размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскайарх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.
У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр.Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ.Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел. народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦККП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.С.Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага, С.В.Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.К.Паланейчыка, І.Тышкевіча, А.Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.І.Талаш), у Пінскім пав. (М.В.Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.А.Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт.сял.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр.Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.
М.С.Сташкевіч.
Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскайвобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗМагілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскайвобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,
перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал.ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-вадзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс.чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаўзах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст.мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал.ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн.чал.Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.
Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн.чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн.чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс.чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс.чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр.рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.
Літ.:
Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗМагілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр, разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскайгуб., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),
вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш.арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл.Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл.Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).
Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл.Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.
Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн.км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн.км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн.км²); гл.Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн.т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн.т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.
На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл.Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскайвобл.; прымеркаваны да паўн.ч.Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б.«Беларусьгеалогія») і ВА«Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел.дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-тВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».
Літ.:
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.