ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),
дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),
1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.
Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.
2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРЫ́ГА (франц. intrigue ад лац. intrico заблытваю) у літаратуры, складаны вузел падзей, які дапамагае драматызаваць сюжэт твора. Выкарыстоўваецца ў драме і эпасе як сродак непасрэднага і напружанага выяўлення канфлікту. Ствараецца намаганнямі аднаго з бакоў, што сутыкаюцца ў вострай барацьбе, або ўзнікае ў выніку выпадковага збегу абставін. Дае штуршок мэтанакіраваным дзеянням герояў, узмацняе іх ролю ў сюжэце, знешнюю займальнасць твора. Завяршаецца звычайна ў развязцы. Эстэтычна вельмі дзейсная ў творах авантурнага і рамантычнага кірунку («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» У.Караткевіча). Выкарыстоўваецца і ў рэаліст.псіхал.-аналіт. рамане («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» Ф.Дастаеўскага, «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага). У шырокім сэнсе І. — скрытыя, звычайна непрыстойныя, дзеянні для дасягнення сваіх мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»
(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),
старэйшы нац.т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.Карнеля, Ж.Расіна, П.Бамаршэ, класічныя традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (Commines, Comines, Commynes, Comynes) Філіп дэ (каля 1447, г. Камін, Бельгія — 18.10.1511), французскі дзярж. дзеяч, гісторык. З фламандскай дваранскай сям’і. З 1464 на службе ў бургундскіх герцагаў, адзін з дарадчыкаў Карла Смелага, выконваў дыпламат. даручэнні. З 1472 бліжэйшы дарадчык караля Людовіка XI, пасля яго смерці (1483) чл. рэгенцкага савета пры непаўналетнім Карле VIII. За ўдзел у антыўрадавай апазіцыі сасланы ў правінцыю (1489). З 1491 зноў пры двары. Удзельнік італьянскіх войн 1495—1559. Аўтар «Мемуараў», у якіх адлюстравана гісторыя Францыі і Еўропы ў 2-й пал. 15 ст. Лічыцца пачынальнікам франц.паліт. гісторыі.
Тв.:
Рус.пер. — Мемуары. М., 1986.
Дз.М.Чаркасаў.
Схема каміна.Камін у адной з залаў палаца ў г. Нясвіж Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЎНІ́ЦЫН (Пётр Пятровіч) (9.10.1764—9.9.1822),
рускі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф (1819). Удзельнік руска-шведскіх войнаў 1788—90 і 1808—09. У час ваен. дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай 1792—94 камандаваў мушкецёрскім палком. На пач. вайны 1812 камандаваў 3-й пях. дывізіяй у 3-м корпусе ген. М.А.Тучкова, у баях каля в. Астроўна (Бешанковіцкі р-н) 26 ліп. стрымліваў націск франц. карпусоў маршала Мюрата і ген. Багарнэ. Вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам і Барадзіно. З вер. 1812 у ген. штабе аб’яднаных зах. армій. Удзельнік ваен. дзеянняў 1813—14. У 1815—19 ваен. міністр. З 1819 чл.Дзярж. савета, нач.ваен.навуч. устаноў, дырэктар Царскасельскага ліцэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРДА́НС (франц. contredanse ад англ. country dance літар. вясковы танец),
старадаўні англійскі парна-масавы танец. Упершыню ўпамінаецца ў л-ры пад 1579. Выконваецца любой колькасцю пар, якія ўтвараюць круг або 2 процілеглыя лініі. Муз. памеры 2/4 і 6/8. У 18—19 ст. пашыраны ў Еўропе, у т. л. ў Расіі. Яго шматлікія разнавіднасці: кадрыля, гросфатэр, экасез, англез, тампет, лансье, катыльён, матрэдур і інш.Асн. рухі: слізготны крок, балансе, па дэ баск і інш. Мелодыі К. выкарыстоўвалі кампазітары як тэмы варыяцый, у балетах — як заключны нумар (Л.Бетховен, Ж.Ф.Рамо і інш.). У 19 ст. страціў папулярнасць, але захаваўся ў нар. побыце (Англія, Шатландыя); у 20 ст. адраджаецца.