ДЭ́ЛЬБРУК (Delbrück) Ганс (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),
нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш. Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.Даніэльсам і О.Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕНДРЫХО́ЎСКІ (Jędrychowski) Стэфан (н. 19.5.1910, Варшава),
польскі дзярж. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р права. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Студэнцкай лявіцы «Фронт» у Віленскім ун-це, якая знаходзілася пад уплывам КПЗБ і КПП, рэдактар (разам з Г.Дэмбінскім) і супрацоўнік яе двухтыднёвіка «Poprostu» («Папросту»), газ. «Karta» («Карта») у 1935—36. Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 асуджаны на 4 гады. З 1939 y СССР. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і 1-й дывізіі імя Т.Касцюшкі. З 1944 працаваў у Польскім к-це нац. вызвалення. З 1945 у складзе ўрада ПНР, у 1968—74 міністр замежных спраў, фінансаў.
т. 6, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ Раіса Мікалаеўна (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),
дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял. Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).
М.М.Міцкевіч.
т. 6, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр. Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял. Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Тв.:
Сьвеціць у тумане. Ляймен, 1962;
Носьбіт ідэі. Ляймен, 1964.
А.С.Ляднёва.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЯ́НІН Якім Аляксандравіч (22.8.1903, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.8.1979),
дзеяч КПБ, адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Віцебшчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1927 на сав. і парт. рабоце, з 1939 заг. аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, сакратар Магілёўскага абкома КП(б)Б. У 1941—44 упаўнаважаны эвакуацыйнага савета пры СНК СССР. З 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Віцебскага, 1-ы сакратар Полацкага абкомаў КП(б)Б, з 1946 у ЦК КП(б)Б, у 1949—59 старшыня Магілёўскага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—63, Вярх. Савета СССР у 1950—54.
т. 6, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н (Giscard d’Estaing) Валеры (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац. ін-т адм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл. Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯТА́ЛІН Уладзімір Пятровіч (н. 14.5.1948, г. Тула, Расія),
дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-паліт. вучылішча (1973), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). У 1973—91 на паліт. рабоце ў Сав. Арміі: нам. камандзіра роты, батальёна, вузла сувязі, палка па паліт. частцы, нам. нач. палітаддзела дывізіі, арганізац.-парт. работы палітупраўлення, аддзела сац.-прававой работы ваенна-паліт. ўпраўлення БВА. З 1992 нам. нач. ўпраўлення інфармацыі — нач. прэс-цэнтра Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. У 1994—97 прэс-сакратар Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нач. Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі, нам. кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У студз.—ліп. 1997 старшыня Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку. З ліп. 1997 нам. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РВІНГ (Irving) Генры [сапр. Бродрыб
(Brodribb) Джон Генры; 6.2.1838, Кейнтан, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 13.10.1905], англійскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1856 у т-рах Эдынбурга, Манчэстэра, Ліверпуля, Глазга і інш. З 1866 у Лондане. Акцёр з выразнай мімікай, сцэнічным тэмпераментам. У 1867 звярнуўся да ўвасаблення вобразаў У.Шэкспіра: Петручыо («Утаймаванне свавольніцы»),
Макбет, Атэла, Рычард III (аднайм. п’есы) і інш.; роля Гамлета (аднайм. п’еса) вылучыла І. ў шэраг лепшых акцёраў Вялікабрытаніі. У 1878—98 сумесна з Э.Тэры кіраваў т-рам «Ліцэум». Адрадзіў на англ. сцэне драматургію Шэкспіра. Пастаноўкі вылучаліся яркай відовішчнасцю, гіст. дакладнасцю, трактаваліся ў духу сентыменталізму. Пад яго рэд. выдадзены сцэнічныя тэксты Шэкспіра.
Літ.:
Терри Э. История моей жизни: Пер. с англ. Л.;
М., 1963.
т. 7, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́КАЎ Іван Сцяпанавіч (22.8.1894, с. Аджыкенд, Азербайджан — 11.10.1967),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1965), чл.-кар. АН СССР (1958), праф. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу пры Ваен.-марской акадэміі (1928). На флоце з 1914. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 на камандна-штабных пасадах на Чарнаморскім і Балт. флатах, у т. л. камандуючы Балт. флотам (1937), у 1938—50 пераважна нам. і 1-ы нам. наркома (галоўнакамандуючага ВМФ). Нам. міністра марскога флоту (1954—55), потым у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46. Аўтар прац па ваен. гісторыі, ваен. і ваен.-марскім майстэрстве, апавяданняў, нарысаў, навел і ўспамінаў пра флот. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 7, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),
царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл. Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.
Г.Я.Галенчанка.
т. 7, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)