здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.Піяжэ, В.Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».
Літ.:
Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;
Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ.М., 1995;
Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;
Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш. народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц. сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІКО́РМАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак для с.-г. жывёл, птушак і рыбы. Неабходная для развіцця жывёлагадоўлі на прамысл. аснове. Найб. развіта К.п. у ЗША, Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
На Беларусі К.п. развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Першыя камбікормавыя цэхі пры млынкамбінатах створаны ў 1957 у Віцебску і Магілёве. Да 1960 пабудаваны 10 малагабарытных універсальных з-даў магутнасцю па 35 т у суткі і 2 камбікормавыя цэхі ў Слуцку і Лідзе — па 200 т у суткі кожны. На працягу 1966—75 здадзена ў эксплуатацыю 28 прадпрыемстваў: спецыялізаваныя камбікормавыя з-ды, цэхі амаль на ўсіх камбінатах хлебапрадуктаў; выпуск прадукцыі павялічыўся ў 8,1 раза.
Сучасная К.п. Беларусі налічвае больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей (у т. л. 17 спецыялізаваных з-даў), на якіх занята каля 10 тыс.чал. Найбольшыя прадпрыемствы: з-ды ў Глыбокім, Жабінцы, Драгічыне, Смаргоні; цэхі ў Віцебску, Магілёве, Мар’інай Горцы, Слуцку і інш. Шмат дробных вытв-сцей створана ў калгасах і саўгасах, на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Камбікорм звычайна выпускаецца грануляваны і брыкетаваны. Сыравінай для вытв-сці камбікармоў з’яўляюцца зерне збожжавых культур, жывёльныя і грубыя кармы, травяная і хвойная мука, прадукты хім. і мікрабіял. прам-сці, вітаміны, мікраэлементы, антыбіётыкі, амінакіслоты і інш.біял. рэчывы, што ўводзяцца ў камбікорм у выглядзе дамешкаў (прэміксаў). Асвоена вытв-сць камбікармоў для ўсіх відаў і полаўзроставых груп жывёлы. У 1995 выраблена 2059,6 тыс.т камбікармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРСО́ЎНАСЦЬ ВАЛЮ́ТЫ магчымасць абмену грашовай адзінкі дадзенай краіны на валюты інш. краін. Усе валюты ўмоўна падзяляюцца на 3 групы: свабодна і часткова канверсоўныя, неканверсоўныя (замкнёныя). Свабодна канверсоўнай (СКВ) яна з’яўляецца тады, калі адсутнічаюць заканад. абмежаванні на правядзенне валютных здзелак па розных відах аперацый (гандлёвых, негандлёвых, руху капіталу). Часткова канверсоўнай лічацца валюты тых краін, дзе існуюць колькасныя абмежаванні або спец. дазволеныя працэдуры на абмен валюты па асобных відах аперацый або для розных суб’ектаў валютных здзелак. Неканверсоўнай з’яўляецца валюта, калі краіна забараняе яе свабодны абмен, нягледзячы на тое, што банкі праводзяць розныя абменныя аперацыі. Ступень К.в. знаходзіцца ў залежнасці ад эканам. патэнцыялу краіны, аб’ёму яе знешнеэканам. дзейнасці, устойлівасці ўнутр. грашовага абарачэння, ступені развіццянац. рынкаў і інш. фактараў. Яна патрабуе ад цэнтр.нац. банка краіны прыняцця пастаянных мер для ўтрымання на вызначаным узроўні курса сваёй валюты. Калі рынак адчуе незабяспечанасць дадзенай валюты, ён стане яе «скідваць», ствараючы небяспеку значнага яе прытоку да банка-эмітэнта, які пры гэтым мае магчымасць патраціць запасы цвёрдых валют і інш. валютных каштоўнасцей, у прыватнасці золата, на скупку уласнай валюты. Са 150 краін-членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) толькі каля 10 валодаюць поўнасцю К.в. (ЗША, Канада, Японія і шэраг краін Зах. Еўропы), каля 50 маюць валюту абмежаванай канверсоўнасці. Наяўнасць К.в. стварае магчымасць расплачвацца з замежнымі краінамі грашовымі адзінкамі дадзенай краіны, не залежаць ад заробкаў замежнай валюты, пашырае магчымасці прасоўвання тавараў на рынках, спрашчае разлік, уніфікуе паказчыкі ўнутр. і знешніх расходаў (даходаў), паляпшае іх супараўнальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЗМ (франц. conservatisme ад лац. conservo ахоўваю, захоўваю),
