гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.
Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).
Літ.:
Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ КРУГ,
станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-га тыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст.Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
В.М.Ляўко.
Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп.формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРКБССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВКБССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРКБССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — СНКБССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст.формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРКБССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВКБССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл.Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л.бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),
1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),
змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.
У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр.ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар.формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).
У.А.Чантурыя, В.Р.Анціпаў.
Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),
аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).
Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.