КАНАВА́ЛАЎ (Рыгор Іванавіч) (1.10.1908, с. Багалюбаўка Сарочынскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 19.4.1987),
расійскі пісьменнік. Скончыў Пермскі пед.ін-т (1935). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў апавяд. «Пошукі дзівоснай кветкі» (1959), «Беркуцінская гара» (1963), «Гнеў кроткіх» (1969), раманаў «Універсітэт» (1947), «Сцяпны маяк»(1949), «Былінка ў полі» (1969), «Мяжа» (1974), «Удзячнасць» (1983), кн. нарысаў «Пад адным дахам» (1962). У рамане «Вытокі» (кн. 1—2, 1959—67; Дзярж. прэмія Расіі імя Горкага 1970) паказаны лёс карэннай волжскай сям’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЕ́НЯ (Уладзімір Ігнатавіч) (сак. 1917, в. Смалічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 23.2.1943),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Друкаваўся з 1932. Аўтар зб. апавяданняў «Любоў» (1938). Служыў у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну пад Полацкам трапіў у акружэнне. Уцёк з ням.-фаш. канцлагера і прыйшоў дадому. Па даручэнні камандавання партыз. атрада В.А.Васільева («Дзядзі Васі») уладкаваўся ў Краснаслабодскую сярэднюю школу, пасля ў Слуцкі сірочы прытулак. Вёў падп. работу. Выдадзены правакатарам, закатаваны фашыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЕ́ДЫ (Scolytidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. З падсям.: лубаеды, забалоннікі (Scolytinae) і ўласна К. (Ipinae). Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Антарктыды). На Беларусі каля 70 відаў. Жывуць пад карой, радзей у драўніне, каранях, сцёблах травяністых раслін. Большасць К. жыве на дрэвах пэўнага віду і роду, некат. мнагаедныя. Для кожнага віду характэрны свой малюнак прагрызеных хадоў.
Даўж. ад 0,8 да 12 мм, цела цыліндрычнае, бурае або чорнае, бліскучае. Вусікі булавападобныя. За год даюць 1—2 пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЁЎ (Іван Раманавіч) (2.5.1922, в. Вілейка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.11.1955),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мурманскае ваен. вучылішча сувязі (1946). У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні р. Дняпро каля Кіева. У ліку першых пераправіўся на правы бераг і пад варожым агнём наладзіў сувязь дэсанта з камандным пунктам палка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЗА (Ігнацій Іванавіч) (25.11.1898, в. Кугалеўка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1987),
генерал-лейтэнант (1946). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). З 1936 пам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач.ваен. вучылішча, камандзір корпуса. У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандуючы 15-м механізаваным корпусам, удзельнічаў у танк. бітвах пад гарадамі Дубна, Луцк і Роўна (Украіна). Да 1959 пам. і нам. камандуючага войскамі ваен. акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЯНЧУ́К (Пётр Якаўлевіч) (25.4.1902, в. Буда-Валчкоўская Палескага р-на Кіеўскай вобл. — 21.1.1945),
поўны кавалер ордэна Славы. Беларус. З 1930 працаваў у саўгасе «Ялава» Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., 2-м Бел. франтах, камандзір сапёрнага аддзялення. Вызначыўся 20.2.1944 (зрабіў для разведчыкаў праход у мінным полі) і 21.1.1945, калі пад варожым агнём група сапёраў на чале з К. пабудавала пераправу для палка. К. быў смяротна паранены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],
гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЕРМЕ́СКІЯ КУРГАНЫ́,
група пахавальных помнікаў 6 ст. да н.э. каля станіцы Келермеская у Адыгеі (Расія). Пад курганнымі насыпамі знаходзіліся вял. прамавугольныя магілы з перакрыццямі ў выглядзе драўляных шатроў на слупах. Знойдзены шкілеты коней, прынесеных у ахвяру, з багатымі наборамі аброцяў, бронзавыя ўпрыгожанні пахавальных калясніц, зброя, залатыя дыядэмы і чашы, сярэбраныя рытон і люстэрка. К.к. належалі племянной арыстакратыі мясц. меоцкага насельніцтва ці скіфаў, якія засталіся тут пасля паходаў у Пярэднюю Азію. К.к. часткова даследаваны М.І.Весялоўскім у 1903—04.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МАНС ((Commons) Джон Роджэрс) (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),
амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст.вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.