бандарны інструмент для апрацоўкі клёпак і гатовых вырабаў у многіх народаў свету, у т. л. славян. Бывае з прамым або выгнутым лязом, з паралельна ці асіметрычна пастаўленымі ручкамі, што зручна пры вырабе абручоў, зрэзванні тарцовага краю бочак і інш. Выкарыстоўваецца і для першаснай апрацоўкі дрэва, пры вырабе гонты і інш.Гл.Стругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,
машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЫ́,
ударны муз.інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),
1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.
2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЕ́СТА (італьян. celesta ад celeste нябесны),
ударна-клавішны муз.інструмент. Формай корпуса, малаточкавым механізмам і клавіятурай падобны на невял. піяніна ці фісгармонію; замест струн храматычна настроеныя стальныя пласцінкі (ці трубкі). Дыяпазон c1—c5, натуецца на актаву ніжэй за рэальнае гучанне. Сканструявана ў 1886. Вызначаецца пяшчотным гукам, які нагадвае гучанне званочкаў. Выкарыстоўваецца ў сімф. аркестрах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз.інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк.інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж.нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст.Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ГІ,
сталярныя інструменты для ручнога стругання драўніны — зразання тонкага слоя з яе паверхні. Бываюць для грубага і чыставога стругання (выгладжвання) плоскіх і крывалінейных паверхняў, для атрымання загатовак з фігурным профілем.
Найб. пашыраныя разнавіднасці С.: рубанкі (для састругвання лішкаў драўніны і атрымання роўных гладкіх паверхняў), фуганкі (для атрымання плоскіх паверхняў у даўгамерных загатовак), шархебелі (для грубай абдзіркі лішкаў драўніны), мядзведкі (для грубага стругання вял. паверхняў, напр., брусоў, абчасаных бярвён), шліфцікі (для чыставога стругання цяжкаапрацоўвальнай драўніны), цынубелі (для надання дробнай шурпатасці апрацаванай паверхні), зензубелі і фальцгубелі (для выбаркі і зачысткі чвэрцяў і фальцаў), шпунтубелі (для выстругвання на дэталі прамавугольнага вузкага паза — шпунта), калёўкі (для профільнай апрацоўкі дэталей, атрымання фігурных паверхняў), грунтубелі (для выбаркі трапецападобнага паза ўпоперак валокнаў), гарбачы (для выбаркі пукатай або ўвагнутай крывалінейнай паверхні), скоблі (для здзірання кары з бярвён і грубага стругання). Гл. таксама Дрэварэзальны інструмент, Сталярна-цяслярскі інструмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСО́ЛЬ (франц. boussole),
геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНО́ІДЫ (ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),
пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз.арганеламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́Ц,
адна ці шматлязовы металарэзны інструмент. Найб. пашыраны прызматычны Р. складаецца з галоўкі з рабочай (рэзальнай) часткай пэўнай геам. формы і стрыжня — трымалкі для замацавання яго ў разцатрымальніку. Рэзальную частку Р. вырабляюць з матэрыялаў (вугляродзістай, легіраванай сталі, цвёрдых сплаваў, кампазіцыйных і інш.), цвёрдасць якіх перавышае цвёрдасць дэталей, што апрацоўваюцца. Выкарыстоўваюць пры апрацоўцы вырабаў на такарных, карусельных, даўбёжных, стругальных, зубастругальных і інш.спец. станках.