ПРАКЛІ́ТЫКА (ад грэч. proklitikos які нахіляецца наперад),

слова, якое ў фразе ці словазлучэнні пазбаўлена ўласнага націску і цесна прымыкае да наступнага слова, утвараючы з ім адзінае фанетычнае цэлае. У якасці П. звычайна выступаюць аднаскладовыя (часам двухскладовыя) прыназоўнікі, часціцы, злучнікі, займеннікі: «на нас», «мае госцейкі». З’ява, супрацьлеглая П., — энклітыка.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЯНЕЦ,

маладая расліна, атрыманая з насення ў пасяўным аддзяленні пладовага ці ляснога гадавальніка без перасадкі. С. пладовых раслін (1—2-гадовыя) выкарыстоўваюць у якасці прышчэпаў для размнажэння сартоў; часта іх наз. дзічкамі. С. лясных культур (1—3-гадовыя хвойных і 1—2-гадовыя лісцевых парод) выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́С (ням. Trass),

горная парода, устарэлая назва разнавіднасці туфу вулканічнага. Цвёрдая, светлая, лёгкая, порыстая маса, звычайна зялёнага, жоўтага, шэрага або бурага колеру; мае ў сабе аморфную крэменекіслату. Выкарыстоўваецца як дабаўка да портландцэменту, у якасці адсарбентаў і малекулярных сітаў. Найб. вядомы Т. Святой гары ў Карадагскім запаведніку (Крым, Украіна).

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭМАТАДО́ЗЫ,

гельмінтозныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца трэматодамі. Заражэнне адбываецца праз ежу, ваду. Палаваспелыя трэматоды пашкоджваюць жоўцевыдзяляльную сістэму (гл. Апістархоз, Дыкрацэліёз), кішэчнік. Прыкметы залежаць ад віду паразіта, стадый яго развіцця, лакалізацыі ў арганізме гаспадара і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл выклікаюць затрымку развіцця, значны падзеж, пагаршэнне якасці мяса.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАДМЕ́ТР (ад фарад + ...метр),

прылада для вымярэння электраёмістасці. Працуе на пераменным току. Бываюць электрадынамічныя і электрамагнітныя з лагометрам у якасці вымяральнага механізма. Шкала градуіруецца пераважна ў мікрафарадах.

Схема электрамагнітнага фарадметра: U — крыніца пераменнага напружання; Ш1, Ш2 — нерухомыя шпулі; F1, F2 — ферамагнітныя асяродкі; Cуз — узорны кандэнсатар; Cx — ёмістасць, якая вымяраецца.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭТА́НАВЫ ЛІК,

умоўная колькасная характарыстыка ўзгаральнасці дызельнага паліва ў рухавіках унутр. згарання. У якасці эталона выкарыстоўваецца сумесь цэтану і альфа-метылнафталіну, Ц.л. якіх прыняты за 100 і 0 адпаведна. Ц.л. дадзенага паліва роўны працэнтнай (па аб’ёме) колькасці цэтану ў такой сумесі, якая мае аднолькавую ўзгаральнасць з даследаваным палівам.

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРА,

сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.

Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл. Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.

На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,

адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял. колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.

Літ.:

Керт Г.М. Саамский язык: Фонетика, морфология, синтаксис. Л., 1971.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

адзінка падатковага абкладання на Русі 13—15 ст. і ў Рас. дзяржаве 16—17 ст., з якой збіраўся дзярж. пазямельны падатак — пасошнае. Да сярэдзіны 16 ст. вымяралася колькасцю рабочай сілы. У 13—15 ст. С. складалі 2—3 селяніны-работнікі. Пры зборы падаткаў да адной С. прыраўноўвалі таксама 1 гарбарскі чан, невад, краму, кузню і г.д. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў розных землях Русі С. складала розныя велічыні. З сярэдзіны 16 ст. ў Рас. дзяржаве ў якасці падатковай адзінкі ўведзена т.зв. вялікая С., якая складалася з пэўнай колькасці чвэрцяў зямлі ў залежнасці ад катэгорыі ўладальнікаў (800—1200 чвэрцяў у свецкіх феадалаў, 600—800 у царквы, 500—700 у чарнасошных і дварцовых сялян) і якасці зямлі; для насельніцтва гар. пасадаў памер вял. С. вызначаўся пэўнай колькасцю двароў. У 1646 падворны прынцып вылічэння памеру С. ўведзены замест пазямельнага і ў сельскай мясцовасці. С. як адзінка падаткаабкладання скасавана ў 1679 з увядзеннем падворнага абкладання.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЕЛЮ́РЫ (ад франц. cannelure жалабок) у архітэктуры, жалабкі вертыкальныя на ствале калоны або пілястры і гарызантальныя на базе калоны іанічнага ордэра. У якасці дэкар. элемента сфарміраваліся ў архітэктуры Стараж. Грэцыі ў дарычным ордэры. У Зах. Еўропе, Расіі і на Беларусі былі пашыраны ў архітэктуры барока і класіцызму.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)