ЗАСУ́ЛІЧ (Вера Іванаўна) (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),
дзеяч рас. рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.Ф.Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.
т. 7, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ў Ляймене,
навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.Ермаловіч, А.Каўка, А.Мірановіч, І.Іваноў, А.Бембель, М.Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́Н ДЭ РЭБЕ́К ((Constant de Rebecque) Бенжамэн Анры) (25.10.1767, г. Лазана, Швейцарыя — 10.12.1830),
французскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Оксфардскім, Эрлангенскім (Германія) і Эдынбургскім ун-тах. З 1795 у Францыі, у 1803—14 у эміграцыі. Друкаваўся з 1796. Сусв. вядомасць прынёс аўтабіягр. раман «Адольф» (1816), дзе пісьменнік стварыў вобраз тыповага для рамант. эпохі героя, які знаходзіўся ў разладзе з грамадствам і з самім сабой. Аўтар аўтабіягр. кн. «Чырвоны сшытак» (выд. 1907), «Сесіль» (выд. 1951), зб. літ.-крытычных прац «Артыкулы пра літаратуру і палітыку» (1829) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Адольф. М., 1959.
Літ.:
Delbouille P. Genfése, structure et destin d’Adolphe. Paris, 1971.
С.Дз.Малюковіч.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РАЙІ, Каральі (Károlui) Міхай (4.3.1875, Будапешт — 18.3.1955), венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. У 1906—18 дэп. парламента. З кастр. 1918 кіраўнік Нац. савета з прадстаўнікоў розных партый, а пасля перамогі рэвалюцыі ў Венгрыі (31.10.1918) — кіраўнік урада; у студз.—сак. 1919 прэзідэнт Венг. рэспублікі. Пасля абвяшчэння Венг. сав. рэспублікі (24.3.1919) эмігрыраваў. За мяжой выступаў супраць дыктатуры М.Хорці (1920—44), удзельнічаў у антыфаш. і антываен. руху, у т. л. ўзначальваў «Рух за дэмакратычную Венгрыю» ў Вялікабрытаніі (1943). З 1946 зноў на радзіме, у 1947—49 венг. пасланнік у Парыжы. Пратэстуючы супраць паказальнага працэсу Л.Райка і рэпрэсіўнага кіраўніцтва М.Ракашы, выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі.
т. 8, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЗЕВЕ́ТЭР (Аляксандр Аляксандравіч) (22.5.1866, Пецярбург — 1933),
расійскі паліт. дзеяч, гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1888), у 1909—11 праф. у ім. З 1904 чл. Саюза вызвалення і чл. ЦК партыі кадэтаў. Дэп. 2-й Дзярж. думы. У 1922 высланы з СССР. У эміграцыі быў праф. рус. гісторыі ў Пражскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі Расіі 18—1-й пал. 19 ст.: «Пасадская абшчына ў Расіі XVIII ст.», «Дзевятнаццатае стагоддзе ў гісторыі Расіі» (абедзве 1903), «Гарадавое палажэнне Екацярыны II 1785 г.» (1909), «Гістарычныя нарысы» (1912), «Гістарычныя водгукі» (1915).
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 585—589.
т. 8, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),
іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫШО́НАК (Алег Юр’евіч) (н. 27.5.1957, г. Эльбланг, Польшча),
бел. гісторык у Польшчы, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1980). Супрацоўнік гіст. музея Кракава, навук. супрацоўнік Ягелонскага ун-та, з 1991 у Музеі войска ў Беластоку. Са студз. 1992 старшыня Гал. рады Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, з 1993 у тыднёвіку «Ніва», з 1996 старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы. Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю бел. нац. адраджэння, бел. войска, эміграцыі.
Тв.:
Беларуская эміграцыя // Беларускі каляндар на 1990 г. Беласток, 1990;
Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1992. № 1;
Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).
т. 9, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІ́ ФІЛІ́П (Louis Philippe; 6.10.1773, Парыж — 26.8.1850),
французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.
т. 9, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»
(«Młoda Polska»),
польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая існавала ў 1834—36 у Швейцарыі. Засн. ў г. Берн групай польск. карбанарыяў, была звязана з арг-цыяй «Маладая Еўропа». Выступала супраць сістэмы Свяшчэннага саюза, з дапамогай сваіх эмісараў вяла прапагандысцкую дзейнасць у Польшчы пад лозунгамі незалежнасці краіны, надання паліт. правоў усім яе грамадзянам, ажыццяўлення радыкальных сац. рэформ. Пазней «М.П.» ўзначаліў І.Лялевель, сярод інш. дзеячаў Ш.Канарскі, К.Стольцман, Ф.Навасельскі, К.Залеўскі. Дзейнасцю арг-цыі ў Польшчы кіраваў створаны ў 1835 у Бруселі тайны «Саюз дзяцей польскага народа». Пасля 1836 чл. «М.П.» перайшлі ў арг-цыю «Аб’яднанне польскай эміграцыі» і ў Польскае дэмакратычнае таварыства.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)