ЦЭ́ПЕЛІ́Н (Zeppelin) Фердынанд (8.7.1838, г. Канстанц, Германія — 8.3.1917),
нямецкі канструктар дырыжабляў. Граф, генерал. Скончыў ваен. акадэмію ў Людвігсбургу (1854). Прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 (на баку паўн. штатаў), аўстра-прускай (1866) і франка-прускай (1870—71) войнах. Распрацаваў канструкцыю дырыжабля жорсткай сістэмы з метал. каркасам, абцягненым тканінай. Унутры корпуса ў адсеках знаходзіліся балоны з газам. Першы яго дырыжабль (аб’ёмам 11 300 м³) здзейсніў палёт у 1900; да 1914 пабудавана 25 дырыжабляў («цэпелінаў»), у т. л. 6 пасажырскіх. Ваен. дырыжаблі Ц. выкарыстоўвалі ў час 1-йсусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮЛЬГА́ Аляксей Мікалаевіч (12.5.1922, в. Клясін Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 18.11.1953),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з 1942 партызан атрада імя Калініна, партыз. брыгады 1-й Гомельскай. З 1943 на Бел. і 1-м Укр. франтах, разведчык. Вызначыўся пры вызваленні Польшчы. 29.7.1944 з 2 разведчыкамі пераправіўся цераз Віслу ў раёне г. Юзэфаў і разведаў лінію абароны праціўніка. У баі за плацдарм на чале групы разведчыкаў знішчыў 15 гітлераўцаў. У раёне мяст. Кіселін захапіў 2 «языкоў». Пасля вайны працаваў на электрахімкамбінаце. З 1949 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯМЛЯ́К (цюрк.),
сагнутая папалам тасьма (ніцяная, скураная або з галуну) з кутасом на канцы, якую носяць на эфесе (рукаятцы) мяча, шаблі, шашкі, шпагі. Воіны рыцарскага войска (14—15 ст.) у баі надзявалі Ц. на запясце для больш надзейнага ўтрымання зброі. Пазней у арміях розных краін Ц. сталі насіць паводле ўстаноўленай формы афіцэры, а таксама і салдаты. У рас. арміі Ц. быў знакам узнагароды (Ц. з георгіеўскай стужкай або стужкай ордэна св. Ганны 4-й ступені). Захаваўся толькі ў афіцэраў роты ганаровай варты і асістэнтаў пры баявым сцягу (гл. таксама Сцяг воінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯСА́К,
сякучая і колючая халодная зброя з кароткім (64—72 см) шырокім (прамым або скрыўленым) двухбаковавострым або адналязовым клінком і эфесам (рукаяткай з крыжавінай або дужкай). Насілі яго ў ножнах на плечавым рамяні. У войску ВКЛ быў на ўзбраенні ў жаўнераў пяхоты і артылерыі да канца 18 ст. У рас. арміі з 2-йпал. 18 ст. да сярэдзіны 19 ст. быў на ўзбраенні пяхоты, артылерыі і інж. войск. У некат. сучасных арміях ёсць штыкі ў выглядзе Ц.
