катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс.і адносную ісціну гл. ў арт.Ісціна.
Літ.:
Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕВЕ́ДА-І-ВІЛЬЕ́ГАС (Quevedo у Villegas) Франсіска Гомес дэ (26.9.1580, Мадрыд — 8.9.1645),
іспанскі пісьменнік, прадстаўнік барока (кансептызму). Вучыўся ва ун-тах Алькала-дэ-Энарэса і Вальядаліда. У сатыр. санетах, рамансах, летрыльях (пісьмы ў вершах; «Усемагутны кабальера дон Дзінэра», 1605, іінш.), першым барочным шахрайскім рамане «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (1626), цыкле сац.-паліт. памфлетаў «Снабачанні» (1627), зб. навел «Час адплаты, або Разумная фартуна» (1636, выд. 1650) стварыў гратэскава-фантасмагарычную ісац. дакладную карціну ісп. жыцця 17 ст.Філас. лірыка К. пазначана глыбокім трагізмам, роздумам пра марнасць быцця і стойкасць чалавечага духу.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Л., 1971;
История жизни пройдохи по имени дон Паблос // Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКІ І КАНАЛЫ
Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.
Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс.км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс.км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс.км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь іЗах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².
Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.
У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.
Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра іЗах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.
Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.
Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс.км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач іінш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).
Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты іс.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі іінш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.
Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.
Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на ПдіПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на ПніПнУ 29—64 см, на ЗіПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.
Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).
Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн.м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс.кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс.км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс.км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс.км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы іінш.), курорты (Рагачоў, Ушачы іінш.).
Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн.м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва
Даўжыня, км
Плошча басейна, тыс.км²
Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь
2145
504 000
1670
у межах Беларусі
689
66 380
583
Нёман, увесь
937
98 200
685
у межах Беларусі
459
34 600
214
Заходняя Дзвіна, уся
1020
87 900
666
у межах Беларусі
328
33 100
441
Прыпяць, уся
761
121 000
450
у межах Беларусі
500
51 370
450
Сож, увесь
648
42 100
219
у межах Беларусі
485
21 700
219
Бярэзіна
613
24 500
142
Заходні Буг, увесь
772
39 400
145
у межах Беларусі
154
10 360
100
Вілія, уся
498
25 100
186
у межах Беларусі
64
10 920
80
Гарынь, уся
659
27 700
110
у межах Беларусі
82
560
110
Іпуць, уся
437
10 900
55,6
у межах Беларусі
64
1 270
55,6
Свіслач
285
5 200
50,0
Пціч
421
9 470
49,7
Стыр, уся
494
12 900
49,5
у межах Беларусі
70
570
49,5
Шчара
325
6 990
37,7
Ясельда
250
7 790
35,8
Друць
295
5 020
31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана)
226
4 000
30,0
Беседзь, уся
261
5 460
28,4
у межах Беларусі
185
3 880
28,4
Убарць, уся
292
5 800
24,4
у межах Беларусі
126
1 910
24,4
Асцёр, увесь
274
3 370
21,6
у межах Беларусі
50
430
21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.Рака Дняпро каля Магілёва.Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ДА-І-РУ́ІС (Machado y Ruiz) Антоніо (26.5.1875, г. Севілья, Іспанія — 21.2.1939),
іспанскі паэт.Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1927). Вучыўся ў Свабодным ін-це асветы ў Мадрыдзе. Аўтар паэт. зб-каў «Тамленні» (1903), «Палі Кастыліі» (1912), у т. л. паэмы ў манеры нар. раманса «Зямля Альваргансалеса», п’ес у вершах («Дон Хуан дэ Маньяра», 1927; «Алеандры», 1930, іінш., усе з А.Мачада-і-Руісам), эсэ, артыкулаў. Яго паэзія адметная гуманізмам і грамадзянскасцю. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1975.
Літ.:
Григорьев В.П. Антонио Мачадо (1875—1939). М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЁРКС І КА́ЙКАС, Цёркс і Кайкас астравы (Turks and Caicos Islands),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх.ч. архіпелага Багамскія а-вы ў Атлантычным ак. Уключаюць 2 аднайм. групы астравоў (каля 40 астравоў, з іх 8 населеныя). Пл. 430 км². Нас. 18,7 тыс.чал. (2002). Адм. ц. — Коберн-Таўн на в-ве Гранд-Цёрк. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (30 жн.).
