст. адносін на вёсцы стала шырокае выкарыстанне памешчыкамі і сял. буржуазіяй наёмнай працы. У 1897 у 5 зах. губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных наёмных с.-г. рабочых-парабкаў, з іх каля 130 тыс.чал. былі заняты ў с.-г. вытв-сці. Колькасць парабкаў тут была прыкладна роўная колькасці рабочых фабр.-заводскай, мануфактурнай і дробнакапіталіст. прам-сці.
Разам з тым ва ўсіх панскіх і вял. колькасці заможных сял. гаспадарак наёмная праца ў разнастайных формах цесна спалучалася з адпрацоўкамі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва класавай дыферэнцыяцыі сялянства адпрацоўкі паступова выцясняліся вольнанаёмнай працай, але шырока практыкаваліся на Беларусі да канца 19 ст.
Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва ў паслярэформеннай вёсцы была панская зямельная ўласнасць. Паводле афіц. даных, у 1877 на Беларусі памешчыкам належала 8760,5 тыс.дзес. (50,5%) прыдатнай зямлі. Вял. зямельныя масівы — 1650,7 тыс.дзес. (9,9%) — захавала за сабой феад. дзяржава. Бел. сяляне валодалі 5535,7 тыс.дзес. надзельнай прыдатнай зямлі, ці 33,4% усёй зямельнай плошчы. На кожнага памешчыка ў сярэднім прыпадала 1097 дзес., на сял. двор — 14,6 дзес. Анахранізмам феад. эпохі ў былой панскай вёсцы Беларусі былі зямельныя сервітуты і агульныя пашы, а таксама цераспалосіца, якая спалучалася з дробнапалоснасцю сял. угоддзяў, далёказямеллем. Саслоўны, паўпрыгонніцкі характар насіла пераважная большасць сял. падаткаў, плацяжоў і павіннасцей. Прамыя падаткі і павіннасці сялян падзяляліся на казённыя, земскія, грамадскія. Найбуйнейшым грашовым зборам з сялянства парэформеннай вёскі былі выкупныя плацяжы. Вял. цяжарам на плечы сялян клаўся таксама падушны падатак, які ў канцы 1860—1-й пал. 1880-х г. штогод складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., ці больш за 1/3 усіх сял.дзярж. падаткаў. Земскія павіннасці сялянства складаліся з земскіх грашовых збораў і натур. павіннасцей — дарожнай, падводнай (фурманачнай), паліцэйскай. Грамадскія павіннасці адбываліся сялянамі ў грашовай і натуральнай формах. Да іх належалі зборы на ўтрыманне валаснога праўлення і суда, сельскіх адм. асоб (ураднікаў, сельскіх стараст, ветэрынараў), рамонт сельскіх запасных магазінаў і інш. Розныя зборы з сялян паглыналі львіную долю сял. бюджэту, у канцы 19 ст. не меней за 3/4 чыстага даходу з яе. У той жа час памешчыкі плацілі падатку ў сярэднім у 11,8 раза менш, чым сялянства.
Апрача прамых падаткаў сяляне плацілі вял. ўскосныя падаткі, што спаганяліся дзяржавай і прамыслоўцамі ў выглядзе дадатковай платы за тавары шырокага ўжытку (соль, тытунь, запалкі, гарэлка, цукар і інш.). Яны асабліва адбіваліся на немаёмных і маламаёмных пластах насельніцтва. Вял. цяжарам на плечы сялян клалася рэкруцкая, а з 1874 — усеаг. воінская павіннасць.
На сялян распаўсюджваліся асобыя законы, грамадз. правы іх былі абмежаваныя. Кожны селянін абавязкова прыпісваўся да сельскай ці валасной грамады, усе члены якой былі звязаны кругавой парукай пры выплаце падаткаў і адбыванні павіннасцей. Царскі ўрад таксама праводзіў палітыку абмежавання сял. перасяленняў. Сяляне падпарадкоўваліся саслоўнаму валасному праўленню, знаходзіліся пад асобай адм.-паліцэйскай апекай міравых пасрэднікаў.
З развіццём капіталіст. адносін на вёсцы, павелічэннем колькасці сельскага насельніцтва яго прадукцыйныя сілы раслі. Паляпшалася тэхн. аснашчанасць с.-г. вытворчасці. У 1910 памешчыкам належала 41,2 тыс. земляробчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, конных грабель), сялянам (гал. чынам кулакам і заможным) — 32,5 тыс., амаль выключна малатарань і веялак. Кабальныя адпрацоўкі сялян паступова выцясняліся наёмнай рабочай сілай. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў параўнанні з 1897 колькасць парабкаў у маёнтках і гаспадарках сял. буржуазіі Бел. рэгіёна вырасла са 130 тыс. да 200 тыс. (53,8%).
За кошт «вымывання» серадняцкіх слаёў вёскі ў пач. 20 ст. назіралася далейшае паглыбленне класавай дыферэнцыяцыі сялянства на сял. буржуазію, гал. чынам дробную, і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. З канца 19 ст. да 1-й сусв. вайны ўдзельная вага сял. серадняцкіх двароў зменшылася прыкладна з 30 да 20%, а бядняцкіх узнялася з 60 да 70%, сял. буржуазіі — з 8 да 11%. Класавая дыферэнцыяцыя сялянства была новай з’явай у сац. развіцці капіталіст. вёскі.
Рэвалюцыя 1905—07 прымусіла царызм зрабіць круты паварот у агр. палітыцы, стаць на шлях паскарэння капіталіст. развіцця вёскі. Рэформа П.А.Сталыпіна была адказам царскага самадзяржаўя на рэвалюцыю. Мэтай яе было, з аднаго боку, утварэнне класа кансерватыўнай сял. буржуазіі, якая стала б апорай царскага самадзяржаўя і саюзнікам памешчыка на вёсцы, з другога — ператварэнне асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых. Акрамя таго, ставілася задача паскорыць рост прадукц. сіл земляробства, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні панскіх латыфундый. Такім спосабам урад імкнуўся прадухіліць агр.-сял. рэвалюцыю і ўзмацніць эканоміку краіны. Умовай правядзення рэформы з’яўлялася разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны. Паводле ўказа ад 9.11.1906, пры абшчынным землеўладанні кожны гаспадар дома, які меў у сваім карыстанні надзельную зямлю, атрымаў права выхаду з абшчыны і замацавання зямельнага надзелу ў асабістую ўласнасць. Пры выхадзе з абшчыны за сялянамі захоўвалася права карыстання надзельнымі землямі, што заставаліся ў агульным уладанні, — выганамі, пусткамі, ляснымі і інш. ўгоддзямі. Указ прадугледжваў таксама адвядзенне ім хутароў і адрубоў па магчымасці ў адным месцы, пераход цэлай грамады з абшчынным або падворным землеўладаннем да карыстання адрубамі пры згодзе 2/3 членаў сельскага сходу. У кастр. 1908 гэты ўказ унесены на разгляд 3-й Дзярж. думы, якая зацвердзіла яго з некат. зменамі і папраўкамі. Затым ён быў ухвалены Дзярж. саветам, зацверджаны Мікалаем II і стаў называцца законам 14.6.1910 (дата зацвярджэння). Гэты закон паскорыў разбурэнне пазямельнай абшчыны і ўсталяванне сял. прыватнай уласнасці на зямлю. Калі ўказ ад 9.11.1906 дазваляў добраахвотны выхад з абшчыны, то закон ад 14.6.1910 рабіў яго абавязковым для бесперадзельных сельскіх абшчын.
Непасрэднае ажыццяўленне рэформы было ўскладзена на губ. і пав. землеўпарадкавальныя камісіі, створаныя ўрадам яшчэ ў сак. 1906. Імкнучыся фарсіраваць ліквідацыю пазямельнай абшчыны, урад выдаў 29.5.1911 новы закон, паводле якога землеўпарадкаванне магло праводзіцца незалежна ад таго, замацавана зямля ва ўласнасць ці не. Значна пашыраліся правы і функцыі землеўпарадкавальных камісій. Яны маглі прымусова рассяляць сялян на хутары і адрубы. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам крайнія групы сялянства — сял. буржуазія і бедната. Агр. рэформа П.А.Сталыпіна садзейнічала абеззямельванню найбяднейшай часткі вёскі і канцэнтрацыі зямлі ў руках сял. буржуазіі. Сяляне-беднякі, часцей за ўсё хутаране, не маючы магчымасці весці гаспадарку, прадавалі свае надзелы. У 1907—14 па 5 зах. губернях прадалі зямлю, атрыманую ва ўласнасць, 40,8 тыс. гаспадароў дамоў, або 35,8% усіх хутарскіх і адрубных двароў. Рэформа паскорыла рост бурж. і скарачэнне панска-паўфеадальнага землеўладання. За названы перыяд у 5 губернях дваранскае землеўладанне зменшылася на 1099,1 тыс.дзес. (12,7%), а сял. прыватнае землеўладанне павялічылася на 1105,8 тыс.дзес. (56,1%).
Важная роля ў ажыццяўленні агр. палітыкі адводзілася Сял. пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Банк садзейнічаў выпампоўванню грашовых сродкаў з вёскі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталіст. пачатках, насаджаў сял. хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. У выніку дзейнасці Сял. пазямельнага банка, з аднаго боку, расла зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога — узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства на вёсцы. Землеўпарадкавальныя камісіі і земскія ўстановы аказвалі фін.-эканам. падтрымку рэформе, асігноўвалі сродкі на стварэнне паказальных хутароў, агранамічную дапамогу сялянам, стваралі с.-г. склады, забяспечвалі сялян новай земляробчай тэхнікай, палепшаным насеннем і інш., што ўплывала на павышэнне культуры сял. земляробства, хоць для сельскай беднаты мела нязначныя вынікі.
Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, найперш у Сібір. Такім шляхам меркавалася зняць вастрыню малазямелля ў цэнтры. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чалавек, што складала 11,6% перасяленцаў па Еўрап. Расіі. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Эканам. становішча перасяленцаў было не лепшае, чым на радзіме. Цяжкае матэрыяльнае становішча ўзмацнялася суровым, нязвыклым кліматам усх. рэгіёнаў, адсутнасцю ўрачэбнай дапамогі, масавымі хваробамі і ў выніку высокай смяротнасцю сярод перасяленцаў. Нацярпеўшыся нягод, значная частка іх вярталася ў родныя мясціны. У 1907—14 у 5 зах. губерняў з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 36,5 тыс. (10,9%) перасяленцаў.
Сталыпінская агр. рэформа пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, асноў панскай зямельнай уласнасці, за кошт згалення сял. мас. Яна не прывяла да карэнных змен у грамадскім ладзе Рас. імперыі. Ломка першабытнага абшчыннага землеўладання была эканамічна прагрэсіўная, але яна праводзілася ў рэакцыйных мэтах — захавання землеўладання памешчыкаў, іх даходаў, паліт. улады.
Прамысловасць. Гандаль. Гарады і мястэчкі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эканоміка Беларусі апынулася ў новых паліт. і гасп. умовах. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў фін.-грашовай сістэме Рас. імперыі склалася цяжкая сітуацыя. Увядзенне ў 1769 папяровых грашовых знакаў — асігнацый — прывяло да нарастання інфляцыйных працэсаў. На бел. губерні вольнае абарачэнне банкаўскіх асігнацый было распаўсюджана ўказам ад 8.2.1795. Курс асігнацый у адносінах да сярэбранай манеты падаў з кожным годам. У 1814—15 ён знізіўся да 20 кап. серабром. Інфляцыя стрымлівала развіццё капіталіст. адносін, гандлю і крэдыту. Грашовая рэформа 1839—43 усталявала сістэму сярэбранага монаметалізму з абарачэннем устойлівых папяровых грашовых знакаў. Яна амаль на 10 гадоў стабілізавала грашовае абарачэнне і стала імпульсам хуткага развіцця таварна-грашовых адносін.
Уніфікацыі бел. і рас. рынкаў садзейнічала ўвядзенне адзіных мер і вагаў. Хаця атрыманне ўзорных мер і вагаў зацягнулася аж да пач. 1830-х г., агульнарас. адзіныя меры вымярэння паступова ўвайшлі ў побыт бел. губерняў. Афіц. палітыка абароны правоў вытворцаў шляхам дзярж. зацвярджэння прамысл. клеймаў была накіравана супраць пранікнення на рынак падробак і няякаснай прадукцыі. З 1830 па 1860 права на клеймаванне сваёй прадукцыі атрымаў 51 бел. прадпрымальнік. Увядзенне адзіных мер вымярэння, разам з абаронай правоў вытворцаў, паклала пачатак стандартызацыі — неад’емнай рысы індустр. грамадства.
У прам-сці Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст.найб.эканам. поспехі былі дасягнуты ў сферы дваранскага прадпрымальніцтва. У апошняй чвэрці 18—1-й чвэрці 19 ст. новыя прадпрыемствы адчынялі буйныя землеўласнікі, гал. чынам рас. паходжання. Графу Р.Пацёмкіну ў Крычаўскім графстве належала суднаверф, канатная і парусінавая мануфактуры, у Дубровенскім старостве — адна з першых у Рас. імперыі гадзіннікавая мануфактура, суконная мануфактура і мануфактура па вытворчасці пазументаў. Граф С.Зорыч заснаваў у Шклоўскім маёнтку гарбарную, канатную, парусінавую, суконную і шаўкаткацкую мануфактуры. Правадз. тайны саветнік М.Навасільцаў трымаў у Слоніме суконную і дывановую мануфактуры. Дзярж. канцлер, граф М.Румянцаў меў у Гомельскай эканоміі 2 вінакурныя з-ды, 3 гуты, 3 ткацкія фабрыкі, 2 піваварні, медны, ліцейны, свечачны, гарбарны, ільнотрапальны, цагельны, вапнавы і кафляны з-ды, сыраварню, шматлікія млыны, кузні і лесапільні. 2-і перыяд дваранскага прадпрымальніцтва пачаўся ў 1820-я г. У ім актыўна ўдзельнічалі сярэднія і дробныя землеўладальнікі, шляхта мясц. паходжання. Гэты перыяд характарызаваўся спецыялізацыяй вытв-сці, узнікненнем новых галін прам-сці, укараненнем удасканаленага абсталявання і паравых машын, спалучэннем мануфактуры і фабрычных форм арганізацыі вытв-сці, цеснай сувяззю са знешнім і ўнутр. гандлем. Дваранскія прадпрыемствы такога тыпу былі падрыхтаваны да дзейнасці ва ўмовах капіталіст. грамадства.
Другарадную ролю ў агульным развіцці прам-сці адыгрывалі эканам. намаганні купцоў і мяшчан. Ім належалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы; адзінкавымі выключэннямі былі Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і млынавы з-ды, пінскі паравы млын, слонімская медзеапрацоўчая ф-ка.
Дробныя прадпрыемствы на Беларусі ў 1796 складалі прыкладна 99%, у 1860—96% усіх прадпрыемстваў. У 1860 налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталіст. прадпрыемстваў з 23,4 тыс. рабочых і сумай вытв-сці 14,1 млн.руб. Рамеснікі працавалі ў асн. на заказ. Прадукцыя дробнатаварнай вытв-сці паступала на мясц.гар., местачковыя і сельскія таргі і базары. Паступова ішоў працэс накаплення купецка-мяшчанскага капіталу.
Далейшае пашырэнне вытв-сці патрабавала новай энергетыкі, а ўдасканаленне тэхналогіі — непарыўнасці вытв. працэсу. На Беларусь прыйшоў часпрамысл. перавароту. Яго сутнасць заключалася ў выцясненні ручной працы сістэмай машын і механізмаў. 1-ы паравы рухавік з’явіўся на Хомскай ф-цы (Кобрынскі пав.) памешчыка В.Пуслоўскага. У 1818 граф М.Румянцаў пачаў буд-ва паравой лесапільні і парахода. Да сярэдзіны 1850-х г. паравыя машыны меліся ва ўсіх галінах бел. прам-сці. У 1860 дзейнічала 76 прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі і паравымі катламі і сумай вытв-сці 1926 тыс.руб. Хаця на ф-ках працавала ў 2 разы менш рабочых, чым на мануфактурах, фабр. прадукцыя па кошце амаль на 20% пераўзыходзіла мануфактурную. У адрозненне ад цэнтр. губерняў Рас. імперыі, дзе прамысл. пераварот пачаўся ў баваўнянай прам-сці, на Беларусі лідэрам тэхн. прагрэсу ў 1-й пал. 19 ст. былі асобныя прадпрыемствы суконнай і харч. прам-сці.
Прам-сць Беларусі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў асноўным абапіралася на мясц. сыравінную базу, што вызначыла развіццё яе вядучых галін — харчасмакавай і тэкстыльнай. Гал. галіной прам-сці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Новай і выключна дваранскай галіной харчовай прам-сці стала вытв-сць цукру. У мукамольнай прам-сці былі прадстаўлены ўладальнікі прадпрыемстваў з усіх саслоўяў і ўсе формы арганізацыі вытв-сці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная. У 1796 дзейнічалі 1184 мукамольныя прадпрыемствы з 1400 рабочымі і гадавым перамолам 843 тыс. пудоў збожжа. Да 1860 іх колькасць вырасла да 1834, а гадавы перамол — да 2956 тыс. пудоў. У 1841 пачаў працу 1 -ы на Беларусі паравы млын (Магілёў). Пазней такія млыны з’явіліся ў Пінску і Віцебску. Тытунёвыя прадпрыемствы належалі купцам і мяшчанам і размяшчаліся толькі ў гарадах. Хутка развіваліся свечачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Па памерах вытв-сці і дасканаласці тэхн. абсталявання вылучаліся Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і мылаварны (каля Пінска) з-ды варшаўскага купца Р.Ботэ. У тэкстыльнай прам-сці ў канцы 18 — пач. 19 ст. панавала вытв-сць палатняных, з 1820-х г. — ваўняных тканін. Да лепшых прадпрыемстваў Беларусі належалі Альбярцінская суконная ф-ка В.Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная ф-ка А.Скірмунта (Пінскі пав.).
Попыт на метал. вырабы разам з высокімі коштамі на прывазное жалеза прывёў да кароткачасовага ўздыму бел. чорнай металургіі. З 1828 па 1860 колькасць выплаўленага і пераробленага на Беларусі жалеза вырасла з 5,3 да 245 тыс. пудоў, а сума вытв-сці з 10,8 да 569,1 тыс.руб.Найб. стабільна працавалі металургічныя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы Храптовіча ў Вішневе (Ашмянскі пав.), Барысаўшчынскі металургічны завод (Барысаўскі пав.), Старынкаўскі чыгунаплавільны і машынабуд. з-ды памешчыка Бенкендорфа (Чэрыкаўскі пав.).
На перапрацоўцы лясных багаццяў Беларусі базіраваліся шматлікія галіны лясной прам-сці: лесапілаванне, вытв-сцьбуд. гонту, суднабудаўніцтва, экіпажнае майстэрства, паташныя, дзягцярныя, смалакурныя і шкіпінарныя прадпрыемствы.
Бел. губерні, у параўнанні з інш. рэгіёнамі Рас. імперыі, мелі больш развітую сістэму шляхоў зносін, што з’явілася вынікам інтэнсіўнага буд-ва водных і сухапутных шляхоў. Да 1860-х г. праз Беларусь прайшлі важныя сухапутныя шляхі: шаша Брэст—Варшава, Масква—Брэст, Віцебск—Смаленск, Магілёў—Бабруйск. Шаша з Пецярбурга ў Кіеў атрымала афіц. назву Бел. тракту.
У 1799 пачаліся работы па паляпшэнні Агінскага канала. Быў рэканструяваны і Каралеўскі канал, які паводле ўказа ад 9.12.1846 наз. Дняпроўска-Бугскім. У 1797 імператар Павел I зацвердзіў праект буд-ва Бярэзінскай сістэмы, якая злучыла басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. У 1824—39 пабудавана Аўгустоўская водная сістэма на стыку бел. і польскіх губерняў, якая злучыла басейны Нёмана і Віслы. У выніку ў 1-й пал. 19 ст. амаль што ўсе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны штучнымі воднымі шляхамі. Да пач. 1860-х г. даўжыня суднаходных шляхоў па 5 бел. губернях складала каля 4 тыс.км, а сплаўных — прыкладна ўдвая больш. Будаваліся і новыя сродкі зносін — параходы. У дарэформенны перыяд па бел. рэках плавала 20 паравых суднаў.
Гандл. адносіны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. характарызаваліся нарастаннем крызісу сярэдневяковых форм гандлю, адначасова яго спецыялізацыяй і з’яўленнем новага тыпу ўдзельнікаў рынку, больш цесна звязаных з вытв-сцю. Гэта сведчыла пра заняпад натур. феад. гаспадаркі і развіццё капіталіст. рынку. У 1-й пал. 19 ст. гандаль ажыццяўляўся ў асн. па водных шляхах. У 1844 па рэках Беларусі было перавезена грузаў на 8,8 млн.руб., у 1860 — на 18 млн.руб. Асабліва павялічыўся сплаў лесу — асн. экспартнага тавару Беларусі. Па колькасці кірмашоў вылучаліся Магілёўская, Мінская і Гродзенская губ. Віцебская губ. саступала ім па колькасці кірмашоў, але па суме прададзеных тавараў стаяла нароўні з інш. губернямі. Буйнейшымі на ўсходзе былі Бешанковіцкі і Гомельскі, у цэнтры — Мінскі, на захадзе — Прыбараўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі кірмашы.
Важнай мерай, якая падтрымлівала развіццё гандлю і ўсёй эканомікі, была дзярж. мытная палітыка. Пратэкцыянісцкі курс, якога Рас. імперыя прытрымлівалася ў 1822—50, павінен быў садзейнічаць станаўленню капіталіст. тэндэнцый у развіцці гаспадаркі і ўмацаваць уплыў яе знешнегандлёвых сувязей на сусв. рынку. У той жа час паміж Царствам Польскім і асн. часткай Рас. імперыі існавала мытная мяжа. Менавіта яе адмена ў 1850 прывяла да значнага памяншэння абаротаў самых буйных кірмашоў на захадзе Беларусі ўздоўж мытнай мяжы.
Развіццё капіталіст. адносін на Беларусі мела свае характэрныя рысы і нац. асаблівасці. Зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі з’яўляліся сельская гаспадарка і вёска. Менавіта там былі сканцэнтраваны эканам. ініцыятыва, асноўныя фін., сыравінныя і прац. рэсурсы. У сельскай мясцовасці разгортвалася і атрыманая ў спадчыну ад феадалізму гандл. дзейнасць у форме перыяд. кірмашовага гандлю. Гарады і гар. эканоміка ў працэсе зараджэння капіталізму ў Беларусі адыгрывалі дапаможную ролю. Бел. «мадэль» генезісу капіталізму рэалізавалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай нац. дзяржавы і, адпаведна, уласнай дзярж.эканам. ініцыятывы.
Асн. зрухі ў жыцці бел. гарадоў у канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. звязаны са зменай іх адм. статусу. Паводле законаў Рас. імперыі яе гарады падзяляліся на губ., пав. і т.зв. заштатныя. Шматлікія змены ў адм. падзеле бел. зямель вялі да істотных перамен у становішчы бел. гарадоў. Брэст, Мсціслаў і Навагрудак атрымалі статус пав. гарадоў. Стараж. Полацк і Слонім, першапачаткова выдзеленыя як губернскія, у хуткім часе таксама апынуліся ў ліку павятовых. Нясвіж, нядоўга прабыўшы пав. горадам, перайшоў у разрад заштатных. Захавалася значэнне Вільні як агульнага цэнтра Беларусі і Літвы, чаму садзейнічаў статус Віленскага ген.-губернатарства і канцэнтрацыя ў ім адм. улады і культ. жыцця.
Разам з гарадамі істотную ролю ў эканам. жыцці Беларусі адыгрывалі мястэчкі. Ад вёсак іх адрознівала права на вядзенне гандлю, рамёстваў і кірмашовую дзейнасць, ад гарадоў — адсутнасць сістэмы гар. самакіравання і гар. правоў для местачковага насельніцтва. У параўнанні з гарадамі мястэчкі наогул не адыгрывалі адм. ролі, значна саступалі ім па развіцці прам-сці. Аднак местачковае рамяство ў агульным выглядзе можна параўнаць з гарадскім, а гандл. значэнне шэрагу з іх іншы раз перавышала памеры гар. гандлю (Бешанковічы, Зэльва, Прыбарава, Свіслач, Стоўбцы, Целяханы).
У адносінах да юрыд. становішча гарадоў і гараджан новыя рас. ўлады праводзілі даволі непаслядоўную палітыку, у канчатковым выніку накіраваную на уніфікацыю бел.гар. самакіравання з агульнарасійскім. У 1858 у гарадах Беларусі налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў. З улікам местачковых рамеснікаў іх агульная колькасць складала прыкладна 32—33 тыс., пераважна яўрэяў (да 2/3 ад агульнай колькасці). Асн. частка рамеснікаў гарадоў і мястэчак працавала на заказ. У астатніх галінах эканомікі гар.прам-сць не адыгрывала значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прам-сцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці, развівалася за кошт эканам. ініцыятывы дваран і была набліжана да танных сыравінных і прац. рэсурсаў. Разам з ліквідацыяй прыватнаўласніцкіх гарадоў і паслабленнем паліт. і эканам. магутнасці магнацкіх родаў у поўны заняпад прыйшлі і тыя бакі гар. жыцця, якія былі разлічаны на абслугоўванне патрэб феад. двара (ювелірнае майстэрства, вытв-сць зброі і прадметаў раскошы).
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. адбывалася карэнная рэканструкцыя гарадоў. У лют. 1778 Кацярына II зацвердзіла планы 22 гарадоў Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. На гарады Беларусі паступова распаўсюджвалася рэгулярная арх.-планіровачная арганізацыя на ўзор гарадоў Рас. імперыі. Дзеля гэтага былі зруйнаваны крапасныя валы ў Мінску, Магілёве, Пінску і інш. гарадах, што садзейнічала стварэнню выразнай вулічнай сеткі. Спецыфікай бел. горадабудаўніцтва канца 18—1-й пал. 19 ст. з’яўляецца праектаванне і буд-ва Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей і комплексная забудова шэрагу бел. гарадоў як гарадоў-рэзідэнцый. Новыя ўладальнікі бел. маёнткаў стваралі палацава-сядзібныя ансамблі, выразна змяніўшы аблічча стараж.бел. гарадоў. У канцы 18 ст. такія комплексы пабудавалі С.Зорыч у Шклове, Р.Пацёмкін у Крычаве, З.Чарнышоў у Чачэрску, Румянцавы і Паскевічы ў Гомелі.
Дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная вытв-сць, што склалася ў дарэформеннай Беларусі, пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860—70-х г. захавалася і атрымала далейшае развіццё. Пры гэтым значна пабольшала роля фабр.-заводскай прам-сці, якая ўпэўнена стала дамінуючай у прамысл. сектары бел. эканомікі. Яна з’яўлялася лідэрам тэхн. прагрэсу, выключна на ёй базіраваліся новыя для Беларусі вытв-сці прамысл. тавараў. Мануфактурная і дробнатаварная вытв-сць, хаця і саступала фабр.-заводскай па тэхн. узбраенні і ступені канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, у агульным памеры вытв-сці займала значнае месца. Паралельнае існаванне, а не замена рамяства мануфактурай і мануфактуры фабрыкай, не сведчыла аб адсталасці бел. прам-сці. Тэхн. ўзровень не дазваляў весці машынную перапрацоўку ўсіх сыравінных рэсурсаў, а наяўнасць значнага лішку танных прац. рук стрымлівала тэхн. прагрэс, што тлумачыла трываласць у эканоміцы Беларусі дробнатаварнай вытв-сці і мануфактуры. У дробнатаварнай і мануфактурнай прам-сці назіраліся і некат. рысы канцэнтрацыі вытв-сці. Так, мяст. Смаргонь Віленскай губ. стала цэнтрам гарбарнай прам-сці, мяст. Дуброўна Магілёўскай губ. спецыялізавалася на вытворчасці талесаў (яўрэйскіх малітоўных шаляў), Копысь Магілёўскай губ. — кафлі.
Асабліва бурна развіваліся ф-кі і з-ды Беларусі ў канцы 19 ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880—90-х г. на Беларусі пабудавана ў 4 разы больш прадпрыемстваў, чым за 2 папярэднія дзесяцігоддзі. Важкім паказчыкам індустрыялізацыі быў рост энергет. узброенасці прам-сці. У пач. 1890-х г. на Беларусі дзейнічалі 294, у 1900—527 паравых рухавікоў. У 1889 пры Добрушскай папяровай ф-цы пачала працаваць 1-я на Беларусі электрастанцыя. За 40 парэформенных гадоў сума фабр.-заводскай вытв-сці на Беларусі вырасла з 1,9 да 72,1 млн.руб. (у 38 разоў), мануфактурнай — у 14 разоў, дробнатаварнай — у 3,1 раза, колькасць фабрык і з-даў у 15 разоў (з 76 да 1137), мануфактур — у 5,4 раза, дробных прадпрыемстваў — у 1,2 раза. У 1900 на бел. ф-ках і з-дах выраблена больш як 46% прамысл. прадукцыі, на мануфактурах — 15%.
Пры захаванні традыц. галіновай структуры бел. прам-сці ў ёй адбыліся колькасныя змены і якаснае паляпшэнне. Вядучае месца засталося за рознымі галінамі харчасмакавай прам-сці. Другараднае значэнне мелі тэкстыльная, гарбарная, шкляная, сілікатна-будаўнічая і інш.прамысл. галіны. Якасныя змены адбываліся ў лясной прам-сці. Побач з вывазам сырога лесу, які павялічваўся з кожным годам, на Беларусі ўзніклі прадпрыемствы па глыбокай перапрацоўцы драўніны. Лідэрам у гэтай галіне стала Добрушская папяровая ф-ка, якая мела першакласнае тэхн. абсталяванне, увяла новыя тэхналогіі і да 1900 давала штогод да 317,5 т паперы на суму 1601 тыс.руб. Даволі вял. папяровыя ф-кі дзейнічалі каля Чашнікаў у Лепельскім пав. («Скіна», засн. ў 1885) і Шклове (засн. ў 1890). Буйныя запалкавыя ф-кі дзейнічалі ў Барысаве, Койданаве, Мазыры, Пінску, Навабеліцы. Шматлікія прадпрыемствы лясной прам-сці Беларусі выраблялі дошкі, гонту, паркет, шпалы, запалкавую саломку, драўняную масу, кардон. Відавочным сведчаннем канцэнтрацыі вытв-сці ў лесахімічнай прам-сці былі буйныя з-ды сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім, Рагачоўскім і Сенненскім пав. Гарбарная, шкляная і сілікатна-буд. галіны прам-сці паступова павялічвалі памеры вытв-сці, аднак тэхн. прагрэс пакуль што слаба закрануў іх.
Новай з’явай у эканоміцы Беларусі 2-й пал. 19 ст. было буд-ва асобных прадпрыемстваў, якія займалі часта манапольнае становішча ў адпаведнай вытв-сці: алоўкавая ф-ка ў Гродне, 1-я ў Рас. імперыі ф-ка акуляраў і аптычных прылад у Віцебску, суднабудаўнічы завод у Пінску.
Вял. значэнне для развіцця эканомікі Беларусі мела інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое разгарнулася з 1860-х г. Праз Гродна ў 1862 прайшла чыгунка Пецярбург—Варшава. У 1866—68 Віцебск і Полацк сталі станцыямі Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1871 з усходу на захад Беларусь перасекла чыгунка Масква—Брэст. Праз 2 гады пачаўся рух на бел. участку (Смаргонь—Маладзечна—Мінск—Асіповічы—Бабруйск—Жлобін—Гомель) Лібава-Роменскай чыгункі; праз Брэст прайшла чыгунка з Украіны да мяжы з Прусіяй. Такім чынам, бел. губерні атрымалі надзейны сродак зносін з Пецярбургам і Масквой, Украінай, партовымі гарадамі Рыгай і Лібавай, Варшавай і Зах. Еўропай. 8.8.1887 на станцыі Гомель урачыста адзначалася завяршэнне буд-ва сеткі казённых Палескіх чыгунак. Іх агульная даўжыня складала больш за 1400 вёрст. Кожны рэгіён Беларусі, праз які праходзіла чыгунка, атрымліваў моцны стымул для эканам. росту. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак іх грузаабарот вырас у 50 разоў. Калі ў 1885 на Палессі было ўсяго 6 лесапільных з-даў з агульнай вытв-сцю 150 тыс.руб. за год, то ў 1909—48 з агульнай вытв-сцю больш за 2 млн.руб. Колькасць гарбарных з-даў вырасла з 24 да 100, іх гадавая вытв-сць павялічылася да 500 тыс.руб. Агульная колькасць усіх фабрык і з-даў у раёне Палескіх чыгунак вырасла з 674 да 4000 з гадавой вытв-сцю каля 60 млн. руб.
Індустрыялізацыя ахапіла і водны транспарт. За 1860—1900 колькасць паравых суднаў па рэках Беларусі вырасла з 20 да 164, а агульны грузаабарот чыг. і воднага транспарту краю — амаль у 18 разоў.
У 1881—85 ва ўсіх бел.губ. гарадах арганізаваны аддз.Дзярж. банка Рас. імперыі. Па колькасці ўлічаных вэксаляў Мінскае аддз. Дзяржбанка на мяжы стагоддзяў займала 5-е месца ў Рас. імперыі. У якасці саслоўных крэдытных устаноў дзейнічалі іпатэчныя дзярж. банкі — Сял. пазямельны банк (з 1883), Дваранскі зямельны банк (з 1885) і прыватныя акцыянерныя зямельныя банкі — Віленскі, Маскоўскі і Пецярбургска-Тульскі, якія мелі на Беларусі свае філіялы. Новы дзярж. курс у галіне фін.-крэдытных адносін выявіўся ў дазволе на дзейнасць прыватных банкаў. 8.1.1870 падпісаны сенацкі ўказ аб усталяванні ў Гомелі грамадскага банка. Больш дробныя гар. банкі дзейнічалі ў Полацку (з 1874), Віцебску (з 1882), Барысаве (з 1900), Ігумене (з 1904) і Магілёве (з 1908). У 1873 пачаў сваю дзейнасць Мінскі камерцыйны банк — буйнейшы прыватны банк Беларусі. У перыяд прамысл. ўздыму 1890-х г. банк адкрыў 11 філіялаў, у т. л. 9 за межамі бел. губерняў. Дробнае і кароткачасовае крэдытаванне ажыццяўлялі банкірскія і банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. 37 такіх крэдытных устаноў існавалі ў 16 нас. пунктах Беларусі, у т. л. ў Ваўкавыску, Кобрыне, Ляхавічах, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме. У 1874 з’явіліся першыя т-вы ўзаемнага крэдыту — Мінскае і Магілёўскае. Актыўна дзейнічалі на тэр. Беларусі агульнарас. і рэгіянальныя прыватныя камерц. банкі: Пецярбургска-Азоўскі, Арлоўскі, Варшаўскі, Рыжскі, Адэскі, Віленскі, Беластоцкі і інш.
