падклас лістасцябловых імхоў. 1 сям., 1 род, больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя арктычных пустынь. На Беларусі 35 відаў. Найб. вядомыя: сфагнум адагнуты (Sphagnum recurvum), вузкалісты (S. angustifolium), дуброўны (S. nemoreum), магеланскі (S. magellanicum). Сфагнум Ліндберга (S. lindbergii) і мяккі (S. molle) занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах (пераважна вярховых і пераходных), вільготных лугах і ў лясах.
Жоўта-зялёныя, бурыя ці чырванаватыя, двухдомныя або аднадомныя расліны. Дзярнінкі буйныя, мяккія, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Сцёблы безрызоідаў, прамастойныя, з пучкападобна размешчанымі галінкамі, сабранымі на верхавінцы ў галоўку. Лісце мае 2 тыпы клетак — хларафіланосныя і ваданосныя, якія абумоўліваюць у С.і. высокую вільгацяёмістасць. Спарагоніі адзінкавыя, каробачка шарападобная. Мужчынскія і жан.гаметангіі на розных парастках. Штогод С.і. нарастаюць верхавінкай, знізу адміраюць і ператвараюцца ў торф. Сфагнум магеланскі і буры (S. fuscum) — асн. торфаўтваральнікі на вярховых балотах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. Маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
Да арт.Сфагнавыя імхі. Сфагнум: 1 — магеланскі; 2 — Гіргензона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРМЯ́ГА,
1) грубае нефарбаванае даматканае сукно.
2) Верхняе адзенне з такога сукна. Вядома ўсх. славянам, палякам, літоўцам, мардве і інш. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1395, у 15—16 ст. уваходзіла ў царскае летняе ездавое ўбранне. На Беларусі С. — верхняя мужчынская і жаночая вопратка белага ці шэрага колеру (на Пд Гродзеншчыны карычневага). Апраналі звычайна на кашулю, з поясам. Насілі ў халодную пару (на Віцебшчыне паверх насова і футра). Даўнія С. доўгія, двухшвовыя, прамога з суцэльнай спінкай крою, больш познія — карацейшыя, прыталеныя, у зборкі, раскошанага крою. Адна- і двухбортныя, без каўняра ці з каўняром, зашпільваліся на гаплікі, гузікі. Святочную С. аздаблялі шнурком, вышыўкай, аплікацыяй (каляровая тканіна, скура). Кроем спінкі, размяшчэннем дэкору (узоры накшталт зігзагаў, галінак дрэў, кветак) вылучаліся белыя С. з-пад Камянца; абшываліся паласой чорнага аксаміту.
Літ.:
Левинсон-Нечаева М.Н. Приложение: Материалы к истории рус.нар. одежды // Крестьянская одежда населения Европейской России (XIX — начало XX в.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРА́САВА Ала Канстанцінаўна (6.2.1898, Кіеў — 5.4.1973),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1937). Герой Сац. Працы (1973). З 1916 у 2-й студыі Маскоўскага Маст.т-ра, з 1924 у Маскоўскім Маст.акад. т-ры (МХАТ; у 1951—55 в.а. дырэктара). Вучаніца К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. З 1967 выкладала ў Школе-студыі МХАТ (з 1968 праф.). Валодала вял.сцэн. абаяльнасцю, тэмпераментам, выкананне вылучалася эмацыянальнасцю, лірызмам, рамант. рысамі. Актрыса пераважна рус. класічнага рэпертуару: Негіна, Юлія Тугіна («Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Таццяна («Ворагі». М.Горкага), Ганна («Ганна Карэніна» Л.Талстога), Маша, Ранеўская, Аркадзіна («Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава). Сярод інш. роляў: Дэздэмона («Атэла» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Алена («Дні Турбіных» М.Булгакава), Вольга («Хлеб» У.Кіршона), Алена Макараўна («Страх» А.Афінагенава) і інш. Здымалася ў кіно: «Навальніца», «Пётр I», «Без віны вінаватыя» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1947. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),
англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.Мільтана (1699) і Дж.Гарынгтана (1700). У асн.філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межы механіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФАЛЬГА́РСКАЯ БІ́ТВА 1805,
адна з вырашальных марскіх бітваў перыяду напалеонаўскіх войнаў. Адбылася 21.10.1805 каля мыса Трафальгар (атл. ўзбярэжжа Іспаніі недалёка ад порта Кадыс) паміж англ. (27 лінейных караблёў, камандуючы віцэ-адм. Г.Нельсан) і франка-ісп. (18 франц. і 15 ісп. лінкораў, каманд. віцэ-адм. П.Вільнёў) эскадрамі. Франка-ісп. эскадра, заблакіраваная са жн. 1805 у раёне Кадыса караблямі Нельсана, па загадзе Напалеона I 20 кастр. рушыла з гэтага порта, каб без бою выйсці ў Міжземнае мора. Але 21 кастр. пры спробе ўхіліцца ад сутыкнення з праціўнікам павярнула на Пн, яе строй перарэзалі 2 калонамі (15 і 12 караблёў) англ. сілы, якія атакавалі цэнтр і ар’ергард калоны. У ходзе больш чым 5-гадзіннага бою франка-ісп. эскадра страціла 18 караблёў (з іх 17 захоплена) і 7 тыс.чал., англійская — 1700 чал., у т. л. Нельсана (смяротна паранены). Перамога ў гэтай бітве забяспечыла Вялікабрытаніі панаванне на моры і ўскладніла сувязь Францыі з яе калоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУШАМЛІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 4—7 ст.н.э. жылі ў Смаленскім Падняпроўі і Падзвінні, на У Беларусі. Вылучана П.М.Траццяковым, назва ад гарадзішча-сховішча Тушамля на Смаленшчыне. Насельніцтва займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй; паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва мелі дапаможны характар; былі развіты таксама кавальская справа, здабыча і апрацоўка жалеза, каляровых металаў. Жыло ў селішчах і гарадзішчах-сховішчах у жытлах слупавой канструкцыі. У гарадзішчах-сховішчах знаходзіліся свяцілішчы, у цэнтры якіх стаяў высокі слуп з выявай гал. бажаства. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах або без іх, у грунтавых акруглых ямах. Для Т.к. характэрны гліняны таўстасценны і слабапрафіляваны посуд высокіх прапорцый, жал. прылады працы (сярпы, сякеры, трохгранныя наканечнікі стрэл, лістападобныя наканечнікі коп’яў і інш.). Тушамлінскія плямёны былі на стадыі пераходу ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай сельскай. На Беларусі найб. даследаваны гарадзішча-сховішча Нікадзімава, гарадзішча і селішча Княжыцы. Большасць даследчыкаў лічыць, што Т.к. адносіцца да балцкага этнічнага масіву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІНА́Л (ад лац. terminalis канцавы, заключны, канчатковы),
1) канцавая прылада ў складзе ЭВМ, выліч. сістэмы, аўтаматызаванай сістэмы кіравання і інш., якая служыць для ўводу-вываду інфармацыі, напр., пры ўзаемадзеянні чалавека і ЭВМ. Карыстальнікі (абаненты) могуць знаходзіцца на значнай адлегласці (напр., ад ЭВМ, выліч. цэнтра) і абменьвацца інфармацыяй па каналах перадачы даных.
