РАКО́ЎСКІ (Уладзімір Яўгенавіч) (5.12.1900, Масква — 10.12.1987),
расійскі і бел. вучоны ў галіне хіміі цвёрдага паліва. Чл.-кар.АН Беларусі (1940), д-рхім.н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1923 у розныхн.-д. установах. У 1943—46 і 1960—63 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, у 1964—69 у Калінінскім політэхн. ін-це (заг. кафедры), з 1970 у Маскоўскім філіяле Усесаюзнага НДІ тарфяной прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі і хім. тэхналогіі перапрацоўкі торфу, пытаннях паходжання цвёрдага паліва і нафты, тэорыі тэрмічнай дэструкцыі прыродных палімераў. Аўтар хім. тэорыі спякання вугалёў.
Тв.:
Химия пирогенных процессов. Мн., 1959 (разам з Ф.Л.Кагановіч, Я.А.Навічковай);
Химия и генезис торфа. М., 1978 (разам з Л.У.Пігулеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.Голскага і Л.Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.
Літ.:
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІНС ((Robbins) Фрэдэрык Чапмэн) (н. 25.8.1916, г. Оберн, штат Алабама, ЗША),
амерыканскі вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Місурыйскі ун-т (1936) і Гарвардскую мед. школу (1940). У 1940—42 і ў 1948—50 супрацоўнік дзіцячай бальніцы ў г. Бостан, у 1952—66 кіраўнік аддзела ў Гал.гар. бальніцы г. Кліўленд, з 1952 праф.мед. школы пры ун-це ў г. Кліўленд, у 1966—80 дэкан; пасля — у Ін-це медыцыны ў г. Бетэсда (да 1985 дырэктар). Навук. працы па праблемах вірусных хвароб, эпідэміялогіі інфекц. гепатыту, сыпнога тыфу, Ку-ліхаманкі. Распрацаваў тэхніку культывавання віруса поліяміэліту ў тканкавых культурах, адзін са стваральнікаў вакцыны супраць поліяміэліту і метадаў вызначэння і вылучэння розных відаў вірусаў. Нобелеўская прэмія 1954 (разам з Дж.Ф.Эндэрсам, Т.Х.Уэлерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГІ (лац. cornua),
касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧНЫ́Я МАШЫ́НЫ,
механізаваны (з убудаваным рухавіком) інструмент, які пры рабоце поўнасцю або часткова ўтрымліваецца аператарам. Для прывядзення ў дзеянне рабочага органа карыстаюцца пнеўматычным, эл., радзей гідраўл. прыводам ці рухавіком унутр. згарання, парахавым зарадам.
Паводле прызначэння адрозніваюць Р.м.: дрэва- і металарэзныя (гл.Дрэварэзальны інструмент, Металарэзны інструмент), свідравальныя (дрылі), рэзьбанаразныя і закручвальныя (рэзьбанаразны інструмент, гайка-, шурупа-, шпілька-, муфтавёрты і інш.), шліфавальныя (для шліфавання, паліравання і зачысткі паверхняў), пілы (нажоўкі, дыскавыя, ланцуговыя пілы і інш.), нажніцы (дыскавыя, рычажныя, высечныя і інш.), малаткі (адбойныя малаткі, рубачныя, зачышчальныя, кляпальныя, цвіка- і скобазабіўныя і інш.), фрэзерныя (для ўтварэння пазоў, гнёздаў, розных паглыбленняў у метал., драўляных, пластмасавых ці інш. вырабах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯ́ТА»,
бел.дзярж. ансамбль нар. музыкі. Створаны ў 1984 пры Бел. філармоніі. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Купрыяненка, з 2001 — А.Кашталапаў. Уключае інстр. ансамбль (10 музыкантаў), вак. (4 спевакі) і танц. (4 выканаўцы) групы. У рэпертуары аўтэнтычныя і апрацаваныя бел.нар. песні і танцы, музыка і абрады з розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Цячэ вада ў ярок», «Ой, у полі крыніца», «Пасею гурочкі», віцебская і лядзецкая полькі, вак.-харэаграфічныя замалёўкі «Каханачка», «Лысы», вак.-інстр. кампазіцыя «Вяселле Магілёўшчыны і Палесся». Сярод выкарыстоўваемых бел.нар. інструментаў цымбалы, жалейка, акарына, колавая ліра, басэтля, саломка, дуда і інш. Лаўрэат Міжнар.маст. фестывалю садружнасці краін у Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992). Пра «С.» зняты аднайм. кінафільм (1988). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙШЫ (ад франц. seiches),
стаячыя хвалі вялікага (ад некалькіх мінут да дзесяткаў гадзін) перыяду, без пашырэння профілю хваль на паверхні замкнёных або паўзамкнёных вадаёмаў. Утвараюцца па інерцыі пасля спынення ветру, сейсмічных штуршкоў, рэзкіх змен атм. ціску або выпадзення інтэнсіўных ападкаў у розных частках вадаёма і інш. Частыя ў азёрах, калі паверхня возера нахіляецца папераменна ў розныя бакі. Нерухомая вось, вакал якой вагаецца люстэрка возера, наз. вузлавой лініяй. С. бываюць адна- і двухвузлавыя, з амплітудамі ад некалькіх міліметраў да некалькіх метраў (напр., у Жэнеўскім воз. амплітуда да 2 м з перыядам больш за 1 гадз). Назіраюцца на азёрах Беларусі: на воз. Нарач выш. хваль да 25 см, перыяды 45—51 мін, на меншых азёрах — 1—2 см, 10—15 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,
сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.
Літ.:
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;
Крылова АЛ. Физиология сенсорных систем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),
польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розныхтэатр. калектываў: трупа Я.Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.