У гандлі імкліва меншала значэнне кірмашоў. У 1868 на іх прададзена тавараў удвая менш, чым у 1860. Заняпад кірмашовага гандлю непасрэдна звязаны з развіццём чыг. транспарту, сродкаў сувязі і выхадам на рынак вял. колькасці прамысл. прадукцыі. Гэта дазваляла весці гандаль больш раўнамерна на працягу года і не прыстасоўвацца да прыродных умоў. Кірмашы, якія захаваліся, набывалі рысы гандл. біржаў, дзе ішоў не столькі непасрэдны гандаль таварамі, колькі адбываліся гандл. аперацыі, заключаліся здзелкі. Рост урбанізацыі Беларусі прывёў да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У канцы 19 ст. гандаль у крамах сканцэнтраваў 95% усяго гар.ўнутр. гандлёвага абароту. У 1900 гандл. абарот больш за 1 млн.руб. мелі 14 бел. гарадоў. Тавараабарот у сельскай мясцовасці быў нізкі і значна адставаў ад гарадскога. Па паказчыках на душу насельніцтва ў 1900 ён быў меншы за тавараабарот у гарадах у 7 разоў.
Хаця пераважная колькасць прадпрыемстваў Беларусі размяшчалася ў сельскай мясцовасці, эканам. роля гарадоў павялічылася. Цэнтрамі фабр.-заводскай прам-сці сталі ўсе губ. гарады, а таксама Пінск, Гомель, Брэст, Барысаў, Бабруйск. Значныя змены адбыліся ў гар. камунальнай гаспадарцы. У 1898 пачаўся трамвайны рух у Віцебску. Гар. эканоміку дапоўнілі гар. электрастанцыі (1-я пачала працаваць у Мінску ў 1895) і бойні.
Да пач. 20 ст. на Беларусі быў завершаны прамысл.-тэхн. пераварот і ў асн. галінах прам-сці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. З 1900 па 1913 колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці вырасла з 799 да 1280. Як і раней, працавалі шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні, якія ў асн. арыентаваліся на мясц. спажыўца. Амаль у кожнай прамысл. галіне адбываліся перамены, ішла тэхнал. перабудова, расла энергаўзброенасць праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутр. згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў і буйныя, і параўнальна невял. прадпрыемствы, напр., друкарні і тыпалітаграфіі.
Поруч з лесам лён пачаў выступаць на рынку не толькі як першапачатковая сыравіна. Выраб ачэсанай суравой і беленай ільняной пражы ў 1900 пачала льнопрадзільная ф-ка «Дзвіна» ў Віцебску, у 1902 — у сяле Высачаны Аршанскага пав. Адкрыццё ў 1901 ткацкай ф-кі ў мяст. Дуброўна па вырабе баваўняных, шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прам-сці — доля суконных прадпрыемстваў скарацілася. Працягвалі дзейнічаць Альбярцінская (Слонімскі пав.) і Лахазвянская (Навагрудскі пав.) шоўкакруцільныя ф-кі. У шкляной прам-сці разгарнулася вытв-сць хрусталёвага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. На з-дзе ў Альбярціне ў 1913 пачаўся выраб электралямпачак. У харчасмакавай прам-сці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытунёвая ф-ка Шарашэўскага. Аднак у гэтай галіне быў самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытв-сці. Крыху паменшылася колькасць вінакурных з-даў, але іх вытв-сць павялічылася за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Мінская губ. выйшла на 1-е месца ў Рас. імперыі па вытв-сці спірту.
Прыкметнай эканам. з’явай на мяжы стагоддзяў сталі акц. кампаніі. Акцыянерна-паявыя прадпрыемствы існавалі ва ўсіх галінах бел. эканомікі, асабліва дзе ўзнікала патрэба хуткай мабілізацыі фін. сродкаў. Гэта маглі быць і сярэднія прадпрыемствы, і буйныя ф-кі і з-ды, прадпрыемствы трансп. і камунальнай сферы. Да першых адносіліся завод у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (засн. ў 1906, належаў т-ву Паўн.-Зах. канатна-драцяной вытв-сці), Акцыянернае т-ва ф-кі канторскіх кніг, пераплётных вырабаў і тыпалітаграфіі «Браты І. і М. Харыны», што дзейнічала з 1902 у Гродне. У форме акц. капіталу ў эканоміку Беларусі ішлі найб. буйныя замежныя інвестыцыі: бельгійскія акц. т-вы з’яўляліся ўладальнікамі віцебскага трамвая і льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна», франц. капіталу належалі 2 шоўкакруцільныя ф-кі і ф-ка грабянёў у Мінску.
Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытв-сці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў. У 1905 створаны сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, у 1906 — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы, у 1911 — сіндыкат «Прадакон», куды ўвайшлі ўладальнікі канвертавых ф-к Брэста, Вільні і Адэсы (праўленне размяшчалася ў Мінску). У 1905 у Мінску пры аддз.Паўн. банка створаны «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», у 1908 бел. запалкавыя ф-кі ўвайшлі ў склад новаўтворанага «Рускага таварыства запалкавага гандлю». Бел. прадпрымальнікі часам выступалі ініцыятарамі агульнарас. манапольных аб’яднанняў.
Пасля некат. перапынку на Беларусі зноў пачалося інтэнсіўнае чыг.буд-ва, якое вялося з улікам паліт. і стратэгічных інтарэсаў Рас. імперыі. Але ў мірны час чыгункі працавалі на бел. эканоміку і былі яе сістэмаўтваральнай часткай. У 1902 пабудавана чыг. лінія Віцебск—Жлобін (праз Магілёў), у 1907 — Полацк—Сядлец (590 вёрст, прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач). Для абслугоўвання мясц. патрэб будаваліся чыг. адгалінаванні ад асн. магістралей (Асіповічы—Старыя Дарогі—Урэчча, Вярэйцы—Градзянка, Васілевічы—Хойнікі). Не спыняліся і мясц. ініцыятывы па буд-ве чыгунак. У 1909—10 праводзіліся дэталёвыя пошукі трасы Бранск—Магілёў, Рослаўль—Магілёў, Магілёў—Мінск—Гродна; праект атрымаў назву Беларуская чыгунка. У 1901—13 здадзена ў эксплуатацыю амаль трэцяя частка чыг. палатна, якое мелася на Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 насычанасць Беларусі чыгункамі была ў 1,8 раза вышэйшая, чым па еўрап. частцы Рас. імперыі.
Развіваліся водныя шляхі зносін. Быў дэталёва распрацаваны праект Чарнаморска-Балт. воднага шляху (Херсон—Рыга), часткай якога павінна была стаць рэканструяваная Бярэзінская водная сістэма. Новым сродкам транспарту стаў аўтамабіль. У 1909—14 некат. бел. гарады і населеныя пункты звязвалі рэгулярныя аўтамаб. маршруты.
Гандаль у пач. 20 ст. адлюстроўваў пашырэнне рэгіянальнага, унутрыбел. рынку, яго цесную сувязь з агульнарас. і замежнымі рынкамі. Мясц.прам-сць паспяхова забяспечвала насельніцтва таварамі. Калі заможныя слаі грамадства часткова выкарыстоўвалі прывазныя тавары, то бел. селянін аддаваў перавагу танным рамесна-саматужным мясц. вырабам, што стварала эканам. падмурак для досыць трывалага захавання традыцыі рамеснай вытв-сці. У такіх умовах гандаль і мясц.прам-сць выбіралі для сябе аптымальныя варыянты развіцця, што рабіла рыначныя адносіны больш трывалымі.
У цэлым Беларусь мела экспартнаарыентаваную эканоміку. Пераважаў вываз с.-г. прадукцыі і лесаматэрыялаў. Адбыліся змены і ў структуры экспарту. Устойлівым попытам на знешнім рынку сталі карыстацца не толькі бел. сыравіна (лён, мяса і жывёла, птушка, яйкі, шчацінне, сыры лес), але і вырабы с.-г. прам-сці (масла, сыр, крухмал), а таксама фабр.-заводскай вытв-сці (папера, запалкі, дыхта, ільняная пража, апрацаваныя скуры). Як і раней, Беларусь заставалася раёнам развітога вінакурства, чыя прадукцыя перавышала патрэбу мясц. рынку і ў значнай колькасці ішла за межы бел. губерняў. У пач. 20 ст. Беларусь ператварылася ў раён увозу збожжавых грузаў. Вываз збожжа за мяжу быў нязначны. Асн. маса бел. збожжа ішла на ўнутр. рынак для спажывання мясц. насельніцтвам і на патрэбы вінакурнай і піваварнай прам-сці. У 1901—13 на Беларусь прыпадала 10,4% усерас. вывазу льновалакна. Штогод вывозілася каля 1530 тыс. пудоў ільнянога семя. Вываз малочных прадуктаў (у сярэднім за год) у 1911—13 у параўнанні з 1901—05 павялічыўся больш чым у 2 разы (з 261 тыс. пудоў да 538,5 тыс. пудоў). У 1901—13 з Беларусі штогод адпраўлялася прыкладна 40—50 тыс. галоў жывёлы.
Новай з’явай у арганізацыі гандлю стала ўзнікненне біржаў. У 1904 зацверджаны статут Мінскай лясной біржы. У 1906 пачала дзейнічаць Гродзенска-Лібаўская гандл.-прамысл. біржавая арцель, з 1912 — Віцебская гандл. біржа. Буйныя прадпрыемствы мелі свае гандл. аддзяленні ў розных гарадах.
У 1914 на Беларусі было 45 гарадоў, у іх ліку 4 губернскія (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск), 31 павятовы (Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Вілейка, Ваўкавыск, Гомель, Гарадок, Горкі, Дзісна, Дрыса, Ігумен, Клімавічы, Кобрын, Лепель, Ліда, Мазыр, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк, Пружаны, Рэчыца, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Стары Быхаў, Сянно, Чавусы, Чэрыкаў) і 10 заштатных (Адэльск, Бабінавічы, Відзы, Докшыцы, Друя, Копысь, Нясвіж, Радашковічы, Смаргонь, Сураж). Гарадавое палажэнне 1892 распаўсюджвалася ў поўным аб’ёме на 15 гарадоў (Бабруйск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Чавусы, Чэрыкаў). Астатнія 30 гарадоў з-за недастатковасці сродкаў і іх гандл.-прамысл. развіцця атрымалі згаданае палажэнне ў спрошчаным выглядзе (без абрання гар. дум, а толькі ўпраў). Развіццё шляхоў зносін, прам-сці, гандлю набліжалі некат. мястэчкі і чыг. станцыі да ўзроўню гарадоў, але ўлады гэта не ўлічвалі. Толькі Смаргонь у 1904 атрымала статус горада. Астатнія просьбы жыхароў шэрагу населеных пунктаў Беларусі аб наданні ім гар. правоў засталіся безвыніковымі. Па колькасці, складу і занятках насельніцтва, ролі ў прам-сці, гандлі і трансп. зносінах, на афіцыйны гар. статус і, адпаведна, гар. самакіраванне, маглі прэтэндаваць такія населеныя пункты, як Баранавічы, Глыбокае, Дуброўна, Жлобін, Маладзечна, Шклоў.
У цэлым урбанізацыя на Беларусі выявіла тэндэнцыю да павелічэння ролі буйных гарадоў у жыцці грамадства, вакол іх складваліся урбанізаваныя зоны. Аднак гэты паказчык не быў выключнай і лакальнай з’явай, а толькі завяршаў урбанізацыйную піраміду Беларусі, аснову якой складалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш за палову гараджан.
Грамадскі і палітычны рух у 19 ст. Паўстанні 1830—31 і 1863—64. Пач. 19 ст. стаў часам нараджэння практыкі публічнасці і фарміравання першых добраахвотных грамадскіх аб’яднанняў. Працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася пераважна ў сферы дабрачыннасці і навук. дзейнасці. Былі заснаваны дабрачынныя т-вы ў Брэсце, Гродне, Вільні, Мінску, Навагрудку і інш. гарадах. Актывізацыя грамадскага жыцця суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літ. дзейнасці і ўзмацненнем цікавасці да «грамадскіх пытанняў». Развіццё незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне «практыкі чытання» фарміравалі ўмовы для ідэалаг. дыскусій, асн. зместам якіх было супрацьстаянне рацыяналіст. і клерыкальнага светапоглядаў, у выніку чаго пачаўся працэс афармлення ліберальных і кансерватыўных пазіцый.
Вынікі Венскага кангрэса 1815, прадастаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне бел.-літ. зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў бел.-літ. і ўкр. губерняў. У канцы 1817 сярод студэнтаў Віленскага ун-та ўзнікла тайнае патрыят.т-ва філаматаў, у якое ўвайшлі І.Дамейка, Т.Зан, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Ю.Яжоўскі і інш. Яны стварылі шэраг легальных і паўлегальных аб’яднанняў з мэтай уплыву на моладзь («Саюз сяброў», «Саюз прамяністых», «Саюз філарэтаў», «Саюз літаратараў», «Саюз натуралістаў» і інш.). Мэтай т-ва была падрыхтоўка і аб’яднанне сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. У 1819 створаны 2 т-вы вучнямі Свіслацкай гімназіі, у пач. 1820-х г. у піярскім вучылішчы Полацка заснавана «Таварыства філарэтаў». У 1823 т-ва філаматаў раскрыта афіц. ўладамі, арыштавана каля 100 чал., з іх 20 чал. паводле прысуду 1824 высланы ў інш. губерні Расіі, найб. актыўныя ўдзельнікі зняволены. У 1823 па ініцыятыве былога філамата М.Рукевіча ў Беластоцкім пав. ўтворана тайнае т-ва «Ваенныя сябры», якое аб’яднала афіцэраў Літ. корпуса, мясц. шляхту і вучнёўскую моладзь. Кіраўнікі «Ваенных сяброў» раней належалі да навагрудскай масонскай ложы «Вузел адзінства». У 1819 у Царстве Польскім заснавана тайная арг-цыя «Нацыянальнае масонства», якая ставіла за мэту падрыхтоўку да аднаўлення незалежнасці Польшчы і правядзення ў ёй рэформ. Арг-цыя аб’ядноўвала да 200 чал. і стварыла правінцыяльныя ложы. У 1821 на яе аснове ўзнікла «Патрыятычнае таварыства». На базе віленскага «Нацыянальнага масонства» таксама створана «Патрыятычнае таварыства».
У пач. 1820-х г. многіх дзекабрыстаў лёс звязаў з бел. землямі, частка іх праходзіла тут вайск. службу. Кіраўнік Паўн.т-ва М.М.Мураўёў напісаў у Мінску варыянт праекта канстытуцыі. Членамі дзекабрысцкіх арг-цый быў шэраг афіцэраў Бабруйскай крэпасці. У рус. дзекабрысцкіх арг-цыях «польскае пытанне» выклікала вострую дыскусію. Тэр. пытанне ставілася і пры перагаворах паміж дзекабрыстамі і польскім «Патрыятычным таварыствам». Аднак і тыя, і другія адмаўлялі Беларусі ў самаст. існаванні.
У снеж. 1825 Літоўскі піянерны батальён па ініцыятыве кіраўнікоў «Ваенных сяброў» К.Ігельстрома і А.Вягеліна адмовіўся прысягаць імператару Мікалаю I. За гэта дзярж. злачынства і за ўдзел у тайных т-вах К.Ігельстром, А.Вягелін, М.Рукевіч, М.Вільканец і інш. былі засуджаны да смяротнай кары, пазней замененай на розныя тэрміны катаргі ці службы на Каўказе.
Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіц. руху ў Царстве Польскім. У 1827 у Вільні створана тайнае т-ва «Сармацкае племя», або «Прыхільнікі Айчыны». Яго заснавальнікі студэнты А.Тшаскоўскі, Грантоўскі, Ф.Лісоўскі, К.Зах ставілі за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1828 т-ва раскрыта ўладамі, яго члены пакараны цялесна і аддадзены ў салдаты на Каўказ.
Рэвалюцыя ў Францыі, нац.-вызв. рухі ў Бельгіі, Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім. У ноч на 29.11.1830 пачалося паўстанне ў Варшаве, падрыхтаванае тайнымі арг-цыямі, у т. л. «Патрыятычным таварыствам» і Т-вам падхарунжых. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у які ўвайшлі А.Чартарыйскі, І.Лялевель, Ю.Нямцэвіч і інш. Урад аб’явіў аб скліканні сейма і ўстанаўленні дыктатуры галоўнакамандуючага польскіх войск Ю.Хлапіцкага. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. Калі Ю.Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара, 29 студз. створаны Нац. ўрад на чале з А.Чартарыйскім, а галоўнакамандуючым польскага войска прызначаны М.Радзівіл. Царскі ўрад прыняў меры, каб абмежаваць пашырэнне паўстання ў зах. губернях. 13.12.1830 уведзена ваен. становішча ў зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, павялічана колькасць войска.
Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студз.-лют. 1831 утвораны Віленскі цэнтр. паўстанцкі камітэт, у які ўвайшлі С.Шумскі, А.Гарэцкі, М.Балінскі, В.Пяткевіч, М.Замбжыцкі, Э.Ромер, Ю.Храбніцкі. Паўстанне ў Літве і зах. Беларусі пачалося ў канцы сак. 1831. Віленскі к-т не змог кантраляваць яго ход. У кожным павеце быў створаны свой пав. ўрад, якія ўзначальвалі мясц. памешчыкі. У крас. паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губ. і пачало пашырацца на Мінскую губ. Збіралі зброю і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага пав., да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мазырскі і Рэчыцкі пав. У канцы мая на тэр.бел.-літ. губерняў уступіў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.), да якога далучылася частка паўстанцкіх атрадаў, пасля чаго ў атрадзе было каля 5 тыс. чалавек. Неўзабаве з Польшчы прыйшоў і 12-тысячны корпус ген. А.Гелгуда і Г.Дэмбінскага, які пачаў наступленне на Вільню, куды накіроўваўся і атрад Д.Хлапоўскага. Камандаваў аб’яднанымі войскамі А.Гелгуд. 11.6.1831 ён сфарміраваў Часовы паўстанцкі ўрад (старшыня Т.Пінкевіч). 19.6.1831 пачаўся штурм Вільні. Рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі, у сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю.
У маі-жніўні 1831 у Гродзенскай губ. паўстанцкім рухам былі ахоплены Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі пав. Атрады паўстанцаў Я.Кашыца, Г.Дэмбінскага, Ю.Незабытоўскага і інш. злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады К.Нямцэвіча, Я.Дылінскага і інш.
Туды ж у сярэдзіне ліп. прыбыў атрад Д.Хлапоўскага. Супраць іх былі накіраваны ўзмоцненыя сілы рас. войска. Не маючы надзеі на поспех, аб’яднаныя сілы паўстанцаў 19 ліп. рушылі ў Польшчу. Некалькі атрадаў (М.Гедройца, М.Шыманскага, С.Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але вестка аб узяцці рас. войскамі 8 вер. Варшавы, 9 кастр. — Модліна, а 21 кастр. Замосця вымусілі паўстанцаў, якія яшчэ заставаліся ў лясах, разысціся.
Рэпрэсіўныя меры супраць асоб, якія прымалі ўдзел у ваен. дзеяннях на баку паўстанцаў, пачаліся яшчэ да падаўлення паўстання. Згодна з указам Мікалая I ад 22.3.1831 шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, належала судзіць ваен. судом і прыгавор выконваць на месцы, маёнткі браць у казну, а дзяцей асуджаных аддаваць у ваен. кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на вайск. службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Указам 6.5.1831 падзялялі «злачынцаў» на 3 разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў, усе іншыя. Маёнткі абвінавачаных секвестраваліся. Да следства за ўдзел у паўстанні ў бел.-літ. губернях было прыцягнута 2878 чал.
Паўстанне 1830—31 выклікала рэзкую перамену паліт. курсу царскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. У вер. 1831 створаны Зах.к-т для выпрацоўкі палітыкі ўрада ў 9 зах. губернях у галіне кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. Было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве і яе выкладанне. У 1832 зачынены Віленскі ун-т, у 1840 адменена дзеянне Статута ВКЛ ва ўсіх галінах гасп. і паліт. жыцця.
Разам з тым паўстанне 1830—31 і «вясна народаў» стымулявалі крышталізацыю грамадскай думкі. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Г.Ржавускі, К.Буйніцкі) і ліберальна (Р.Падбярэзскі, Э.Жалігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі акрэсліліся радыкальны (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі, А.Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.Далеўскі, У.Спасовіч) кірункі. Кансерватыўныя колы падзяліліся на «эвалюцыяністаў» (А.Замойскі, В.Старжынскі) і «непрымірымых» традыцыяналістаў (Г.Ржавускі, А.Дамейка). У перыяд т.зв. мікалаеўскай рэакцыі асветніцкія традыцыі Віленскага ун-та працягвалі Віленскае мед.т-ва і гімназічныя вучнёўскія гурткі. У 1830—40-я г. створаны дэмакр.т-ва студэнтаў Віленскай мед.-хірургічнай акадэміі, Братні саюз літоўскай моладзі, Саюз літоўскай моладзі ў Мінску, Саюз літоўскай моладзі ў Пецярбургскім ун-це і інш.
З сярэдзіны 1850-х г. на Беларусі, як і ва ўсёй Рас. імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгоннага права, вяртаннем са ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1830—31 і членаў нелегальных маладзёжных гурткоў і інш. У пач. 1860-х г. на Беларусі ствараліся публічныя б-кі і нядзельныя школы, шырокай падтрымкай бел. грамадскасці карысталіся т-вы цвярозасці, ажыццёўлены шэраг выдавецкіх праектаў, фарміраваліся цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных кірункаў грамадскай думкі. Вакол «Камітэта», ці «Арганізацыі грамадзян» (Я.Гейштар, Ф.Далеўскі, Ю.Карповіч, Я.Пянкоўскі) групаваліся памяркоўныя лібералы. У выніку дзейнасці к-та створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую эканам. і асветніцкую дзейнасць у краі. Супраціўнікі самастойнай дзейнасці грамадскасці, кансерватары А.Чапскі, М.Агінскі, А.Дамейка, А.Плятэр выступалі супраць «Арганізацыі грамадзян» і лічылі, што яна імкнецца падмяніць сабой органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол «Камітэта руху» (пазней Літоўскі правінцыяльны к-т, ЛПК), у які ўваходзілі Л.Звяждоўскі (старшыня), К.Каліноўскі, З.Чаховіч, Э.Вярыга і інш. Хоць яны і былі сац. радыкаламі, але далей ліберальнай праграмы (звяржэнне самаўладдзя, скасаванне прыгону) іх патрабаванні не ішлі. Разам з тым прыхільнікі «Камітэта руху» падкрэслівалі неабходнасць «кулачнай рэвалюцыі», а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязі з дэмакр. эміграцыяй і рус.рэв. рухам спрыялі выяўленню сацыяліст. тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму.
Восенню 1861 члены «Камітэта руху» пачалі падрыхтоўку паўстання. У кастр. 1862 старшынёй ЛПК абраны К.Каліноўскі. Неафіц. органам ЛПК была газ. «Мужыцкая праўда», якая выдавалася К.Каліноўскім, В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім з лета 1862 да лета 1863 (выйшла 7 нумароў). Нечаканае абнародаванне 22.1.1863 Часовым нац. урадам (да гэтага Цэнтр.нац.к-т у Варшаве) Маніфеста і агр. дэкрэтаў і абвяшчэнне паўстання без узгаднення з ЛПК стварыла крытычную сітуацыю. ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. 1.2.1863 Віленскі к-т выдаў свой маніфест, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нац. урадам, яго агр. праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Гэта азначала, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім для адзінства дзеянняў фактычна поўнасцю падпарадкоўваліся польскаму нац. ўраду. У лют. 1863 Н.Дзюлёран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх «белых» А.Аскеркам і Я.Гейштарам аб захопе ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Літвы — Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўрада. 11.3.1863 яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Я.Гейштар. З прычыны слабасці рэв.-дэмакр. сіл К.Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, а фактычна — падпарадкавацца іх цэнтрам.
Першыя паўстанцкія атрады з’явіліся на Беларусі з Польшчы ў студз.—лют. 1863. Буйнейшы з іх атрад Р.Рагінскага, які з баямі прайшоў праз Пружанскі пав. да Пінскага, дзе каля в. Боркі ў лют. быў разбіты. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863. Але ў адзінаборстве з магутнай рас. арміяй паўстанцы былі асуджаны на паражэнне. З прычыны несуразмернасці сіл баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку мелі характар партыз. барацьбы: атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі. На тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў, пасіўнасць «белых» у падп. структурах прымусілі Н.Дзюлёрана зноў запрасіць у Вільню К.Каліноўскага. Разам з ім у пач.чэрв. 1863 у склад віленскага паўстанцкага цэнтра, які стаў наз. Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі У.Малахоўскі і Ю.Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. З 31 ліп. К.Каліноўскаму перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, а з 22 жн. — і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ў Вільні. Да канца лета 1863 у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі на тэр. Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў барацьбе ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне ў Літве і Беларусі практычна было падаўлена.
З пачаткам паўстання ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. уведзена ваен. становішча. У маі 1863 Віленскім ген.-губернатарам прызначаны ген. М.Мураўёў, якому падпарадкоўваліся ваен. губернатары і начальнікі паветаў, узбр. сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваен.-палявыя суды. Прыгаворы апошніх пасля зацвярджэння ваен. губернатарамі і ген.-губернатарам выконваліся неадкладна, смяротныя пакаранні — публічна, на плошчах гарадоў. Усяго ў краі 128 чал. пакарана смерцю, павешаны ці расстраляны, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, у арыштанцкія роты і г.д. К.Каліноўскага ваен.-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу, але М.Мураўёў выказаўся за павешанне. Маёнткі памешчыкаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, падлягалі секвестру і канфіскацыі ў казну, усе астатнія мясц. памешчыкі былі абкладзены кантрыбуцыяй. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рус. ўплыву.
Указ аб спыненні паліт. спраў, якія тычыліся «польскага паўстання», і палажэнне аб абмежаванні падсуднасці асоб грамадз. ведамства ваен. суду ў Паўн.-Зах. краі (май 1867) сведчылі пра памякчэнне рэжыму выключных законаў. З 1870 да 1901 на Беларусі створана 19 т-ваў сельскай гаспадаркі, 5 мед., 11 культ.-асв., 8 спарт. аб’яднанняў. Амаль у кожным губ. горадзе існавалі аддзяленні агульнарас. т-ваў: абароны жанчын, Чырв. Крыжа і інш. У канцы 19 ст. ствараліся касы і т-вы ўзаемнай дапамогі рамеснікаў і рабочых, якія з цягам часу апынуліся пад уплывам рэв. элементаў і сталі тым асяроддзем, адкуль рабочыя траплялі ў нелегальныя гурткі.
У 1870—90-х г. грамадскія арг-цыі сталі гал. месцам дзейнасці лібералаў. С.-г. т-вы аб’ядноўвалі памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. На Беларусі, дзе не было земстваў, гэтыя т-вы, асабліва Мінскае і Магілёўскае, часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культ.-асв., навук. і гуманітарныя арг-цыі (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў). Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў т.зв. хатніх гуртках. Кансерватыўныя колы Беларусі не лічылі грамадскую дзейнасць асн. сродкам дасягнення сваіх мэт. Яны лічылі, што свае ўяўленні аб дзярж. парадку, стане саслоўяў, адносінах да ўласнасці трэба даводзіць да ведама ўрада, які сам паклапоціцца аб прыняцці неабходных мер. Такія адносіны да рэальнай дзейнасці і адсутнасць на Беларусі дваранскіх сходаў сталі прычынамі таго, што паліт. кансерватызм тут не набыў акрэсленай формы.
З 1870-х г. расла цікавасць да сацыяліст. ідэй, што было звязана з ростам грамадз. актыўнасці, развіццём рабочага руху і з аслабленнем рэпрэсіўнай палітыкі царызму на Беларусі. У 1-й пал. 1880-х г. актыўную дзейнасць на Беларусі разгарнулі «Чорны перадзел», потым паўн.-зах.арг-цыя «Народнай волі» і польская партыя «Пралетарыят», што не дало магчымасці групе «Гоман» аб’яднаць гурткі Беларусі на аснове агульнай тэарэт. праграмы.
У канцы 19 ст. марксісцкае ўяўленне аб сацыялізме прынята ў якасці асноўнага для сацыяліст. рухаў Еўропы, таму значная частка сацыялістычна арыентаваных груп і гурткоў Беларусі перайшла на с.-д. пазіцыі. У рамках с.-д. аб’яднанняў ствараліся дапаможныя структуры: асв.-культ., узаемадапамогі і інш., усталёўваліся кантакты з прафсаюзамі, у выніку чаго фарміраваўся новы тып арг-цый — паліт. партыі. Першымі з іх на Беларусі былі партыі сацыяліст. кірунку. У 1897 у Вільні створаны Агульнаяўрэйскі рабочы саюз Літвы і Польшчы (Бунд). Менавіта ён у 1898 быў тэхн. арганізатарам I з’езда РСДРП у Мінску. У 1903 у Гомелі створаны Палескі, у 1904 у Вільні — Паўн.-Зах. к-ты РСДРП. У 1900 у Мінску на з’ездзе прадстаўнікоў Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратаў Польшчы створана Сацыял-дэмакр. партыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), у 1901 у Мінску — Яўр. незалежная рабочая партыя. У 1902 ідэйна і арганізацыйна аформіліся ППС у Літве і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). ППС у Літве выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўсталяванне сацыяліст. ладу; найб. значныя яе арг-цыі існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, сацыялізацыю зямлі. Выключнае значэнне ў барацьбе з царызмам партыя надавала індывідуальнаму тэрору. У 1904 эсэраўскія арг-цыі Мінска, Віцебска, Гомеля, Вільні і інш. аб’ядналіся ў Паўн.-Зах.абл. арг-цыю ПСР. У 1902—03 створана Бел.рэв. грамада (пазней Бел.сацыяліст. грамада). У яе праграме, прынятай на 1-м з’ездзе (1903), партыя характарызавалася як сац.-паліт.арг-цыябел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай яна абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці і камунікацый.
Рэвалюцыя 1905—07. Іскрай, што выклікала рэв. выбух у Рас. імперыі, стаў расстрэл 9.1.1905 у Пецярбургу масавых мірных шэсцяў рабочых, якія накіраваліся да Зімняга палаца з петыцыяй аб паляпшэнні становішча народа. Выступленні пратэсту пракаціліся па ўсёй імперыі, у т. л. на Беларусі, дзе студзеньскія паліт. стачкі ахапілі 25, а з улікам дэманстрацый і масовак — 30 гарадоў і мястэчак. Большасцю выступленняў кіравалі мясц. арг-цыі РСДРП і Бунда, якія, як правіла, дамаўляліся аб правядзенні агульных выступленняў, найперш стачак. Для гэтага на кааліцыйнай аснове ствараліся часовыя стачачныя камісіі. Агульнымі стачкамі з удзелам практычна ўсіх мясц. рабочых былі ахоплены Смаргонь, Гродна, Брэст, Мазыр, Полацк, Ашмяны, Слонім, Ветка, Дуброўна, Талачын, Парычы, Шчадрын. Аднак у Мінску, Гомелі, Пінску, Віцебску да іх не ўдалося далучыць найбуйнейшыя прадпрыемствы. Выступленнямі ў Гродне і Брэсце кіравалі мясц. к-ты Бунда і ППС у Літве. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Гомель, Горкі) паліцыя і салдаты выкарыстоўвалі супраць удзельнікаў дэманстрацый і маніфестацый агнястрэльную зброю. Пахавальная працэсія ў Гомелі з удзелам 8 тыс. чалавек ператварылася ў антыўрадавую дэманстрацыю.
У лют.—сак. хваля паліт. выступленняў рэзка знізілася, але разгарнулася барацьба рабочых з прадпрымальнікамі за паляпшэнне свайго эканам. становішча. Некат. буйныя эканам. стачкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Агульная колькасць эканам. стачачнікаў у лютым 1905 дасягала 5,4, а ў сакавіку — 5,8 тыс., што значна перавышала сумарны паказчык за ўвесь 1904. Высокі ўзровень актыўнасці рабочых у эканам. барацьбе захоўваўся і ў наступныя месяцы. Нярэдка выступленні ахоплівалі ўсе прадпрыемствы пэўнай галіны вытв-сці ў маштабах горада. Як правіла, выступленні заканчваліся ўступкамі прадпрымальнікаў — поўнымі ці частковымі. У некат. выпадках рабочыя дамагліся ўстанаўлення 8-гадзіннага прац. дня.
Рэзкі ўздым паліт. барацьбы рабочых пачаўся ў сярэдзіне красавіка (па старым стылі) у сувязі са святкаваннем 1 Мая. У красавіцкіх паліт. стачках удзельнічала каля 51 тыс. чалавек, паліт. выступленнямі рабочых былі ахоплены 47 гарадоў і мястэчак. У чэрв.—ліп. 1905 шырокі размах на Беларусі набылі выступленні пратэсту супраць крывавых рэпрэсій царызму ў Лодзі, Варшаве, Адэсе, Іванаве-Вазнясенску. У пач. ліпеня яны спалучаліся з выступленнямі, на якіх ушаноўвалася памяць ахвяр «крывавай нядзелі» ў Пецярбургу і паўгадавіны рэвалюцыі. У Мінску, Бабруйску, Віцебску адбыліся ўзбр. сутычкі з паліцыяй і казакамі, мелі месца чалавечыя ахвяры. Сотні людзей былі арыштаваны.
Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. У студз.—сак. адбыліся 53 сял. выступленні. Пераважную большасць іх складалі высечкі панскіх лясоў. У крас.—чэрв. сумарны паказчык сял. выступленняў дасягнуў 237, з іх 175 прыпала на чэрвень. Пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, а таксама Бунда, ППС у Літве і БСГ у сял. руху ў вяснова-летні перыяд 1905 хутка пашырыліся новыя для яго формы — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Іх удзельная вага ў параўнанні з традыц. формамі ўзнялася да 35,5%.
Першым найб. значным і арганізаваным выступленнем новага для вёскі тыпу з’явілася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў, якая ў пач.чэрв. 1905 ахапіла амаль усе маёнткі Навагрудскага, а ў канцы чэрв. — Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. Шырокі размах набылі с.-г. забастоўкі ў Мінскім, Бабруйскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Брэсцкім, Горацкім, Аршанскім, Гомельскім і Рагачоўскім пав.Гал. мэтай сял. руху па-ранейшаму заставалася ліквідацыя панскага землеўладання. З традыц. форм сял. барацьбы самымі распаўсюджанымі былі патравы памешчыцкіх угоддзяў (18,2%) і высечка лесу (9%). 10% складалі сутычкі сялян з паліцыяй і войскамі. Імі звычайна завяршаліся найб. вострыя выступленні. Разгромаў і падпалаў панскіх двароў у Беларусі было няшмат (адпаведна 0,4 і 2,5% выступленняў). Пад уплывам рабочага і сял. руху хваляванні ахапілі і армію. У ліп. 1905 у Мінску салдаты Баранавіцкага чыг. батальёна выказалі пратэст супраць адпраўкі іх на Д. Усход. С.-д. агітацыя вялася ў гарнізонах Бабруйска, Гродна, Брэста і інш. гарадоў.
Пасля падзей 9 студз. ў Пецярбургу паліт. апазіцыя царызму ўзнікла і ў асяроддзі ліберальнай буржуазіі. У зале Мінскай думы 12 студз. абвешчана рэзалюцыя з патрабаваннем паліт. свабоды. У чэрв. 1905 Мінская гар. дума прыняла пастанову, у якой хадайнічала аб хутчэйшым скліканні нар. прадстаўнікоў. Прыкметную паліт. актыўнасць праяўляла і ліберальная інтэлігенцыя Мінска, што групавалася вакол Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Каб аслабіць рэв. націск і знайсці падтрымку ў ліберальных колах грамадства, Мікалай II 6.8.1905 зацвердзіў законапраект аб выбарах у Дзярж. думу. Паводле яго выбарчая сістэма грунтавалася на саслоўным прынцыпе. Ад удзелу ў выбарах адхіляліся ўсе наёмныя рабочыя, якія не адпавядалі ўстаноўленым цэнзам па маёмасці і аселасці. Статус Думы вызначаўся як законадарадчы. Ніякіх рэальных правоў і паўнамоцтваў яна не атрымлівала.
Такі царскі «падарунак» не супакоіў ахопленую рэвалюцыяй краіну. Усе левыя, с.-д. і народніцкія, агульнарас. і нац. партыі разгарнулі шырокую агітацыю за байкот выбараў, за далейшае разгортванне масавай рэв. барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя шляхам узбр.нар. паўстання і ўсталявання дэмакр. рэспублікі праз скліканне выбранага дэмакр. шляхам Устаноўчага сходу. Лозунг байкоту новай Думы падтрымала частка ліберальных прафесійна-паліт. саюзаў інтэлігенцыі. Аднак хваля рэв. выступленняў рабочых і сялян Беларусі ў жн. — вер. рэзка знізілася.
Новы ўсерас. ўздым рабочага руху пачаўся ў Маскве, дзе ў канцы вер. 1905 асобныя стачкі рабочых перараслі ў агульнагар. паліт. забастоўку, якая суправаджалася вулічнымі маніфестацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам. У развіцці падзей выключную ролю адыграў Усерас.чыг. саюз, створаны ў крас. 1905. Цэнтр. бюро саюза 7 кастр. па тэлеграфе заклікала рабочых і служачых усіх чыг. майстэрняў далучыцца да ўсеаг. забастоўкі. На працягу наступнага тыдня чыг. рух у імперыі быў спынены. Адначасова па закліку рэв. партый у гарадах забаставалі прамысл. прадпрыемствы, гандл., навуч., банкаўскія і інш. ўстановы.
У ходзе Кастр.паліт. стачкі ў Пецярбургу, Маскве і інш. гарадах Расіі сфарміраваліся Саветы рабочых дэпутатаў ці выбарныя агульнагар. стачачныя к-ты. Абапіраючыся на ўзбр. баявыя дружыны рабочых, яны дзейнічалі ў пэўнай меры як органы ўлады. На Беларусі агульнагар. стачкамі кіравалі кааліцыйныя саветы, к-ты, камісіі, у якія на аснове пагаднення ўваходзілі прадстаўнікі РСДРП, Бунда, ПСР. Вядучую ролю ў Кастр.паліт. стачцы адыгралі чыгуначнікі. На важнейшых чыг. станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастр. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і з-даў, друкарняў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. Штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі, якія нярэдка заканчваліся сутычкамі з паліцыяй і войскам.
Агульнарас. стачка прымусіла царызм пайсці на прынцыповыя паліт. ўступкі. 17 кастр. Мікалай II падпісаў Маніфест, паводле якога ў краіне ўводзіліся «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на прынцыпах сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», значна пашырыўся кантынгент тых, хто атрымаў права ўдзелу ў выбарах Дзярж. думы, а сама Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі рэв. арг-цый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. 18.10.1905 расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску; сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку і Смаргоні, яўр. пагромы — у Гомелі, Рэчыцы, Оршы.
Кастр. паліт. стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый — 53 гарады і мястэчкі. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. На вёсцы глыбокі спад у вер. (18 выступленняў) змяніўся ажыўленнем у кастр. (54), ліст. (154) і снежні (286 выступленняў). Павялічылася ўдзельная вага разгромаў і падпалаў панскіх двароў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам, паліт. сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Значна ўзмацніліся хваляванні ў войску. Выступленні салдат адбыліся ў Гродне, Бабруйску, Брэсце.
У выніку Кастр.паліт. стачкі ў Расіі склалася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. Рэв.-дэмакр. сілы не змаглі звергнуць самадзяржаўе, але прымусілі яго пайсці на істотныя паліт. ўступкі і фактычна заваявалі свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў. Адкрыта дзейнічалі Саветы рабочых дэпутатаў, нізавыя структуры рэв. партый, прафесійна-паліт. саюзы (чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, настаўнікаў, сялян і інш.), прафес. саюзы рабочых прамысл. прадпрыемстваў і інш. Выдаваліся газеты розных ідэйна-паліт. кірункаў.
Кастр. стачка прымусіла мабілізавацца ўсе кансерватыўныя сілы з мэтай захавання самадзяржаўя, памешчыцкага землеўладання. У выніку ўзнік шэраг крайне правых груповак («Саюз рускага народа», «Савет аб’яднанага дваранства», «Айчынны саюз» і інш.), якія па сутнасці не прызнавалі «Маніфест 17 кастрычніка». Найб. актыўны ў барацьбе з рэвалюцыяй быў «Саюз рускага народа». Члены гэтых груповак былі вядомы як «чорная сотня». У дні Кастр. стачкі чарнасоценцы наладжвалі вулічныя шэсці з іконамі, царкоўнымі харугвамі і партрэтамі цара, арганізоўвалі забойствы рэвалюцыянераў і яўр. пагромы (Орша, Полацк, Рэчыца).
У кастр. 1905 утварыўся праваліберальны «Саюз 17 кастрычніка», які цалкам салідарызаваўся з царскім маніфестам і імкнуўся супрацоўнічаць з урадам. Да лют. 1906 арг-цыі акцябрыстаў аформіліся і дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Вілейцы, Свянцянах, Дзвінску, Віцебску, Мінску, Бабруйску, Гомелі. Ініцыятыва стварэння іх, як і чарнасоценных арг-цый, зыходзіла ад чыноўнікаў і правасл. духавенства.
У часУсерас.паліт. стачкі створана леваліберальная Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты). Яе праграма прадугледжвала роўнасць усіх рас. грамадзян перад законам; свабоду сумлення, слова, друку, сходаў і саюзаў; недатыкальнасць асобы і жылля, незалежнасць і публічнасць суда; выбранне ўсерас. заканадаўчага нар. прадстаўніцтва і мясц. органаў самакіравання ўсеаг., роўным, простым і тайным галасаваннем; адказнасць міністраў перад сходам нар. прадстаўнікоў; прадастаўленне права кожнай народнасці на культ.-нац. аўтаномію. Сялянам кадэты абяцалі павелічэнне плошчы землекарыстання, рабочым — права на стачкі, 8-гадзінны працоўны дзень і інш. Да мая 1906 групы гэтай партыі, у якую ў асн. уваходзілі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі, сфарміраваліся ў Вільні, Магілёве і Пінску. Нягледзячы на нешматлікасць, папулярнасць кадэтаў у краі была вялікая. Яе праграму цалкам падтрымлівалі ўсе плыні сіянізму, каталіцкі касцёл і часткова (за выключэннем вырашэння агр. пытання) — польска-бел. землеўласнікі. Саюзніцай кадэтаў стала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 — пач. 1906 па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа барона Э.Ропа. Асн. рэгіёнам яе дзейнасці сталі Віленшчына і частка Гродзеншчыны, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.
У пачатку снеж. 1905 царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. Былі закрыты ўсе дэмакр. газеты, арыштаваны члены выканкома і дэпутаты Пецярбургскага Савета, забаронены чыг. саюзы. У адказ 7.12.1905 ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзбр. паўстання. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеаг. паліт. стачка, усерас.чыг. стачку аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтр. бюро Усерас.чыг. саюза. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снеж. ўзняўся на ўзбр. паўстанне.
На Беларусі снежаньскую стачку, як і раней, пачалі чыгуначнікі, якія ўжо 8—9 снеж. затрымлівалі цягнікі. У тыя ж дні Мінскі кааліцыйны савет, Гомельскі рэв., Пінскі, Мазырскі і інш. стачачныя к-ты заклікалі працоўных да ўсеаг. паліт. забастоўкі. Стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, яе падтрымалі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутыкненнямі з паліцыяй і войскам яшчэ ў 11 населеных пунктах. У ёй удзельнічала каля 44 тыс. рабочых прамысл. прадпрыемстваў і рамеснікаў. Па напале і напружанасці барацьбы сітуацыя ў асобных гарадах была блізкая да ўзбр. паўстання.
2.12.1905 цар выдаў указ аб адмене крымінальнай адказнасці за ўдзел у эканам. мірных стачках, а 11 снеж. — новы закон аб выбарах у Дзярж. думу. У той час як бурж.-ліберальныя партыі падтрымалі гэтыя рашэнні і заклікалі спыніць рэв. выступленні, партыі рэв.-дэмакр. кірунку выступалі за працяг барацьбы. У студз. 1906 рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух выліўся ў 135 выступленняў. З мэтай аслаблення рэв. націску царскія ўлады склікалі Дзярж. думу. Большасць месц у 1-й Дзярж. думе заваявалі кадэты.
Пачатак дзейнасці Думы ў крас. 1906 супаў з новым уздымам рэв. руху. У сувязі з днём 1 Мая забастоўкі адбыліся ў 40 нас. пунктах Беларусі. У арганізацыі эканам. барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы. Веснавыя выступленні рабочых актыўна падтрымалі сяляне. Летам 1906 удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян перавысіла паказчыкі 1905. Асабліва вылучаліся Навагрудскі і Пружанскі пав.
Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы 9.7.1906 прадпрымальнікі ўзмацнілі наступ на рабочых, арганізоўвалі лакауты. Услед за спадам рабочага руху знізілася і колькасць сял. выступленняў.
Ва ўмовах спаду рэвалюцыі ўсе партыі левага, дэмакр. лагера вырашылі выкарыстаць думскую трыбуну для актывізацыі барацьбы. Яны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у 2-ю Дзярж. думу. Апошняя насуперак спадзяванням урада была больш левай за 1 -ю Думу і выходзіла з-пад яго кантролю. З.6.1907 2-я Дзярж. дума разагнана; арыштавана с.-д. фракцыя. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастр., быў зменены.
Грамадскі і палітычны рух пасля паражэння рэвалюцыі. У выніку паражэння рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся т.зв. трэцечэрвеньскі рэжым, які ў сваёй палітыцы абапіраўся на дзве большасці ў 3-й Дзярж. думе — чарнасоценна-акцябрысцкую і акцябрысцка-кадэцкую і лавіраваў паміж імі. Паводле выбарчага закона ад 3.6.1907 у Беларусі да ранейшага саслоўна-класавага падзелу насельніцтва, дапушчанага да выбараў, уводзіліся нац. курыі — «руская», «польская» і «яўрэйская» з асобнымі квотамі прадстаўніцтва. Існаванне бел. этнасу цалкам ігнаравалася. У 5 зах. губернях на выбарах у 3-ю Дзярж. думу чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 месц з 36, бел.-польскія аўтанамісты («краёўцы») атрымалі 6 месц. З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў 4-ю Дзярж. думу.
У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі многія арг-цыі левых партый былі ліквідаваны ці вельмі аслаблены. Назіраўся масавы адток з іх інтэлігенцыі. Спробы аднаўлення парт. арг-цый, як правіла, заканчваліся беспаспяхова. Усяго некалькі месяцаў пратрымалася адноўленая ў лют. 1908 Мінская група РСДРП, у сярэдзіне таго ж года ліквідаваны Браслаўская, Капыльская, Старадарожская і Хоцімская групы РСДРП. Не быў адноўлены Паўн.-Зах. саюз РСДРП, рэзка скарацілася колькасць прафес. саюзаў. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашырылася ліквідатарская плынь, якая дамагалася легалізацыі РСДРП шляхам адмовы ад падп. дзейнасці. На такія пазіцыі стала і БСГ, якая згарнула свае падп. структуры і як партыя часова перастала існаваць. Кіраўнікі БСГ засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ.«Наша ніва». Бальшавікі-ленінцы выступалі за спалучэнне падп. і легальнай дзейнасці. Маштабы і характар рабочага руху істотна змяняліся. Практычна немагчымымі сталі адкрытыя антыўрадавыя выступленні — дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі. Рэзка скарацілася колькасць стачак. Прыкметы ажыўлення ў рабочым руху Беларусі з’явіліся ў 1911—12, а адносны ўздым заўважыўся ў 1913, калі ў забастоўках прынялі ўдзел 8,8 тыс.чал. (у 4 разы больш, чым у 1910). Скарацілася колькасць сял. выступленняў (1907—161, 1908—132, 1909—92).
Вельмі аслаблены быў і ліберальна-апазіцыйны цэнтр, вядучай сілай якога заставаліся кадэты. Іх Магілёўская і Пінская арг-цыі распаліся, скарацілася колькасць друкаваных органаў. У гэты перыяд ішло «размыванне» ліберальнай традыцыі: паколькі яе фундамент. прынцып — жыццёва неабходны мінімум правоў асобы, у розных паліт. плынях фарміраваліся розныя праграмы з патрабаваннем эканам., сац., рэліг. і інш. правоў. Ліберальныя патрабаванні ставілі і Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, і Польскі саюз краёўцаў, і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Аднак да 1917 моцная ліберальная апазіцыя на Беларусі так і не склалася.
Культура. Адукацыя. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на Магілёўшчыне і Віцебшчыне працягвала існаваць традыц. сістэма адукацыі. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Мсціславе, Оршы дзейнічалі езуіцкія калегіумы; у Сянне і Сакольніках — францысканскія, у Віцебску — піярская, Талачыне — базыльянская, Забелах — дамініканская школы. Выкладанне вялося на лац. і польскай мовах.
У канцы 1780 — пач. 1790-х г. стала пашырацца рас. сістэма адукацыі. Гал.нар. вучылішчы адкрыты ў Магілёве і Віцебску, малыя — у Полацку, Оршы, Чавусах, Мсціславе, Копысі, Чэрыкаве, дзе выкладанне вялося на рус. мове.
Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай стракатую сетку навуч. устаноў дапоўнілі акад. акруговыя школы (створаныя яшчэ Адукацыйнай камісіяй Рэчы Паспалітай), якія знаходзіліся ў Гродне, Мінску, Брэсце і Навагрудку і акад. павятовыя — у Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Вішневе, Ваўкавыску, Халопенічах, Драгічыне, Паставах. Акрамя таго, навучанне ішло ў прыкляштарных вучылішчах і ў пратэстанцкіх школах у Кейданах і Слуцку. Да сярэдніх навуч. устаноў адносіліся невялікія прыватныя пансіёны, а таксама яўр.рэліг. школы (хедэры і ешывы).
У 1803 Гал.Літ. школа атрымала статус імператарскага Віленскага ун-та, які ўзначаліў новаўтвораную Віленскую навуч. акругу. У яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай (пазней вылучаны з акругі), Валынскай, Падольскай губ. і з 1810 Беластоцкай вобл. Куратарам акругі прызначаны князь А.Чартарыйскі. Віленская навуч. акруга кіравалася ўласным статутам, польская мова засталася асн. мовай навучання. Па колькасці школ і навучэнцаў яна была лідэрам сярод навуч. акруг Расіі. У пач. 1820-х г. у яе ўстановах набывала веды 30,2% усёй вучнёўскай моладзі рас. дзяржавы.
Вышэйшую духоўную адукацыю можна было атрымаць у Гал. каталіцкай семінарыі пры Віленскім ун-це і Полацкай езуіцкай акадэміі (закрыта ў 1820).
Пасля паўстання 1830—31 сістэма адукацыі ў Віленскай акрузе была радыкальна зменена. У 1832 Віленскі ун-т закрыты, а замест яго ў Вільні створаны мед.-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. У пач. 1840-х г. яны пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Школы і вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губ. перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навуч. акрузе і пераведзены на рус. мову. У хуткім часе яны вылучаны ў асобную Беларускую навуч. акругу, якая праіснавала да 1850, калі навуч. ўстановы Беларусі зноў былі падзелены паміж Віленскай і Пецярбургскай навуч. акругамі. Новы школьны статут 1828 зафіксаваў існаванне 3-ступеннай сістэмы сярэдняй адукацыі, але больш жорстка замацаваў саслоўны прынцып адукацыі. Гімназіі прызначаліся толькі для дваранства і чыноўніцтва, пав. вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Рэпрэсіўныя дзеянні ў сістэме адукацыі выявіліся ў скасаванні прыкляштарных вучылішчаў, а яўр.рэліг.навуч. ўстановы замяняліся дзярж. з напаўсвецкімі праграмамі навучання. Абавязковым патрабаваннем да ўладальнікаў усіх свецкіх прыватных жаночых пансіёнаў стала веданне рус. мовы і добранадзейнасць. Падтрымку мелі толькі нешматлікія на Беларусі прыватныя жан. ўстановы рус. арыентацыі (напр., дзявочы пансіён у Прапойску). З канца 1830-х г. на Беларусі ствараліся дзярж. і паўдзярж. («узорныя») жаночыя пансіёны ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Полацку. У 1841 у Беластоку пачаў дзейнічаць дзярж.ін-т шляхетных дзяўчат на ўзор Смольнага ін-та.
У пачатку царавання Аляксандра II на Беларусі адкрыты новыя гімназіі, пашырылася пач. адукацыя, у т. л. для сялян. Пры гімназіях адкрываліся агранамічныя, землямерныя, каморніцка-таксатарскія класы. У 1835 адкрыты Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя навуч.ваен. ўстанова закрытага тыпу, у 1840 — Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 — інстытут).
У 1860—90-я г. пануючае месца ў сістэме адукацыі Беларусі займала пач. школа, якая ўключала нар. вучылішчы, царк.-прыходскія школы і школы граматы, у гарадах прыходскія пав. і гар. вучылішчы. Ва ўсіх губ. цэнтрах, а таксама ў Брэсце, Гомелі і Слуцку дзейнічалі мужч. гімназіі, у Бабруйску, Мазыры — прагімназіі. Рэальныя вучылішчы меліся ў Мінску, Магілёве, Пінску. Пад уплывам сац. змен у 2-й пал. 19 ст. пашырылася сетка жан.навуч. устаноў, у большасці прыватных. Да канца стагоддзя яны з’явіліся ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Слоніме, Слуцку. Дзяўчынак сталі прымаць у нар. вучылішчы нароўні з хлопчыкамі, у Гомелі адкрылася жан. гімназія.
Настаўнікаў для пач. школ рыхтавалі ў настаўніцкіх семінарыях: Маладзечанскай (1-я ў Расіі, засн. ў 1864), Полацкай (1872), Нясвіжскай (1875) і Свіслацкай (1876).
У 1905 на Беларусі было 10 мужч. і 12 жан. гімназій, камерцыйнае, 5 рэальных вучылішчаў, прагімназія (мужчынская), 16 мужч. і 47 жан. прыватных навуч. устаноў. З 1905 па 1914 колькасць пач. (народных) вучылішчаў значна павялічылася.
Развіццё капіталіст. адносін запатрабавала ўдасканалення прафес.-тэхн. адукацыі. Да пач. 20 ст. сетка сярэдняй і ніжэйшай спец. і прафес.-тэхн. адукацыі складалася з сярэдніх і ніжэйшых вучылішчаў, рамесных вучылішчаў і школ, настаўніцкіх і духоўных семінарый. Асобнае месца ў сістэме прафес.тэхн. адукацыі займалі сярэднія спец.навуч. ўстановы — фельчарскія школы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Пры адсутнасці на тэр. Беларусі ВНУ яны з’яўляліся мясц. цэнтрамі падрыхтоўкі кадраў спецыялістаў.
Навука. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі дало імпульс развіццю гуманіт.навук. Пачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэр. і духоўнай культуры бел. этнасу, абумоўленае паліт. і эканам. інтарэсамі рас. улад. У канцы 18 і пач. 19 ст. з’явіліся першыя навук. публікацыі пра Беларусь рас. акадэмікаў І.І.Ляпёхіна і В.М.Севергіна, апублікаваны вынікі дзейнасці дзярж. устаноў, якія ажыццяўлялі Ген. межаванне зямельнага фонду Беларусі. Працы ў галіне беларусазнаўства выдалі польск. даследчыкі (Л.Галамбёўскі, А.Глінскі), рас. навукоўцы (І.Снегіроў, А.Афанасьеў, І.Кірэеўскі), еўрап. славісты (П.Шафарык).
Пачалі руплівую працу па збіранні і сістэматызацыі гіст.-этнагр., філал., фалькл. матэрыялу і прадстаўнікі самой Беларусі. Вынікам сталі гіст. даследаванні праф. Віленскага ун-та І.Даніловіча, І.Анацэвіча, М.Баброўскага. У 1-й трэці 19 ст. ў віленскім і пецярбургскім перыяд. друку з’явіліся публікацыі бел. даследчыкаў М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага, К.Фалютынскага і інш. У 1840—50-я г. выйшлі ў свет грунтоўныя працы А.Рыпінскага, Я.Чачота, Р.Зянькевіча, Я.Тышкевіча, П.Шпілеўскага, Л.Паўлоўскай, І.Насовіча. У 2-й пал. 19 ст. з узнікненнем Паўн.-Зах. аддзялення Рус.геагр.т-ва вывучэнне Беларусі набыло дадатковы імпульс. У 1880—90-я г. ў айч. этнаграфіі з’явіўся шэраг фундаментальных работ, выкананых на высокім навук. і метадычным узроўні: І.Насовіча, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, М.Янчука, А.Багдановіча.
Навук. асяродкі і калектывы ў 1-й трэці 19 ст. канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це. Тут у розныя часы выкладалі такія вядомыя вучоныя, як астраном Я.Снядэцкі і яго брат, натураліст А.Снядэцкі, медыкі І.Франк і Г.Балнус, гісторыкі І.Анацэвіч, І.Лялевель, багаслоў М.Баброўскі, гісторык права І.Даніловіч і інш. Пры ун-це працавалі мед., ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, навуковы калектыў аднаго з багацейшых у Еўропе батанічнага саду, заалагічны музей, багатая б-ка, клінікі і аптэка.
Літаратура. Асновай духоўнага нац.-культ. развіцця беларусаў з’яўляўся найбагацейшы фальклор і гісторыя краю, а маст. апрацоўка вуснай нар. творчасці садзейнічала зараджэнню новай бел.літ. мовы і станаўленню нац. л-ры. Ля вытокаў бел. л-ры стаялі А.Міцкевіч, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, А.Вярыга-Дарэўскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, Т.Лада-Заблоцкі. Выдатную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас па Парнасе». У 2-й пал. 19 ст. пачала развівацца грамадз. і публіцыст. лірыка (Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч), паглыблялася асваенне сатыр. жанраў (А.Абуховіч, Ф.Тапчэўскі). Важную ролю ў развіцці лірычна-філас. кірунку ў паэзіі адыграў Я.Лучына. Закладзены асновы нац. школы перакладу (А.Гурыновіч, Я.Лучына, З.Трашчкоўская). Гал. тэмамі бел. л-ры пач. 20 ст. былі сац. і нац. вызваленне, барацьба супраць самадзяржаўя, адраджэнне Бацькаўшчыны і роднай мовы, сцвярджэнне чалавечай годнасці, правоў народа на вольнае гіст. развіццё. У гэты бурны час бліскуча раскрыўся талент Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі (А.Пашкевіч), М.Багдановіча, А.Гаруна, Ц.Гартнага, З.Бядулі, К.Буйло, Я.Журбы, С.Палуяна і інш.
Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асабліва л-ры адыграла з’яўленне газет і часопісаў на бел. мове. У 1906 у Вільні выдаваліся газ. «Наша доля», у 1906—15 — «Наша ніва», у 1912—14 — часопісы «Маладая Беларусь», «Крапіва», «Лучынка»; у Петраградзе — «Раніца», «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Дзякуючы рэвалюцыі 1905—07 атрымала права на легальнае існаванне і кнігадрукаванне на бел. мове. У Вільні рэдакцыяй газ. «Наша ніва» заснавана выд-ва «Наша хата», у 1906—14 дзейнічалі выд-вы «Мінчук», «Палачанін», «Саха», «Вясёлка». Найб. ўклад у развіццё бел. кнігадрукавання зрабіла суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванае ў 1906 у Пецярбургу.
Музычнае і сцэнічнае мастацтва ў 19 ст. было неад’емнай часткай свецкага жыцця і гар. культуры. Папулярнымі былі публічныя відовішчы на патрэбы дабрачыннасці. У канцы 18 і 1-й трэці 19 ст.прафес. тэатр на Беларусі прадстаўлялі оперныя і драм. трупы, капэлы, аркестры, якія ўтрымлівалі магнаты і высокапастаўленыя царскія чыноўнікі. Еўрап. вядомасць мелі прыватныя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Пры тэатрах існавалі балетныя і інш. школы. Да сярэдзіны 19 ст. тэатры такога тыпу на Беларусі зніклі, пачасціліся гастролі рус., польскіх і ўкр. калектываў, пад уплывам якіх у 1840—50-я г. нараджаўся бел.нац.тэатр. Ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад В.Дуніна-Марцінкевіча і гуртка блізкай да яго бел. і польскай інтэлігенцыі. У 1852 у мінскім гар. тэатры пастаўлена камічная опера «Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. У гэты перыяд здзейснены пастаноўкі твораў гэтых жа кампазітараў «Каспер Хаўзер», «Латарэя», «Канторшчыкі», «Рэкруцкі набор».
Рэпрэсіі пасля паўстання 1863—64 цяжка адбіліся на тэатр. мастацтве. Былі забаронены сцэнічныя пастаноўкі на польскай мове. У такіх абставінах новае развіццё атрымала аматарскае тэатр. мастацтва, якое мела выразна дэмакр. кірунак.
Уздым вызв. руху ў пач. 20 ст. актывізаваў і культ. жыццё. Пачалі дзейнічаць нар. тэатры ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і г.д. Інтэлігенцыя ў гарадах і мястэчках наладжвала «беларускія вечарынкі», на якіх выконваліся бел.нар. песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, ставіліся п’есы бел., укр. і рус. аўтараў. У гэты час узнік маст. калектыў пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага. Ён згуртаваў вакол сябе таленавітых спевакоў, танцораў, музыкантаў, дэкламатараў і ў 1907 стварыў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр.
У развіцці бел. выяўленчага мастацтва ў 1-й пал. 19 ст.вял. ролю адыграла Віленская школа жывапісу, якая за 25 гадоў сваёй дзейнасці падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў і скульптараў. Для выяўл. мастацтва гэтага перыяду характэрна хуткае развіццё партрэтнага жанру, звязанае з імёнамі мастакоў В.Ваньковіча, К.Рыпінскага, І.Хруцкага і інш. Адным з найб. вядомых партрэтыстаў быў І.Аляшкевіч. Значнай фігурай у жывапісе быў Я.Дамель, які ў сваіх палотнах імкнуўся адлюстраваць кульмінацыйныя моманты гіст. развіцця краіны. На яго творах выхоўваліся бел. мастакі: Я.Сухадольскі, А.Шэмеш, К.Рыпінскі, Ю.Карчэўскі. У пейзажным жанры найб. ярка раскрыўся талент В.Дмахоўскага.
Закрыццё Віленскага ун-та адмоўна адбілася на маст. жыцці Беларусі, пачаўся адток таленавітых мастакоў у Пецярбург, Маскву і за мяжу. Толькі ў 1886 заснавана Віленская рысавальная школа, якая давала першапачатковую маст. адукацыю і рыхтавала выкладчыкаў для мясц. гімназій.
У 1870-я г.бел. жывапісец К.Альхімовіч стварыў шэраг палотнаў на гіст. тэмы. Да гіст. сюжэтаў, асабліва гісторыі ВКЛ, звяртаўся і Ф.Дмахоўскі. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі развіццё пейзаж (А.Гараўскі), партрэтны жывапіс (Н.Сілівановіч). Пачаў развівацца графічны жанр (Р.Гаўрылаў, С.Кудраўцаў, П.Баркоўскі). Бел. мастакі-графікі ў сваёй большасці былі выхадцамі з сялян і бедных пластоў гар. насельніцтва, што адбілася ў асн. сюжэтах. Прыкметны след у бел.выяўл. мастацтве пакінуў Дз.Струкаў. Жыццё бел. народа, краявіды гарадоў, помнікі архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў творах Э.Паўловіча і М.Кулеша.
Фарміраванню маст. культуры ў гэты перыяд спрыяла збіральніцкая дзейнасць бел. мецэнатаў, якія не толькі падтрымлівалі мастакоў, але і фарміравалі маст. калекцыі. У маёнтках Пуслоўскіх у Слоніме, графа Храптовіча ў Шчорсах, графа Тышкевіча ў Лагойску, Слізеня ў Бортніках (каля Навагрудка) былі вял. зборы жывапісу, скульптуры і графікі.
У 1890-я г. ўзніклі прыватныя маст. школы — Ю.Пэна ў Віцебску, Я.Кацэнбогена ў Мінску, наладжваліся маст. выстаўкі ў Віцебску (1890), Мінску (1891). Пачало дзейнасць новае пакаленне мастакоў — Ю.Пэн, Я.Кругер, Ф.Рушчыц, У.Бялыніцкі-Біруля і інш.
Канфесіянальная палітыка. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ, якія адышлі да Рас. імперыі, пражывала каля 39% уніятаў, 38% рыма-католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных, 4% старавераў, 2,5% пратэстантаў, мусульман і караімаў. На далучаных землях царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Але замест панаваўшага каталіцтва ён імкнуўся зацвердзіць пануючае ў Рас. імперыі праваслаўе. Палітыка Рас. імперыі, скіраваная на ўмяшанне свецкай улады ў справы царквы з мэтай ператварэння царк. структуры ў разнавіднасць дзярж. апарату, стала распаўсюджвацца і на тэр.бел.-літ. губерняў. Адбывалася гэта шляхам стварэння сеткі прыходаў, набліжэння межаў епархій да межаў губерняў, падпарадкавання царк. структур духоўным праўленням і кансісторыям. Праваслаўныя і стараверы былі падпарадкаваны Свяцейшаму Урадаваму Сіноду, а ўсе астатнія (у канчатковым выніку) — Дэпартаменту духоўных спраў замежных веравызнанняў Мін-ваўнутр. спраў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на тэр.ўсх. Беларусі працягвалі сваю дзейнасць Полацкае уніяцкае архіепіскапства і Магілёўская (Бел.) правасл. епархія. Паколькі рымска-каталіцкія парафіі гэтай тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віленскага каталіцкага біскупства (цэнтр якога заставаўся па-за межамі імперыі), то для іх у 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, а ў 1782 — Магілёўскае архібіскупства.
З далучэннем у 1793 новых тэрыторый заснавана Мінская правасл. епархія, а пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 — Інфлянцкая (на месцы Віленскай) і Пінская каталіцкія епархіі. У 1798 замест іх на тэр. Міншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны ўтвораны новыя Мінская і Віленская каталіцкія епархіі. У тым жа годзе на тэр. Мінскай і Літоўскай губ. створана Брэсцкае уніяцкае епіскапства. У 1810 тэр. структура уніяцкай царквы набыла наступны выгляд: мітрапаліцкая з цэнтрам у Вільні, архіепіскапская — у Полацку і епіскапская — у Брэсце.
Адносіны паміж найбольшымі хрысціянскімі канфесіямі (правасл., уніяцкай, рыма-каталіцкай) на бел. землях былі складаныя. У 1780-я г. ўлады дазволілі правасл. святарам займаць месцы ва уніяцкіх прыходах, што было скарыстана для схілення уніятаў у праваслаўе, асабліва ў прыходах, дзе ўладальнікамі сталі рускія памешчыкі. 22.4.1794 Кацярына II выдала ўказ аб ліквідацыі перашкод да вяртання уніятаў у правасл. веру. У 1795 у Магілёўскай правасл. епархіі да праваслаўя далучана 105 уніяцкіх цэркваў з 34 святарамі і амаль 120 тыс. прыхаджан, у 1795—96 у Мінскай епархіі праваслаўнымі сталі 124 уніяцкія царквы, 39 капліц, 15 святароў і каля 85 тыс. прыхаджан.
Духоўная ўлада над уніяцкай царквой практычна была перададзена ў рукі рымска-каталіцкага мітрапаліта С.Богуша-Сестранцэвіча, што прывяло да масавых пераходаў уніятаў у каталіцтва. Гэтаму садзейнічалі і памешчыкі-католікі. У 1803 у Полацкай уніяцкай епархіі перайшло ў каталіцтва каля 100 тыс. (па іншых звестках, каля 200 тыс.) уніятаў, у Дзісенскім і Вілейскім пав. Мінскай губ. — каля 20 тыс.і г.д. Рэскрыптам ад 4.7.1803 Аляксандр I забараніў пераходы ў каталіцтва. Шматлікія паўторы гэтых забарон сведчылі пра невялікую іх эфектыўнасць. 8.8.1810 выдадзены ўказ аб тэрміне даўнасці для тых, хто пакінуў уніяцтва.
Рэлігійная спецыфіка ў бел.-літ. губернях заключалася ў тым, што ўсё каталіцкае, мусульманскае, кальвінісцкае, частка уніяцкага і правасл. духавенства належала да дваранскага саслоўя і карысталася яго правамі. Сярод вышэйшага каталіцкага і уніяцкага духавенства былі прадстаўнікі магнатаў і буйной шляхты (І.Масальскі, Ю.Касакоўскі, І.Булгак). Астатняя частка прыходскага уніяцкага, правасл. і лютэранскага духавенства належала да духоўнага саслоўя, якое ў гэты перыяд канчаткова сфарміравалася як прывілеяванае і даволі закрытае. Апошняе найперш тычылася правасл. і уніяцкіх святароў, бо свае прыходы яны атрымлівалі ў спадчыну ад бацькі да сына або дзякуючы шлюбу з дачкой свяшчэнніка.
Міжканфесіянальныя адносіны выяўляліся ў распаўсюджанасці на тэр. Беларусі змешаных шлюбаў і цесна звязаных з імі пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае. З 1777 рус. чыноўнікам, якія прыязджалі на службу ў новыя губерні, дазвалялася браць змешаныя шлюбы толькі з дазволу Св. Сінода, паводле якога дзеці ад такіх шлюбаў павінны былі выхоўвацца выключна ў правасл. веры. «Спакушэнне» ў нехрысціянскае веравызнанне каралася пазбаўленнем усіх правоў, маёмасці і катаржнымі работамі тэрмінам ад 8 да 10 гадоў. Толькі пануючай канфесіі дазвалялася права агітаваць да пераходу.
У канцы 1827—пач. 1828 з’явіўся праект скасавання уніяцкай царквы. Асн. яго ідэямі былі: адрыў уніятаў ад уплыву каталіцтва шляхам скасавання часткі базыльянскіх кляштараў, стварэнне асобнай грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, адкрыццё новых навуч. устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у правасл. традыцыях. Указам ад 28.4.1828 заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія. Адначасова замест 4 уніяцкіх епархій ствараліся 2 — Бел. і Літоўская. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў на вучобу ў Рым і Гал. каталіцкую семінарыю ў Вільні; тыя, хто там ужо вучыліся, былі адкліканы.
За ўдзел базыльянскіх манахаў у паўстанні 1830—31 2/3 іх кляштараў былі ліквідаваны, адначасова скасоўвалася ўлада правінцыялаў ордэна. Урад дазволіў манахам скасаваных кляштараў, якія раней былі католікамі, вярнуцца ў каталіцызм. Да 1836 з ордэна адышло каля 200 базыльян.
Наступным крокам было стварэнне ў 1836 Сакрэтнага к-та па уніяцкіх справах. Пасля смерці ў 1838 уніяцкага мітрапаліта І.Булгака, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі, грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І.Сямашка, які сумесна з епіскапамі В.Лужынскім і А.Зубко падтрымалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12.2.1839 у Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства падпісаны Саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Пастанова Св. Сінода была зацверджана Мікалаем I. У выніку канфесіянальнай палітыкі канца 18—1-й пал. 19 ст. большая частка насельніцтва Беларусі стала праваслаўнай. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 2645,7 тыс. праваслаўных (разам са стараверамі), 1333,8 тыс. католікаў, 10,8 тыс. пратэстантаў, 463,2 тыс. іудзеяў, 3,7 тыс. мусульман.
У мэтах замацавання правасл. веры было вырашана адрадзіць брацкі рух. У 1864 зацверджаны асн. правілы для заснавання правасл. царкоўных брацтваў, найб. вядомыя з іх брацтвы ў Полацку, Магілёве, Віцебску. Правасл. манастыры садзейнічалі аднаўленню брацтваў, стварэнню брацкіх школ, вялі выдавецкую дзейнасць, адчынялі прытулкі і багадзельні.
Для ўзмацнення пазіцый правасл. царквы ў бел.-літ. губернях хуткімі тэмпамі будаваліся і рамантаваліся правасл. храмы, пераводзіліся з унутр. губерняў святары. Для правасл. цэркваў прыстасоўвалі зачыненыя пасля паўстання 1863—64 касцёлы. За некалькі гадоў пасля паўстання ў Літоўскай епархіі (ахоплівала Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губ.) праваслаўнымі сталі 30 тыс. католікаў, у Мінскай епархіі — адпаведна 37 тыс. Паводле перапісу 1897 колькасць правасл. і аднаверцаў складала 60% ад агульнай колькасці насельніцтва 5 губерняў (па 35 бел. паветах — 70,8%).
Каталіцкая царква ў адрозненне ад правасл. страчвала свой уплыў на Беларусі. У час паўстання 1863—64 большасць каталіцкага духавенства апынулася на баку паўстанцаў. За гэта ўрад павёў на Беларусі мэтанакіраваную і жорсткую лінію ў адносінах да каталіцкай царквы. За ўдзел у паўстанні на Літве і Беларусі 8 каталіцкіх святароў былі пакараны смерцю, прычым кожны другі — толькі за чытанне рэв. маніфеста. Дзесяткі ксяндзоў сасланы ў Сібір або ва ўнутр. губерні Расіі, пазбаўлены сану, панеслі інш. пакаранні. Закрываліся касцёлы і кляштары. За 1864—67 у Віленскай і Гродзенскай губ. іх скасавана 140. З мэтай паслаблення ўплыву каталіцкіх святароў на бел. народ быў распрацаваны план «распалячвання касцёла», сутнасць якога зводзілася да ўжывання ў каталіцкіх касцёлах бел. губерняў рус. мовы замест польскай.
У 1860—70-я г. ўрад дазволіў прыхільнікам т.зв. «менш шкодных» сектаў, у т. л. стараверам (стараабраднікам) ствараць школы граматы, пасылаць дзяцей у агульныя навуч. ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага, чыніць грамадскую малітву, выконваць адправы і набажэнствы па сваіх абрадах. Відаць, гэтым пераменам садзейнічалі не толькі агульныя абставіны правядзення бурж. рэформ, але і адносіны старавераў да паўстання 1863, якія выявіліся ў падтрымцы царскага ўрада. Паводле ўказа ад 3.5.1863 члены ўсіх «стараверскіх» сектаў, акрамя скапцоў, атрымлівалі пашпарты і маглі перамяшчацца ўнутры Рас. імперыі на агульных умовах. Ім дазвалялася займацца гандлем і промысламі, займаць службовыя пасады і г.д.
У пач. 1860-х г. у 5 губернях пражывала 19 951 чал. пратэстанцкага веравызнання. Найб. іх колькасць (гал. чынам лютэран) знаходзілася ў Віцебскай губ. У 1860—90-я г. колькасць пратэстантаў на Беларусі павялічылася, узнікла некалькі іх новых плыней. У 1870-я г. ў Гомельскім пав. выяўлены штундысты, у 1880-я г. яны з’явіліся ў Рагачоўскім пав., Віцебскай губ. і інш. У 1894 штундызм аб’яўлены ў Рас. імперыі па-за законам, ён пайшоў на спад і з цягам часу зліўся з баптызмам. Баптысцкія абшчыны былі заснаваны на Гомельшчыне, у Слуцкім і Пінскім пав., пазней — у Мінску, Віцебскай губ. Крыху пазней на Беларусі з’явілася евангелічнае хрысціянства. У пач. 20 ст. на Беларусі пачало распаўсюджвацца адвентысцкае веравучэнне.
Даволі значную групу ў колькасных адносінах складалі іудзеі. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 463 217, паводле перапісу 1897—1 209 815 іудзеяў. Палітыка царызму ў бел. краі наклала адбітак і на яўр. насельніцтва. Ім забаранялася насіць яўр. адзенне, у яўр.навуч. установах уводзілася абавязковае вывучэнне рус. мовы. Нягледзячы на насцярожаныя адносіны да гэтага з боку меламедаў і трымальнікаў хедэраў, цяга яўр. насельніцтва да ўспрыняцця рус. мовы і культуры была вялікая. Яўр. абшчыны стваралі школы рус. граматы, арганізоўвалі прыватнае вывучэнне рус. мовы для дзяцей, час ад часу рус. мова гучала і ў сінагогах. Яўр. адукацыя набывала ўсё больш свецкі характар, моладзь імкнулася вучыцца ў гімназіях, ун-тах, адыходзіла ад рэлігіі сваіх продкаў. Яўр. пагромы, якія пракаціліся па імперыі ў пач. 1880-х г., вымусілі многіх змяніць свае погляды. Нават тыя, хто раней выступаў за брацтва народаў, пачалі пісаць і гаварыць аб тым, што «трэба заставацца яўрэямі».
У пач. 1860-х г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пражывала 6196 татараў-мусульман, у 1897—13 877 чал. Адносіны ўлад да іх былі лаяльныя. Паводле заканадаўства Рас. імперыі духоўныя асобы мусульман і мячэці ўтрымліваліся на сродкі саміх прыхаджан. Сярод татараў-мусульман пэўны час захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання польскай мовы як больш «сацыяльна прэстыжнай». З сярэдзіны 19 ст. яна пачала выцясняцца рускай.
17(29).4.1905 у Рас. імперыі прыняты ўказ, паводле якога праваслаўным дазвалялася пераходзіць у інш. хрысціянскія веравызнанні, што і было скарыстана многімі вернікамі. Паводле звестак Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, у 1905—09 з праваслаўя ў каталіцтва ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Люблінскай, Сядлецкай і Сувалкаўскай губ. перайшлі 211 566 чал. (30 862 сям’і). 18.8.1905 Мін-ваўнутр. спраў выдала часовыя правілы пераходу з правасл. веравызнання ў інш. хрысціянскае і вяртання з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і гал. — з праваслаўя), гэты ўказ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыд. норм, дзярж. законы, як і раней, лічылі правасл. веру «первенствующей и господствующей».
Нацыятворчыя працэсы. Першую фазу працэсу фарміравання бел. нацыі можна аднесці на пач. 19 ст., калі абуджалася цікавасць да гіст. культуры мясц. этналінгвістычных супольнасцей. У той час, калі Варшава страчвала моц дзярж. ўплыву на Беларусь, а Пецярбург такую моц у адносінах да яе яшчэ толькі набіраў, у асяроддзі шляхты ўмацоўваліся настроі і пачуцці «мясцовага» патрыятызму.
Праявай такога патрыятызму стала захапленне фальклорам, мовай, звычаямі і традыцыямі простага народа. З часам многія прыхільнікі і шукальнікі нар. песень пераходзілі да самаст. творчасці, выкарыстоўваючы нар. сюжэты, стыль і мову. Імкненне да сур’ёзнага іх вывучэння было асновай дзейнасці і творчасці пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў Я.Баршчэўскага, В.Рэута, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Я.Чачота, А.Кіркора, П.Шпілеўскага і інш. Зварот да фалькл. спадчыны быў важным крокам на шляху сцвярджэння нац. самасвядомасці, усведамлення свайго гіст. аблічча, месца ў свеце.
На гэтай фазе «культурнага накаплення», «залатога часу» лексікографаў, граматыкаў, філолагаў і літаратараў бел. мова стала гал. элементам нац. ідэнтычнасці, а нац. ідэя найперш грунтавалася на сцверджаннях пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры, на імкненні спраецыраваць існаваўшыя этнакультурныя межы як мага глыбей у мінулае, ідэнтыфікаваць продкаў са славутымі народамі, вядомымі па старажытных пісьмовых і фалькл. крыніцах.
Моўны крытэрый быў пакладзены і ў аснову вызначэння этнічных межаў рассялення беларусаў. Першая спроба ў гэтым належыць чэшскаму славісту П.Шафарыку. Выкарыстаўшы матэрыялы П.Кепена, А.Бадзянскага, З.Даленгі-Хадакоўскага, а таксама свае асабістыя веды, ён склаў карту рассялення слав. народаў. У тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў ён уключаў Мінскую і Магілёўскую губ. (цалкам), большую частку Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленскую губ. Усяго на гэтых абшарах на той час пражывала 2726 тыс. беларусаў, з якіх 2376 тыс. (87,2%) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8%) католікамі. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да г. Люцын, уключаючы Невельскі, Веліжскі, Себежскі пав.; на захадзе — за Беласток, да г. Бельск. Недахоп звестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладную мяжу бел. этнасу на ўсходзе, поўдні і паўн. захадзе, таму на гэтых напрамках яна была праведзена па былых граніцах ВКЛ.
У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пачалі складвацца эканам. перадумовы фарміравання бел. нацыі: працэсы урбанізацыі, фарміраванне рынку і сеткі дарог. У 2-й пал. 19 ст. нацыятворчыя працэсы развіваліся ў яшчэ больш цеснай сувязі з сур’ёзнымі трансфармацыямі эканам. жыцця. Стварэнне чыг. сеткі, рост гандлю, пашырэнне рыначных адносін, узмацненне сац. мабільнасці, развіццё сродкаў камунікацыі актывізавалі працэсы этнакультурнай кансалідацыі. Калі канец 18—1-я пал. 19 ст. толькі стваралі эканам. ўмовы фарміравання бел. нацыі, то 2-я пал. 19 ст. забяспечыла эканам. глебу для яе станаўлення, а пач. 20 ст. выканаў ролю эканам. складаючай нац. дзяржаўнасці.
Рынак не толькі аб’ядноўваў эканам. намаганні асобных індывідаў, ён ставіў іх перад неабходнасцю засваення «высокай» (пісьмовай) культуры на агульнанац. мове. Але ў часы, калі «высокая» беларускамоўная культура толькі нараджалася, ролю моўнага інтэгратара мясц. соцыуму ў значнай ступені бралі на сябе рус. альбо польская мовы. Гэта сур’ёзна дэфармавала працэс кансалідацыі бел. этнасу ў нацыю, было прычынай асіміляцыйных тэндэнцый. Важныя сац. наступствы мела нараджэнне фабр.-заводскай прам-сці і чыг. сістэмы, фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі, у т. л. і яго эліты — прадпрымальнікаў. Пры гэтым на Беларусі названыя сац. пласты рэкрутаваліся пераважна з небел. паводле этнічнай ідэнтыфікацыі асяроддзя і з’яўляліся хутчэй апанентамі, чым удзельнікамі працэсу фарміравання бел. нацыі. Адсутнасць дзярж., мытных і нават адм. межаў паміж бел. этнічнай тэрыторыяй і суседнімі рэгіёнамі мела вынікам тое, што інтэграцыя соцыуму рынкам адбывалася ў больш шырокіх межах, яна хутчэй размывала, чым выяўляла тэр. і сацыякультурныя характарыстыкі бел. нацыі.
Усе гэтыя працэсы прывялі да актывізацыі нац. руху. Разам з тым ён набываў больш папулісцкі характар, што было выклікана рэакцыяй ніжэйшых пластоў насельніцтва на рэаліі мадэрнізацыі развіцця капіталіст. адносін. Бел.нац. рух набываў форму лідэрства інтэлектуалаў, якія імкнуліся ўзрушыць сілы народа і скіраваць іх на падтрымку нац. ідэі.
У 2-й пал. 1850-х г., у час грамадскага абуджэння ў Рас. імперыі, назіралася далейшае развіццё бел. нац.-культ. руху сярод інтэлігенцыі Вільні, Мінска, Віцебска (гурткі А.Кіркора, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага). Захапленне элітай бел. народнай культурай і мовай атрымала саркастычную назву «хлапаманія». Бел.нац. пытанне — у сувязі с польскім, літоўскім, украінскім — ставілася на сходках зямляцтваў і гурткоў рэв. моладзі. Падаўленне паўстання 1863—64 і масавыя рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў, жорсткі рэжым выключных законаў надоўга затрымалі развіццё нац. руху. На мяжы 1870—80-х г. у вышэйшых установах Пецярбурга і інш. гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэв.-дэмакр. і ліберальнага кірункаў (напр., асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок»). Яны падпольна выдалі шэраг публіцыст. твораў, дзе абвяшчалі існаванне беларусаў як «асобнай галіны славянскага племені».
У 1891 Ф.Багушэвіч у прадмове да зб. «Дудка беларуская» сфармуляваў бел.нац. ідэю, якая грунтавалася на гіст. традыцыі ВКЛ і асэнсаванні бел. мовы як вызначальнага індыкатара бел. нацыі. У канцы 1890-х г. сярод навучэнцаў Мінска па ініцыятыве А. і І. Луцкевічаў утварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі бел.нац. пытання. У 1902 В.Іваноўскі і браты Луцкевічы заснавалі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» ў Пецярбургу. Зімой 1902—03 на аснове нац.-культ. гурткоў бел. моладзі Мінска, Вільні, Пецярбурга ўтворана Бел.сацыяліст. грамада (І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч, К.Кастравіцкі, А.Бурбіс, В.Іваноўскі, Ф.Умястоўскі). Легальным органам БСГ стала газ. «Наша доля», якая пачала друкавацца ў Вільні з вер. 1906 кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў), але яна была забаронена ўладамі ў студз. 1907. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць газ. «Наша ніва», якая амаль дзесяцігоддзе з’яўлялася паліт. і культ. цэнтрам нацыятворчага працэсу. Важную ролю ў развіцці бел. нац.-культ. руху адыграла дзейнасць кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванай у маі 1906 у Пецярбургу па ініцыятыве Б.І.Эпімах-Шыпілы.
Менавіта вакол БСГ, «Нашай нівы» і бел. выдавецтваў гуртаваліся нац. свядомыя бел. сілы. Ідэя дзяржаўнасці Беларусі як гарантыі вольнага развіцця народа, яго культуры стымулявала творчасць вядучых культ. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Лёсіка, А.Гаруна, В.Ластоўскага. Важны ўклад у вывучэнне нар. культуры і мовы зрабілі Е.Раманаў, Я.Карскі, М.Нікіфароўскі, М.Доўнар-Запольскі. Паступова і мэтанакіравана намаганнямі бел. інтэлігенцыі стваралася навук. беларусазнаўства.
Бел. нац. ідэя вызначала і культ.-асветніцкую дзейнасць інтэлігенцыі, якая актывізавалася пасля рэвалюцыі 1905—07. Дзякуючы яе намаганням з’явіўся бел. тэатр і друк. У 1908—14 дзейнічала 6 бел. выд-ваў, выйшлі ў свет 77 бел. кніжак агульным тыражом 600. У пач. 20 ст. з’явілася значная колькасць тэкстаў, якія ствараюць канон нац. культуры, і было пабудавана ўласнае бачанне гісторыі народа.
Такім чынам, на мяжы 19 — пач. 20 ст. практычна склаўся ўвесь «будаўнічы набор» бел. нацыі. Але некат. яго элементы пакуль толькі пазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выяўляючы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную сілу. Сваю ролю тут адыгралі палітызацыя канфесіянальных падзелаў (праваслаўя і каталіцтва), канфлікт буйных паліт. сіл — польскага і рас. нацыяналізму. Прычым за апошнім стаяла моц Рас. імперыі, для якой фарміраванне бел. (як і ўкр.) нацыі было крайне непажаданым, бо ставіла пад пагрозу адзінства яе этнакульт. ядра. Да таго ж этнічныя і культ. характарыстыкі беларусаў нярэдка станавіліся аб’ектам дыскусій нац. актывістаў. Усё гэта ўскладняла працэс ідэнтыфікацыі лакальнай супольнасці.
На мяжы 19—20 ст.бел.нац. ідэя канкурыравала з канцэпцыямі «заходнерусізму» і «краёвасці», кожная з якіх стварыла сваю іерархію ідэнтычнасцей і каштоўнасцей. Сутнасць заходнерусізму вызначаецца словамі М.Каяловіча: «Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцця; даўно ён існуе, і, безумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ... Бязглузда было б нам дзяліцца на племянныя групы. А тым больш праводзіць гэты падзел у народ». Сутнасным элементам гэтай канцэпцыі з’яўлялася таксама ўпэўненасць у тым, што паліт. незалежнасць Беларусі — гэта шкодная утопія.
Асн. пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя народы «Беларуска-літоўскага краю» ўтвараюць адзіную нацыю, да якой належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю незалежна ад сац. паходжання і культ. арыентацыі. З прапагандай краёвых поглядаў выступілі Р.Скірмунт, К.Скірмунт, М.Ромер і інш. Кіраўнікі бел. руху браты Луцкевічы і Ластоўскі прынялі гэтую ідэю і актыўна яе прапагандавалі. А.Луцкевіч спадзяваўся, што папулярызацыя ідэі паліт. нацыі на польскай і рус. мовах паспрыяе далучэнню да бел. руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў.
Адным з актаў краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 у акупіраванай немцамі Вільні Часовай рады Канфедэрацыі Вял. княства Літоўскага. Гэтая арг-цыя аб’ядноўвала дзеячаў розных нац.-культ. рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх) і радыкалізацыя бел. руху, якая адбылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917, знішчылі падмурак канфедэрацыі. БСГ, якая адрадзілася ў 1917, успрымала бел. этнас як сял.-рабочы, прадстаўнікам іншых колаў амаль немагчыма было заваяваць давер сацыялістаў. Аднак ідэя дзяржаўнасці гіст. Літвы яшчэ ў 1917 дамінавала ў бел. руху на захад ад лініі фронту. Такім чынам, на пач. 20 ст. ідэя паліт. нацыі не стала падмуркам бел. руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі.
Суіснаванне канфліктуючых уяўленняў аб гіст. лёсе бел. нацыі вызначала ў гэты перыяд логіку і тэмпы фарміравання нац. свядомасці, шырэй — нац. кансалідацыі. Паміж момантам, калі нацыя была «ўяўлена» прадстаўнікамі эліты, і момантам, калі адпаведная гэтаму нац. ідэнтычнасць зацвердзілася сярод супольнасці і атрымала паліт. афармленне, прайшоў пэўны час, што спарадзіла меркаванні асобных даследчыкаў аб «замаруджаным» развіцці бел. нацыі. Трэба адзначыць, што ў 2-й пал. 19 ст.бел. нацыяналізм толькі ўсталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс паліт. дзеяння ў барацьбе са старымі (рэліг. і дынастычны) і новымі (класавая барацьба) формамі паліт. дыскурсу. Толькі з часу падзей 1917 праблемы Беларусі як асобнай этнатэр. адзінкі («беларускае пытанне») выносяцца ў фокус грамадскай барацьбы. Менавіта гэты час стаў лёсавызначальным для нац.культ. ідэнтыфікацыі бел. этнасу і яго паліт.-дзярж. самавызначэння.
Літ.:
Бутурлин Д.П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Ч. 1—2. СПб., 1823—24;
Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Тройницкий А.П. Крепостное население России по X народной переписи. СПб., 1861;
Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867;
Gillez A. Historia Powstania Narodu Polskiego w 1861—1864 r. T. 1. Paryż, 1867;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Вержбовский Ф. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819—1823. Варшава, 1898;
Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. СПб., 1902;
Корф С.А. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов. СПб., 1906;
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914 гг.Мн., 1926;
Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XIX ст.Мн., 1958;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—07 гг.Мн., 1962;
Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. М., 1965;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века. Мн., 1966;
Яе ж. Города Белоруссии в первой половине XIX века: (Экон. развитие). Мн., 1981;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969;
Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1971;
Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е годы XIX века. Мн., 1971;
Бич М. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии 1883—1903. Мн., 1973;
Яго ж. Рабочее движение Белоруссии 1861—1904. Мн., 1983;
Дробов Л.М. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Бітва пры Клясціцах каля Полацка. Ліпень 1812. Мастак П.Гес.Каля Бярэзіны. Лістапад 1812 г. Гравюра 1-й чвэрці 19 ст.Беларуская вёска 19 — пач. 20 ст.Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту.Гомель. З гравюры 19 ст.Вадзяны млын на р. Лясная каля в. Клейнікі Брэсцкага раёна. Пач. 20 ст.Пінскі рачны порт. Гравюра 19 ст.Мінск. З малюнка 19 ст.Новагародак. Малюнак Н.Орды. 1878.Будынак упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Пач. 20 ст.Прыбыццё цягніка на вакзал у Брэсце. Канец 19 ст.Будынак чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Пач. 20 ст.Лепель. Паштоўка з выявай шлюза Бярэзінскай воднай сістэмы. Пач. 20 ст.Мястэчка Глыбокае Пач. 20 ст.Адкрыццё аўтамабільнага руху ў Слуцку. Паштоўка. Пач. 20 ст.Т.Зан. Гравюра Р.Жукоўскага.А.Міцкевіч. Літаграфія. 1827.Спражка паўстанцаў 1830—31.Паўстанец 1831 з-над Нёмана. Тагачасная гравюра.Кастусь Каліноўскі. З карціны А.Гугеля і Р.Кудрэвіч 1958Э.Плятэр.Газета «Мужыцкая праўда». №1. 1862.«Ліст з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага. Аўтограф. 1864.Вокладка час. «Гоман». 1884.Выхад паўстанцаў з Гродна на зборны пункт. З карціны невядомага мастака. 1863.Маніфестацыя каля дома губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску 18.10.1905.Вызваленне палітычных вязняў з мінскай турмы 18.10.1905.Выступленне рабочых і салдат у Баранавічах у снежні 1905. Малюнак С.Раманава 1955.А.І.Каменскі. Мітынг. З серыі «Дух рэвалюцыянера».Навучанне ў царкоўнапрыходскай школе ў Мсціслаўскім павеце Канец 19 ст.І.Лялевель.Медаль «Перамога праваслаўя», прысвечаны скасаванню уніяцкай царквы. Аверс і рэверс. Медзь. 1839.Віленская інтэлігенцыя каля рэдакцыі газ. «Наша ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў 1950-х — СЯРЭДЗІНЕ 1980-х г.
Прамысловасць, транспарт, сувязь. У развіцці прамысловасці, транспарту і сувязі было шмат супярэчнасцей. З аднаго боку, назіраўся рост прамысл. вытворчасці на базе пашырэння капітальнага будаўніцтва, стварэння новых і расшырэння дзеючых прадпрыемстваў. Новы характар набывала сама вытворчасць, якая пераходзіла ад машынна-індустрыяльнага тыпу да навукова-індустрыяльнага. Навука станавілася непасрэдным удзельнікам комплексна-механізаванай і аўтаматызаванай вытворчасці. Уводзіліся ў дзеянне новыя буйныя прамысл. прадпрыемствы, у т. л.Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне, з-д аўтаматычных ліній у Мінску, 3 салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя, Гомельскі суперфасфатны, Мінскі маторны з-ды, Васілевіцкая і Бярозаўская ДРЭС, Магілёўскі шынны камбінат, з-д сінтэтычнага валакна ў Гродне, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Бел. металургічны з-д у Жлобіне, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш. Значныя вынікі дасягнуты ў павышэнні тэхн. ўзроўню вытворчасці — здаваліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спец. станкі і аўтаматы. Калі ў 1965 на прамысл. прадпрыемствах рэспублікі дзейнічала 2,7 тыс. паточных і механізаваных паточных і 189 аўтаматызаваных ліній, то ў 1985 іх колькасць вырасла адпаведна да 8131 і 1749. Новым кірункам у аўтаматызацыі вытворчасці з’явілася робататэхніка. У сярэдзіне 1980-х г.прамысл. робаты сталі выкарыстоўвацца на мінскіх заводах трактарным і «Тэрмапласт». Павышаная ўвага аддавалася развіццю тых галін прамысловасці, якія вызначалі навукова-тэхн. прагрэс (НТП). Адзначалася нарошчванне вытворчасці энергетычнай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі. Паскоранымі тэмпамі ішло развіццё прыборабудаўніцтва, электронікі і радыёэлектронікі, вытворчасці ЭВМ і аўтам. ліній, хім. і нафтахім. прамысловасці. Істотныя змены адбываліся і ў развіцці тых галін прамысловасці, якія выпускалі тавары нар. спажывання — лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дывановы камбінат у Брэсце, Гродзенская абутковая ф-ка, Бабруйскі гарбарны з-д, значна павялічаны магутнасці Мінскага камвольнага камбіната, Гродзенскай швейнай ф-кі, Магілёўскага з-да штучнага валакна і інш. У выніку да 1985 прадукцыя прамысловасці павялічылася ў параўнанні з 1970 больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3 раза, вытворчасць прадметаў спажывання — у 2,6 раза; валавы грамадскі прадукт вырас амаль у 2,5 раза, нац. даход — больш чым у 2,5 раза. Прыярытэтнымі ў рэспубліцы сталі энергетыка (вытворчасць электраэнергіі ў 1985 склала 33,2 млрд.кВт∙гадз), машынабудаванне (апераджальнымі тэмпамі развіваліся прыладабудаванне і радыёэлектроніка, выпуск прадукцыі якіх толькі ў 1985 павялічыўся больш чым у 1,9 раза), хімія і нафтахімія (яе прадукцыя павялічылася амаль у 3,5 раза), лёгкая, дрэваапрацоўчая, харчовая, мяса-малочная і інш. галіны.
Эфектыўнасць нар. гаспадаркі ў многім залежала ад зладжанай работы транспарту і дакладна наладжанай сувязі. Далейшае развіццё атрымалі чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, рачны і паветраны транспарт. Гал. цяжар перавозак прыпадаў на чыгунку. У 1-й пал. 1980-х г. на яе долю прыпадала 52% усяго грузаабароту і 40% пасаж. абароту. Будаўніцтва новых чыг. ліній у рэспубліцы не вялося з 1950-х г. Іх даўжыня і ў 1985 амаль не змянілася і складала 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км электрыфікаваных (першы электрыфікаваны ўчастак Мінск—Аляхновічы здадзены ў эксплуатацыю ў 1963). Рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхн. ўдасканалення чыгункі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытв. і кіраўніцкіх працэсаў. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыг. транспарце ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 3 разы, у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў. Усё большае значэнне набываў аўтамабільны транспарт. Грузаабарот яго ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту вырасла з 9,4% у 1960 да 18,5% у 1985. Удасканальваўся ўнутрыгарадскі транспарт. Побач з традыцыйнымі (трамвай, аўтобус, тралейбус) з’явіўся новы від сучаснага транспарту — метро. У 1984 у эксплуатацыю здадзена 1-я чарга Мінскага метрапалітэна. Для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваўся і рачны транспарт. У 1985 на яго долю прыпадала 2,4% грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам і выраслі ў 3 разы. У 1985 перавозкі пасажыраў авіятранспартам склалі больш за 1,8 млн. чалавек. Працягвалася будаўніцтва трубаправоднага транспарту. Уведзены ў дзеянне газаправоды Дашава—Мінск, Шчорс—Гомель, Таржок—Івацэвічы, адгалінаванне ад газаправода з Дашавы на Гродна; нафтаправод з Полацка на нафтабазы Віцебскай і Мінскай абл., па якім паступалі дызельнае паліва і бензін.
Пашыралася сетка тэлефоннай і радыёсувязі, тэлебачання. У 1985 у параўнанні з 1965 колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона павялічылася на 37% і дасягнула амаль 4,5 тыс. З 130,6 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў. З пач. 1970-х г. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжнар. тэлефонныя аўтаматы. За гэтыя гады больш як у 3 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, а тэлевізараў — амаль у 8 разоў. Радыёсувязь і тэлебачанне ўсё шырэй выкарыстоўваліся ў кіраўніцтве ўнутрызаводскімі працэсамі, у вучэбным працэсе, укараняліся аўтаматызаваныя сістэмы (АСК). Калі ў 1970 у рэспубліцы функцыянавалі 6 АСК, то ў 1985—330. Крок наперад зроблены і па тэлефанізацыі вёскі. Да 1975 практычна па ўсёй тэр. Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач.
Такім чынам, у прамысловасці, сувязі, на транспарце Беларусі адбыліся колькасныя і якасныя змены. На карце рэспублікі з’явіліся новыя прадпрыемствы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, адбылося тэхн. перааснашчэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў, павысілася якасць некаторых відаў прадукцыі. У 1960-я г. Беларусь удзельнічала больш чым у 200 міжнар. выстаўках і кірмашах, 30 вырабаў яе прамысл. прадпрыемстваў, н.-д. і канструктарскіх арг-цый былі адзначаны на іх 37 залатымі медалямі і ганаровымі дыпломамі. Залатымі прызамі, напр., былі адзначаны аўтасамазвалы БелАЗ-540 і БелАЗ-548, трактар «Беларусь-52», сіласаўборачныя камбайны з-да «Гомсельмаш», універсальная паўаўтаматычная прылада па мікразварцы і інш. вырабы, якія адпавядалі высокім патрабаванням сусв. стандартаў. Узаемнае азнаямленне на выстаўках з экспартна-імпартнымі партнёрамі садзейнічала расшырэнню колькасці прамысл. прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі, што выраблялі экспартную прадукцыю. Калі ў 1964 іх было 140, то ў 1970 — больш за 300, пры гэтым больш за 100 з’яўляліся галаўнымі ў СССР па вытворчасці адпаведных відаў вырабаў.
Нягледзячы на значны рост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці ў гэтыя гады, перавод прамысловасці на новы тэхн. ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. У шэрагу галін індустрыяльныя працэсы вельмі зацягваліся, а пераважным ва ўсіх галінах прамысловасці заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем адм.-каманднай сістэмы. Спробаў 1957 стварыць інш. сістэму кіравання нар. гаспадаркай і перайсці ад галіновага (праз міністэрствы) да тэр.-галіновага (праз саўнаргасы) метаду істотных змен не прынесла. На гэтай аснове адбылося некаторае аслабленне ўплыву цэнтра, што аблегчыла развіццё мясц. прамысловасці, але ўскладніла развіццё цяжкай, таму што саўнаргасная сістэма ўскладняла правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў прамысловасці і была прычынай парушэння гасп. сувязей паміж прадпрыемствамі асобных эканам. раёнаў. Камандныя метады кіраўніцтва перашкаджалі радыкальным пераўтварэнням у эканоміцы, а недастатковая ўвага да НТП з’яўлялася прычынай яе развіцця без уліку найноўшых дасягненняў навукі. У выніку сталі зніжацца сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва.
Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці, бясконцыя перабудовы і непрадуманыя рэарганізацыі выклікалі неабходнасць гасп. рэформы 1965, якая ў прамысловасці змяняла сістэму планавання, пашырала гасп. самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гасп. разліку; былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя крокі гасп. рэформы падавалі надзеі. 8-я пяцігодка (1966—70) па шэрагу важных эканам. паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі ў параўнальных цэнах павялічылася за пяцігодку на 19% пры плане 10%. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку рэспублікі ў 1966—70 склаў 10,8 млрд.руб., што было больш, чым за 2 папярэднія пяцігодкі, разам узятыя. За пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў дзеянне 18 буйных прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. электралямпавы з-д у Брэсце, маторарамонтны з-д у Гомелі, ф-ка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэтачны камбінат у Брэсце, бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне, малочныя з-ды ў Бабруйску і Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш. Але поспех пачатковага этапа эканам. рэформы быў непрацяглы. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а да пач. 1970-х г. фактычна перастала дзейнічаць. Рэформа была наборам супярэчлівых мер, бо немагчыма было, напр., спалучаць пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў і ўзмацненне паўнамоцтваў міністэрстваў і ведамстваў.
У 1970—80-я г. эканоміка Беларусі, як і ўсяго СССР, страціла былы дынамізм, нарасталі негатыўныя з’явы, якія сведчылі, што эканам. рэформа 1965 не дала жаданых вынікаў. Асабліва істотным у гэтых адносінах з’яўлялася адставанне тэмпаў паскарэння НТП і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. НТП закранаў не ўсе, а толькі асобныя галіны вытворчасці. У прамысловасці Беларусі за кошт навукова-тэхн. мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Штогод 5—7% прадпрыемстваў і аб’яднанняў не спраўляліся з планамі па рэалізацыі прадукцыі і прадукцыйнасці працы, амаль кожнае 6-е парушала дагаворную дысцыпліну. Усё гэта стрымлівала пераход прамысл. вытворчасці на якасна новае, інтэнсіўнае развіццё ўсіх яе галін. Не адбылося радыкальных змен у прамысловасці і ў выніку рэформы 1979, паводле якой дэкларавалася імкненне пакончыць з «валам», увесці такі паказчык, як нарматыўна чыстая прадукцыя. Рэформа не дала станоўчых вынікаў, таму што ажыццяўлялася ў рамках адм.-каманднай сістэмы, пры якой ігнараваліся таварна-грашовыя адносіны, закон вартасці, рыначныя адносіны, панавалі суб’ектывізм і валюнтарызм у эканоміцы. Гэтыя негатыўныя з’явы прывялі да рэзкага зніжэння тэмпаў эканам. росту, эканоміка БССР апынулася ў перадкрызісным стане (гл. табліцу).
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту, %
Паказчыкі
Гады
1970—75
1976—80
1981—85
Валавы грамадскі прадукт
8,3
5,5
5,0
Нацыянальны даход
8,3
5,2
5,6
Прадукцыя прамысловасці
10,4
7,2
5,4
Прадукцыйнасць грамадскай працы ў прамысловасці
7,4
4,6
4,0
Сельская гаспадарка. У выніку ажыццёўленых у пач. 1950-х г. мер удалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, а пазней дамагчыся яе росту. Гэтаму садзейнічалі нармалізацыя цэнавых прапорцый і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у выніках сваёй працы. З 1956 калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У калгасах ствараліся грашовыя і прадуктовыя фонды з тым, каб у нейкай меры гарантаваць рэгулярную аплату працы. Але гал. ролю ў паспяховым развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы калгасаў і саўгасаў. Калі ў 1950 у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала 11,6 тыс. трактароў, то ў 1960—34 тыс., а ў 1965—55,4 тыс., збожжаўборачных камбайнаў адпаведна 1,7 тыс., 10,6 тыс. і 13,5 тыс. Грузавых аўтамабіляў у 1950 налічвалася 6,6 тыс., у 1965—43,1 тыс. З мэтай лепшага выкарыстання тэхнікі ў 1958 адбылася рэарганізацыя МТС і перадача с.-г. тэхнікі непасрэдна калгасам. Але гэта паставіла ў вельмі цяжкае фін. становішча бяднейшыя калгасы, якія былі вымушаны набываць за высокі кошт часам даволі зношаную тэхніку. ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы рэспублікі ўсё больш рыхтавалі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Калі ў 1950 яны выпусцілі 1550 такіх спецыялістаў, то ў 1965—7350. Новы курс у галіне сельскай гаспадаркі прывёў да таго, што з сярэдзіны 1950-х г. яна ўпершыню за пасляваен. гады стала рэнтабельнай. Пачаўся рост с.-г. вытворчасці. У 1958 валавая прадукцыя калгасаў і саўгасаў вырасла ў параўнанні з 1953 у 2,2 раза, у т. л. прадукцыя жывёлагадоўлі — у 3,1 раза. У 1960 валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 на 36%; на 70% павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50% — яек. У наступныя гады рост працягваўся. У 1965 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перасягнула ўзровень 1950 на 10%. У 1960-я г. разгарнулася шырокае будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, механізацыя работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. З 1966 пачалася шырокая меліярацыя зямель. Да 1970 асушана больш за 900 тыс.га забалочаных зямель, а на сярэдзіну 1980-х г. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн.га. Усё гэта спрыяла пашырэнню пасяўных плошчаў, а ў цэлым — росту вытворчасці с.-г. прадукцыі. Аднак работы па меліярацыі мелі нярэдка сур’ёзныя адступленні ад першапачатковых праектаў. У прыватнасці, створаныя меліярацыйныя сістэмы часта не прадугледжвалі двухбаковага воднага рэгулявання, многія з іх давялося дарабляць, а часам і перарабляць. Акрамя таго, як паказаў час, меліярацыя мела і адмоўныя экалагічныя вынікі. У 1960-я г. ў рэспубліцы зроблены крок і ў павышэнні ўраджайнасці збожжавых, якая доўгі час складала 7—8 ц з га. У сярэдзіне 1960-х г. яна перасягнула 10 ц, а ў 1970 у цэлым па рэспубліцы склала 17 ц з га.
Паспяховаму развіццю сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. садзейнічалі дэмаграфічнае становішча ў вёсцы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Нарошчванне с.-г. вытворчасці адбывалася ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. У наступныя гады дэмаграфічнае становішча на вёсцы стала мяняцца. Хуткімі тэмпамі пачаўся адток сялян у горад, у інш. галіны гаспадаркі. Калі ў 1966 у БССР сельскае насельніцтва складала 61%, а гарадское 39%, то ў 1985 — адпаведна 38% і 62%. Новыя пакаленні сялян сфарміраваліся як простая рабочая сіла, якая поўнасцю была адлучана ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметамі сваёй працы. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, але ў яе развіцці было шмат супярэчнасцей, якія не дазвалялі ёй стаць высокаэфектыўнай галіной вытворчасці.
Паскарэнне НТП у прамысловасці ў 1960—70-я г. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння ў 1970—85 матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Капіталаўкладанні дзяржавы і калгасаў выраслі з 5,7 млрд.руб. у гады 9-й пяцігодкі да 8,8 млрд.руб. у гады 11-й.
Павялічыліся пастаўкі вёсцы тэхнікі, мінеральных угнаенняў. Штогод калгасы і саўгасы атрымлівалі прыкладна 15 тыс. трактароў, 10 тыс. аўтамабіляў, 5 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і інш. сельгасмашын. На гэты час па сутнасці ўсе калгасы і саўгасы былі электрыфікаваны. Усё гэта дазволіла механізаваць значную частку работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. Паскорана развівалася хімізацыя. Калі ў 1970 сельскай гаспадарцы пастаўлена 925 тыс.т мінеральных угнаенняў, то ў 1985—1867 тыс.т. У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую значнасць набывалі прамысловасць, інш. галіны, што абслугоўвалі і былі звязаны з ёю. У рэспубліцы быў створаны аграпрамысл. комплекс (АПК). Ён павінен быў звязаць у адзін вузел, у адну тэхнал. лінію як сельскую гаспадарку, так і адпаведныя галіны прамысловасці, транспарту, гандлю і накіраваць іх на дасягненне агульнай мэты — вытворчасць прадуктаў харчавання і інш. прадметаў спажывання. Аднак з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у нар. гаспадарцы ведамасных інтарэсаў так і не адбылося аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур, што адмоўна адбілася на павышэнні эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Нягледзячы на гэта, колькасныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі павялічваліся. У 1980 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перавысіла ўзровень 1960 амаль у 1,5 раза, прадукцыйнасць працы вырасла ў 2,5 раза; амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 — свіней, больш чым у 2 разы — птушкі і г.д. Аднак дасягнуты ўзровень вытворчасці с.-г. прадукцыі не задавальняў попыт насельніцтва ў прадуктах харчавання. Найперш таму, што нязначным было павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва. Тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбам рэспублікі. Таму на пач. 1980-х г. харчовае забеспячэнне рэспублікі пагоршылася. Сельская гаспадарка апынулася ў перадкрызісным стане.
У 1-й пал. 1980-х г. стала відавочнай неабходнасць карэннай перабудовы с.-г. вытворчасці, якая ўжо не задавальняла ўзрастаючыя патрэбы ў прадуктах харчавання. Ураджайнасць збожжавых у Беларусі на працягу 1971—85 заставалася на адным узроўні (21 ц/га), а значыць пагаршалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Становішча ўскладнялася вялікімі стратамі ўжо вырабленай сельгаспрадукцыі ў час яе транспарціроўкі, перапрацоўкі і захоўвання. Але гал. прычыны, якія патрабавалі кардынальнай эканам. рэформы, былі ў тым, што сельская гаспадарка развівалася як сыравінны прыдатак горада, працягвалася ўшчамленне эканам. інтарэсаў сялянства, адлучэнне яго ад зямлі і вынікаў працы. Усё гэта ўзмацняла безгаспадарчасць на аснове росту апатыі і абыякавасці да вынікаў працы ў асн. масы работнікаў, што зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства на развіццё сельскай гаспадаркі.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. З сярэдзіны 1950-х г. пачаўся новы этап развіцця сав. грамадства, які быў складаны і супярэчлівы. 5.3.1953 памёр І.В.Сталін. Сумеснае пасяджэнне ЦККПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета СССР 6.3.1953 зацвердзіла на пасадзе Старшыні Савета Міністраў краіны Г.М.Малянкова; сакратарыят ЦК, апарат ЦККПСС узначаліў М.С.Хрушчоў. Але гэтыя прызначэнні не задавальнялі 1-га нам. Старшыні Савета Міністраў Л.П.Берыю, які дамагаўся ажыццяўлення кантролю над партыяй, рыхтаваўся да захопу ўлады. Каб апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, ён нават выступаў за «неабходнасць дэмакратызацыі жыцця, аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, аб’яднанне Германіі» і інш. У чэрв. 1953 Берыя зрабіў спробу змясціць з пасады 1-га сакратара ЦККПБ М.С.Патолічава. Аднак на пленуме ЦККПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі згоды на такую кадравую змену. Па ініцыятыве Хрушчова 26.6.1953 у час пасяджэння Прэзідыума ЦККПСС Берыя быў арыштаваны. 2—7.7.1953 пленум ЦК разгледзеў пытанне аб «злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных» дзеяннях Берыі. Ён быў выключаны з партыі, зняты з усіх пасад і паводле прыгавору суда расстраляны ў снеж. 1953.
Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння парт., дзярж. і нар.-гасп. пытанняў. У вер. 1953 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Хрушчоў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзярж. органаў Беларусі, прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Гэтаму садзейнічала скасаванне ў вер. 1953 Асобай нарады пры МУССССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Былі скасаваны вайсковыя пракуратуры і трыбуналы войск МДБ.
Аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне пазбаўляліся волі толькі ў адпаведнасці з прыгаворам суда. У сувязі з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб амністыі» (27.3.1953) разам з крымінальнымі элементамі пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па паліт. матывах тэрмінам да 5 гадоў. Іх працаўладкаваннем займаліся мясц.парт. і сав. органы.
Новым крокам у спробах дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця з’явіўся XX з’езд КПСС (14—25.2.1956). Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-паліт. ладам з’езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. У канцы работы з’езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў Хрушчоў. Гэта прамова стала для іх вялікай нечаканасцю. 1 хоць даклад не быў апублікаваны да пач. 1990-х г., яго агульная скіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой была зроблена спроба выявіць прычыны гэтай заганнай з’явы, паказаны яе сутнасць і наступствы. Хаця гэта рабілася на ўзроўні таго часу, сам факт вынясення пытання на парт. форум, а потым прыняцце ЦК адпаведнай пастановы мелі надзвычай вялікае значэнне для паляпшэння грамадска-паліт. сітуацыі ў краіне.
Пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. На працягу 1956—62 у БССР было рэабілітавана больш за 29 тыс.чал., а ў парт. парадку — каля 200. I хоць гэта з’яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, для далейшага грамадска-паліт. развіцця такі зрух быў вельмі важным. Але нават спроба крыху прыўзняць заслону патаемнасці над паліт. рэпрэсіямі сустрэла моцнае супрацьдзеянне ў вышэйшых эшалонах улады. У чэрв. 1957 на пасяджэнні Прэзідыума ЦККПСС, якое працягвалася 3 дні, была зроблена спроба зняць з пасады Хрушчова за тое, што ён нібыта вельмі далёка зайшоў у справе крытыкі культу асобы, чым нанёс моцны ўрон прэстыжу камуніст. партыі і СССР як у вачах сав. народа, так і сусв. супольнасці. Аднак. гэта спроба правалілася, і чэрвеньскі пленум ЦККПСС пацвердзіў курс XX з’езда партыі, асудзіў дзеянні антыпарт. групы Малянкова, Молатава, Кагановіча і Шапілава, які прымкнуў да іх. Адметнасцю першай паліт. «адлігі» з’яўлялася тое, што гэтыя дзеячы не былі рэпрэсіраваны. Адначасова зроблены крокі па дэмакратызацыі партыі. Наладжана рэгулярнае скліканне парт. з’ездаў і пленумаў ЦККПСС і саюзных рэспублік. Стала шырока практыкавацца абмеркаванне парт. і дзярж. дакументаў у друку і на сходах працоўных калектываў. Па найважнейшых пытаннях развіцця розных галін нар. гаспадаркі пачалі склікацца нарады з залучэннем шырокага кола спецыялістаў.
У дзейнасці Кампартыі Беларусі, Саветаў, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіяльнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу насельніцтва ў іх рабоце. У 1957—58 Вярх. Савета БССР зацвердзіў палажэнне аб сельскіх, пасялковых, раённых, гар. Саветах дэпутатаў, скіраванае на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-паліт. жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. Але істотных змен у іх дзейнасці не адбылося, яны па-ранейшаму рэальнай уладай не валодалі. Пашыраліся гасп. правы саюзных рэспублік шляхам перадачы ім пытанняў, якія раней вырашаліся ў саюзным цэнтры. Толькі ў 1956 у распараджэнне ўрада БССР перададзена 356 прадпрыемстваў, а ў 1957 — больш за 500. 11.3.1957 Вярх. СаветСССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абл. і краявога адм.-тэр. будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. У іх кампетэнцыю ўвайшло прыняцце грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. У 1962 праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў Кампартыі Беларусі. Яны падзяляліся на прамысл. і сельскія. Былі створаны Прэзідыум ЦККПБ, Бюро ЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і Савета Міністраў БССР. Сельскія райкомы партыі былі скасаваны, а замест іх утвораны парт. к-ты калгасна-саўгасных упраўленняў. Аднак такая структура не апраўдала сябе і ў 1964 была ліквідавана.
Адм.-камандная сістэма, нягледзячы на некаторыя змены, заставалася непахіснай. Але яна не магла функцыянаваць без штодзённых рэгулярных мабілізацый сваіх грамадзян для дасягнення розных мэт. Вось чаму на XXII з’ездзе КПСС (17—31.10.1961) была прынята новая парт. праграма, якая паставіла мэту за 20 гадоў пабудаваць камуніст. грамадства і «забяспечыць самы высокі жыццёвы ўзровень у параўнанні з любой іншай краінай капіталізму». Пастаноўка непрадуманых, ілюзорных, навукова не абгрунтаваных задач прыводзіла да расчаравання ў грамадстве. Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як вынік, — абвастрэнне сац. напружанасці ў сав. грамадстве сталі гал. прычынамі змены паліт. кіраўніцтва СССР. У кастр. 1964 на пленуме ЦККПСС Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР назначаны А.М.Касыгін.
Аднак змена кіраўніцтва не прынесла істотных вынікаў. Універсальным сродкам вырашэння ўсіх сац.-эканам. праблем абвешчана павышэнне кіруючай ролі партыі. XXIV з’езд КПСС (30.3—9.4.1971) унёс у статут палажэнне аб праве кантролю парт. арг-цыямі дзейнасці адміністрацыі. Парт. органы дубліравалі органы гасп. кіраўніцтва. Вянчала гэту палітыку замацаванне ў арт. 6 Канстытуцыі СССР (1977) палажэння аб кіруючай ролі партыі ў грамадстве. У 1978 прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Абвешчаны курс на стабільнасць набываў рысы палітыкі стагнацыі. У паліт. лексікон тых часоў увайшло паняцце «развіты сацыялізм», афіц. выснову аб якім зрабіў Брэжнеў у юбілейным дакладзе да 50-годдзя Кастр. рэвалюцыі (1967) і вызначэнне якому дадзена ў Канстытуцыі СССР (1977). Новая канцэпцыя павінна была вырашыць супярэчнасці паміж дэкларацыяй аб блізкай перамозе камунізму і нерэалізаваным яго ўвасабленнем у жыццё. У грамадстве складваўся кантраст паміж лозунгамі і рэальнымі справамі.
У пач. 1980-х г. крызісныя з’явы набылі канкрэтныя рысы. Гал. іх прычына заключалася ў абвастрэнні супярэчнасцей «дзяржаўнага сацыялізму», найперш паміж сав. бюракратыяй і працоўным народам. Узнік своеасаблівы механізм тармажэння, які ўяўляў сабой сукупнасць антыдэмакр. уладкаванняў і застылых эканам. адносін, пры якіх не ўлічваліся інтарэсы канкрэтнага вытворцы — чалавека працы. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва вялікай шматнац. краіны не здолела аб’ектыўна ацаніць узніклыя праблемы і своечасова прымаць адпаведныя захады.
4-ы пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР (1945—50) прадугледжваў шэраг сац. мерапрыемстваў па разгортванні тавараабароту, павышэнні расходаў на жыллёвае і культ.-быт. абслугоўванне насельніцтва, павелічэнні заработнай платы і інш. Аднак рэалізацыя гэтых задач стрымлівалася шматлікімі складанасцямі. У першыя пасляваен. гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было цяжкім. На аднаўленне нар. гаспадаркі ішла большая частка сродкаў, фонд тавараў нар. спажывання значна скараціўся. З 1946 урад краіны праводзіў палітыку збліжэння цэн на тавары, якія прадаваліся па картках (пайкавыя цэны) і праз камерцыйны гандаль, шляхам павышэння першых і зніжэння другіх. У снеж. 1947 у краіне адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысл. тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку гандлю без картак па адзіных дзярж. цэнах. Разам з адменай картачнай сістэмы праведзена грашовая рэформа. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10 руб. старых на 1 руб. новых.
Характэрнай рысай першых пасляваен. гадоў было тое, што павышэнне рэальных даходаў насельніцтва ажыццяўлялася як за кошт павышэння зарплаты рабочых і служачых, так і шляхам пэўнага зніжэння цэн. У 1950 фонд заработнай платы ў нар. гаспадарцы рэспублікі ў 2,5 раза перавысіў яго ў 1945, а ў параўнанні з 1940 заработная плата рабочых і служачых у гэты час была павялічана амаль у 2 разы. У выніку трох паслядоўных паніжэнняў цэн у сак. 1950 яны сталі на 43% ніжэйшыя за сярэдні ўзровень цэн 4-га квартала 1947. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваен. ўзроўню. Гэта тлумачылася тым, што, нягледзячы на неаднаразовыя паніжэнні цэн у 2-й пал. 1940-х г., яны па-ранейшаму былі значна вышэйшыя за даваенныя. Да таго ж у тыя гады адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з зарплаты. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы людзей клаліся штогадовыя дзярж. пазыкі, якія праводзіліся пад націскам парт. і адм. органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму, не меншую за месячны аклад работніка ў год. І без таго невялікая заработная плата яшчэ памяншалася, а пры ўзроўні існуючых цэн не забяспечвала неабходных сродкаў для сапраўднага матэрыяльнага дастатку. Больш цяжкім было жыццё вясковага насельніцтва. Аднаўленне сельскай гаспадаркі Беларусі некалькі палепшыла матэрыяльнае становішча сялянства. Але ў сярэднім на адзін працадзень выдавалася збожжавых і інш. прадуктаў яшчэ менш, чым да вайны. Да таго ж асабістая гаспадарка селяніна знаходзілася пад магутным падатковым прэсам. На ўсё, што ён меў на сваім падворку, накладаўся такі вялікі падатак, што трымаць жывёлу, вырошчваць садавіну і агародніну было нявыгадна.
У пасляваен. гады ў рэспубліцы ў значных памерах ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва. У выніку ням.-фаш. акупацыі жыллёва-камунальны фонд гарадоў Беларусі быў знішчаны на 80—90%. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў буйных гарадах рэспублікі, дзе адноўлены разбураныя і ўведзена нямала новых шматпавярховых дамоў. Аднак жыллёвы фонд за гады 4-й пяцігодкі ўдалося аднавіць толькі на 74,5% і патрэбы насельніцтва ў жыллі яшчэ далёка не былі забяспечаны. Цяжкасць сац. праблем была абумоўлена і тым, што на першы план ставіліся задачы прамысловасці. Сац. праблемы адсоўваліся на задні план. На іх вырашэнне вылучаліся толькі тыя рэсурсы, якія заставаліся пасля вытв. затрат. На жаль, такі тэхн. склад думак кіруючых органаў захаваўся да канца 20 ст.
Тым не менш, 1950—60-я г. былі адметныя павышэннем матэрыяльнага і культ. ўзроўню жыцця бел. народа і значнымі тэмпамі развіцця сац. сферы. Пэўныя змены адбыліся ў падатковай сферы. Сістэматычна змяншаліся падаткі з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату, і з калгаснікаў; адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных, уведзеныя ў Вял.Айч. вайну. З 1957 была адменена абавязковая падпіска на дзярж. пазыкі. На працягу 1953—64 зарплата рабочых павялічылася на 44,5%, служачых — на 32,9%. У 1967 у краіне ўведзены 5-дзённы працоўны дзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існаваўшага ўзроўню зарплаты. Рэальнае павышэнне даходаў насельніцтва адбывалася і за кошт грамадскіх фондаў спажывання. З іх дзяржава аплачвала 2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, мед. абслугоўванне, утрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэк, клубаў, дамоў адпачынку, санаторыяў і інш. У 1967 выплаты з гэтых фондаў працоўным Беларусі ў параўнанні з 1958 падвоіліся. Павялічваліся і рэальныя даходы калгаснікаў. Неаднаразова павышаліся стаўкі аплаты працы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Выраслі і рэальныя даходы пенсіянераў. У 1965 прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. 500 тыс. калгаснікаў Беларусі сталі атрымліваць пенсію, у той час як у 1963 яе атрымлівалі толькі 60 тыс.чал. У галіне жыллёва-камунальнага будаўніцтва задача будаваць больш, хутчэй і танней вырашалася за кошт шырокага выкарыстання тыпавых праектаў дамоў з жалезабетону і панэльных блочных канструкцый, укаранення індустрыяльных метадаў будаўніцтва. У выніку тэмпы здачы ў эксплуатацыю жылой плошчы значна выраслі. За 1959—65 пабудавана ў 2,2 раза больш, чым за папярэднія 7 гадоў. Гэта дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы 2675 тыс.чал. У 1958 на ахову здароўя людзей расходавана сродкаў амаль удвая больш, чым у 1950.
Экстэнсіўны характар развіцця сав. эканомікі ў 1970—80-я г., нарастанне эканам. цяжкасцей, далейшая канцэнтрацыя сродкаў у цяжкай і ваен. прамысловасці абмяжоўвалі магчымасці вырашэння сац. задач. У 1970-я г. ў вытв. галінах нар. гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. У выніку заработная плата рабочых і служачых Беларусі павысілася на 63% і склала 173 руб. за месяц (па СССР — 190 руб.), аплата працы калгаснікаў — больш чым у 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР — 153 руб.). У 1970-я г. ўведзены дадатковыя льготы інвалідам Вял.Айч. вайны і сем’ям ваеннаслужачых, што загінулі; устаноўлена 100-працэнтная аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам незалежна ад іх працоўнага стажу; павялічана колькасць аплачваемых дзён па доглядзе за хворым дзіцем; павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II групы, палепшаны матэрыяльна-быт. ўмовы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны і інш. Аднак рост агульных намінальных даходаў не адлюстроўваў сапраўднае становішча спраў, бо рэальная (фактычная) зарплата не павышалася, а зніжалася. Памяншалася і доля фонду зарплаты ў нац. даходзе. Так, у 1985 доля фонду зарплаты ў нац. даходзе СССР, які быў створаны ў прамысловасці, склала толькі 36,5%, у той час як у ЗША — 64%, а ў краінах Зах. Еўропы — 60—80%.
Разам з тым на мяжы 1980-х г. у эканоміцы актыўна выявіліся інфляцыйныя тэндэнцыі. На працягу 10-й (1976—80) і 11-й (1981—85) пяцігодак істотна павышаны рознічныя цэны не толькі на прэстыжныя тавары (ювелірныя вырабы, хрусталь, дываны і інш.), але і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, буд. матэрыялы, многія гасп. тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Акрамя таго, павялічыліся тарыфы на паслугі сувязі, быт. і інш. камунальныя паслугі. Нягледзячы на павышэнне цэн на шэраг тавараў і паслуг, у канцы 1970 — пач. 1980-х г. узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканам. развіцця прывяло да павелічэння грашовай масы, рост якой стаў апярэджваць вытворчасць тавараў. Гэтаму садзейнічала падцягванне акладаў нізкааплатных слаёў насельніцтва да акладаў сярэднеаплатных. Нарастала незбалансаванасць рынку. А па ўзроўні спажывання СССР у 1985 займаў 77-е месца ў свеце. Вострай заставалася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля ў карыстанне зніжаліся. У выніку на пач. 1989 амаль 30% сем’яў і адзінокіх грамадзян чакалі вырашэння кватэрнага пытання. З-за недахопу кватэр на многіх прадпрыемствах не хапала рабочых, захоўвалася высокая цякучасць кадраў, вытв. магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучаснаму стану ахова здароўя. Устарэла яе матэрыяльна-тэхн. база. З 1970 пачала расці дзіцячая смяротнасць. Да пач. 1980-х г.сав. грамадства апынулася на 35-м месцы ў свеце па працягласці жыцця. Амаль 50 краін мелі больш нізкую дзіцячую смяротнасць.
Вялікай трагедыяй у жыцці бел. народа стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС (крас. 1986). Пад уздзеянне радыяцыі на Беларусі трапілі 54 раёны? Эканоміка рэспублікі панесла велізарныя матэрыяльныя страты: з абароту выведзена больш за 20% с.-г. угоддзяў, амаль 15% лясоў. Агульныя выдаткі склалі больш за 100 млрд.руб., або 16 нац. гадавых бюджэтаў Беларусі. Ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала надзённай праблемай для Беларусі. Вярх. СаветБССР прыняў шэраг законаў па сац. падтрымцы людзей, што пацярпелі ад аварыі. У ходзе іх выканання толькі ў 1991 было асвоена капіталаўкладанняў на 500 млн.руб. больш, чым за папярэднія 4 гады.
У канцы 1980-х матэрыяльнае становішча народа пачало яшчэ больш пагаршацца, эканам. крызіс ахапіў сац. сферу, абвастрыўся дэфіцыт прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Гэта садзейнічала ўзнікненню сац. напружанасці ў грамадстве.
Адукацыя, навука. Распачатая ў 1959 школьная рэформа прадугледжвала ўвядзенне ўсеаг. 8-гадовага навучання, рэарганізацыю 10-класных сярэдніх школ у 11-класныя працоўныя політэхн.навуч. ўстановы з абавязковай прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Пашыралася сетка завочнага і вячэрняга навучання. Узяты курс на масавае стварэнне школ-інтэрнатаў (у 1970 іх было 115). У той жа час у айч. сістэме асветы вывучэнне бел. мовы пераведзена на добраахвотную аснову. У сярэдзіне 1960-х г. школьная рэформа адкарэкціравана — вырашана вярнуцца да 10-гадовага тэрміну навучання. Неабавязковым стала і вытв. навучанне — у далейшым яно ажыццяўлялася ў вучэбна-вытв. камбінатах (да 1981 іх адкрыта 191). Паступова скарачалася колькасць 3-класных пач. школ. Да 1980 у рэспубліцы дасягнута ўсеаг. сярэдняя адукацыя ў дзённых агульнаадук. і спецыялізаваных школах. Колькасць сярэднеспецыяльных тэхнікумаў і вучылішчаў пры гэтым вырасла за 1960—85 са 102 да 139. У 1978/79 навуч.г. ў Беларусі працавала каля 7,7 тыс. школ усіх тыпаў (больш за 1,7 млн. навучэнцаў), 23,1% з іх мелі бел. мову выкладання (пераважна ў сельскай мясцовасці).
З улікам далейшага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася эвалюцыя вышэйшай школы. За 1960—85 колькасць ВНУ у рэспубліцы вырасла з 24 да 33. Адметнымі падзеямі сталі арганізацыя новых універсітэтаў у Гомелі (1969) і Гродне (1977), адкрыццё ў Мінску радыётэхнічнага (1964) і культуры (1975) ін-таў, у Брэсце — інж.-будаўнічага ін-та (1966), у Віцебску — тэхнал. ін-та лёгкай прамысловасці (1965), у Магілёве — машынабудаўнічага (1961) і тэхнал. (1973) ін-таў, у Наваполацку — політэхн. ін-та (1974). Колькасць студэнтаў у ВНУ на канец 1970-х г. дасягнула 171 тыс. чал.
Цэнтрам айч. вышэйшай адукацыі заставаўся Мінск, дзе працавала 17 ВНУ (100 тыс. студэнтаў). Разам з тым хуткі колькасны рост ВНУ абвастрыў праблему падрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў — нават у Мінску ступені дактароў навук мелі каля 3% выкладчыкаў, а кандыдатаў навук — 34%.
Новая хваля НТР патрабавала навуковых даследаванняў і абумовіла нарастаючую ролю навукі. За 1956—85 колькасць навук. устаноў у Беларусі павялічылася з 76 да 167. Да таго ж на прамысл. аб’ектах дзейнічала больш за 1 тыс. праектна-тэхнал. арг-цый і канструктарскіх бюро. Апрача фундаментальных даследаванняў, што вяліся ў ВНУ, у 1970-я г. пры іх дзейнічалі 12 н.-д. сектараў, 12 праблемных і 20 галіновых лабараторый, шэраг НДІ (пры БДУ і Бел.політэхн. ін-це). Вядучую ролю ў навук. даследаваннях па-ранейшаму адыгрываў Мінск, дзе працавала больш за 40 НДІ. Акрамя Акадэміі навук буйныя даследчыя цэнтры былі створаны пры Дзяржплане БССР, мін-вах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя. Для каардынацыі дзейнасці навук. устаноў у с.-г. галіне ў 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне Усесаюзнай акадэміі с.-г.навук. У 1960-я г. пры Ін-це ядзернай энергетыкі пабудаваны першы ў рэспубліцы атамны рэактар (пад Мінскам). З Расіі ў Беларусь на працу запрошаны вядучыя вучоныя: фізікі М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў; матэматыкі М.П.Яругін, А.К.Красін, А.В.Лыкаў. Сусв. вядомасць атрымалі даследаванні айч. навукоўцаў А.А.Ахрэма, М.А.Барысевіча, Я.Р.Канавалава, М.Я.Мацапуры, У.П.Платонава, А.Н.Сеўчанкі, Ф.І.Фёдарава, Б.Л.Шапашніка і інш. У 1985 на Беларусі працавала 1011 дактароў навук і 13,1 тыс. кандыдатаў навук. На працягу 1956—85 бел. вучоныя атрымалі 26 Дзярж. прэмій СССР і 57 Дзярж. прэмій Беларусі.
Літ.:
Сельское хозяйство СССР: Стат. сб. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1977;
Белорусская Советская Социалистическая Республика. Мн., 1978;
Гиоргиадзе З.И., Геращенко Л.Ф. Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Народное хозяйство Белорусской ССР: Стат. ежегодник. Мн., 1987;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. М., 1990;
Грыгор’ева В.В., Марчанка І.Я. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР (сярэдзіна 50-х — сярэдзіна 80-х гг.) // Актуальныя пытанні гісторыі БССРМн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. веска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999;
БССР в цифрах, 1986 г.Мн., 1987;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Давед.Т. 1. Мн., 2004.
І.І.Гвардзееў (прамысловасць, транспарт, сувязь, сельская гаспадарка), У.Я.Казлякоў (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДЫЯ (фінскае Suomi, швед. Finland), Фінляндская Рэспубліка (фінскае Suomen Tasavalta, швед. Republiken Finland),
дзяржава ў Паўн. Еўропе. Мяжуе на ПнЗ са Швецыяй, на Пн з Нарвегіяй, на У з Расіяй; абмываецца Батнічным і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Ф. Аландскія астравы. Пл. 338 тыс.км². Нас. 5183 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — фінская і шведская. Сталіца — г.Хельсінкі. Падзяляецца на 6 губерняў (ляні). Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 снеж.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1919 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Прэзідэнт разам з парламентам ажыццяўляе заканадаўчую, а разам з урадам (Дзярж. саветам) выканаўчую ўладу. Кіраўніцтва знешняй палітыкай ажыццяўляе прэзідэнт. Аднапалатны парламент складаецца з 200 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Урад фарміруецца з прадстаўнікоў адной або некалькіх партый з улікам вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў і суадносін сіл у парламенце.
