ЮХНАВЕ́Ц Арсеній Гаўрылавіч (10.8.1916, в. Бераснёўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну ўвосень 1939. У Вял. Айч. вайну з лют. 1943 на 1-м Бел. фронце. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі, баёў у Польшчы. Нам. камандзіра ўзвода Ю. вызначыўся ў час разведкі 26 і 27.7.1944 каля г. Бяла-Падляска (Польшча), дзе захапіў 2 палонных, падарваў галаўную машыну аўтакалоны ворага і выклікаў на яе агонь; загінуў у баі пад Варшавай.

А.Г.Юхнавец.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА Алесь (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.​Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.​Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

А.Асіпенка.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЭ́ВІЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 22.7.1916, в. Дуброва Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1941). З 1932 працаваў на Бел. радыё, з 1954 карэспандэнт «Литературной газеты», у час. «Маладосць», з 1970 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы, на Бел. тэлебачанні, у час. «Коммунист Белоруссии», з 1979 літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1985—96 адказны сакратар К-та па дзярж. прэміях Беларусі ў галіне л-ры, мастацтва і архітэктуры. Друкуецца з 1949. Аўтар зб-каў апавяд. для дзяцей «Тараскавы турботы» (1966), «Дзе начуе сонца» (1970), «Дожджык на колах» (1977), «Нястрашны страх» (1986) і інш. Даследуе сучасную бел. прозу, маст. публіцыстыку, пытанні мовы літ. твораў: «Слова і вобраз» (1961), «Шматгалоссе жыцця» (1965), «Погляд» (1974). Аўтар кн. «Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці» (1983), «Мінск: Учора, сёння, заўтра» (1982), «Слова жывое, роднае, гаваркое» (1992). Перакладае на бел. мову з рус. і ўкр. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Абрысы: Выбр. з літ. крытыкі. Мн., 1976;

Выбранае. Мн., 1987;

Дзе начуе сонца: Апавяданні, нарысы. Мн., 1998.

Літ.:

Каваленка В. Абрысы сталасці // Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Андраюк С. Свой погляд на рэчы // Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983.

У.М.Юрэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДКА,

агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.

На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш. нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.​Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дудкі.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Андрэй Паўлавіч (н. 2.9.1930, С.-Пецярбург),

расійскі кампазітар, муз. і грамадскі дзеяч. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). У творчасці побач з сучаснай тэматыкай звяртаецца да гіст., легендарных і класічных сюжэтаў. У сімф. музыцы 1990-х г. дамінуе рэлігійная тэматыка. Сярод твораў: оперы «Пётр Першы» (паст. 1975), «Маякоўскі пачынаецца» (паст. 1983); балеты «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, паст. 1956), «Бераг надзеі» (паст. 1959), «Стварэнне свету» (паст. 1971; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1976); вак.-харэагр. сімф. «Пушкін» (паст. 1979); аперэты «Мы хочам танцаваць» («У рытме сэрца», паст. 1967), «Аб бедным гусары...» (паст. 1986); для арк.; сімф. паэма «Рада і Лойка» (паводле М.​Горкага, 1954), сімф. цыкл «Песні нашых дзён» (1964), «Паэма памяці загінуўшых у гады блакады Ленінграда» (1966), сімф.-фантазія «Майстар і Маргарыта» (паводле М.​Булгакава, 1986), сімф. «Час Хрыста» (1995) і інш. Аўтар песень, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў (больш за 50), у т. л. «Я крочу па Маскве», «Сцеражыся аўтамабіля», «Службовы раман», «Жорсткі раманс», «Старыя клячы», тэлесерыял «Пецярбургскія тайны». Аўтар кніг «Дыялог пра кінамузыку» (1982, з Н.​Калеснікавай), «Час. Музыка. Музыканты» (1987). Дзярж. прэміі СССР 1967, 1976.

Літ.:

Мархасев Л.С. А.​Петров. Л., 1980;

Кац Б.А. Простые истины киномузыки: Заметки о музыке А.​Петрова в фильмах Г.​Данелия и Э.​Рязанова. Л., 1988.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН (Bean) Алан (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР (Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),

прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,

саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ЭКЗАРХА́ТА»,

часопіс. Выдаецца Бел. правасл. царквой з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Засн. на базе час. «Минские епархиальные ведомости». Разлічаны на святароў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і сучаснага стану правасл. царквы на Беларусі, а таксама прадстаўнікоў інш. правасл. цэркваў і хрысц. канфесій. У часопісе пераважаюць артыкулы гісторыка-архіўныя, аналітычныя багаслоўскага зместу, прысвечаныя найб. значным падзеям у Беларускім экзархаце. Кожны нумар (пачынаючы з № 4) прысвечаны адной тэме. З 1990 у дадатак да часопіса выдаецца серыя брашур «Библиотека «Вестника Белорусского экзархата».

А.​А.​Петрашкевіч.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)