КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),

рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.​Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.

Літ.:

Мацкевич И.С. А.​Д.​Кастальский. М., 1969.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН ((Kon) Фелікс Якаўлевіч) (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),

бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСКО́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (24.6.1880, в. Дубічы Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 23.8.1955),

бел. паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у Кіеве ў Земсаюзе. Быў чл. Бел. сацыяліст. грамады, Бел. с.-д. партыі. Прадстаўляў бел. нац. арг-цыі на з’ездзе народаў (Кіеў, вер. 1917). У 1918 уваходзіў у склад урада Украінскай Нар. Рэспублікі, яе пасол у Грузіі. З 1920 старшыня Бел. нац. к-та ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзвінскай (г. Даўтаўпілс) дзярж. бел. гімназіі. З 1925 у Мінску, працаваў у БДУ, Інбелкульце, Бел. АН, старшыня сац.-культ. секцыі і чл. прэзідыума Дзяржплана БССР. З 1930 у Маскве ў Дзяржплане СССР. 8.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Самару. 4.11.1937 зноў арыштаваны, 19.3.1940 вызвалены. Пасля Вял. Айч. вайны выехаў да сваякоў у Чэхаславакію. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Вільгельм) (293.1826, г. Гісен, Германія — 7.8.1900),

дзеяч герм. і міжнар. рабочага і сацыяліст. руху, журналіст. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Гісена, Марбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, пасля паражэння якой эмігрыраваў у Швейцарыю. У 1850—62 жыў у Лондане, дзе кантактаваў з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. У 1867—70 дэп. рэйхстага Паўн.-Герм. саюза. У 1869 разам з А.Бебелем заснаваў С.-д. рабочую партыю (т.зв. Эйзенахцы), у 1875 садзейнічаў яе аб’яднанню з прыхільнікамі Ф.Ласаля ў адзіную Сацыяліст. рабочую партыю Германіі. У 1874—1900 (з перапынкамі) член с.-д. фракцыі рэйхстага Герм. імперыі. З 1890 гал. рэдактар с.-д. парт. органа газ. «Vorwärts» («Уперад»). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га.

Тв.:

Рус. пер. — О политической позиции социал-демократии, в частности по отношению к рейхстагу;

Никаких компромиссов, никаких избирательных соглашений!;

Пауки и мухи. М., 1958;

Из воспоминаний о Марксе. М., 1968.

В.Лібкнехт.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГ (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 7.5.1937, Мінск),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1960), ВПШ пры ПК КПСС (1976). З 1960 працаваў аграномам у Капыльскім, Салігорскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., нам. нач. Любанскага, нач. Салігорскага раённых вытв. калгасна-саўгасных упраўленняў сельскай гаспадаркі, старшынёй Слуцкага райвыканкома. У 1972—82 1-ы сакратар Смалявіцкага райкома КПБ, заг. с.-г. аддзела, сакратар Мінскага абкома КПБ. У 1982—86 1-ы нам. старшыні, старшыня Мінскага аблвыканкома. З 1986 старшыня Дзярж. к-та БССР па цэнах, нам. старшыні Дзярж. планавага к-та БССР. З 1990 заг. аграрнага аддзела ЦК КПБ. У 1990—91 сакратар ЦК КПБ. Чл. ЦК з 1986, Бюро ЦК КПБ у 1990—91. У 1991—94 нам. Старшыні СМ Рэспублікі Беларусь, міністр эканомікі. З ліп. 1994 нам., з ліст. 1996 в.а. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З лют. 1997 прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь.

С.С.Лінг.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),

уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.​Зубко, І.​Красоўскі, В.​Лужынскі, І.Сямашка і інш.

С.​В.​Казуля.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НГВА (Раман Войцехавіч) (8.7.1891, Варшава — 8.2.1938),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча (1915). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 удзельнік узбр. паўстання ў Петраградзе, камендант поштаў і тэлеграфа. З лют. 1918 у Чырв. Арміі, з чэрв. на Зах. фронце: нач. штаба дывізіі, камандзір брыгады, нач. Зах. дывізіі (з лют. 1919), якая ўдзельнічала ў абарончых баях супраць польскіх войск на тэр. Беларусі. З вер. 1919 нач. 2-й стралк. дывізіі. Вызначыўся пры ўзяцці Бабруйскага ўмацаванага раёна і фартоў Брэсцкай крэпасці. У жн.вер. 1920 камандуючы 1-й польскай Чырв. Арміяй, потым нач. 5-й стралк. дывізіі. З ліст. 1920 у разведупраўленні штаба ўзбр. сіл Украіны і Крыма, з 1923 у штабе Укр. ваен. акругі, потым ваен. аташэ ў Кітаі. З 1927 камандзір і камісар 43-й стралк. дывізіі. З 1930 ва ўпраўленні сувязі РСЧА. У 1938 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954.

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІО́-КЮРЫ ((Joliot-Curie) Ірэн) (12.9.1897, Парыж — 17.3.1956),

французскі фізік і радыяхімік, грамадскі дзеяч. Замежны чл.-кар. АН СССР (1947). Дачка П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1920). З 1918 у Ін-це радыю (з 1934 дырэктар), адначасова ў Камісарыяце па атамнай энергіі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ядз. фізіцы і радыяхіміі. Разам з мужам Ф.Жаліо-Кюры адкрыла штучную радыеактыўнасць, у т. л. пазітронную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правяла даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Чл. Сусв. Савета Міру, выступала супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з Ф.​Жаліо-Кюры).

Тв.:

Рус. пер. — Жолио-Кюри Ф. Избр. труды. Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Кедров Ф. Ирен и Фредерик Жолио-Кюри. 2 изд. М., 1975;

Кудрявцев П.С. Курс истории физики. 2 изд. М., 1982. С. 413-416.

І.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМЯ́НІН (Міхаіл Васілевіч) (21.11.1914, г. Віцебск — 1.5.1995),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1939). У 1940—46 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў парт.-камсам. падполля і партыз. руху ў Беларусі. У 1947—53 сакратар, 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1953 у Мін-ве замежных спраў СССР, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у В’етнаме, Чэхаславакіі. З 1965 гал. рэдактар газ. «Правда», з 1966 старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР. У 1976—87 сакратар ЦК КПСС. Чл. ЦК у 1945—54, Бюро ЦК КПБ у 1947—53. Чл. ЦК КПСС у 1952—56, 1966—89. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1956—66. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—54, 1966—89, Вярх. Савета БССР у 1947—55.

Тв.:

Под знаменем ленинизма: Избр. статьи и речи. М., 1984.

М.В.Зімянін.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)