АТЛА́НТАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 19.2.1939, С.-Пецярбург),

рускі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). У 1967—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Партыі: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Лаўрэат міжнар. конкурсаў імя П.​І.​Чайкоўскага (1966) і маладых оперных спевакоў (Сафія, 1967), Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978. Ганаровае званне камерзінгера Венскай дзярж. оперы (1987).

Літ.:

Нестьева М.И. Владимир Атлантов. М., 1987.

У.А.Атлантаў.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙ-БІЕ́НКА (Рыгор Якаўлевіч) (7.2.1903, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 3.11.1971),

савецкі энтамолаг. Чл.-кар. АН СССР (1953). Засл. дз. н. Расіі (1963). Скончыў Омскі с.-г. Ін-т (1925). З 1929 у навук. установах Ленінграда. Навук. працы па экалогіі і сістэматыцы насякомых, тэорыі аховы раслін. Праводзіў даследаванні на Беларусі (Белавежская пушча і інш.). Аўтар падручнікаў («Агульная энтамалогія», 1966, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Насекомые таракановые. М.; Л., 1950;

Кузнечиковые. М.; Л., 1954;

Саранчовые фауны СССР и сопредельных стран. Ч. 1—2. М.; Л., 1951 (разам з Л.​Л.​Мішчанка).

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РЫХА,

горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс. ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.

Белакурыха. Санаторый «Катунь».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел. навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́ЦЫЙ (ад лац. beneficium дабрадзейнасць),

1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.

3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГАНРА́ВАЎ (Анатоль Аркадзевіч) (1.6.1894, с. Анькава Уладзімірскай вобл., Расія — 4.2.1975),

савецкі вучоны ў галіне балістыкі. Акад. АН СССР (1943). Ген.-лейт. артылерыі (1943). Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1940). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1916), Ваенна-тэхн. акадэмію (1929). З 1929 у Акадэміі артыл. навук (у 1946—50 прэзідэнт). З 1953 дырэктар Ін-та машыназнаўства АН СССР. З 1963 старшыня камісіі па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы пры АН СССР. Працы па пытаннях механікі і артыл. ўзбраення. Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1960.

А.А.Благанраваў.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЗАН,

1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.

3) Персанаж у творах У.​Шэкспіра, П.​Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.​Марашэўскага, Е.​Міровіча і інш.

У.​Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНКІ́ ((Blanqui) Луі Агюст) (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),

французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл. Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),

мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.​Крашэўскі, Т.​Нарбут, Ф.​Бохвіц, Ю.​Струміла, Я.​Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.​Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.​Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.

В.​Ф.​Шматаў.

Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),

расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)