МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (22.3.1896, г. Крупкі Мінскай вобл. — 30.7.1944),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую ваен. школу старшага камсаставу (1923), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен.-гасп. акадэміі (1937). У арміі з 1915, з лют. 1918 камандзір 1-га Маладзечанскага партыз. атрада, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч.вайну на Паўд., Закаўказскім, Волхаўскім і 1-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з М. вызначылася ў ліп. 1944 пры фарсіраванні Зах. Буга, Віслы. Загінуў у баі. У Крупках М. пастаўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ МУЗЕ́Й «ЛЕС І ЧАЛАВЕ́К».
Створаны ў 1985 у г. Масты Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1990. Пл. экспазіцыі 338 м², 1350 экспанатаў асн. фонду (1999). Мае 5 залаў: нар. побыту, фауны і флоры, гісторыі дрэваапр. прадпрыемстваў г. Масты і партыз. руху, рамёстваў, выставачную. Сярод экспанатаў прылады працы, вырабы саломапляцення і бандарства 19 — пач. 20 ст., нар. майстроў разьбы па дрэве, нар. адзенне мастоўскага строю, матэрыялы пра дзейнасць партызан ў Вял.Айч.вайну, калекцыя палотнаў мясц. мастакоў. Музей праводзіць выстаўкі твораў выяўл. мастацтва і нар. майстроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭО́ЦІ ((Matteotti) Джакома) (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),
італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян.сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв.вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял.Айч.вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Іосіфавіч) (1914, в. Колбава Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1936), Харкаўскае ваен.-паліт. вучылішча (1941). У Вял.Айч.вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра па палітчасці артыл. дывізіёна капітан М. вызначыўся на Украіне ў баях за г. Бахмач, дзе паспяхова кіраваў стральбой 4 гармат. 26.9.1943 з групай разведчыкаў пераправіўся цераз Дняпро на Пн ад Кіева, дзе карэкціраваў агонь дывізіёна, у выніку якога знішчаны мінамётная і процітанкавая батарэі, 4 кулямётныя кропкі, шмат жывой сілы праціўніка. М. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Якаў Кірэевіч) (22.4.1922, в. Шарсцін Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 15.6.1985),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Тамбоўскую лётную школу (1942), школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі (1945, 1960). У Вял.Айч.вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Лётчык-штурмавік лейтэнант М. зрабіў 104 баявыя вылеты, удзельнічаў у 19 паветр. баях, асабіста збіў 3 самалёты, знішчыў шмат баявой тэхнікі і ўмацаванняў ворага. Да 1978 у грамадз.паветр. флоце. У 1960 у складзе экіпажа самалёта ТУ-104Е устанавіў 6 сусв. рэкордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКЕ́ВІЧ (Франц Адольфавіч) (1.8.1904, г. Мінск — 17.1.1988),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1930), Харкаўскую школу марскіх лётчыкаў-назіральнікаў (1933). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял.Айч.вайну на фронце з 1941. Штурман далёкабамбардзіровачнага авіяпалка маёр М. зрабіў 97 баявых вылетаў, у т. л. са студз. 1942 удзельнічаў у налётах на Берлін, у маі 1942 група бамбардзіроўшчыкаў на чале з ім бамбіла ваен. аб’екты і чыг. станцыі ў акупіраваным Мінску. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1962 на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА МЯ́ККАЙ МЭ́БЛІ.
Засн. ў 1927 у Мінску як арцель. У Вял.Айч.вайну разбурана. Адноўлена ў 1945. З 1956 мэблевая ф-ка № 2, у 1965—70 доследная ф-ка мяккай мэблі. З 1970 у складзе вытв. мэблевага аб’яднання. У 1973—77 і 1996—97 ф-ка мяккай мэблі. У 1977—96 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Мінскмэбля». З 1997 адкрытае акц.т-ва «Мінскмэбля». Асн. прадукцыя (1999): мэбля хатняя (для гасцінай, сталовай, спальні, хола) і мяккая (канапы, кушэткі, ложкі, крэслы), матрацы, падушкі канапныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Засн. ў 1909—10 у Мінску як сезонны цагельны з-д. З 1929 цагельны з-д № 1. У 1932 рэканструяваны і расшыраны. У Вял.Айч.вайну разбураны, у 1946 адноўлены. У 1958 аб’яднаны з з-дам буйных сілікатных блокаў і цэглы ў камбінат буйнаблочных буд. канструкцый. У 1959 далучаны з-д гіпсабетонных перагародачных панэлей. З 1971 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): сілікатная цэгла, блокі сценавыя і перагародачныя, сценавыя панэлі з ячэістага бетону, пліты полістырольныя, тратуарная плітка, упакоўка з полістыролу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1944,
бой партыз. брыгады імя Жукава і «Камсамолец» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Мір 22 сак. ў Вял.Айч.вайну. План ліквідацыі гарнізона, які налічваў 150 гітлераўцаў, распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава. Кіраваў боем У.З.Царук. Выведаўшы пароль аховы гарнізона, партызаны ў ноч на 22 сак. праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы гарнізона. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлегр.-тэлеф. сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак.