рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),
спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ (Канстанцін Міхайлавіч) (20.1.1886, г. Чухлама Кастрамской вобл., Расія — 13.5.1959),
савецкі фізіёлаг. Акад.АНСССР (1946) і АМН (1944). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Казанскі ун-т (1912). З 1921 у Ін-це эксперым. медыцыны, з 1950 дырэктар Ін-та фізіялогіі імя Паўлава АНСССР. Вучань І.П.Паўлава. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, хім. перадачы ўзбуджэння ў нерв. цэнтрах, інтэрацэпцыі. Даследаваў уздзеянне кары галаўнога мозга на ўнутр. органы. Дзярж. прэмія СССР 1946. Прэмія імя Паўлава АНСССР 1939.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1953—58;
Кортико-висцеральная патология. Л., 1960 (разам з І.Ц.Курцыным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙЦМАН (Хаім) (27.11.1874, в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.11.1952),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, вучоны-хімік. Праф. біяхіміі. Выкладаў у Жэнеўскім (1901—04), Манчэстэрскім (1904—19) ун-тах, узначальваў хім. лабараторыю Брыт. адміралцейства (1916—19). У 1920—31, 1935—46 прэзідэнт сусв. сіянісцкай арг-цыі, у 1929—31 і 1935—46 — яўр. агенцтва для Палесціны. У 1948—52 першы прэзідэнт Ізраіля. Заснаваў яўр.ун-т у г. Іерусалім (1918), НДІ па тэарэт. і прыкладных прыродазнаўчых навуках у г. Рэховат (1949, прысвоена імя Вейцмана, з 1952 частка тэр. ін-та — мемарыяльны комплекс Вейцмана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,
дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр.вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1913). Вучыўся ў Берлінскім і Фрэйбургскім ун-тах. З 1900 у Берлінскім, у 1901—13 у Фрэйбургскім, з 1913 у Інсбрукскім ун-тах. У 1915—44 дырэктар Ін-та хіміі Гётынгенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні будовы стэрынаў, у прыватнасці халестэрыну. Вызначыў утварэнне вітаміну D з эргастэрыну пад уздзеяннем УФ прамянёў. Сінтэзаваў гістамін. Адначасова з Г.Віландам вызначыў будову жоўцевых кіслот (1913) і даказаў іх роднасць з халестэрынам. Вывучаў хім. будову сапанінаў, сардэчных гліказідаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁ ((Vigneaud) Вінсент Дзю) (18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКАЗІ́МЕТР (ад віскоза + ...метр),
прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш.Гл. таксама Вісказіметрыя.
Вісказіметры: 1 — капілярны; 2 — шарыкавы; 3 — ратацыйны; а і б — меткі; α — вугал закручвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія складаюцца з атамаў вугляроду і вадароду. У залежнасці ад будовы адрозніваюць ацыклічныя злучэнні, або аліфатычныя вуглевадароды, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у прамыя ці разгалінаваныя ланцугі, і карбацыклічныя злучэнні, або ізацыклічныя вуглевадароды, малекулы якіх утвараюць кольцы (цыклы). Гэтыя вуглевадароды падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні (цыклапарафіны) і араматычныя злучэнні. Ніжэйшыя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду) — газы, сярэднія (з 5—16 атамамі) — вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Большасць вуглевадародаў бясколерныя рэчывы, газападобныя і вадкія, звычайна маюць пах. Атрымліваюць з прыроднага газу, нафты і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.