Цесакі: а — сапёрны ўзору 1824; б — артылерыйскі ўзору 1834.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧЭ́РСКАЯ РА́ТУША,
помнік архітэктуры класіцызму з элементамі псеўдаготыкі ў г.Чачэрск Гомельскай вобл. Пабудавана ў 2-йпал. 18 ст. ў цэнтры горада. Мураваны 2-павярховы квадратны ў плане цэнтрычны будынак, завершаны 5 драўлянымі чацверыковымі вежамі; 4 з іх размешчаны па вуглах асн. аб’ёму і ўвянчаны шпілямі, 5-я (больш высокая і звужаная ўверсе) — пасярэдзіне на масіўным чацверыковым барабане. Аконныя праёмы прамавугольныя, стральчатыя і з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Карніз з фігурнымі кранштэйнамі. Да 2 уваходаў па баках гал. фасада вядуць манум. каменныя лесвіцы. Будынак рэстаўрыруецца (2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫСЦЯКО́Ў Міхайла Барысавіч (13.1.1809, Жыздрынскі р-н Калужскай вобл., Расія — 6.10.1885),
рускі педагог, пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1828—32); адзін з заснавальнікаў тайнага студэнцкага т-ва. Супрацоўнічаў у час. «Телескоп» і газ. «Молва». Працаваў настаўнікам славеснасці ў пав. вучылішчах Оршы і Полацка, старшым настаўнікам у 2-й Віленскай (1833—34), Магілёўскай (1834), Віцебскай (1835—37) гімназіях. Прыцягваўся да следства па справе Т.Г.Лады-Заблоцкага (1834). Актыўны збіральнік бел. вершаванага і муз. фальклору, карэспандэнт П.В.Кірэеўскага. Пісаў для дзяцей («Рускія гістарычныя апавяданні», 1867; «З рускага побыту», 1868, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРХУНЫ́,
самагучальны муз. інструмент. Наз. таксама шаргунцы, шалестуны, шумёлы, бомы, бразготкі. Складаюцца з некалькіх (да 11) бронзавых (у мінулым медных) шарыкаў розных памераў са шротам унутры, з проразямі па баках і крапежным вушкам у верхняй частцы. Пры патрэсванні ўзнікае меладычнае і звонкае гучанне, у старажытнасці выкарыстоўвалі як элемент жан. ўпрыгожання. У вясельным поездзе Ш. на скураным паску чаплялі на шыю коней. З 2-йпал. 19 ст. выкарыстоўвалі як састаўны канстр. элемент бубна. Ш. выраблялі звычайна мясц. кавалі. Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЦЭР (ад ням. Stutzen літар. — абрэз),
1) укарочаная дульназарадная наразная агнястрэльная зброя. Меў павышаную кучнасць і далёкасць стральбы, а з-за цяжкасці зараджання — нізкую скарастрэльнасць. З’явіліся ў 16 ст. ў Германіі, з 1721 на ўзбраенні ў Расіі. У 2-йпал. 19 ст. заменены вінтоўкамі. Ш. наз. таксама некаторыя паляўнічыя наразныя казназарадныя ружжы (гл. таксама Паляўнічая зброя).
2) Кароткі патрубак (адрэзак трубы) з разьбовымі канцамі для злучэння труб паміж сабою, далучэння іх да трубаправодаў, рэзервуараў, апаратаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУМЕ́РЫ,
старажытны народ, які насяляў Паўд. Месапатамію ў 4—2-м тыс. Да н.э. (гл.Шумер). Мелі самастойную мову, роднаснасць якой з мовамі інш. груп не ўстаноўлена. У антрапал. адносінах належалі да міжземнаморскай і балкана-каўказскай рас.вял. еўрапеоіднай расы. З сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. пачаўся паступовы працэс выцяснення шумерскай мовы і асіміляцыі Ш. акадцамі, які завяршыўся ў 1-йпал. 2-га тыс. да н.э. Ш. — стваральнікі клінапісу; шумерская культура паслужыла асновай для развіцця культур пазнейшых цывілізацый Месапатаміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСДЫВІ́ЗАРСКА-ТАКСА́ТАРСКІ СУД,
часовы суд у Беларусі і Літве ў канцы 16—1-йпал. 19 ст. па падзеле землеўладання неплацежаздольнага даўжніка паміж крэдыторамі прапарцыянальна іх прэтэнзіям. Уведзены Статутам ВКЛ 1588. Выконваўся падкаморым паводле пастановы земскага суда або Трыбунала Вялікага княства Літоўскага адпаведна чарговасці іскаў. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі Э.-т.с. прызначаліся гал. судамі губерняў звычайна ў складзе 3 членаў земскага суда, рэгента і каморніка, а калі справа датычыла значных маёнткаў, то і да 12 членаў. Скасаваны разам са Статутам ВКЛ у 1840.