ГАРДЗЕ́ЕЎ (Фёдар Гардзеевіч) (1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру I (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),
бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯ́РАЎ-ПЛАТО́НАЎ (Мікіта Пятровіч) (4.6.1824, г. Каломна, Расія — 25.10.1887),
расійскі публіцыст, філосаф, гісторык рэлігіі. Скончыў Маскоўскую акадэмію (1848). У 1856—62 працаваў у Маскоўскім цэнзурным к-це, з 1863 кіраўнік Маскоўскай сінадальнай друкарні, з 1867 выдаваў «Современные известия» — першую маскоўскую штодзённую газету, у якой змяшчаў артыкулы па царк. і бягучых паліт. пытаннях. Навук. дзейнасць Гілярава-Платонава рознабаковая: распрацоўваў эканам. тэорыі («Асноўныя пачаткі эканоміі», 1889), вёў даследаванні ў галіне слав. мовазнаўства («Экскурсіі ў рускую граматыку», 1884). Асн. яго філас. праца прысвечана крытычнаму разгляду філасофіі Гегеля. Аўтар успамінаў «З перажытага» (1886).
Тв.:
Сборник соч. Т. 1—2. М., 1899;
Вопросы веры и церкви: Сб. статей 1868—1887 гг.Т. 1—2. М., 1905—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДКО́Ў (Яўген Пятровіч) (н. 10.10.1941, в. Іванькава Пермскай вобл., Расія),
бел. цымбаліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас І.Жыновіча), з 1966 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 заг. кафедры, праф. з 1987). Выступае з сольнымі канцэртамі. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай айч. і зарубежнай музыкі (яму належаць многія пералажэнні і выканальніцкія рэдакцыі). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, С.Картэса, Э.Тырманд, К.Цесакова і інш.). Манера ігры адметная тэхн. свабодай, тэмпераментам, выяўляе тонкае адчуванне бел.нар. меласу. Аўтар «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнік і рэдактар зборнікаў цымбальных твораў бел. кампазітараў. Чл. прэзідыума Сусв. асацыяцыі цымбалістаў (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Ігар Мікалаевіч) (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),
бел. скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.Селіханавым, 1963) і в.Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.Скарыне ў Полацку паводле праекта А.Глебава (з А.Заспіцкім, В.Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст. формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕНШЧЫКО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (2.10.1918, г. Вышні Валачок, Расія — 10.6.1987),
бел. балетмайстар, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1960). Скончыў Усесаюзны тэхнікум цыркавога мастацтва (1936). З 1936 артыст цырка, балета, эстрады. У 1953—68 балетмайстар мінскага нар. ансамбля танца «Дружба» БПІ. У 1955—71 метадыст, балетмайстар Рэсп. Дома нар. творчасці, з 1977 выкладаў у Мінскім ін-це культуры. У працах па харэаграфіі асн. ўвагу аддаваў сцэн. інтэрпрэтацыі і папулярызацыі бел.танц. фальклору, стварэнню на яго аснове новых харэагр. пастановак. З масавых кампазіцый Грабеншчыкова найб. цікавая «Родны край» для выканання на стадыёнах (768 удзельнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.