МАРДЖАНІШВІ́ЛІ (Катэ) (сапр.Марджанаў Канстанцін Аляксандравіч; 9.6.1872, г. Кварэлі, Грузія — 17.4.1933),
грузінскі рэжысёр. Нар.арт. Грузіі (1931). З 1893 акцёр, рэжысёр груз. і рус. т-раў, з 1910 у МХТ. У 1913 арганізаваў у Маскве Вольны т-р, у якім імкнуўся стварыць атмасферу святочнай урачыстасці, ажыццявіць ідэю сінт.тэатр. мастацтва. З 1918 камісар т-раў Кіева. У 1919 паставіў героіка-рамантычны спектакль «Фуэнтэ авехуна» Лопэ дэ Вэгі. У 1920 у Петраградзе стварыў Т-р камічнай оперы, удзельнічаў у пастаноўцы масавых тэатралізаваных відовішчаў. З 1922 вядучы дзеяч груз.т-ра, яго рэфарматар; узначальваў Т-р імя Руставелі ў Тбілісі. У 1928 у Кутаісі заснаваў драм.т-р (з 1930 у Тбілісі, з 1933 імя М.). Сярод пастановак: «Дачнікі» М.Горкага (1904, Рыга), «Гамлет» У.Шэкспіра (1925), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1929), «Дон Карлас» Ф.Шылера (1933, Малы т-р). Мастацтву М. ўласцівы асучасненае вытлумачэнне класікі, яркая тэатральнасць, выразнасць масавых сцэн. У 1916 паставіў фільм «Каханне ўсёмагутнае». У 1924—29 рэжысёр і сцэнарыст у Дзяржкінпраме Грузіі. Сярод фільмаў: «Закон і абавязак» («Амок» паводле С.Цвэйга, 1927), «Авадзень» (паводле Э.Л.Войніч, 1928) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),
адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл.Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл.Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ЛЕНКО́М».
Створаны ў 1927 як Цэнтр.т-р рабочай моладзі (ТРАМ), з 1938 наз.Т-р імя Ленінскага камсамола, з 1990 сучасная назва. Маст. кіраўнік: І.Бярсенеў (1938—51), С.Гіяцынтава (1951—57), С.Маёраў (1957—60), Б.Талмазаў (1960—62), А.Эфрас (1963—67), У.Манахаў (1967—72), М.Захараў (з 1973). У рэпертуары т-ра пастаноўкі рус. і замежнай класікі, сучасная драматургія, рок-оперы, муз. спектаклі. Спектаклі вызначаюцца высокапрафесійнымі рэжысурай і акцёрскім ансамблем, глыбокай распрацоўкай характараў. Сярод значных пастановак: «Чайка» (1966, 1994) і «Іванаў» (1975) А.Чэхава, «Мудрэц» (паводле п’есы А.Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае прастаты», 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1992), «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава (1941), «У дзень вяселля» В.Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага (абодва 1964), «Тыль» Р.Горына (паводле Ш. дэ Кастэра. 1974), «Рэвалюцыйны эцюд» М.Шатрова (1979), «Юнона» і «Авось» (1981, музыка А.Рыбнікава на вершы А.Вазнясенскага) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: А.Абдулаў, І.Алфёрава, Л.Арцем’ева, Б.Бекер, С.Бірман, Л.Бранявы, А.Джыгарханян, У.Карэцкі, Ю.Колычаў, Т.Краўчанка, У.Ларыёнаў, Я.Лявонаў, М.Міронава, Т.Пельтцэр, Дз.Пяўцоў, А.Сакалоў, А.Фадзеева, І.Чурыкава, А.Янкоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),
арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш.рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводлемусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.
Літ.:
Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр.Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс.чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв.Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ.Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр.Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ (НДзК) па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР. Створана паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 2.11.1942 з дзярж. і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры (старшыня М.М.Швернік). У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах і раёнах ствараліся камісіі садзеяння НДзК. Бел.рэсп. камісію (створана ў пач. 1944) узначальваў 1-ы сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка. Дзейнічалі Бабруйская, Баранавіцкая, Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Маладзечанская, Мінская, Палеская, Пінская, Полацкая абл. камісіі садзеяння. Паводле звестак камісіі страты СССР склалі 679 млрд.руб. (у цэнах 1941), у Беларусі ням.-фаш. захопнікі знішчылі больш за 2,2 млн.сав. грамадзян, разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гар. пасёлкаў, 9200 вёсак, разбурылі і вывезлі ў Германію больш за 10 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, прычынілі матэрыяльныя страты на суму 75 млрд.руб. Акты, паведамленні і інш. матэрыялы камісіі шырока выкарыстоўваліся на Нюрнбергскім працэсе, на працэсах у Мінску, Гомелі, Бабруйску і інш. і былі прызнаны бясспрэчнымі доказамі па справах ням.ваен. злачынстваў.
Кр.: Нюрнбергский процесс: Сб. материалов. Т. 1—2. 3 изд. М., 1955; Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,
група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводлеміжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,
устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.
П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл.Плазменная тэхналогія).
На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.