Прырода. Астравы нізінныя, складзены з вапнякоў, акаймаваны каралавымі рыфамі. Пашыраны карст. Клімат трапічны, пасатны; дажджлівы перыяд з мая да кастрычніка. Сярэднія месячныя т-ры 23—27 °C, ападкаў больш за 1000 мм. Моцныя вятры, частыя ўраганы. Шмат салёных азёр. Прэснай вады мала. Зараснікі вечназялёных хмызнякоў, гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва негры і мулаты. Жывуць таксама англічане і амерыканцы (абслуговы персанал і ваеннаслужачыя ваенна-марской базы ЗША). Вернікі — пераважна пратэстанты (баптысты, метадысты, англікане). Сярэдняя шчыльн. 43,6 чал. на 1 км². У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у абслуговых галінах 80%.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў, афшорная фін. дзейнасць і рыбалоўства. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 128 млн.дол., каля 7,3 тыс.дол. на 1 чал. (1999). Штогод краіну наведвае каля 93 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Асн. даход адміністрацыі астравоў — банкаўскі іфін. сектары. На Ц. і К. замежныя кампаніі вызвалены ад падаткаў на прыбытак, адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай. Рыбалоўства мае экспартнае значэнне. Улоў рыбы і морапрадуктаў каля 1,6 тыс.т штогод, у т. л. каля 1 тыс.т лангустаў. На астравах найб. ў свеце ферма па вырошчванні малюскаў. Ёсць невял. рыбакансервавыя прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 5 млн.кВт∙гадз (2000). Здабыча солі. Саматужныя промыслы. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 2% плошчы. Вырошчваюць кукурузу, бабовыя, маніёк, какосы, цытрусавыя, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Птушкагадоўля. Унутр. транспарт аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 121 км. Гал. парты: Коберн-Таўн, Провідэнсьялес. 8 аэрапортаў, у т. л. 4 міжнар. (на а-вах Гранд-Цёрк, Саўт-Кайкас, Норт-Кайкас, Провіндэнсьялес). Экспарт (13,7 млн.дол., 1999) амараў, лангустаў, марскіх ракавін. Імпарт (175,6 млн.дол., 1999) прадуктаў харчавання, тытуню, паліва, прамысл. тавараў, буд. матэрыялаў. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў 1512, у 17 ст. заселены каланістамі з Багамскіх а-воў. З 1766 уладанне Вялікабрытаніі. У 1874—1962 у адм. падпарадкаванні Ямайкі. У 1959 астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне, 30.8.1976 прынята канстытуцыя. На в-ве Гранд-Цёрк базы ВВС іВМС ЗША. На выбарах у Заканад. сход 4.3.1999 перамагла партыя Нар.дэмакр. рух (правячая з 1995). Губернатар са студз. 2000 М.Джонс, гал. міністр са студз. 1995 Д.Тэйлар. Паліт. партыі: Нар.дэмакр. рух іПрагрэс. нацыянальная партыя. Дзейнічае Прафсаюз прамысл. рабочых Сент-Джорджэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСІЯ́Н-І-МАРА́ЛЕС (Gracián y Morales) Бальтасар (8.1.1601, Бельмонтэ, каля г. Калатаюд, Іспанія — 6.12.1658),
іспанскі пісьменнік, філосаф-мараліст. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Сарагоскім ун-це. Уступіў у ордэн езуітаў, аднак у апошнія гады жыцця падвяргаўся ўціску за літ. дзейнасць; быў выгнаны. Аўтар паліт.іфілас.-этычных трактатаў «Герой» (1637), «Палітык Фердынанд-Католік» (1640), «Разважлівы» (1646), «Штодзённы аракул, або Мастацтва разважлівасці» (1647), прысвечаных праблеме якасцей ідэальнага чалавека і на вяршыні ўлады, і ў штодзённым жыцці. Тэарэтык кансептызму, прынцыпы якога абгрунтаваў у эстэт. трактаце «Востры розум, або Мастацтва вытанчанага розуму» (1648). У алегарычным рамане «Крытыкон» (ч. 1—3, 1651—57) стварыў усеабдымную песімістычную карціну свету, дзе пануе зло на ўсіх узроўнях грамадства — ад сям’і да дзяржавы.
Тв.:
Рус.пер. — Карманный оракул, или Наука благоразумия. Мн., 1991.
Літ.:
Пинский Л.Е. Жизнь и творчество Бальтасара Грасиана // Пинский Л.Е. Магистральный сюжет. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НГАРА-І-АРГО́ТЭ (Góngora y Argote) Луіс дэ (11.7.1561, г. Кордава, Іспанія — 23.5.1627),
іспанскі паэт; адзін з пачынальнікаў еўрап. барока, заснавальнік гангарызму. Вывучаў права ў Саламанкскім ун-це. З 1585 святар, з 1617 ганаровы каралеўскі капелан. Працаваў у жанрах санета, рамана, летрыллі; стварыў наватарскі жанр эпіка-лірычнай філас. паэмы, у якой адсутнічае відавочны сюжэт, а фабула — сродак выяўлення нюансаў пачуцця і тонкіх асацыяцый свядомасці (паэмы «Паліфем і Галатэя», нап. 1612—13; «На самоце», нап. 1613, не скончана). Яго лірыка вядома ў спісах, найб. поўна прадстаўлена ў зб. «Творы ў вершах іспанскага Гамера» (1627). Светаадчуванне паэта адзначана кантрастным спалучэннем трагізму і геданізму, песімізму і духоўнага стаіцызму. Выступіў стваральнікам своеасаблівага «цьмянага стылю» (часткова пад уплывам сярэдневяковай араба-андалузскай традыцыі), заснаванага на пастаяннай замене рэальнага ўяўным, алегарычным, на шматасацыятыўнасці слова, складанай метафарычнасці. Яго творчасць паўплывала на сучасную ісп.ілац.-амер. паэзію (Р.Дарыо, Ф.Гарсія Лорка, П.Нэруда).
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1977.
Літ.:
Плавскин З.И. Луис де Гонгора и поэзия XVII в. // Плавскин З.И. Испанская литература XVII середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 2-і, Бобрыч,
рака ў Беларусі, у Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 710 км². Пачаткам ракі лічыцца вусце Азёрнага канала за 2 км на ПнУ ад в. Капцэвічы Петрыкаўскага р-на. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: каналы Міхедава-Грабаўскі (злева) і Азёрны (справа).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй пераважна трапецападобная. Пойма невыразная (асушанае балота). Рэчышча каналізаванае на працягу 40,7 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ (Pí-y-Margall) Франсіска (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам іінш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).