Прырода. Берагі скалістыя, шхернага тыпу. Паверхня — узгорыстая раўніна (сярэдняя выш. над узр. м. 152 м). Характэрны марэнныя грады, друмліны, озы. На Пн і У узвышаныя грады Манселькя, Оўнаселькя, Суаменселькя, на Пд Салпаўселькя. У цэнтр. і паўд.ч. азёрныя плато. На крайнім ПнЗ адгор’і Скандынаўскіх гор (найвыш. пункт г. Халтыятунтуры, 1328 м). Карысныя выкапні: медныя, жал., малібдэнавыя, цынкавыя, ванадыевыя, кобальтавыя руды, азбест, графіт, апатыты, буд. матэрыялы. Клімат умераны, на ПдЗ пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ПнУ кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -14, -15 °C на Пн да -6, -7 °C на Пд, ліп. ад 12—14 °C на Пн да 17—18 °C на Пд. Каля 74 тэр. за Паўн. палярным кругам. Ападкаў ад 400—450 мм на Пн да 650 мм на Пд. Рэкі кароткія, парожыстыя. Каля 188 тыс. азёр (10% тэр.). Большая ч. азёр злучана рэкамі-пратокамі і ўтварае буйныя водныя сістэмы — Сайма, Пяяне, Інары і інш. Каля 1/3тэр. балоты і забалочаныя землі. Пашыраны падзолістыя і балотныя глебы. Пад лесам каля 70% тэр. (хвоя, елка, бяроза). На Пн лесатундра і горная тундра. У складзе жывёльнага свету паўн. алень, лось, барсук, заяц-бяляк, выдра, куніца, гарнастай, вавёрка, трапляюцца мядзведзь, рысь, воўк. Шмат птушак. Унутр. воды багатыя рыбай. Каля 12% тэр. ахоўваецца: 19 запаведнікаў і 32 нац. паркі (Леменьёкі, Палас-Оўнастунтуры, Оўланкаёкі, Пюхятунтуры і інш.).
Насельніцтва. 93% насельніцтва фіны. На ПдЗ жывуць шведы (6%), на Пн — саамы (0,1%). Большасць вернікаў (89%) — лютэране, каля 1% — правасл. хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 15,3 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны. Гар. насельніцтва 67%. У сталічным рэгіёне, т.зв. Вял. Хельсінкі (уключае гарады-спадарожнікі Эспа, Ванта, Каўніайнен), 950 тыс.ж.Гал. гарады (тыс.ж., 2000): Хельсінкі (551,1), Эспа (209,7), Тамперэ (193,2), Ванта (176,4), Турку (172,1), Оўлу (117,7), Лахты (96,7), Куапіо (86,6), Ювяскюля (77,9), Поры (76,2). У прам-сці і буд-ве занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы 8%, у абслуговых галінах 64%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Ф. з’явіўся 8 тыс. гадоў таму. Стараж.-фін. плямёны, якія ў пач.н.э. прыйшлі з У, рассяліліся ў паўд. раёнах сучаснай Ф. і змяшаліся з мясц. насельніцтвам. Саамскія плямёны, нашчадкі ранейшых фіна-угорскіх мігрантаў, былі адцеснены на Пн. Продкі фінаў былі язычнікамі, паляўнічымі і рыбаловамі. На ПдЗ жыло племя суомі (ад яго назва ўсёй краіны), у цэнтры — плямёны хаме (ем, ям), на У — кар’яла (карэла). Геагр. блізкасць Ф. да гандл. шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла гасп. развіццю краіны. У 9 ст. на месцы сучаснага г. Турку ўзнік пункт менавога гандлю. Стараж. фіны ўчынялі паходы на саамаў і збіралі з іх даніну, сапернічалі з нарвежцамі і карэламі за валоданне незанятымі землямі на Пн краіны, кантактавалі са шведамі на УСканд. п-ва і рабілі туды набегі.
У 12 ст. пачалося заваяванне Ф. шведамі. Іх панаванне зацвярджалася з дапамогай каталіцкай царквы (прымусовая хрысціянізацыя) і ўвядзення ў Ф. пастаяннай сістэмы падаткаў. У выніку 3 крыжовых паходаў (1157, 1249—50, 1293—1300) шведы заваявалі адпаведна паўд.-зах., паўд. і ўсх. раёны Ф., дзе будавалі свае крэпасці. Пры пранікненні ва Усх. Прыбалтыку шведы сапернічалі з наўгародцамі. якія таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён. Арэхаўскі мір (заключаны 12.8.1323) упершыню вызначыў мяжу паміж Швецыяй і Ноўгарадам. Паводле Кальмарскай уніі Швецыя разам з Ф. у 1397—1523 падпарадкавана Даніі З 1527 у Ф. адбывалася царк. Рэфармацыя (увядзенне лютэранства), што спрыяла асветніцкай дзейнасці, станаўленню фін.літ. мовы (з 1548 на ёй вяліся набажэнствы). Абвяшчэнне ўсіх незаселеных зямель Ф. ўласнасцю швед. кароны (1542) спрыяла гасп. асваенню паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў краіны. Каб засяродзіць гандаль у партах свайго каралеўства, Густаў I Ваза ў 1550 заснаваў г. Гельсінгфорс (цяпер Хельсінкі). З 1581 Ф. наз.Вял. княствам. У 1596—97 у Ф. адбылося найбуйнейшае паўстанне сялян, т.зв. Дубінная вайна. На тэр. Ф. адбываліся падзеі руска-шведскіх войнаў 16—19 ст., у т. л.Паўночнай вайны 1700—21. што завяршылася Ніштацкім мірным дагаворам 1721. У 1623 у Ф. ўведзены прыдворны суд вышэйшай інстанцыі і пасада швед.ген. губернатара. У 1-й пал. 16 — сярэдзіне 17 ст. тут створана паштовая служба. засн. каля 10 гарадоў, шэраг гімназій і школ, ун-т у г. Аба (цяпер Турку; 1640). Але з сярэдзіны 17 ст. ўзмацнілася палітыка шведызацыі Ф., якая пры каралю Карле XI [1660—97] фактычна стала правінцыяй Швецыі. Пасля 1676 спыніў дзейнасць мясц. саслоўны сход (вядомы з 14 ст., вырашаў падатковыя пытанні і рэкруцкі набор), фін. мову забаронена ўжываць у адм. установах і школах. За дамінаванне ў рэгіёне швед. ўлады сапернічалі з Расіяй. Пасля рус.-швед. вайны 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743. частка тэр. Ф. да р. Кюміёкі далучана да Рас. імперыі. У часрус.-швед. вайны 1788—90 у Паўд. Ф. адбылося антываен. выступленне афіцэраў швед. арміі (гл.Аньяльскі саюз).
Пасля рус.-швед. вайны 1808—09 уся Ф. паводле Фрыдрыхсгамскага мірнага дагавора 1809 далучана да Рас. імперыі як аўт. княства з саслоўным сеймам. Фактычна ўлада ў Ф. належала прызначанаму рас. царом ген.-губернатару, які ўзначальваў урад (з 1816 Імператарскі фінл. сенат). У Пецярбургу справамі Ф. кіраваў статс-сакратар, падпарадкаваны рас. манарху. У 1812 сталіца Ф. перанесена з г. Аба (Турку) у Гельсінгфорс. У складзе Расіі Вял. княства Фінляндскае захоўвала свае паштовую службу і суд. органы, лютэранская царква набыла статус дзяржаўнай, фіны вызваляліся ад абавязковай ваен. службы ў рас. арміі. З 1815 да 1870 насельніцтва Ф. павялічылася з 1 да 1,75 млн. чалавек. Перавод у 1828 ун-та з г. Аба ў сталічны Гельсінгфорс, дзейнасць фалькларыста Э.Лёнрата (сабраў і запісаў нар. эпас «Калевала»), асветніка Ю.В.Снельмана і інш. спрыялі ажыўленню культ. жыцця краіны. У часКрымскай вайны 1853—56 порты Ф. (Гельсінгфорс, Свеаборг і інш.) і гандлёвыя караблі падвергліся абстрэлам англа-франц. флота. У 1863 фін. мова стала другой афіц. мовай Ф. (побач са шведскай). Але аўт. правы Ф. парушаліся рас. ўладамі, напр., з 1809 да 1863 фінл. сейм не склікаўся, а краінай кіраваў сенат пры ген.-губернатару. У 1869 прыняты рэгламент працы сейма, куды да 1906 уваходзілі прадстаўнікі 4 саслоўяў. У Ф. мелася ўласнае кадэцкае вучылішча; да 3 тыс.фін. вайскоўцаў служылі ў рас. арміі, у т. л. К.Г.Э.Манергейм. Да канца 19 ст. ўзніклі партыі старафінаў, младафінаў, С.-д. партыя Ф. (СДПФ), пабудавана сетка чыгунак. У 1878 у Ф. створана ўласная армія, якая камплектавалася на аснове ўсеагульнай воінскай павіннасці. У 1860—78 уведзена ў абарачэнне ўласная нац. грашовая адзінка — марка. У цараванне Мікалая II узмацнілася палітыка русіфікацыі Ф., асабліва ў час кіравання ген.-губернатара М.І.Бобрыкава (1898—1904, забіты). У рэвалюцыю 1905—07 у Ф. адбылося Свеаборгскае паўстанне 1906, у 1906 чатырохсаслоўны сейм заменены аднапалатным парламентам і ўведзена ўсеагульнае выбарчае права (жанчыны Ф. першыя ў Еўропе атрымалі права голасу). Але пасля рэвалюцыі 1905—07 у Ф. ўведзена ваен. праўленне (у 1907—11 мясц. сейм распускаўся 4 разы, сенат фарміраваўся з рас. вайскоўцаў, на дзярж. пасады сталі прызначаць рас. чыноўнікаў). У пач. 20 ст. ў Ф. пачалося развіццё дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай вытв-сцей, арыентаваных на экспарт у зах. краіны. Гандаль з Расіяй скарачаўся. У 1-ю сусв. вайну многія фіны добраахвотна ўступалі і ў рас., і ў герм. арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рас. Часовы ўрад 7(20).3.1917 аднавіў аўтаномію Ф., страчаную пасля рэвалюцыі 1905—07, быў скліканы сейм. Але Часовы ўрад прыпыніў дзеянне прынятага фінл. сеймам 18(31).7.1917 «Закона аб уладзе» і распусціў парламент краіны. У гэтых умовах у фінл. грамадстве запанавала ідэя поўнага аддзялення ад Расіі. 6.12.1917 фінл. парламент прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Ф. незалежнай дзяржавай. Яе часовым кіраўніком стаў П.Э.Свінхувуд. Па просьбе фінл. сената незалежнасць краіны прызнаў сав. ўрад (31.12.1917). У хуткім часе дзярж. суверэнітэт Ф. прызналі Францыя, Швецыя, Германія, Аўстра-Венгрыя, Грэцыя, Нарвегія, Данія, пазней Вялікабрытанія і ЗША. Рас. войскі і базы флоту выведзены з Ф. паводле Брэсцкага міру 1918. Унутрыпаліт. барацьба ў краіне вылілася ў Фінляндскую рэвалюцыю 1918, у час якой Ф. 7.3.1918 заключыла ваен. і эканам. саюз з Германіяй, а прынц Фрыдрых Карл Гесенскі быў абвешчаны каралём Ф. (не паспеў заняць прастол у сувязі з рэвалюцыяй у ліст. 1918 у Германіі). У маі 1918 парламент Ф. разарваў адносіны з Сав. Расіяй. Войскі Ф. ўдзельнічалі ў антысав. інтэрвенцыі ў Карэліі. З канца 1918, калі рэгентам краіны стаў Манергейм, пад яго кіраўніцтвам Ф. адмовілася ад прагерм. арыентацыі. 17.7.1919 Манергейм у выніку кампрамісу паміж прыхільнікамі рэспублікі і манархіі зацвердзіў сучасную форму праўлення краіны. Першым прэзідэнтам Фінл. Рэспублікі быў К.Ю.Стольберг. У першыя гады незалежнасці прыняты законы аб увядзенні абавязковай адукацыі, забароне алкагольных напіткаў («сухі закон» скасаваны ў 1932), свабодзе веравызнання, свабодзе слова і арг-цый, законы па ўрэгуляванні становішча абедзвюх моўных груп (фін. і швед.) і аўтаноміі Аландскіх а-воў (паводле рашэння Лігі Нацый яны ў 1921 адышлі да Ф.). У 1920 Ф. стала чл. Лігі Нацый і заключыла Тартускі мір з РСФСР (гл.Савецка-фінляндскія дагаворы і пагадненні). У 1920-я г. ў Ф. праведзена агр. рэформа (зямлёй надзелены беззямельныя сяляне). У 1926 СДПФ сфарміравала аднапарт. ўрад. Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Ф. актывізаваліся праварадыкальныя сілы (Лапуаскі рух, Патрыят.нар. рух). У 2-ю сусв. вайну пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40, у ходзе якой сав. войскі прарвалі «Манергейма лінію», Ф. ў 1941—44 была ў стане вайны з СССР (т.зв. Вайна працягу). У выніку ваен. дзеянняў і мірных дагавораў 1940 і 1947 устаноўлена дзярж. граніца паміж Ф. і СССР (з 1991 паміж Ф. і Расіяй). Да 1952 Ф. выплачвала ваен. рэпарацыі, у 1955—56 Сав. Саюз ліквідаваў сваю ваен. базу ў Поркала-Уд. Пры прэзідэнтах Ю.К.Паасіківі (1946—56) і У.К.Кеканене (1956—81) Ф. ўзяла курс на ўстанаўленне дружалюбных адносін з СССР. Урад Ф. спрыяў арганізацыі ў Хельсінкі (1972—73) Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая да 1995 трансфармавалася ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры прэзідэнтах М.Г.Койвіста (1982—94) і М.Ахтысаары (1994—2000) Ф. зрабіла канчатковы выбар на карысць інтэграцыі ў зах.-еўрап.эканам. структуры. У 2000 прэзідэнтам Ф. выбрана Т.Халанен.
Ф. — чл.ААН (з 1955), Паўн. Савета (з 1955), Савета Еўропы (з 1989), Еўрап. Саюза (з 1995) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дзейнічаюць С.-д. партыя Ф., Левы саюз, Агр. саюз, Хрысц. саюз, Швед.нар. партыя, Цэнтр.арг-цыяфін. прафсаюзаў і інш.
Гаспадарка. Ф. — эканамічна развітая краіна з сучаснай прам-сцю і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 135,5 млрд.дол. (25,8 тыс.дол. на 1 чал.). Доля прам-сці ў ВУП 28%, сельскай гаспадаркі 3%, сферы паслуг 69% (2000).
Аснова эканомікі — шматгаліновая прамысловасць, у якой дамінуюць буйныя канцэрны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (36% кошту прамысл. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (19,3%), хім. (10%), электраэнергетыка (8,7%), харч. (8%), паліграф. (6%), чорная і каляровая металургія (4,7%) і інш. У машынабудаванні найб. хутка развіваюцца галіны з высокімі тэхналогіямі — электронная і электратэхнічная. Вытв-сць мабільных тэлефонаў («Нокія»), ліфтаў і эскалатараў («Коне», 3-е месца ў свеце), халадзільнікаў, водаправодных кранаў. Развіта вытв-сць машын для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці («Метса»), пагрузачных сродкаў, трактароў, цяжкіх грузавікоў, гарнаруднага абсталявання. Ф. — самы буйны вытворца ледаколаў (каля палавіны ледаколаў свету); развіваецца вытв-сць круізных і спец. суднаў. Асн.маш.-буд. цэнтры: Хельсінкі, Эспа, Оўлу, Турку, Лахты, Раўма, Васа. Традыцыйна развіта вытв-сць лясной прадукцыі (каля 1/4 агульнага аб’ёму экспарту). Штогадовая камерцыйная высечка лесу каля 50 млн.м³. Буйныя цэнтры лесаперапрацоўкі ў вусцях рэк (Котка, Оўлу, Поры, Кемі). Вытв-сць фанеры ў Ювяскюлі, Куапіо, Лахты, мэблі ў Лахты, паперы і кардону (каля 9 млн.т) у Тамперэ, Оўлу, Кемі (канцэрны «Стура-Энса», «УПМ-Кюмене», «Метсалійта»). Хім.прам-сць вырабляе хімікаты для цэлюлозна-папяровай прам-сці, мінер. ўгнаенні, фарбы, пластмасы (Оўлу, Турку, Хельсінкі, Тамперэ, Хар’явалта). Фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 75,4 млрд.кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (41%), ГЭС (19%), АЭС (28%) і інш. (12%). ЦЭС працуюць пераважна на імпартуемым паліве. Здабыча жал., медна-нікелевай, цынкавай, хромавай, малібдэнавай руд, азбесту, мармуру, граніту. Цэнтры абагачэння і выплаўкі каляровых металаў — Поры, Хар’явалта (медзь, нікель), Віханты (медзь, свінец, цынк), Кокала (цынк). Металургічны камбінат (чыгун, сталь, пракат) каля г. Рахе; інш. прадпрыемствы працуюць на металаломе. Развіты харч., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная), паліграф.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае малочнамясная жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 1,54, буйн. раг. жывёлы — 1,15, курэй — 5,51, авечак — 0,1. У Лапландыі гадуюць паўн. аленяў (каля 200 тыс. галоў). Вытв-сць (тыс.т) ялавічыны 93, бараніны 17, мяса птушкі 186; малака 2,5 млн.т. Зверагадоўля. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 7% тэрыторыі. Раслінаводства сканцэнтравана на Пд. Характэрна завалуненасць палёў. Асн. пасяўныя плошчы пад сеянымі травамі (75%) і збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (тыс.т, 2001) ячмень (1747), авёс (1227), пшаніцу (514), жыта (101), бульбу, буракі. Рыбалоўства (196,5 тыс.т, 1999). Значныя даходы сял. гаспадарак ад лесаўладання (54% агульнай пл. лясоў). Даўж. (тыс.км, 2000) чыгункі 5,9, аўтадарог 77,8, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 50, водных шляхоў 6,7, газаправодаў 0,6. 1,94 млн. легкавых і 291,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Знешнегандл. перавозкі пераважна марскім транспартам (зімой пры дапамозе ледаколаў). 98 суднаў (1 тыс. рэг. бр.-т і больш) агульным танажом 1172 тыс. рэг. бр.-т. Аўтапаромы звязваюць Ф. з Талінам (Эстонія), Стакгольмам (Швецыя), Любекам (Германія). Гал. марскія парты: Хельсінкі, Котка, Поры, Турку. 160 аэрапортаў. Экспарт (40,1 млрд.дол., 2001): машыны і абсталяванне, папера і кардон, папяровая маса, піламатэрыялы, судны, хім. прадукцыя. Імпарт (31,2 млрд.дол., 2001): харч. прадукты, нафта і нафтапрадукты, трансп. сродкі, чорныя металы, тэкстыль, збожжа, электраэнергія. Асн.гандл. партнёры: Германія, Швецыя, ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя. У 2000 Беларусь экспартавала ў Ф. тавараў на 18,4 млн.дол., імпартавала тавараў на 38,1 млн. долараў. Грашовая адзінка — еўра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (32 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (3,4 тыс.чал., 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 24,5 тыс.чал., 230 танкаў, 266 баявых машын пяхоты, 840 бронетранспарцёраў, 180 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, больш за 940 буксірных гармат, 2,3 тыс. мінамётаў, больш за 400 гармат зенітнай артылерыі, 11 верталётаў. У ВПС 2,7 тыс.чал., больш за 60 баявых самалётаў і інш. У ВМС 5 тыс.чал., 11 мінных загараджальнікаў, 13 мінных тральшчыкаў, 9 ракетных катэраў і інш.
Ахова здароўя. Пашырана сістэма мед. страхавання, існуюць бальнічныя камуны. У акругах Хельсінкі, Тамперэ, Турку, Куапіо ёсць універсітэцкія бальніцы, якія аказваюць складанае спецыялізаванае лячэнне (напр., адносна рэдкія аперацыі). Дзейнічаюць кампаніі па страхаванні адказнасці мед. работнікаў перад пацыентам. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 74, жанчын 81 год (2001). Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 110 чал., урачамі — 1 на 338 чал. Натуральны прырост — 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. Сістэма адукацыі ў Ф. прадугледжвае абавязковую бясплатную адукацыю для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, што забяспечвае практычна поўную пісьменнасць насельніцтва. Усе дзеці павінны закончыць 9-гадовую (асноўную) агульнаадук. школу. Пасля гэтага яны маюць магчымасць працягваць адукацыю ў прафес. вучылішчах, вышэйшых ступенях сярэдняй школы з наступным навучаннем у каледжах або ун-тах. Усе ступені навучання, у т. л. ва ун-тах, бясплатныя, а студэнты карыстаюцца матэрыяльнай падтрымкай дзяржавы. У 1997 каля 400 тыс. дзяцей навучаліся ў школах, 470 тыс.чал. у сярэдніх прафес.-тэхн. вучылішчах, 62,3 тыс. — у розных каледжах. У Ф. 20 ун-таў, у самых вялікіх з іх (Хельсінкскім) 37 тыс. студэнтаў, у Тамперэ і Турку па 15 тыс. у кожным. Наладжана таксама навучанне дарослых (ахоплівае больш за 25% працаздольнага насельніцтва). Дзярж. сістэму адукацыі дапаўняе шырокая сетка грамадскіх і прыватных навуч. устаноў.
У 1990-х г. Ф. ўстанавіла сусв. рэкорд па карыстанні б-камі — палавіна насельніцтва краіны зарэгістравана як карыстальнікі бібліятэчнымі абанементамі. Найб. б-кі: Хельсінкскага ун-та (засн. ў 1640, больш за 2 млн. тамоў), Гар. Хельсінкская (з 1860), парламента. Музеі: у Хельсінкі — Нац., Гар., Бат. сад; у Турку — Гіст., выяўл. мастацтва, Я.Сібеліуса; у Марыянхаміне — суднаходства. Навук. даследаванні праводзяцца ў Акадэміі Фінляндыі, НДІ, на кафедрах ун-таў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2001 у Ф. выдавалася 114 агульнанац. і губ. газет і часопісаў, больш за 500 мясц.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя фінскамоўныя газеты: «Helsingin Sanomat» («Хельсінкскія ведамасці», з 1889), «Iltalehti» («Вячэрняя газета», з 1980), «Iltasanomat» («Вячэрнія ведамасці», з 1932), «Aamulehti» («Ранішняя газета», з 1881), «Turun Sanomat» («Ведамасці Турку», з 1904), «Kaleva» («Калева», з 1899); шведскамоўныя — «Hufvudstadsbladet» («Сталічная газета», з 1864), «Åland» («Аландскія выспы», з 1891), «Vasabladet» («Газета Васы», з 1856). Інфарм. агенцтва — Фінскае агенцтва навін (з 1915). Радыёвяшчанне з 1923. Перадачы вядуцца па 3 каналах на фін., швед., саамскай, рус., англ. мовах. Тэлебачанне з 1955. Працуюць 4 агульнадзярж. каналы і некалькі дзесяткаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання; 9 буйных тэлерадыёкампаній, найбуйнейшая з іх «Ілейсрадыё» (з 1926).
Літаратура. Развіваецца на фінскай мове і шведскай мове. Карані фінскамоўнай л-ры ў карэла-фін. фальклоры, эпічных рунах і лірычных песнях, сабраных і выдадзеных у 1830—40-я г. Э.Лёнратам (эпас «Калевала», лірычныя песні «Кантэлетар»). Пісьменнасць і л-ра на фінскай мове ўзніклі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі. М.Агрыкала пераклаў на фін. мову Новы запавет (1548) і каля 30 псалмоў і гімнаў, да якіх напісаў прадмовы і тлумачэнні, у т. л. вершаваныя. Другі помнік фін. арыгінальнай і перакладной (з ням. і лац. моў) паэзіі 16 ст. — «Кніга віршаў» (1563) Я.Суамалайнена. У пач. 17 ст. традыцыі гэтай паэзіі прадоўжыў Х.Хенрыкі; зборнік арыгінальных казанняў стварыў Э.Соралайнен. Вял. значэнне для развіцця л-ры меў поўны калект. пераклад Бібліі. На мяжы 17—18 ст. узнікла літ.-філас. плынь фенафілаў, якая проціпастаўляла сябе ідэалогіі швед. вялікадзяржаўнікаў (асветнікі-публіцысты Т.Юсленіус, Х.Г.Портан). У 2-й пал. 18 ст. паявіліся зборнік вершаў і баек Х.Акрэніуса, вершаваныя пасланні, эпітафіі, даследаванне «Фінская міфалогія» К.Ганандэра. У 19 ст. на пазіцыях сял. асветніцтва, творчасці дыдактычнага зместу стаялі Я.Ютэйні, К.А.Готлунд, П.Ханікайнен. Пачаткі рамантызму выявіліся ў паэзіі А.Попіуса, К.Р.Крамсу, у разнастайнай творчасці А.Ківі. У 1880—90-я г. дасягнула росквіту рэаліст. школа: раманы, аповесці, апавяданні Ю.Аха, М.Кант, А.Ярнефельта, Ю.Х.Эрка, Т.Пакалы (уваходзілі ў групу «Маладая Фінляндыя»), аўтабіягр. вясковая проза П.Пяйвярынты, паэзія і публіцыстыка К.Лейна, лірыка і драматургія Эрка. У канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася неарамант. плынь (паэты Э.Лейна, Л.Онерва, Ларын-Кюёсты, празаікі В.А.Кілпі, І.Кіянта, Ё.Лехтанен, празаік і паэтэса А.Калас, драматург і празаік Ё.Лінанкаскі). У 1-й пал. 20 ст.рэаліст. тэндэнцыі развіваліся ў творчасці празаікаў М.Ласілы, П.Хаанпя, М.Ётуні, В.Ё.Койо, Ё.Корпелы, О.А.Палахейма, І.Уурта, паэтаў О.Манінена, К.Т.Саркія, аўтара п’ес у стылі «эпічнага тэатра» Х.Вуаліёкі. Шматстылёвая і разнастайная творчасць Ф.Э.Сіланпя, экспрэсіянісцкі характар мелі драмы Л.Хаарлы. У 1920-я г. ў творчасці прадстаўнікоў літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»; паэты К.Вала, У.Кайлас, П.Мустапя, Ю.О.Юльхя, празаікі М.Т.Валтары, Т.Р.Пеканен, У.К.Сепянен, крытык О.Павалайнен і інш.) адлюстраваліся неарамант., сімвалісцкія, экспрэсіянісцкія, футурысцкія і рэаліст. ўплывы. У 1936 узнікла група пісьменнікаў левага кірунку «Кійла» («Клін»; паэты А.Туртыяйнен, Я.Э.Пенанен, В.Л.Каява, празаік і драматург Э.А.Сінерва). У 1930-я г. развівалася творчасць т.зв. рабочых паэтаў (К.Каатра, К.Танту, Х.Лійнама). У 2-й пал. 20 ст.рэаліст. л-ру прадстаўлялі паэты Э.Ківікаха, Э.Л.Манер, А.М.Тыні, празаікі В.Ліна, С.Т.Аапелі, Э.Ёэнпелта, А.Кайпайнен, Л.Калерва, Э.Сяйся, М.А.Хялі, паэт і празаік Л.Сінканен, драматург і празаік А.Юнкала. Вылучыліся гіст. раманы Валтары, «вясковая» проза Х.Хямяляйнен, «рабочая» — Л.Війты, С.Паранена, П.Рынталы, О.О.Сійпайнена, імпрэсіянісцкія навелы і раманы Э.Кілпі. Развіваліся мадэрнісцкія плыні (паэзія Мустапя, Х.Юванен). Эксперым., наватарскім характарам вызначаліся антываен. раманы, навелы і п’есы В.Меры, паэзія В.Кірстыня, Ю.Малінена, П.Хаавіка, А.Хелаакаскі, проза Х.Саламы, лірыка і драматургія Л.М.Хейкіля, паэзія і проза М.Л.Вартыо. Да традыцыі паэтыкі «новага рамана» блізкая проза Л.Нумі, П.Холапы, А.Хюру, элементы сюррэалізму ў паэзіі П.Саарыкаскі, п’есах Ю.Манеркарпі. У 1990-я г. вядомасць набыла проза А.Руута, А.Снелман, К.К.Суасалмі, Х.Турунена, А.Тууры, А.Л.Хяркенен, К.Утрыо, О.Яланена, развіваліся публіцыстыка (В.А.Коскеніемі, Пенанен, Р.В.Сільванта, Хаарла, Хелаакаскі, Холапа, Т.Анхава і інш.) і дзіцячая л-ра (Э.Х.Койвістайнен, А.М.Мерылуата, Х.Мякеля, М.Яла).
Л-ра на шведскай мове развівалася ва ўзаемасувязі з фінскамоўнай. У эпоху Рэфармацыі пераважалі казанні, рытуальныя песні. Найб. значны прадстаўнік перадрамант. плыні эпохі Асветніцтва Ф.М.Франзен. У 1915 у г. Турку ўзнік гурток літаратараў-рамантыкаў (А.І.Арвідсан, Ф.Бергбум, Ю.Г.Лінсен, Ю.А.Тэнгстрэм, А.Г.Шострэм). Буйнейшы прадстаўнік патрыят. рамантызму Ю.Л.Рунеберг, рамант. ідэі развівалі Ф.Сігнеус і Ю.В.Снельман. Матывы нац. гісторыі ў прозе З.Тапеліуса, лірыцы Ю.Векселя, рэаліст. тэндэнцыі ў паэзіі і прозе К.А.Тавастшэрны. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся розныя плыні паэзіі — ад кансерватыўна-неарамант. (Б.Грыпенберг) да пазітывісцка-рэаліст. (Э.Цыліякус), радыкальна-сацыяліст. (А.Мёрне) і мадэрнісцкай (Э.Сёдэргран). У 20 ст. вылучылася псіхал. проза М.Алапеус, О.П.Парланда, Р.Э.Шыльта, К.Чыльмана, А.З.Клева. Рысы традыц. рэалізму ўласцівы паэзіі Т.Варбуртана, Э.А.Віхман, драматургіі В.Карэла. У ліку прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў: паэты Г.Б’ёрлінг, Э.Дыктуніус, Б.Карпелан, Р.А.Энкель, празаік С.М.Шульц, драматург Х.Олсан. У 1990-я г. плённа працавалі паэты і празаікі Ч.Весцё, У.Л.Лундберг, Т.Форстрэм, дзіцячая пісьменніца Т.Янсан, публіцысты Варбуртан, Олсан, Ё.Ю.Донер, Чыльман. На бел. мову перакладзены паасобныя творы Аха, Валы, Вуаліёкі, М.Ларні, Ласілы, Э.Лейна, Малінена, Манер, Рунеберга, Сінерва, Сінканена, Туртыяйнена, Хаанпя, Яла і інш. Сярод перакладчыкаў: М.Багдановіч, У.Арлоў, Я.Лапатка, У.Някляеў, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Шарахоўская.
Архітэктура. Ад часоў мезаліту захаваліся рэшткі жылых пабудоў, блізкіх да жытлаў фіна-уграў. У 12—13 ст.мясц. традыцыі мураванай архітэктуры складваліся пад уплывам раманскага дойлідства Швецыі (замак і сабор у г. Турку). З 14 ст. тарцовыя сцены цэркваў завяршаліся ўзорыстай муроўкай шчытоў (царква ў Хатуле), з канца 15 ст. ў арнамент і форму шчытоў, канструкцыю скляпенняў праніклі элементы готыкі (царква ў Холале). Драўлянае сял. дойлідства развівалася незалежна ад стылістыкі мураванай архітэктуры; яно ўплывала на буд-ва драўляных цэркваў (у Торніо, 17 ст.; Кеўру, 18 ст.) і гар. жылых дамоў. У 2-й пал. 18 ст. шведы заснавалі горад-крэпасць Свеаборг. Упач. 19 ст. пачалося фарміраванне нац.арх. школы. Хельсінкі набыў рэгулярны план у духу класіцызму. Сярод класіцыстычных помнікаў вылучаюцца арх. ансамбль цэнтра Хельсінкі (арх. К.Л.Энгель), Трапскі палац у г. Турку (цяпер Шведскі ун-т). Да канца 19 ст. панавала эклектыка (будынак маст. музея Атэнеум, арх. К.Хёер). Творчасць прадстаўнікоў нац. рамантызму [Г.Гезеліус, А.Ліндгрэн, Эліэль Саарынен (гл.Саарынены), Л.Сонк] грунтавалася на фін. фальклоры, сканд. міфалогіі, традыцыях сярэдневяковага дойлідства; адметная імкненнем да стварэння спецыфічнай нац. архітэктуры, звернутай да вытокаў фін. мастацтва (Цэнтр. вакзал, будынкі Нац. музея, Фін.нац.т-ра ў Хельсінкі). На мяжы 19—20 ст. развіўся стыль мадэрн (пабудовы Г.Нюстрэма, С.Ліндквіста). Буйная з’ява фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Хельсінкі (1915—18, арх. Саарынен). У стылі неакласіцызму працавалі А.Аалта, Э.Бругман, І.Сірэн. У 1920-я г.пад уплывам ідэй «Баўгаўза» і арх.Ле Карбюзье зарадзіўся фін. функцыяналізм (павільёны выстаўкі «700-годдзе Турку», арх. Аалта, Бругман; санаторый у Пайміо, арх. Аалта; атэль у Рованіемі, арх. П.Блумстэт; Алімп. стадыён, арх. І.Ліндэгрэн і Т.Янты). У аснове жылога і грамадскага буд-ва 2-й пал. 20 ст. ідэі Саарынена: дэцэнтралізацыя гар. структуры, узаемадзеянне архітэктуры з навакольным ландшафтам («горад-лес» Отаніемі, арх. Аалта; прыгарадны раён Тапіяла, абодва генплан 1952, арх. Х. фон Херцэн, О.Мейрман, А.Эрві, В.Рэвель і інш.). Творчасць прадстаўнікоў т.зв. архітэктуры сістэм засн. на функцыян. арганізацыі будынкаў, строгіх прыёмах забудовы, пераадольванні адвольнай жывапіснасці арх. кампазіцыі (Б.Лундстэн, А.Русувуары); некат. з іх выкарыстоўвалі формы, выпрацаваныя Л.Міс ван дэр Роэ (К.Мікала, К.Гуліхсен). У сучаснай архітэктуры Ф. суіснуюць розныя тэндэнцыі. Пабудовы адметныя выразнасцю форм, функцыянальнасцю, выкарыстаннем фактуры і канстр. магчымасцей новых і традыц.буд. матэрыялаў, сувяззю з прыродным асяроддзем (арх. Аалта, Рэвель, Эрві, К. і Х. Сірэн, Р.Піетыль, Т.Суамалайнен). У 1892 засн. Саюз архітэктараў Ф.