сукупнасць разнастайных ідэйна-паліт. і культ. плыняў, якія выступаюць за захаванне традыцый і пераемнасці ў сац. жыцці. Тэрмін «К.» увёў ва ўжытак франц.паліт. дзеяч і пісьменнік Ф.Р. дэ Шатабрыян. Асн. тэарэтыкамі К. ў канцы 18 — пач. 19 ст. былі Э.Бёрк [яго кн. «Разважанні аб французскай рэвалюцыі» (1790) лічыцца «бібліяй» К.], Ж дэ Местр, Л.Банальд, С.Т.Колрыдж і інш. Разнавіднасцямі кансерватыўнай ідэалогіі з’яўляюцца лібералізм, неакансерватызм і традыцыяналізм. Неакансерватызм, які шмат у чым збліжаецца з неалібералізмам, успрыняў ад яго ідэю грамадскага развіцця, гіст., сац. і паліт. актыўнасці індывіда, дэмакратызацыі палітыкі і сац. адносін. Неакансерватары адышлі ад элітарных і арыстакратычных поглядаў на ўладу, парадак, традыцыі; цэнтр. ідэя іх эканам. палітыкі — неэфектыўнасць сацыяліст. метадаў дзярж. рэгулявання. У краінах Зах. Еўропы і ЗША адрозніваюць 3 формы К.: ліберальна-кансерватыўную (выступае за неабходнасць цеснай сувязі паміж рыначнай эканомікай, індывід. свабодай і ўладай закону; найб. распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі і ЗША), хрысціянска-дэмакратычную (сцвярджае каштоўнасць хрысц. маральнага парадку, ухваляе дзярж. рэгуляванне паводзін людзей), аўтарытарную (адстойвае ідэю моцнай дзяржавы, яе права ўмешвацца ў эканоміку і дзейнасць асобных ін-таў; прадстаўлены ў Францыі, Ірландыі, Германіі). Характэрныя прынцыпы ўсіх форм К. — прызнанне існавання універсальнага маральнага парадку, які падтрымліваецца рэлігіяй, ідэя недасканаласці чалавечай прыроды і прыроднай няроўнасці людзей, важнай ролі прыватнай уласнасці ў індывід. і грамадскім жыцці, прызнанне традыц. норм рухаючай сілай прагрэсу, неабходнасць абмежавання і збалансаванасці паліт. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),
навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.
Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст.англ. вучоныя Э.Галей, Дж.Хэдлі і рас. вучоны М.В.Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.І.Ваейкаў, ням. А.Тумбальт, У.П.Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.А.Камінскага, Я.С.Рубінштэйн, Л.С.Берга, амер. Г.Ландсберга, Д.Мілера, аўстр. Ф.Штайнгаўзера і інш.
На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.І.Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.В.Валабуевай, М.А.Гольберга, А.І.Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.Х.Шкляра (БДУ), М.А.Гольчанкі (БСГА), М.І.Касцюкевіча (Бел.тэхнал.ун-т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац.развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
(Beer); 5.9.1791, Фогельсдорф, каля Берліна — 2.5.1864], французскі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік франц. вялікай оперы. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.),
К.Ф.Цэльтэра, Б.А.Вебера, Г.І.Фоглера (тэорыя музыкі і кампазіцыя) і інш. З 1816 жыў у Італіі, з 1824 у Парыжы, з 1842 у Берліне (у 1842—46 генерал-музік-дырэктар т-ра «Каралеўскія відовішчы»). Першы поспех М. прынесла рамант. опера «Роберт-Д’ябал» (паст. 1831). Характэрныя рысы вял. оперы (гіст. тэматыка, кантрастнасць вобразаў, складаныя перапляценні гісторыка-сац. і лірычных драматургічных ліній, эмацыянальная насычанасць музыкі, пышная дэкаратыўнасць спектакля) найб. поўна выявіліся ў операх «Гугеноты» (паст. 1836), «Прарок» (паст. 1849), «Дынора» (паст. 1859), «Афрыканка» (паст. 1865; дзве апошнія маюць некат. рысы лірычнай оперы). Стыль вял. оперы М. стварыў разам з драматургам-лібрэтыстам Э.Скрыбам. З інш. твораў: араторыя «Бог і прырода» (1811), хары, песні, рамансы, музыка да драм. спектакляў і інш. Шырока карыстаўся прыёмамі сімф.развіцця, узбагаціў трактоўку хору, аркестра, імкнуўся аб’яднаць дасягненні розных нац. оперных школ. Яго творчасць паўплывала на эвалюцыю еўрап. опернага мастацтва.
Літ. тв.: Briefwechsel und Tagebücher. Bd. 1—3. Berlin, 1960—75.
Літ.:
Соллертинский И.И. Мейербер. М., 1962;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX вв.: Очерки. М., 1962. С. 350—366;
Becker H. G.Meyerbeer in Selbstzeugnissen und Bilddokumenten. Reinbek bei Hamburg, 1980;
Becker H. und G. G.Meyerbeer Ein Leben in Briefen. Leipzig, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,
разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіццяміжнар.гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар.эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.