ДВАНАЦЦАЦІПЕ́РСНАЯ КІ́ШКА,

пачатковы аддзел тонкай кішкі ад выхадной адтуліны страўніка да парожняй кішкі. Даўжыня яе ў чалавека 27—30 см (прыблізна 12 папярочнікаў пальца, адсюль назва). У поласці Д.к. адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і печані. Залозістыя элементы сценкі выдзяляюць сакрэт, у якім ёсць ферменты, неабходныя для ператраўлення бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (у поласці Д.к. ператраўленне рэчываў найб. інтэнсіўнае).

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́НТ [ад лац. discriminans (discriminantis) які распазнае, раздзяляе] алгебраічнага ўраўнення, выраз, які складаецца з каэфіцыентаў ураўнення і ператвараецца ў нуль у тым і толькі ў тым выпадку, калі сярод каранёў ураўнення ёсць роўныя. Напр., Д. квадратнага ўраўнення x​2 + px + q = 0 роўны p​2−4q, кубічнага ўраўнення x​3 + px + q = 0 роўны −4p​3−27q​2.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЭІ́Н,

алкалоід опію фенантрэнавага раду, вытворнае марфіну. Ёсць у опійным маку. Белы крышт. парашок ці бясколерныя крышталі без паху, горкія на смак. Па ўздзеянні на арганізм блізкі да марфіну, па прыгнечвальным дзеянні на ц. н. с. значна саступае яму. Выкарыстоўваецца як болепатольны, заспакаяльны сродак і супраць кашлю. Пры ўжыванні К. доўгі час можа развіцца цяга да яго (наркаманія).

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫНСКАЕ БАЛО́ТА,

на Пд Брагінскага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Ніжняя Брагінка. Нізіннага тыпу. Пл. 5,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 2,2 тыс. га. На ПдУ балота часткова затоплена Кіеўскім вадасх. Сярэдняя глыб. торфу 1,1 м. Асушаная ч. балота пад сенажаццю і ворывам. Ёсць пясчаныя астравы і грады, парослыя мяшаным і хвойным лесам.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),

бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФІНА́НСАВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1931 у Мінску як фін.-эканам. тэхнікум. З 1994 сучасная назва. Рыхтуе эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фінансы; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; банкаўская справа. Прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Па спецыяльнасці страхавая справа на дзённае аддзяленне прымаюцца асобы пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў, дзе ёсць такая спецыяльнасць.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОХ-1, Мох Малое,

возера ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Грыўда, за 24 км на ПдЗ ад г. Слонім. Пл. 0,22 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Схілы катлавіны выш. да 3 м, разараныя. Берагі нізкія, на З і ПдЗ забалочаныя. Ёсць некалькі заліваў. Бяссцёкавае.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРКА,

герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.​Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,

пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = ​2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. e​x; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)