Адрозніваюць Т. пасіўныя (без перапрацоўкі інфармацыі) і актыўныя (перапрацоўваюць інфармацыю). Да пасіўных Т. адносяць дысплеі, друкавальныя прылады, тэлетайпы, электронныя тэлефонныя апараты і інш. Актыўныя Т. маюць мікрапрацэсар (мікра- ці міні-ЭВМ як частку выліч. сістэмы) і служаць для папярэдняй апрацоўкі (групавання, класіфікацыі, кадзіравання, расшыфроўкі, часовага захоўвання і інш.) уведзенай інфармацыі, рашэння асобных характэрных задач, кіравання працэсам перадачы даных і інш. 2) Пляцоўка на тэр. порта ці грузавой чыг. станцыі, прызначаная для апрацоўкі кантэйнераў і пакетаваных грузаў.
3) Памяшканне ў буйных аэрапортах для размяшчэння пасажыраў у час мытнага агляду, чакання грузаў, дазапраўкі самалётаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,
адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.
«Эспаса» (Enciclopedia Universal llustrada Europeo-Americana), адна з самых вялікіх універсальных энцыклапедый свету, якая сваім зместам і мовай арыентавана перш за ўсё на іспанамоўныя краіны. 1-е выд. (т. 1—70, 1908—30) выпускалася выд-вам «Эспаса-Калпе» ў розных гарадах Іспаніі (Більбао, Мадрыд, Барселона). У 1930—33 выйшаў 10-томны Дадатак, з 1934 выдаюцца таксама Штогадовыя дадаткі. З 1970-х г. друкуецца без змен 2-е выд. «Эспасы». Цалкам перапрацоўваецца і кожнае 10-годдзе перавыдаецца толькі 21-ы том, прысвечаны Іспаніі. Адрозніваецца ад інш. выданняў выключна багатым рэестрам, тэматычным ухілам у сацыягуманіт. веды па гісторыі, л-ры, мастацтве Іспаніі і іспанамоўных краін, вял. колькасцю біягр. артыкулаў, багаццем бібліягр. звестак, сумяшчэннем у артыкулах энцыклапедычных і моўных ведаў (кожны артыкул змяшчае этымалогію слова, эквіваленты да яго на франц., англ., ням., італьян., партуг., каталонскай мовах і эсперанта). Колькасць кароткіх артыкулаў-даведак нязначная, большасць з іх мае аглядны характар. Энцыклапедыя добра ілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЫНАЎЛЕ́ННЕ (УДАЧАРЭ́ННЕ) ДЗЯЦЕ́Й,
юрыдычны акт, паводле якога паміж усыноўленым дзіцем і яго ўсынавіцелем устанаўліваюцца прававыя (асабістыя і маёмасныя) адносіны, аналагічныя адносінам паміж бацькамі і роднымі дзецьмі; адзін з інстытутаў сямейнага права. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і такі акт дапускаецца ў адносінах непаўналетніх дзяцей і толькі ў іх інтарэсах. Усынаўленню падлягаюць дзеці, адзіны (адзін) або абодва бацькі якіх: памерлі; пазбаўлены бацькоўскіх правоў; далі згоду на ўсынаўленне дзіцяці; прызнаны ў суд. парадку недзеяздольнымі, адсутнымі без вестак або памерлымі; невядомыя. Разгляд спраў аб усынаўленні праводзіцца судом па правілах грамадз. працэсуальнага заканадаўства з абавязковым удзелам усынавіцеляў, органаў апекі і папячыцельства, пракурора, а па справах аб міжнар. усынаўленні — і з удзелам Нац. цэнтра ўсынаўлення. Усынаўленне падлягае дзярж. рэгістрацыі ў органах ЗАГСа. Для усынаўлення дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, неабходна і яго згода. Тайна ўсынаўлення ахоўваецца законам. Адмена ўсынаўлення адбываецца ў суд. парадку. Пытанні, што ўзнікаюць пры ўсынаўленні, рэгламентуюцца сямейным заканадаўствам.