ГІДРАФІ́ЗІКА (ад гідра... + фізіка),

раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЫДЗІ́Н,

α-аміна-5-імідазалілпрапіёнавая к-та, C6H9O2N3, гетэрацыклічная амінакіслата; незаменная для многіх жывёл. Ёсць амаль ва ўсіх бялках. Значная яго колькасць у пратамінах спермы (малоках) рыб, у гемаглабіне крыві. Уваходзіць у састаў актыўных цэнтраў шэрагу ферментаў, з’яўляецца папярэднікам спецыфічных дыпептыдаў шкілетнай мускулатуры — карназіну, анзерыну і інш. Дэкарбаксіліраванне гістыдзіну вядзе да ўтварэння біял. актыўнага аміну — гістаміну. У шэрагу мікраарганізмаў і раслін гістыдзін служыць папярэднікам некат. алкалоідаў.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕЙ,

слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.​М.​Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКАЗІДА́ЗЫ,

група ферментаў з класа гідралаз, якія разбураюць гліказідную сувязь у малекулах простых гліказідаў, алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Акрамя рэакцыі гідролізу, гліказідазы каталізуюць рэакцыі трансгліказіліравання. Падзяляецца на α-гліказідазы (вельмі пашыраныя ў прыродзе, у т. л. ва ўсіх тканках чалавека) і β-гліказідазы (ёсць у мікраарганізмах, раслінах, малюскаў і тканках чалавека). Парушэнне функцый гліказідаз ляжыць у аснове многіх спадчынных хвароб чалавека (Гашэ хвароба, глікагеноз, Мальбсорбцыі сіндром і інш.).

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,

трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПАТЭ́НТНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (ЕПА),

рэгіянальная арганізацыя, задачай якой з’яўляецца выдача еўрап. патэнтаў на аснове норм агульных для ўсіх удзельнікаў краін Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Засн. ў 1977. Асн. мэта — спрашчэнне справаводства па патэнтных заяўках у Еўропе: замест некалькіх патэнтных заявак на розных мовах можна падаць заяўку на адной мове і весці справаводства ў адным ведамстве для набыцця патэнтаў у некалькіх еўрап. дзяржавах. Месцазнаходжанне ЕПА — г. Мюнхен (Германія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГ (ад англ. lag запазненне),

паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л. — інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАТА́ЛІХА»,

бел. нар. масавы танец. Зафіксаваны ў 1970-я г. ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Вылучаецца разнастайнасцю фігур. Перад пачаткам адзін з юнакоў запрашае ўсіх: «Рэж «Маталіху», музыкі, // сёння дзень у нас вялікі». Сцэн. варыянт створаны ў 1978 балетмайстрам І.​Серыкавым у Віцебскім нар. ансамблі песні і танца «Маладосць». У 1980 «М.» пастаўлена Дзярж. ансамблем танца Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МНІБУС (ад лац. omnibus для ўсіх),

шматмесны конны экіпаж з платнымі месцамі для пасажыраў; першы від грамадскага транспарту. З’явіўся ў 1662 у Парыжы. У некат. еўрапейскіх краінах выкарыстоўваўся да пач. 20 ст. Выконваў рэгулярныя рэйсы ў гарадах і паміж імі. У Францыі О. наз. таксама пасажырскі цягнік (у адрозненне ад скорых і экспрэсаў). Гарадскі рэйкавы шматмесны конны экіпаж наз. конка (гл. Гарадскі транспарт).

Омнібус.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)