Выяўленчае мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў мастацтва адносяцца неалітычныя ямачна-грабеньчатая кераміка, наскальныя размалёўкі і пятрогліфы, зааморфныя навершы каменных нажоў, гліняныя антрапаморфныя ідалы і інш. У эпоху бронзы і ранняга жалеза пашыраны творы звярынага стылю. Развіваліся традыц. віды нар. творчасці — разьба па дрэве, дыванаткацтва (насценныя дываны «руй») і інш. У 12—13 ст. з прыняццем хрысціянства засвойваліся ўзоры сярэдневяковага мастацтва, звязаныя з творчасцю ням. і франц. майстроў (алтар св. Варвары з царквы ва Усікірка). Манум. жывапіс 14—16 ст. адметны нар. арнаментамі, стракатымі лакальнымі колерамі (размалёўкі цэркваў у Перніё, Хатуле). Напружанай экспрэсіяй вобразаў, стрыманасцю пластычнай трактоўкі вылучалася драўляная скульптура 15—17 ст. У манум. жывапісе 17—18 ст. выявіліся тэндэнцыі барока (размалёўкі царквы ў Палтама). Вядучы майстар манум. жывапісу 18 — пач. 19 ст. — М.Тапеліус (размалёўкі цэркваў у Саўва, Палтама). З пач. 19 ст. пачала фарміравацца фін.маст. школа (А.Лаўрэус, Г.Фінберг), развіваліся жанры свецкага станковага жывапісу (І.Ваклін, Н.Шыльмарк). У батальным жанры працаваў Р.Экман, у бытавым — А. фон Бекер, К.Янсан, у пейзажы — В.Холмберг. Уздым выяўл. мастацтва ў 1880—1900-я г. звязаны з ідэямі нац. адраджэння, гісторыяй, фальклорам, міфалогіяй і інш. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў — А.Гален-Калела. Рэаліст. творы на тэмы нар. жыцця стваралі П.Халален, А.Эдэльфельт, Э.Ярнефельт. У скульптуры працавалі Э.Кайнберг, К.Шостранд, В.Рунеберг (класіцызм), Э.Вікстрэм і Э.Халанен (мадэрн, сімвалізм). Стылізацыі паднар. скульптуру ў т.зв. наіўным стылі стваралі В.Мякінен, М.Хартман, Х.Віралайнен і інш. Ініцыятар і арганізатар Саюза скульптараў Ф. (1910) — Ф.Нюлунд. Багацце пластычных вырашэнняў уласціва работам В.Аалтанена. Мастацтва 20 ст. развіваецца ў працэсе ўзаемадзеяння нац. традыцый і асн. кірункаў еўрап. мастацтва (жывапіс В.Віянаі, М.Коліна, А.Канервы, Н.Хютынена, графіка В.Аскалы, Т.Тапіявары, скульптура Э.Хілтунен і інш.). У 1930—90-я г. ў Ф. жыў і працаваў бел. графік А.Ахола-Вало, ён удзельнічаў і ў наватарскіх пошуках фін. мастацтва. Адно з вядучых месцаў у Еўропе займае фін. дызайн (сярод пачынальнікаў Гален-Калела, Эліэль Саарынен і інш.). Сярод сучасных дызайнераў Т.Віркала, Э.Арна, Тапіявара, арх. А.Аалта). На аснове нар. традыцый мадэрнізуецца выраб прадметаў са скуры, керамікі, развіваецца мастацтва сучаснага тэкстылю.
Музыка. Стараж. формы фін.муз. фальклору — песенныя імправізацыі йойку, замовы, заклінанні, плачы едлі, пастухоўскія і паляўнічыя найгрышы на жалейках і ражках. Сярод старадаўніх муз. інструментаў: кантэле (шчыпковы), ёўхіка (стр. смыкавы), туахіторві (берасцяная труба). Прафес. музыка 12—16 ст. звязана з каталіцкім культам (касцельныя спевы, ігра на аргане), з сярэдзіны 16 ст. пашырыўся пратэстанцкі харал, створаны першы прыдворны аркестр. У 17 ст. пашырыліся шведска-ням.нар. песні, балады, піірылейкі (тыпу частушак), танцы менуэт, мазурка, паланэз, вальс; у Турку працавалі прафес.гар. музыканты. З канца 18 ст. развіваецца свецкая музыка. Сярод першых прафес. кампазітараў Ф.Пасіус (аўтар нац. гімна), Э.Туліндберг. Станаўленню нац. музыкі спрыялі карэла-фін. руны (зб. «Калевала», 1835), творчасць аўтараў першых фін. оперы Пасіуса і сімфоніі А.Інгеліуса, збіральніка фальклору Э.Лёнрата. Заснавальнікі фін.прафес.муз. школы — Р.Каянус (пачынальнік нац. кірунку ў музыцы, стваральнік першага сімф. аркестра, 1882), М.Вегеліус (узначальваў кірунак, арыентаваны на ням.муз. рамантызм, заснавальнік першай кансерваторыі, 1882). На нац. глебе развілася творчасць класіка фін. музыкі Я.Сібеліуса. З сярэдзіны 20 ст. на музыку Ф. паўплывалі плыні зах.-еўрап. авангардызму. Муз. мастацтва Ф. 20 ст. развівалі кампазітары А.Алміла, К.Аха, Э.Бергман, Ё.Коканен, О.Кортэкангас, Т.Куула, Ё.Куусіста, М.Ліндберг, Л.Мадэтая, Э.Меларціна, У.Мерылайнен, С.Палмгрэна, Ё.Панула, Э.Раўтаваара, К.Саарыяха, А.Салінен, П.Хейнінен, Э.Энглунд, А.Ярнефельта і інш.; дырыжоры П.Берглунд, О.Вянскя, О.Каму, Панула, Л.Сегерстам; піяністы О.Мустанен, М.Раекаліо; спевакі М.Груп, К.Матыла, Я.Рухянен, П.Саламаа, М.Салмінен, Ё.Хюнінен; музыказнаўцы А.О.Вяйсянен, І.Крон, А.Лаўніс, Я.Серміля, Э.Тавастшэрна, В.Хеласвуа. У Хельсінкі, муз. цэнтры краіны, працуюць Фін. опера (з 1911), аркестр радыё (з 1927), хор радыё (з 1940), Квартэт імя Сібеліуса (з 1927), Камерны аркестр Хельсінкі (з 1953) і інш. Існуе разгалінаваная сетка муз. устаноў: Муз. акадэмія імя Сібеліуса (з 1939), 11 кансерваторый, муз. ін-ты (у Лахты, Тамперэ, Ювяскюля і інш.), школы. Развіты аматарскае хар. мастацтва, пеўчыя святы (з 1881). Праводзяцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя Сібеліуса (з 1965), муз. фестывалі, у т. л. «Тыдзень Сібеліуса» ў Хельсінкі (з 1951) і інш. З 1945 існуе Асацыяцыя фін. кампазітараў.
Тэатр. У аснове прафес.т-ра Ф. традыцыі нар.тэатр. мастацтва. Нац. драматургія развіваецца з 2-й пал. 19 ст. У 1827 у Хельсінкі пабудаваны першы тэатр. будынак (Тэатр. дом), дзе выступалі рус., ням., швед. гастрольныя трупы. У 1860 там жа створаны першы прафес.т-р (на швед. мове), пачаў развівацца аматарскі т-р. У 1872 адкрыўся фін.т-р у Хельсінкі (да 1878 меў оперную і драм. трупы, з 1902 драм. трупа наз. Фінскі нац.т-р). Арганізацыя пастаяннага т-ра стала асновай для развіцця нац.тэатр. мастацтва і драматургіі, прадстаўленай п’есамі М.Кант, М.Ласіла, Х.Вуаліёкі, Э.Сінерва, А.Ківі, К.А.Ківіма, М.Валтары, В.Корэля і інш. Сучаснае фін.тэатр. мастацтва вызначаецца пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці, эксперыментальнасцю. У рэпертуары пераважаюць творы нац. драматургіі, ставяцца класічныя і сучасныя замежныя п’есы. Праводзяцца міжнар.тэатр. фестывалі, у т. л. «Тамперскае тэатр. лета» і інш. Уклад у развіццё фін.т-ра зрабілі рэжысёры В.Бандлер, Д.Вітыка, В.Ільмары, Э.Каліма, Р.Лонгбака, Ё.Турка, К.Хольмберг, А. оф Хялстрэм; акцёры Э.К.Воланен, А.Корханен, А.Лепанен, Э.Літманен, А.Ліндфарс, А.М.Млангус, Т.Пала, Т.Ё.Рыне, Э.Салмінен, Р.Снельман, У.Сомерсалмі, Э.Эранен, Э.Юрка і інш. У Ф. каля 60 прафес. т-раў: Нац., Фінскі, Шведскі, Інтымны, Т-р Эспа, Гарадскі Лапеенранты, лялечны «Зялёны яблык» у Хельсінкі; т-ры Працоўных Тамперы, маладзёжна-дзіцячы 2000, лялечны «Нібыта Тэатр» у Тамперы; Гарадскі, Новы, Шведскі Аба ў Турку; т-ры ў Лахты, Куапіо і інш.
Кіно. У 1904 зняты першыя хранікальныя фільмы. У 1906 засн.вытв. фірма «Апала», якая пачала выпуск дакумент. стужак. У 1907 паст. першы гульнявы кароткаметражны фільм «Самагоншчыкі» (рэж. Л.Спарэ і Т.Пура), у 1913 — першы маст. «Сюльві» (рэж. Пура), У 1919 Пура і Э.Кару засн. фірму «Суамі-фільм», якая адыграла значную ролю ў развіцці кіно Ф. У 1920-я г. экранізаваны творы нац. л-ры: «Стары барон з Раўтакюла» (паводле Ц.Тапеліуса, рэж. К.Фагер), «Шаўцы з Нумі» (паводле А.Ківі, рэж. Кару; абодва 1923). У 1930-я г. створаны новыя фільмы, пачаўся выпуск гукавых стужак. Уклад у развіццё фін. кіно 1930-х г. зрабілі рэжысёры Н.Тапіявара («Юха», 1937; «Шлях чалавека», 1940), Р.Орка («Улюл з фермы Сілтала», 1934), В.Вала («Жанчына Ніскавуары» паводле Вуаліёкі, 1938). У 1940-я г. пашыраны муз. фільмы, камедыі, біягр. жанр («Кароль паэтаў і пералётная птушка», 1940, рэж. Т.Сяркя; «Я кахаю», 1946, рэж. І.Унха). Сярод лепшых фільмаў 1950-х г.: «Белы паўночны алень» (1953, рэж. Э.Бломберг), «Невядомы салдат» (паводле В.Ліне, 1955, рэж. Э.Лайне), «Чырвоная лінія» (1959, рэж. М.Касіла). Актуальныя праблемы адлюстраваны ў фільмах рэж. Р.Ярвы: «Дзённік рабочага» (1967), «Вайна аднаго чалавека» (1973), «Год зайца» (1977). Шэраг экранізацый створаны рэж. Лайне: «Тут, пад Палярнай зоркай» (1968), «Акселі і Эліна» (1970, абодва паводле твораў В.Ліны) і інш. Сярод рэжысёраў 1970-х г.: Я.Пакасвірт («Летні бунт», 1970, «Дом да Каляду», 1975, «Пячатка звера»), М.Нісканен («Восем смяротных куль», 1972, «Восенню ўсё па-іншаму», 1978, «Уцёкі», 1981), Э.Ківікаскі («Ноч на беразе мора», 1980). У пач. 1980-х г. прыйшло новае пакаленне кінарэжысёраў: браты М. і А. Каўрысмякі, П.Хартцэль, М.Іяс, М.Лехмускаліо, К.Улсан, О.Сойніо, Л.Цёрхёнен. Паэт. стужкі пра супрацьстаянне чалавека і прыроды стварыў рэж. Лехмускаліо («Танец ворана», 1980; «Лыжнік», 1982; «Інуксул», 1988). У эпічным плане зняты фільмы П.Парыка («Раўніна», 1988, «Зімовая вайна», 1989), Цёрхёнена («Тропік ільду», 1987, «Пасвячоныя», 1989). Новы кірунак у кіно Ф. стварылі браты Каўрысмякі, творчасці якіх уласціва гульня з асацыяцыямі, цытатамі, скрытымі жартамі (сумесныя фільмы «Ілгун», 1981; «Нікчэмныя», 1982). «Чорны» гумар, іронія, крытыка агульнапрынятых каштоўнасцей з маральным пафасам — асн. рысы стужак А.Каўрысмякі «Цені ў раі» (1986), «Арыэль» (1988), «Дзяўчына з запалкавай фабрыкі» (1990), «Жыццё багемы» (1992), «Паберажы сваю хусцінку, Таццяна» (1994), «Удалячынь плывуць аблокі» (1996). Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы М.Каўрысмякі «Клан» (1984), «Роса» (1985), «Хельсінкі—Неапаль: усю ноч напралёт» (1987), «Амазонка» (1990) і інш. Кінамастацтва Ф. 1990-х г. вызначаецца прафесіяналізмам, арыгінальнасцю ў выбары тэм і стыляў. У карцінах рэж. В.Аалтанена «Блудны сын» (1992), «Ойча наш» (1993), «З любоўю, Майрэ» (1999) тэма гвалту і жорсткасці ў сучасным грамадстве. Тэма сельскага жыцця ў фільмах рэж. М.Пёлёнена: «Зямля шчасця» (1993), «Апошняе вянчанне» (1995), «Кароль плытагонаў» (1998). Сярод інш. значных стужак: «Засада» (рэж. О.Саарэл), «Крутыя» (рэж. А.Мякель), «Лебедзь і вандроўнік» (рэж. Т.Койвусала; усе 1999). Уклад у кіно Ф. зрабілі жанчыны-рэжысёры К.Растыма («Салёнае і салодкае», 1995; «Рэспектабельныя трагедыі», 1998), П.Хонсакала («Вогнеглытальніца», 1998), А.Мантыла («Калекцыянер», 1997; «Геаграфія страху», 2000). Сярод рэжысёраў-дакументалістаў А.Куйвалайнен, К.Луастарынен, В.Суутары, С.Хелке. У 1952 створаны Саюз кінаработнікаў Ф.
Беларусы ў Фінляндыі. Бел. прысутнасць у Ф. вядома з часоў знаходжання яе ў складзе Рас. імперыі (1809—1917). Выхадцы з Беларусі працавалі ў Ф. на адыходніцтве, служылі ў раскватараваных там гарнізонах рас. арміі, на караблях і ў базах рас.Балт. флоту; удзельнічалі ў Свеаборгскім паўстанні 1906. У 1-ю сусв. вайну гарнізон Свеаборгскай крэпасці ўзначальваў з 1915 беларус ген.-м. К.А.Аляксееўскі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Гельсінгфорсе (Хельсінкі) і інш. гарадах і мястэчках Ф. ствараліся бел.нац. арг-цыі. У склад Абласнога к-та арміі, флоту і рабочых Ф. (існаваў да 1918) уваходзіў матрос В.Муха (ураджэнец в. Андрэеўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.), які ў чэрв. 1917 заснаваў арг-цыю «Маракоў-беларусаў Балт. флоту» (больш за 800 матросаў бел. паходжання). На 3-м з’ездзе Беларускай сацыяліст. грамады (кастр. 1917, Мінск) яе гельсінгфорскую арг-цыю (200 чл.) прадстаўляў Муха, які быў выбраны ў склад ЦК гэтай партыі. Прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона прысутнічалі на 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый у Мінску ў кастр. 1917. Матросы-беларусы, што служылі ў Ф., збіралі грашовыя сродкі на дапамогу бел. бежанцам 1-й сусв. вайны і на аб’яднанне бел. грамадскіх сіл (дасылаліся праз матросаў Муху і А.Шалыгу). У 1918 у сувязі з аднаўленнем незалежнасці Ф. і вывадам адтуль рас. войск і флоту многія беларусы вярнуліся на радзіму. Выхадцы з Беларусі ўдзельнічалі ў савецка-фінляндскай вайне 1939—40, у час 2-й сусв. вайны — у Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Клинге М. Очерк истории Финляндии: Пер. с фин. 2 изд. Хельсинки, 1996;
Барышников В.Н. От прохладного мира к зимней войне: Вост. политика Финляндии в 1930-е гг. СПб., 1997;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998;
Финляндия: Краткий обзор: Пер. с фин. Хельсинки, 2000;
Евсеев В.Я. Исторические основы карело-финского эпоса. Кн. 1—2. М.; Л., 1957—60;
Карху Э.Г. История литературы Финляндии: От истоков до конца XIX в. Л., 1979;
Иконников А.В. Новая архитектура Финляндии. М., 1972;
Герб і сцяг Фінляндыі.Ландшафт на ўсходзе Фінляндыі.Да арт.Фінляндыя. Краявід у раёне р. Іматра.Да арт.Фінляндыя. Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент інтэр’ера царквы Святога Крыжа ў Хатуле.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент тыповай забудовы.Да арт.Фінляндыя. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Замак Олавінліна ў Саванліне.Да арт.Фінляндыя. Драўляная скульптура «П’ета». 2-я пал. 15 ст.Да арт.Фінляндыя. В.Холмберг. Паштовая дарога ў Хяме. 1860.Да арт.Фінляндыя. І.Ваклін. Аўтапартрэт. 1756.Да арт.Фінляндыя. А.Гален-Калела. Абарона Сампа. 1896.Да арт.Фінляндыя. В.Аскала. Заліў Тормуа. 1965.Да арт.Фінляндыя. Х.Віралайнен. Мар’ята. 1965—66.Да арт.Фінляндыя. Помнік Яну Сібеліусу (левая частка). 1962—67.Да арт.Фінляндыя. Сцэна з оперы «Вінсент» Э.Раўтаваара.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Белы паўночны алень». Рэж. Э.Бломберг. 1953.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Удалячынь плывуць аблокі». Рэж. А.Каўрысмякі. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬШЧА (Polska), Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на З з Германіяй, на Пд з Чэхіяй і Славакіяй, на У з Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс.км². Нас. 38,7 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г.Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.
Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу з вял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд.т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд.т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, у гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб.стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э.найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.
У пач.н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл.Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл.Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл.Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант. абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч.тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся з чэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац. абраду ад герм. епіскапаў, і з гэтага часу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.
У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял.кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).
Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л.мясц. самакіраванне і суд.Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне з ВКЛКрэўскай уніі 1385. У саюзе з ВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).
Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. з ВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66 з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў з ВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл.Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).
Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл.Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч.тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л. з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл.Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл.Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд.ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале з кн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.
У часнапалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч. гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.
Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл.Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл.Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл.Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел.нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл.Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв.«Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.
17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл.Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтага польскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і з СССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен.час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл.Катынь).
У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл.Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн.Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц.к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950 з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін з ФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.Вайтылы папам рымскім (гл.Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).
Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе з СССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з У.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л. з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл.ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел.дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд.дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн.т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн.т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн.т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр. з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн.т, дызельнага паліва 6,1 млн.т, мазуту 4,7 млн.т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд.м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд.кВт∙гадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш.Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн.т, пракату 6,3 млн.т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сць з уласнай сыравіны 470 тыс.т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс.т (1999). З інш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн.т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн.т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.
Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сцьс.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сцьбыт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш.Хім.прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сцьхім. валокнаў (85,8 тыс.т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн.т (1999). П. мае значную дрэваапр.прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн.м³, з лісцевых — 448 тыс.м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн.м², 1997, 1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс.т алею), цукр. (1,8 млн.т цукру), малочная (133 тыс.т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).
У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад.С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн.га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн.га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн.с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн.га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн.т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн.т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн.га, збор (1997) 27,2 млн.т, ураджайнасць 203 ц/га. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн.т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн.т, пладоў і ягад — 2,6 млн.т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн.т, малака 12,1 млн.т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс.т.
Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс.км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс.км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс.км, газаправодаў 17 тыс.км, нафтаправодаў 2,3 тыс.км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн.т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд.дол., імпарт — 45,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш.Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн.дол. і імпарт 214 млн.дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн.чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — злоты.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс.чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс.чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс.чал.), пагран. аховы (20 тыс.чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач.ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс.чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс.чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс.чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.
Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч.г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч.г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец.навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн.экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн.экз.), Ун-та імя А.Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел.перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш.Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).
Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст.Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж.слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст.рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.Паркашовіц) і граматыцы (П.Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач з лац. паэзіяй (К.Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.Ф.Клёнавіч, Ш.Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.А.Морштын, драматург С.Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.Патоцкі, празаік В.Кахоўскі, мемуарыст Я.Х.Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац.т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.Трамбецкі, Ф.Заблоцкі, Т.К.Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.Фялінскі, К.Брадзінскі, Нямцэвіч).
Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст.хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.Ясенскага, Ю.Пшыбася, Т.Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.Кунцэвіч, А.Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.Гаявічынская, З.Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.Багушэўская, Е.Карнацкі, Г.Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.Шаняўскі, Налкоўская).
У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.К.Бачынскі, Стаф, М.Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.Шэнвальд, Е.Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.Шмаглеўская, Налкоўская, К.Жывульская, Т.Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.Яструн, Е.Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.Брэза, К.Брандыс, А.Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.Новака, В.Мысліўскага, Э.Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.Братны, Б.Чэшка, М.Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.Бахенскі, Т.Парніцкі, У.Л.Тарлецкі, Л.Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.Хласкі, раманы Л.Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.Ружэвіч, В.Шымборская, С.Граховяк, З.Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.Выка, С.Жалкеўскі, Г.Маркевіч, Р.Матушэўскі, М.Янён, Ю.Бахуж, М.Главінскі і інш.
Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж.бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л.кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены з лац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.Скарына, С.Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.Бельскага, М.Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.Скаргі. У сваю чаргу з бел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст.бел. мова пачала выцясняцца з афіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш.бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно з гал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.
На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Сыракомлі, В.Каратынскага і інш.Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп.бел.газ.«Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел.газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.Труса, М.Чарота, Я.Пушчы, М.Машары, М.Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв.л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.Купала, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.
Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.
Тэма 2-й сусв. вайны — адна з найб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля і інш. Класічная бел.л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.Купалы, М.Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.Коласа, К.Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.Танка ў перакладах Я.Гушчы, М.Канановіча, С.Яновіча, Э.Кабаца, І.Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.Купала, Ц.Гартны, П.Пестрак, В.Вярба і інш.Бел.л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.Мележа, У.Караткевіча, І.Пташнікава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.Рысінскі, Т.Хрусцялеўскі, А.Яворскі і інш. З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.Баршчэўскі, Б.Белаказовіч, У.Монах, Ф.Няўважны, З.Скібінская-Харыла і інш. З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.Бітэль, Я.Бяганская, М.Валошка, М.Дубянецкі, У.Жылка, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Машара, А.Мінкін, С.Мінскевіч, Б.Сачанка, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі з бел. А.Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.Казбярук («Ступені росту», 1974), К.Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кінавук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).
Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст.пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн.ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л.св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). З пач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.Ф’ёрэнціна і Б.Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.Трэвана, Я.Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст.найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст.пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).
Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял.т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.П.Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі з ням. і англ.гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням.арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст.арх. С.Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.Сыркус, Б.Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.Катарба, абразы маст. Е.Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід.буд-ва ў гарадах і ваяводствах.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).
У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.Бярэчы), надмагілле Б.Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.Тэнкала, К.Молі, Д.Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.Б.Фальконі, Б.Фантана, А.Шлютэр і інш.).
Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.Б.Вудка, Т.Далабела, Е.Коен, А.Мёлер, Ф.Найсер, В.Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.Альтмонтэ, А.Палоні, Е.Ф.Ругендас, Я.Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.Асінскі, Я.Е.Плерш, Я.Е.Урбанскі, А.Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.Кацяноўскі, А.Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.Д.Асам, К.Карлоне, Ф.А.Себасціні, К.Хандке, Ш.Чаховіч, А.Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.П.Норблін, М.Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.Вайнякоўскі, Ю.Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.Аляшчынскі, Л.Каўфман, П.Малінскі, Я.Татаркевіч, мастакі А.Брадоўскі, А.Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.Герсана, Ф.Кастшэўскага, А.Котсіса, Ю.Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.Семірадскі, В.Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.Вычулкоўскі, Ю.Панкевіч, Я.Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.Мехофера, К.Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.Ляшчка, В.Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст.пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.Валішэўскі, Г.Рудзка-Цыбісова, Ю.Чапскі, Я.Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.Кантар, З.Пранашка, Т.Чыжэўскі, Л.Хвістак, М.Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.Зак, Р.Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.Кобра, У.Стшамінскі, Г.Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.Бартошак, Г.Краеўская, Ю.Краеўскі, Б.Лінке, У.Скачыляс, Т.Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.Віціг, А.Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г.гуманіст.нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.Тарасін, Е.Тхужэўскі, А.Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.Абакановіч, У.Гасёр, Г.Земла, М.Канечны, А.Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.Бароўскі, З.Бяксінскі, Е.Берась, К.Вадзічка, М.Давідзюк, К.Казыра, М.Кіеўскі, А.Маеўскі, Ф.Маслюшчак, Я.Младажэнец, М.Пінінская-Берась, Ю.Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.
Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж.нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар.муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач з царк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст. з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.Леапаліта, М.Гамулка, лютністы Д.Ката, В.Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.Стаховіч, А.Пашкевіч, С.С.Шажынскі, Г.Г.Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац.т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.Шчуроўскі, А.Мільвід, Я.Ваньскі, В.Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.Яневіч, Я.Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.К.Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял.т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.Жаленскі, З.Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.Клецкі, Э.Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.Радзінскі, Г.Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.Барцэвіч, У.Гурскі, П.Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.Лота, Б.Губерман; піяністы І.Гофман, Р.Кашальскі, Т.Лешаціцкі, А.Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.Рубінштэйн, Ю.Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.
Вял. роля ў адраджэнні нац.муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г.вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз.навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар.муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной з гал. задач дзярж.культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт. перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў з зах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.Стахоўскі, З.Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.Аўгустын, К.Бацулеўскі, С.Круповіч, М.Малецкі, Л.Зялінская, П.Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.Пануфнік, Гурэцкі, Р.Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.Баргельскага, Р.Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.Бацэвіч, Б.Шабельскі, К.Сікорскі, В.Рудзінскі, П.Пяркоўскі, В.Шалёнак, А.Блёх, К.Меер, Стахоўскі, З.Рудзінскі, З.Буярскі, Э.Кнапік, дырыжоры З.Ляташэўскі, Б.Вадзічка, В.Равіцкі, С.Віслоцкі, Г.Чыж, Я.Крэнц, К.Корд, Е.Семкаў, Р.Сатаноўскі, Е.Максымюк, хар. дырыжор С.Стуліграш, піяністы З.Джавецкі, Г.Чэрны-Стафанская, К.Цымерман, Б.Гесе-Букоўская, П.Палечны, скрыпачы Я.Умінская, І.Дубская, К.А.Кулька, спевакі Б.Папроцкі, А.Хіёльскі, Б.Ладыш, В.Охман, М.Фолтын, Е.Подлесь, У.Крыгер.
У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф.арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз.ВНУ, у т. л.Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар.муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.
Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел.муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.І.Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел.муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.Аўсінскі, Л.Дмушэўскі, А.Жулкоўскі-бацька, Ю.Ледухоўская, К.Б.Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац.прафес.т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Фрэдры, З.Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.Кудліч, акцёры А.Жулкоўскі-сын, Л.Гальперт, Я.Круглікоўскі, Ю.Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.Козьмян, акцёры Ф.Бэнда, А.Гофман, В.Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.Выспянскага, С.Жаромскага, Г.Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.Высоцкая, С.Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст.акад.т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.Вярцінскі, Б.Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп.тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтага часу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата, А.Мілера, Ж.П.Сартра, М.Фрыша, польскіх аўтараў Е.Брашкевіча, Э.Брыля, Л.Кручкоўскага, С.Мрожака, Т.Ружэвіча, Е.Юрандата і інш. З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.Бекет, Ж.Жэнэ, Э.Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.І.Віткевіч, В.Гамбровіч, Т.Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.Рэне, К.Свінарскага, К.Скушанкі, Г.Тамашэўскага, А.Ханушкевіча, Е.Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.Андрыч, Э.Баршчэўскай, Я.Вашчаровіча, М.Войта, Р.Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.Яндрусік, Я.Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.Махаліцы, Г.Мікалайскай, М.Паўлікоўскага, Я.Свідэрскага, Т.Фіеўскага, М.Цвіклінскай, І.Эйхлера, сцэнографаў О.Аксера, З.Вярховіч, У.Дашэўскага, Т.Рашкоўскай, А.Стопкі, З.Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.Брадэцкі, М.Вайтышка, Е.Гжэгажэўскі, Б.Гусакоўскі, К.Залескі, Р.Зёла, К.Люпа, М.Прус, А.Стшалецкі, М.Энглерт, сярод акцёраў — М.Апаня, Я.Гаяс, З.Запасевіч, М.Камароўская, К.Кольбергер, М.Кондрат, А.Лапіцкі, О.Лукашэвіч, П.Махаліца, Б.Паўлік, Ф.Печка, Е.Радзівіловіч, А.Сяверын, Е.Трэля, П.Франчэўскі, А.Ханушкевіч, Я.Энглерт, К.Янда, сярод сцэнографаў — П.Дабжыцкі, К.Захватовіч, З. дэ Інэс, М.Калодзей, А.Кілян, А.Маеўскі, К.Панкевіч, А.Садоўскі і інш.
Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.Багуслаўскага, трупы М.Кажынскага, К.Камінскага, А.Руткоўскага, Я.Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.Фрэдры, П.Хайноўскага, І.Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.Ажэшкі, С.Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.Вольскага, К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.
Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.Матушэўскі, К.Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.Жаромскага (рэж. А.Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.Ажэшкі (рэж. Ю.Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.Герц, З.Гняздоўскі), А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.Шара; «Верная рака», рэж. Л.Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.Лейтэс, абодва 1936), С.Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.Гардан, абодва 1929), Г.Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.Баршчэўская, З.Бода, Ю.Венгжын, А.Дымша, А.Зельвяровіч, Б.Ляшчынскі, Я.Смасарская, Е.Піхельскі, І.Эйхлер, С.Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.Е.Хас), «Вольны горад» (рэж. С.Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.Вініцкая, Г.Галоўбек, Б.Кабеля, Б.Крафт, Э.Кшыжэўская, Л.Немчык, А.Паўлікоўскі, Т.Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.Голас, М.Камароўская, А.Лапіцкі, С.Мікульскі, Я.Навіцкі, П.Ракса, Б.Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.Кольбергер, М.Кондрат, Е.Радзівіловіч, Е.Штур, К.Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.Махульскі), «Знахар» (паводле Т.Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш. З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.Бяджынская, Я.Гаяс, Б.Лінда, О.Любашэнка, Ц.Пазура, А.Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.
Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў часВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял.кн.ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы з ВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс.чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс.чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн.чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс.чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.Халупчака і Т.Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс.чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс.чал., а паводле бел. даследчыка А.А.Ракава — каля 190 тыс.чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс.чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш.нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт.Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс.чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел.нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г. з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш. З 1956 выдаецца газ.«Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў часваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс.чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс.чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс.чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел.гіст.т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел.культ.-асв.т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, С.Яновіча, В.М.Шведа і інш.бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел.этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;
Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;
Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;
История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;
Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963;
Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;
Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;
Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;
Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;
Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;
Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;
Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;
Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;
Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;
Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;
Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;
Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;
Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;
Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;
Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;
Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;
Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;
Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;
Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;
Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;
Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;
Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.
Герб і сцяг Польшчы.Да арт.Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.Да арт.Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.Да арт.Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.Да арт.Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.Да арт.Польшча. Курган Т.Касцюшкі ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.Да арт.Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.Да арт.Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.Да арт.Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.Да арт.Польшча. Замак у Віснічу.Да арт.Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.Да арт.Польшча. Я.Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.Да арт.Польшча. С.Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.Да арт.Польшча. Я.Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.Да арт.Польшча. Г.Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.Да арт.Польшча. Т.Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.Да арт.Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.Вайды 1958.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.Вайды. 1975.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.Гофмана. 1974.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.Махульскага. 1992.Да арт.Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».Да арт.Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,
дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м.Пл. 110,99 тыс.км². Нас. 8800 тыс.чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г.Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.
Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.
Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-раліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд.кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.
Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс.ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².
Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл.Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст.феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац. і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г.нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.
Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг.рэв.к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс.руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст.балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст.нац.балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].
У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоевазасн.Балг.с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл.Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс.км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.
Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс.рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг.камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.
У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.
У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл.Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял.нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.
Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.Дзімітрова (1949) В.Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап.паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл.ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц.Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй устаноўлены 26.3.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».
Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в.прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн.т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн.т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ.Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн.т, імпарт. жал. руды 0,5 млн.т, здабыча 0,32 млн.т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім.прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс.т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс.т, кальцыніраванай — 1046 тыс.т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч.прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст.прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн.га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн.га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс.т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс.т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс.км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс.км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар.авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш.харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн.чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар.б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-каБалг.АН, Нар.б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац.маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Балг.АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.
Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж.балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж.балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.Чынтулаў, Г.Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.Канстанцінаў), аповесць (Т.Влайкаў), літ. крытыка (Дз.Благоеў, К.Крысцеў), дакумент. проза (З.Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.Траянаў, Х.Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.Мілеў, А.Разцветнікаў, А.Страшыміраў, Л.Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.Талеў), сац.-псіхал. (С.Даскалоў, Дз.Дзімаў, Э.Станеў), маральна-этычны (К.Калчаў, А.Гуляшкі, П.Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.Пятроў, М.Хайтаў, І.Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.Германаў, Л.Леўчаў, Л.Даскалова і інш.); лірычная (Дз.Фучаджыеў, І.Давыдкаў, Д.Жоцеў, С.Паптонеў, Б.Дзімітрова) і дакумент. (Е.Каранфілаў, М.Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.
Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.Ланкава, артыкулы Г.Бакалава, З.Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.Марчэўскага, С.Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.Гілевіч, Л.Цімашкова, В.Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, Гілевіча, Р.Барадуліна, празаічныя творы А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, В.Быкава, І.Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.Вылчаў, Х.Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.Нікіфаровіч, В.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст.н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал.Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш.маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.Зограф, С.Даспеўскі, Н.Паўлавіч.
Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.Мітаў, І.Ангелаў, І.Мырквічка, Я.Вешын). У 1920—30-я г.нац. традыцыі развівалі Х.Станчаў, У.Дзімітроў-Майстара, С.Венеў, І.Мілеў, П.Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.Пятроў, Дз.Узунаў, П.Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).
У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж.нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.Кіркаў, Д.Кіраў, С.Русеў, Л.Дзіманаў, К.Ісінаў, А.Пятроў, скульптары А.Ніколаў, І.Фунеў, М.Маркаў, графікі Б.Ангелушаў, П.Вылкаў, манументалісты А.Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.
Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг.царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.Букараштліеў, Д.Хрыстаў, Н.Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.Атанасава (1910—20-я г.), творам П.Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.Стайнава, Ф.Куцева, В.Стаянава (опера «Саламбо»), М.Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.Хаджыеў, А.Райчаў, К.Іліеў (і дырыжор), Д.Хрыстаў, Г.Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг.муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг.АН (1948), Балг.дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.
Тэатр. Вытокі балг.т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.Войнікаў засн.балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес.т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж.драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар.т-р імя І.Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.Друмева, А.Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг.т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус.тэатр. школ А.Будзеўская, К.Сарафаў, Г.Кіраў, М.Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.Вольскага (Нар.т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар.т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар.т-р моладзі) А.Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.Караміцеў, С.Гецаў, Л.Кабакчыеў, Г.Калаянчаў, Ц.Манева, І.Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.Філіпаў, К.Мірскі, М.Андонаў, В.Цанкоў, Л.Даніэль. Л.Гройс, Я.Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц.т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.Мартынавіч, З.Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.Дакоўскі, Б.Шараліеў, Х.Піскаў, Р.Вылчанаў, Б.Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.Дзюлгерава, Л.Стайкава, М.Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).
Герб і сцяг Балгарыі.Да арт.Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.Да арт.Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.Да арт.Балгарыя. Горад Слівен.Да арт.Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.Да арт.Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.Да арт.Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.Да арт.Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.Да арт.Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.Да арт.Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.Да арт.Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.Да арт.Балгарыя. З.Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.Да арт.Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.Памяранцаў. 1904—12.Да арт.Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.Цокі. 1907.Да арт.Балгарыя. Я.Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.Да арт.Балгарыя. У.Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.Да арт.Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.Да арт.Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Агульныя звесткі
Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Яе тэрыторыя складае 207,6 тыс.км² (па плошчы перавышае шэраг еўрап. краін, у т. л. Грэцыю, Партугалію, Аўстрыю, Данію, Нідэрланды, Чэшскую Рэспубліку, Венгрыю і інш.). Насельніцтва 9849,1 тыс. чалавек (на 1.1.2004; 15-е месца ў Еўропе). Паўночны пункт Беларусі (56° 10′паўн. ш.) каля Асвейскага возера, паўднёвы (51°16′паўн. ш.) — на р. Дняпро непадалёку ад г.п. Камарын, заходні (23° 11′усх. д.) — на р.Зах. Буг, непадалёку ад г. Высокае, усходні (32°47′усх. д.) — непадалёку ад г.п. Хоцімск. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км; даўжыня дзярж. граніц 2969 км. Беларусь мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай. У адм. адносінах Беларусь падзяляецца на 6 абласцей і 118 раёнаў. У краіне 110 гарадоў, 101 пасёлак гар. тыпу, 24 022 сельскія населеныя пункты (на 1.1.2004). Сталіца — г. Мінск.
Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996). Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Асноўная рэлігія — хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм). Нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня). Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нацыянальнага банка Беларусі).
Дзяржаўны лад. Дзярж. ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Парламент і Урад Рэспублікі Беларусь, суды Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам дзяржавы, складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ер-міністрам. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.
Беларусь — член 48 міжнар. арганізацый і іх органаў, у т. л. член-заснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945).
Беларусь займае зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны ў межах басейнаў сярэдняга цячэння рэк Дняпро (з буйнымі прытокамі Бярэзіна, Прыпяць, Сож), Зах. Дзвіна і верхняга цячэння р. Нёман.
У геалагічных адносінах тэр. Беларусі размешчана на захадзе Рускай пліты — буйной тэктанічнай структуры Усх.-Еўрапейскай дарыфейскай платформы. У разрэзе зямной кары вылучаюцца 2 ярусы: стараж. ніжні крышталічны фундамент і верхні платформавы чахол. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 20—100 м (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін). Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою. Паводле глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць некалькі буйных рэгіянальных структур: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. схіл Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны. Пераходнае і нейтральнае становішча займаюць Жлобінская, Латвійская, Брагінска-Лоеўская і Палеская седлавіны. Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км практычна ўкрывае ўсю тэр. Беларусі. Ён складзены з неметамарфізаваных асадкавых парод, геалагічны ўзрост якіх не перавышае 1,5 млрд. гадоў. Адклады платформавага чахла ахопліваюць усе геалагічныя эпохі і залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, тоўшчаў. Антрапагенавыя адклады магутнасцю ад некалькіх метраў да 325 м (сярэдняя 80 м) займаюць верхні ярус платформавага чахла і залягаюць паўсюдна.
Карысныя выкапні Беларусі прымеркаваны пераважна да адкладаў платформавага чахла. Выяўлена больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў. Паліўна-энергетычныя рэсурсы фарміруюць запасы нафты (65 радовішчаў; пачатковыя рэсурсы 355,5 млн.т), бурага вугалю (агульныя запасы Жыткавіцкага, Брынёўскага і Тонежскага радовішчаў 152 млн.т), торфу (9,2 тыс. радовішчаў; запасы да пачатку распрацоўкі 5,7 млрд.т, 2-е месца ў свеце пасля Расіі), гаручых сланцаў (прагнозныя запасы каля 8.8 млрд.т). Нярудныя карысныя выкапні прадстаўлены буйнымі радовішчамі калійных і каменных солей (Старобінскае і Петрыкаўскае; прамысловыя запасы 10 млрд.т), каменнай солі (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае; запасы 22,9 млрд.т), даламітаў (10 радовішчаў; запасы 1,2 млрд.т), фасфарытаў (Лабковіцкае і Мсціслаўскае; запасы 402 млн.т), цэментавай сыравіны (Камунарскае — разведаныя запасы 385,5 млн.т, Калінкавіцкае — 119,3 млн.т), вогнетрывалых і тугаплаўкіх глін (6 радовішчаў; запасы 55,1 млн.м³), легкаплаўкіх глін (232 радовішчы; запасы 250 млн.м³), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае і Глушкавіцкае), шкловых пяскоў (3 радовішчы; запасы 15,4 млн.м³), будаўнічых пяскоў (108 радовішчаў), пясчана-жвіровага матэрыялу (158 радовішчаў). Рудныя карысныя выкапні адкрыты ў радовішчах магматычных (Навасёлкаўскае; перспектыўныя запасы 165 млн.т) і метамарфічных (Аколаўскае; разведаныя запасы 175,4 млн.т на глыбіні 700 м) жалезных руд. Каштоўным прыродным багаццем з’яўляюцца прэсныя і мінеральныя падземныя воды; разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод з агульнымі запасамі больш за 6 млн.м³ за суткі і больш за 80 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі больш за 20 тыс.м³ за суткі.
Рэльеф Беларусі ў значнай меры абумоўлены дзейнасцю антрапагенавых ледавіковых зледзяненняў. Сярэдняя вышыня тэрыторыі складае каля 160 м над узроўнем мора. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 80 м (урэз вады р. Нёман каля мяжы з Літвой) да 345 м (г. Дзяржынская на паўд. захадзе Мінскага ўзвышша). Каля 3/4 тэр. Беларусі займаюць нізіны і раўніны з абсалютнымі вышынямі да 200 м, 1/4 — узвышшы (разам з рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі). Паводле марфалагічных асаблівасцей рэльефу, яго паходжання і геалагічнага ўзросту на тэр. Беларусі вылучаюць 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра (прыносіць цыклоны), у меншай ступені — кантынентальнага і арктычнага паветра. Прыход сонечнай радыяцыі абумоўлены размяшчэннем тэр. Беларусі паміж 56° і 51°паўн. шыраты і нарастае з Пн на Пд ад 3500 да 4100 МДж/м². Радыяцыйны баланс за год дадатны (1500—1800 МДж/м²). Працягласць фактычнага сонечнага ззяння павялічваецца з Пн на Пд ад 1730 да 1950 гадзін. Тэмпературны рэжым характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпературамі паветра. На Пн Віцебскай вобл. яны складаюць 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C. У студзені сярэдняя тэмпература мяняецца ад -4,1 °C на ПдЗ да -8,4 °C на ПнУ, у ліпені ад 17 °C на Пн да 19 °C на Пд. Колькасць дзён са снегавым покрывам павялічваецца ад 70 на ПдЗ да 130 на ПнУ. Беларусь размешчана ў зоне дастатковага ўвільгатнення. Гадавая сума ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. У зімовы і познавосеньскі перыяд (а таксама ў начны час ва ўсе сезоны) адносная вільготнасць паветра перавышае 80%, у вясенне-летні перыяд удзень складае 54—63%. У асобныя гады ў пачатку лета адзначаецца засуха. Ветравы рэжым абумоўлены заходнім пераносам паветраных мас. Зімой часцей дзьмуць вятры з ПдЗ, летам — з ПнЗ. Сярэднегадавыя скорасці ветру на адкрытых участках каля 4 м/с, у катлавінах каля 3 м/с. Працягласць вегетацыйнага перыяду павялічваецца ад 184 сутак на ПнУ да 185—195 у цэнтральнай частцы і 200—205 у паўднёва-зах. раёнах. Для клімату Беларусі характэрны некаторыя адмоўныя фактары: няўстойлівы характар надвор’я вясной і восенню, мяккая з частымі адлігамі зіма, часта дажджлівае лета, недахоп вільгаці ў пачатку лета, познія веснавыя і раннія асеннія замаразкі. Паводле характару размеркавання цяпла і вільгаці на тэр. Беларусі вылучаюць 3 кліматычныя вобласці: Паўночная — умерана цёплая і вільготная, Цэнтральная — цёплая, умерана вільготная, Паўднёвая — цёплая, няўстойліва вільготная.
Гідраграфічная сетка Беларусі даволі густая. Яна складаецца са шматлікіх рэк, азёр і вадасховішчаў. Рэкі адносяцца да басейнаў Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Колькасць рэк перавышае 20,8 тыс., сумарная іх даўжыня 90,6 тыс.км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Найбуйнейшыя рэкі: Дняпро (з прытокамі Прыпяць, Сож, Бярэзіна), Зах. Дзвіна, Нёман (з прытокам Вілія). Сярэдняя гадавая велічыня рачнога сцёку на Беларусі 57,1 км³, у т. л. ў межах краіны фарміруецца 36,4 км³. Ледастаў звычайна ўтвараецца ў студзені, рэкі пад лёдам знаходзяцца ад 80 да 140 сутак. Азёр на Беларусі больш за 10 тыс. (з іх каля 9 тыс. — старычныя вадаёмы плошчай менш за 10 га у поймах рэк Дняпро і Прыпяць), сумарная іх плошча каля 1,6 тыс.км². Найбуйнейшыя азёры размешчаны ў Беларускім Паазер’і ў катлавінах падпруднага тыпу: Нарач (79,6 км²), Асвейскае (52,8 км²), Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²), Нешчарда (27,4 км²). На рэках Беларусі створана каля 130 вадасховішчаў (без азёрных) агульнай плошчай 799 км². Найбуйнейшыя вадасховішчы: Вілейскае — 64,6 км², Заслаўскае — 25,6 км², Чырвонаслабодскае — 23,6 км², Салігорскае — 23,1 км², Любанскае — 22 км² і інш. Яны вызначаюцца комплексным выкарыстаннем (водазабеспячэнне, рыбная гаспадарка, рэкрэацыя). Рэкі Беларусі маюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы ў 1 млн.кВт. Працягласць суднаходных шляхоў 3,9 тыс.км.
Глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга паазерскага ледавіка. У залежнасці ад воднага рэжыму глебы падзяляюцца на аўтаморфныя (52.9% тэр.), паўгідраморфныя (27%) і гідраморфныя (20,1%). Найб. распаўсюджаны нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя глебы (займаюць 33.05% сельскагаспадарчых угоддзяў), якія сфарміраваліся на марэнных, лёсападобных і водна-ледавіковых адкладах. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (33,8% сельскагаспадарчых угоддзяў) пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых або блізкім заляганнем грунтавых вод. Дзярновыя забалочаныя (пераўвільготненыя) глебы сустракаюцца ў паніжэннях з неглыбокім заляганнем грунтавых вод (Беларускае Палессе), яны займаюць 11% сельскагаспадарчых угоддзяў (пераважна сенажаці). Тарфяна-балотныя глебы (15%) пасля правядзення меліярацыі па ўзроўні ўрадлівасці займаюць 3-е месца (пасля дзярнова-карбанатных і поймавых). Поймавыя (алювіяльныя) глебы сфарміраваліся на рачных адкладах пад уплывам затаплення ў часы паводак (7,2%). Менш пашыраны бурыя лясныя глебы з высокай прадукцыйнасцю (маюць гумусу да 3—9%), дзярнова-карбанатныя (0.2% сельскагаспадарчых угоддзяў. у Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцях).
Паводле механічнага складу глебы падзяляюцца на пясчаныя. супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Урадлівыя сугліністыя глебы займаюць 23% сельскагаспадарчых угоддзяў і прымеркаваны да марэнных адкладаў стужачных глін, лёсападобных суглінкаў, алювіяльных адкладаў рачных поймаў. Найменш урадлівыя пясчаныя глебы (19,1%) пашыраны на нізінах. Гліністыя высокаўрадлівыя глебы займаюць менш за 0,1% сельскагаспадарчых угоддзяў. Найвышэйшую ацэнку (бал банітэту 63—100) на Беларусі маюць дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Бал банітэту дзярнова-падзолістых глеб складае 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных — 27—75, тарфяна-балотных — 36—75, поймавых — 31—88. Сярэдні бал ворных зямель Беларусі — 36 (найвышэйшы ў Нясвіжскім раёне — 48, найніжэйшы ў Лельчыцкім раёне — 28). Узровень урадлівасці паніжае завалуненасць і камяністасць глеб (больш за 9% усіх ворных зямель). Прыродныя ўмовы Беларусі садзейнічаюць развіццю эрозіі глеб. Агульная плошча эрадзіраваных і эразійна небяспечных с.-г. зямель 556,5 тыс.га, з іх 479,5 тыс.гапад ворывам.
Важным антрапагенным фактарам, які змяніў структуру землекарыстання на Беларусі за апошнія 50 гадоў, з’явілася буйнамаштабная меліярацыя, накіраваная на змену прыроднага воднага рэжыму. Асушальная меліярацыя праведзена на 3,4 млн.га зямель, з якіх 2,9 млн.га складаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пад ворыва выкарыстоўваюць каля 1,3 млн.га, пад сенажаці і пашу — 1,6 млн.га асушаных сельскагаспадарчых угоддзяў.
Велізарную шкоду зямельнаму фонду прычыніла аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой радыеактыўна забруджана 23% тэр. Беларусі, дзе пражывала 2,2 млн. чалавек. У наш час сельскагаспадарчая вытворчасць вядзецца на 1351 тыс.га зямель, якія забруджаны цэзіем-137 са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км².
Расліннае покрыва Беларусі прадстаўлена ляснымі, лугавымі і балотнымі фітацэнозамі (займаюць каля 67% тэр.). У сучаснай флоры Беларусі каля 1650 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх пераважаюць травы (91%); каля 1500 відаў). Пейзажную разнастайнасць ландшафтаў фарміруюць дрэвавыя расліны (108 дзікарослых і каля 1,5 тыс. інтрадукаваных з іншых прыродна-геаграфічных зон), з іх 27 мясц. відаў дрэў, каля 60 відаў кустоў, 15 паўкустоў і 8 кусцікаў. Акрамя вышэйшых раслін флора Беларусі ўключае больш за 1.5 тыс. відаў грыбоў, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, каля 500 відаў лішайнікаў і 450 мохападобных. Унікальнае багацце флоры ствараюць рэліктавыя расліны Беларусі: піхта белая, плюшч звычайны, гарлачык малы, вадзяны арэх, чыставуст каралеўскі, валжанка двухдомная, рададэндран жоўты, воўчая ягада, баравік, луннік ажываючы і інш.
Лясны фонд Беларусі складае 9,2 млн.га (44,5% тэр.), непасрэдна пад лесам занята 7,8 млн.га (38% тэр.). Агульны запас драўніны лясоў Беларусі ацэньваецца ў 1093,2 млн.м³. Сярэдні ўзрост дрэвастою 49 гадоў, спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% тэр.; запасы спелых насаджэнняў складаюць 137 млн.м5. Лугі займаюць 3,2 млн.га (15,4% зямельнага фонду). У натуральным стане знаходзіцца 1,7 млн.га балот (8,2% тэр. краіны).
Жывёльны свет Беларусі налічвае больш за 31 тыс. відаў. Фауна пазваночных прадстаўлена 466 відамі. У яе складзе 76 відаў млекакормячых з 6 атрадаў: насякомаедных — 11 відаў, рукакрылых — 17, драпежных — 15, зайцападобных — 2, грызуноў — 26, парнакапытных — 5 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — 309 відаў, з якіх 227 відаў гняздуюцца на Беларусі. Земнаводныя і паўзуны прадстаўлены 13 відамі амфібій і 7 відамі рэптылій. У складзе іхтыяфауны 58 відаў рыб і 3 віды міног. Беспазваночных жывёл у розных тыпах ландшафтаў зарэгістравана больш за 30 тыс. відаў, з іх найб. шматлікія — насякомыя, прадстаўнікі 26 атрадаў (каля 70% усіх відаў). Сучасны жывёльны свет сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннасці) пасля адступання ледавіковага покрыва каля 12—14 тыс.г. назад.
Прамысловае значэнне маюць 19 відаў млекакормячых (лось, дзік, казуля, алень, воўк, 2 віды зайцоў, андатра, бабёр і шэраг інш. відаў пушных звяроў), 30 відаў птушак (вадаплаўныя, глушэц, цецярук), 29 відаў рыб, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), 2 віды беспазваночных (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны).
Ахова прыроды на Беларусі праводзіцца шляхам стварэння сеткі запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і інш. Сусветную вядомасць мае нац. парк «Белавежская пушча», уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны. Шырока вядомы Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. паркі «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі». На Беларусі 97 заказнікаў рэсп. значэння, 337 помнікаў прыроды рэсп. значэння. У краіне ахоўваецца 104 віды пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Насельніцтва. Першыя сляды пранікнення чалавека на тэр. Беларусі адзначаны перыядам 100—35 тыс.г. назад. Поўнасцю заселена чалавекам тэр. краіны на працягу 12—9 тыс. гадоў назад. Працэс фарміравання бел. народнасці як моўнага тэрытарыяльнага, эканам. і культурнага згуртавання пачаўся ў 13—14 ст. і завяршыўся ў 15 ст. Развіццё этнасацыяльных, эканам. і цывілізацыйных працэсаў у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. прывяло да ператварэння бел. народнасці ў самастойную нацыю, якая актыўна ўдзельнічала ва ўсіх еўрап. падзеях апошняга стагоддзя.
Паводле перапісу 1999 колькасць насельніцтва Беларусі ў параўнанні з першым пасляваенным перапісам 1959 павялічылася на 25% і склала 10045,2 тыс. чалавек. Асновай росту колькасці насельніцтва Беларусі на працягу шматвяковай гісторыі з’яўляецца натуральны прырост. У сярэдзіне 20 ст. ён складаў каля 18 чалавек на 1000 насельніцтва пры сярэднегадавым узроўні нараджальнасці 24—25 чалавек на 1000 насельніцтва. Да сярэдзіны 1980-х г. пачалося зніжэнне ўзроўню натуральнага прыросту да 6—9 чалавек на 1000 насельніцтва пры нараджальнасці 13—16 чалавек на 1000 насельніцтва, што прывяло да паніжэння абсалютных памераў натуральнага прыросту насельніцтва з 146,2 тыс. чалавек у 1960 да 50 тыс. чалавек у 1989. У выніку запавольвання натуральных узнаўляльных працэсаў і крызісных з’яў на мяжы 1990-х г., выкліканых эканам. трансфармацыяй і экалагічнай катастрофай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, узнаўленне насельніцтва рэзка скарацілася, а ў 1994—2002 набыло выразныя рысы дэпапуляцыі. У 2002 колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных у 1,65 раза.
Сучасная дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі характарызуецца далейшым памяншэннем удзельнай вагі дзяцей і моладзі, павелічэннем долі пажылых людзей. У наш час кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Агульная колькасць працоўных рэсурсаў у 2003 складала 6,1 млн.чал. (62% ад усяго насельніцтва). Суадносіны насельніцтва паводле полу: мужчын 46,9%, жанчын 53,1%. У 2003 працягласць жыцця складала 68,5 года (62,7 года для мужчын, 74,7 года для жанчын).
Беларусь — урбанізаваная краіна, 71% насельніцтва жыве ў гар. паселішчах, у т. л. ў буйных гарадах (больш за 100 тыс.ж.) — 2/3 гар. насельніцтва, у Мінску — 1/4 (1,7 млн.ж.).
На 1.1.2004 насельніцтва Беларусі складала 9849,1 тыс. чалавек. Паводле перапісу 1999 81,2% жыхароў краіны склалі беларусы, 11,4% — рускія, 3,9% — палякі, 2,4% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 0,8% — астатнія нацыянальнасці (армяне, татары, цыганы, літоўцы, азербайджанцы, немцы, малдаване і інш.).
Прамысловасці належыць вядучая роля ў гаспадарцы Беларусі. У ёй ствараецца каля палавіны ўсяго нац. даходу, сканцэнтравана больш за 40% асноўных вытворчых фондаў, працуе 26% усіх занятых у эканоміцы; яна валодае магутным навук. і вытворчым патэнцыялам. У прамысловасці краіны дзейнічае 2,3 тыс. прадпрыемстваў (2003). Гал. галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка (21,8% аб’ёму ўсёй прамысл. прадукцыі, 2003), харчовая (17,2%), паліўна-энергетычная (24%), хім. і нафтахім. (12,1%), лёгкая (6,3%). Развіты лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая галіны (5,4%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (4,1%), чорная металургія (3,5%). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, металарэзных станкоў, электронных вылічальных машын, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэлевізараў, халадзільнікаў, матацыклаў, веласіпедаў, радыёпрыёмнікаў, гадзіннікаў і інш.; хімічная прамысловасць — на вытворчасці мінеральных угнаенняў, хім. валокнаў і нітак, пластмас, шын і інш.; лёгкая — на выпуску льняных, баваўняных і шарсцяных тканін, дываноў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра, абутку і інш.; прамысловасць будаўнічых матэрыялаў дае цэмент, азбестацэментныя, керамічныя і сан.-тэхн. вырабы, порыстыя запаўняльнікі, зборны жалезабетон і інш., усяго больш за 130 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў. Спецыялізацыю ў прамысловасці дапаўняе вытворчасць металічнага корду, мэблі, фанеры, запалак, шкла, хрусталю. Беларусь вырабляе 8% трактароў і 11% калійных угнаенняў ад іх сусветнай вытворчасці.
Сельская гаспадарка Беларусі дае каля 30% кошту сукупнага грамадскага прадукту. На Беларусі выкарыстоўваецца 8,9 млн.га сельскагаспадарчых зямель (43% тэр. краіны; 2003), у т. л. 5,5 млн.га ворнай зямлі. Большая частка сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўваецца мясц. прадпрыемствамі харчовай і лёгкай прамысловасці. У аграпрамысловым комплексе краіны ў 2003 было 2230 сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, якія валодалі 7,4 млн.га сельскагаспадарчых зямель, 2493 фермерскія гаспадаркі, якія апрацоўвалі 179,7 тыс.га сельскагаспадарчых зямель. У апошнія гады на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў з’явіліся новыя формы гаспадарання: асацыяцыі, акцыянерныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты, унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і інш. Значная доля ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (каля 35%) прыпадае на сялянскія гаспадаркі і садова-агародныя таварыствы, у якіх знаходзіцца 1,1 млн.га сельскагаспадарчых зямель. У 2003 у сельскагаспадарчых арганізацыях мелася 58,8 тыс. трактароў, 22,5 тыс. камбайнаў, 35,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытворчасці лёну, цукровых буракоў, бульбы. У структуры пасяўных плошчаў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у 2003 збожжавыя і зернебабовыя культуры склалі 41,5%, кармавыя — 43,2%, тэхнічныя — 4,0%, бульба і агародніна — 11,3%. Асноўныя збожжавыя культуры — жыта і ячмень (52 % пасеваў збожжавых), а таксама пшаніца, авёс, грэчка, кукуруза, проса. З зернебабовых вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Гал. тэхнічныя культуры — лён, цукровыя буракі, рапс. Вырошчваюць агароднінныя культуры (капуста, морква, сталовыя буракі. агуркі, памідоры, цыбуля, часнок), пладовыя і ягадныя (яблыня, сліва, вішня, груша, чарэшня, парэчкі, агрэст, маліны, суніцы) пераважна ў прыгарадных спецыялізаваных гаспадарках, а таксама ў сялянскіх гаспадарках і садова-агародных таварыствах. У 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак сабрана 5,4 млн.т збожжа, 8,6 млн.т бульбы, 1,9 млн.т цукровых буракоў, 2 млн.т агародніны, 478 тыс.т пладоў і ягад; ураджайнасць збожжавых склала 24,2 ц з га. Гал. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывёлы, а таксама свінагадоўля. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. У 2003 на Беларусі было 4 млн. галоў буйной рагатай жывёлы (у т. л. 1,7 млн. кароў), 3,3 млн. свіней, 25,1 млн. галоў птушкі; у разліку на 100 га сельскагаспадарчых зямель атрымана 98,8 ц мяса (у жывой вазе) і 527 ц малака. Аснова ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі ў краіне — буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі. У спецыялізаваных зверагаспадарках і на зверафермах гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый.
Густая сетка шляхоў зносін садзейнічае гасп. развіццю Беларусі. Вядучая роля ў трансп. сістэме належыць чыг. транспарту, на які прыпадае 80% грузаабароту і больш за палавіну пасажыраабароту краіны (без уліку транспарціроўкі нафты і газу па трубаправодах). Даўжыня чыгуначных ліній 5522 км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Найб. інтэнсіўны па перавозцы грузаў і пасажыраў участак транскантынентальнай еўразіяцкай магістралі граніца Расіі — Орша—Мінск—Брэст. Большасць грузаў і пасажыраў на кароткія і сярэднія адлегласці перавозіцца аўтамабільным транспартам. Працягласць аўтадарог агульнага карыстання 81,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 70,2 тыс.км (2003). Галоўная транзітная магістраль краіны — аўтадарога Брэст—Мінск—Масква — мае еўрап. статус. Па тэр. Беларусі праходзяць таксама аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст. У некаторых месцах краіны значную ролю адыгрывае рачны транспарт. Агульная працягласць эксплуатуемых суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца гал. чынам для міжнар. перавозак. З аэрапортаў Беларусі пракладзены авіялініі больш чым у 100 гарадоў СНД і краін далёкага замежжа. Трубаправодны транспарт служыць для транспарціроўкі нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу.
Асвета, навука, культура. Сістэма адукацыі Беларусі ўключае (2003/2004) дашкольнае выхаванне (4,2 тыс. ўстаноў, у іх 367,5 тыс. дзяцей), агульную сярэднюю і базавую адукацыю (4408 школ, 1,37 млн. дзяцей), прафесійна-тэхнічную (242 установы, 125,4 тыс. вучняў), сярэднюю спецыяльную (191 дзярж. і 13 недзярж. устаноў; адпаведна 145,5 тыс. і 16,8 тыс. студэнтаў) і вышэйшую адукацыю (43 дзярж. і 16 недзярж. ВНУ; адпаведна 279,2 тыс. і 58,6 тыс. студэнтаў), падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў (6 тыс. аспірантаў), павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. У апошнія дзесяцігоддзі пачалі дзейнічаць новыя віды навучальных устаноў — каледжы, гімназіі, ліцэі, вышэйшыя прафес. вучылішчы. На Беларусі рознымі формамі навучання ахоплены кожны чацвёрты жыхар, у сістэме адукацыі занята каля 300 тыс. спецыялістаў. Выкладчыцкую, навукова-даследчую і метадычную работу ў ВНУдзярж. формы ўласнасці вядуць 23,2 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 1144 маюць вучоную ступень доктара і больш за 7353 тыс. — кандыдата навук. У ліку дзярж.ВНУ Беларусі 28 універсітэтаў і 8 акадэмій. Вядучая ВНУ у нац. сістэме адукацыі — Беларускі дзярж. універсітэт.
У 2003 навук. даследаванні і распрацоўкі вяліся ў 168 н.-д., 38 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 32 навукова-даследчых падраздзяленнях, на прамысловых прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. Агульная колькасць навукоўцаў складала 30 тыс., у т. л. 783 дактароў навук і 3,4 тыс. кандыдатаў навук. Вышэйшай дзярж.навук. арганізацыяй Беларусі з’яўляецца Нац. акадэмія навук, дзе функцыянуюць 73 н.-д. ўстановы, 2 навукова-вытворчыя канцэрны і інш. арганізацыі і прадпрыемствы. Значных поспехаў бел. вучоныя дасягнулі ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, тэарэтычнай фізікі, матэматыкі, цеплафізікі і энергетыкі, геалогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі і грамадскіх навук.
Культурна-асветныя ўстановы Беларусі ўключаюць бібліятэкі, клубы, тэатры, музеі, кінатэатры. У 2003 у краіне было: 4,7 тыс. публічных бібліятэк (у іх фондзе 74,2 млн. выданняў); 4,2 тыс. клубных устаноў (пры іх дзейнічала каля 950 нар. самадзейных калектываў); 136 музеяў; 28 дзярж. і больш як 120 нар. тэатраў; 2,3 тыс. кінаўстановак, у т. л. 148 кінатэатраў. Працуе кінастудыя «Беларусьфільм».
Беларусь мае развітую выдавецкую сістэму. У 2003 працавалі 11 дзярж. выдавецтваў, 149 недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці розных форм уласнасці; выдадзена 9148 кніг і брашур агульным тыражом 48,4 млн.экз., у т. л. 857 выданняў на бел. мове агульным тыражом 3,4 млн.экз. Зарэгістравана 1209 перыядычных выданняў (322 на бел. мове), у т. л. 711 газет, 498 часопісаў і інш. выданняў агульным тыражом 597 млн.экз. (144,1 млн.экз. на бел. мове).
На тэр. Беларусі больш за 17,5 тыс. гісторыка-культурных помнікаў (2002), у іх ліку помнікі гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва.
Ахова здароўя. У 2003 на Беларусі функцыянавала 729 бальніц, 1918 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 70 рэсп. спецыялізаваных мед. цэнтраў, у т. л. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, трансплантацыі касцявога мозгу, кардыяхірургіі і інш. Працуюць 4 мед. ун-ты, 1 мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, 17 мед. вучылішчаў і каледжаў, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практычных цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У 2003 колькасць урачоў на 10 тыс. жыхароў склала 45,7, сярэдняга мед. персаналу — 118,8.
Фізкультурна-масавай рабоце і спорту на Беларусі аддаецца значная ўвага. У 2003 дзейнічала 24,1 тыс.спарт. збудаванняў, у т. л. 228 стадыёнаў умяшчальнасцю ад 1,5 тыс. месц і больш, 4,8 тыс.спарт. залаў, 238 плавальных басейнаў, 12 спарт. збудаванняў са штучным ільдом, 1,4 тыс. крытых стралковых ціраў. Існуе шырокая сетка спецыялізаваных навучальна-спарт. устаноў: 276 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (118 тыс. вучняў), 164 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву (51,1 тыс. вучняў), 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву (2,8 тыс. вучняў), 14 школ вышэйшага спарт. майстэрства. Спартсмены Беларусі паспяхова выступаюць на буйнейшых спаборніцтвах, імі заваяваны 71 залатая, 49 сярэбраных і 62 бронзавыя алімпійскія медалі.
У 2003 Беларусь падтрымлівала гандлёвыя адносіны больш як з 145 краінамі свету. Беларусь экспартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні, электронную тэхніку, хім. валокны і ніткі, тэкстыльныя, трыкатажныя і швейныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы. Экспарт такіх тавараў, як трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, шыны, матацыклы, халадзільнікі і інш., дасягае 80—90% ад іх вытворчасці. Тавараабарот Беларусі з краінамі СНД складае 62,7% усіх экспартна-імпартных патокаў, у т. л. з Расіяй — 58%; агульны тавараабарот з Германіяй, Украінай, Польшчай — 12,7% (2003). Каля 70% неабходных прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысловай прадукцыі рэалізуецца на іх рынках збыту.
Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 157 (на пач. 2004) краінамі свету; за мяжой мае 52 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 46 дзяржавах, у т. л. 44 пасольствы, 6 генеральных консульстваў і 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арганізацыях; функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь, маючы ўсю разнастайнасць прыродных умоў і рэсурсаў, багатую нац. гісторыю і культуру, шматгаліновы гаспадарчы комплекс, у складаны перыяд трансфармацыі сацыяльна-паліт. і эканам. сістэмы ў 1991—2001 аднавіла асноўныя параметры сацыяльна-эканам. развіцця да ўзроўню пачатку 1990-х г. У рамках Нац. стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусь рэалізуе імкненне да стабільнасці ў знешняй і ўнутранай палітыцы, устанаўлення сяброўскіх адносін з усімі краінамі, развіцця інтэграцыйных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум. жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.