птушка сям.дзятлавых. Пашырана ў старых высакастволых хваёвых і мяшаных лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від, трапляецца ўсюды. Нар. назвы жолна, чорная жолна.
Даўж. цела да 50 см, маса да 360 г. Ад інш. дзятлаў адрозніваецца буйнымі памерамі і чорнай афарбоўкай (адсюль другая назва). Апярэнне з метал. бляскам на спіне. У самца на цемі і патыліцы, у самак на патыліцы кармінава-чырв. або малінава-чырв. «шапачка». Гнёзды ў дуплах дрэў, якія сама выдзёўбвае. Нясе 3—6 яец. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі, якія водзяцца пад карой і ў драўніне (мурашкі-шашалі, караеды, вусачы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.
Засн ў 1896 у в. Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на Мінскай вобл.). Вырабляў патаку, крухмал, спірт, павідла, кансерваваныя агуркі. У 1939 рэканструяваны. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як крухмала-патачны камбінат «Чырвоная Зорка». У 1953 перайменаваны ў клецкі кансервавы завод «Чырвоная Зорка». У 1961—75 на яго базе ў г. Клецк пабудаваны кансервавы завод з цэхамі агульных кансерваў і дзіцячага харчавання. З 1976 кансервава-вінаробны з-д. Сучасная назва з 1987. Аск. прадукцыя (1998) — кансервы дзіцячага харчавання (да 65 назваў) і агульныя (агароднінныя і пладова-ягадныя кансервы, марынады, соусы, сокі, кампоты, джэмы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,
чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс.г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.
Л.І.Цягака.
Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛАГАЛО́ЎКІ (Phrynocephalus),
род яшчарак сям. агам. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі (ад Каспійскага м. да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях.
Самая буйная — К. вушастая (Ph. mystaceus), самая маленькая — К. пясчаная (Ph. interscapularis).
Даўж. 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пал колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, К. тыбецкая (Ph. theobaldi) яйцажывародная. К. вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах рота вял. скурных складак з махрамі па краях. якія нагадваюць вушы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧНЫЯ (Ruminantia),
падатрад млекакормячых атр.парнакапытных. 5—6 сям., 76 родаў, каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі, Мадагаскара і Антыльскіх а-воў. Пераважна стадныя палігамныя жывёлы. На Беларусі 5 відаў; алень высакародны, зубр, казуля, лань, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігу. Да Ж. належаць свойская жывёла: авечкі, козы, буйн. раг. жывёла.
Маюць 4 пальцы (2 з іх рудыментарныя). У страўніку 4 аддзелы — рубец, сетка, кніжка (у некат. няма) і сычуг. Корм раслінны. Вял. значэнне для Ж. мае жвачка (адсюль назва). Карэнныя зубы вял., разцы і іклы толькі ў ніжняй сківіцы. У многіх добра развітыя рогі. Дзікія Ж. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),
сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.
Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),
назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр.паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.
Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.