КО́ШЫБА (Koshiba) Масатошы (н. 19.9.1926, г. Таёхасі, Японія),

японскі фізік; адзін са стваральнікаў нейтрыннай астраноміі. Чл. Японскай акадэміі. Замежны чл. Рас. АН (2003). Скончыў Такійскі (1951) і Рочэстэрскі (ЗША, 1955) ун-ты. З 1970 праф. Такійскага, у 1987—97 Такайскага ун-таў. Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій і касм. прамянёў. Разам з інш. сканструяваў і пабудаваў падземны 3000-тонны вадзяны дэтэктар нейтрына «Каміёкандэ», на якім упершыню зарэгістраваў касм. нейтрына ад выбуху звышновай зоркі ў Вялікім Магеланавым Воблаку (1987) і пацвердзіў вынікі эксперыментаў Р.Дэвіса (гл. Дадатак) па рэгістрацыі сонечных нейтрына (1988). Медаль Б.​Франкліна (2003). Нобелеўская прэмія 2002 (з Дэвісам, Р.Джаконі; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

М.Кошыба.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫЁНАЎ Леанід Фёдаравіч (1902, г. Табольск, Расія — 1973),

расійскі анколаг-хіміятэрапеўт. Адзін з заснавальнікаў хіміятэрапіі злаякасных пухлін. Акад. АМН (1969), д-р мед. н. (1938), праф. (1940). Чл.-кар. Амер. асацыяцыі па вывучэнні раку (1960). Скончыў Томскі ун-т (1925), дзе і працаваў. Ў 1930—40 і ў 1941—45 у Ленінградскім Цэнтр. рэнтгеналагічным, радыелагічным і ракавым ін-це (з 1937 заг. аддзялення). У 1940—41 у Мінскім мед. ін-це (арганізаваў і ўзначаліў кафедру эксперым. анкалогіі). З 1945 у Ін-це анкалогіі АМН СССР у Маскве (заг. лабараторыі). Навук. працы па эксперым. анкалогіі. Стварыў шэраг проціпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Лечение белокровия и лимфогранулематоза эмбихином. М., 1951.

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЕР (Wöhler) Фрыдрых (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),

нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПАБУДАВА́ННІ,

рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.

Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛЮ́К Давід Давідавіч (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),

рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.​У.​Маякоўскім і В.​В.​Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,

механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.​М.​Жакарам.

Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д.).

Жакарда машына: 1 — грузік; 2 — вочка; 3 — дзялільная дошка; 4 — шнур; 5 — кручок; 6 — іголка; 7 — прызма; 8 — падымальны нож.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЎЛЯ́НКІ.

пацешкі, кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця; жанр дзіцячага фальклору. З. ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыі. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя З., насычаныя экспрэсіўна-эмац. лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асн. сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэт. мовы; эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Гл. пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,

від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл. Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.

Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРАЎША́Н,

рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане і Узбекістане. Даўж. 877 км, пл. бас. 17,7 тыс. км. У вярхоўі наз. Матча. Пачынаецца з Зераўшанскага ледавіка ў горным вузле Каксу на выш. каля 2800 м. Цячэ ў вузкай глыбокай даліне (300 км), ніжэй г. Самарканд распадаецца на 2 рукавы — Акдар’я (паўн.) і Карадар’я (паўд.), якія зноў зліваюцца каля кішлака Хатырчы. Ніжэй г. Пенджыкент З. цячэ па раўніне, яго воды разбіраюцца на арашэнне і рака не даходзіць да р. Амудар’я. Нізоўі жывяцца водамі р. Амудар’я па Аму-Бухарскім канале. Асн. прытокі ў вярхоўях — Фандар’я, Кштут, Магіян (злева). Жыўленне снегава-ледавіковае. Сярэдні гадавы расход вады 162 м³/с. Катакурганскае і Куюмазарскае вадасховішчы. У бас. З. — Зераўшанскі запаведнік. У даліне З. — гарады Самарканд, Бухара, Наваі, Катакурган.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМА́ТКІН Сяргей Міхайлавіч (н. 19.8.1951, г. Батумі, Грузія),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і марфалогіі. Д-р біял. н. (1990). Акад. Расійскай медыка-тэхн. акадэміі, Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1981 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі, з 1998 прарэктар па навук. працы Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па нейрамарфалогіі, нейрахіміі і патагенезе алкагалізму.

Тв.:

Aldehyde dehydrogenasa activities in the brain of rats and mice genetically selected for different sensitivity to alcohol (разам з Р.​А.​Дзітрыхам // Alcoholism: Clinical and experimental research. 1995. Vol. 19, № 5;

Thiamine deficiency as predisposition to and consequence of increased alcohol consumption (разам з Т.​І.​Зіматкінай) // Alcohol and Alcoholism. 1996. Vol. 31, № 4.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)