КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт.Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.
Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.П.Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.—кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў. У крышталёвай структуры П.с. плаціна з’яўляецца металам-растваральнікам. Мінералы П.с.: цвёрдыя растворы жалеза ў плаціне — уласна П.с. (Pt больш за 80%), жалезістая плаціна (Fe 20—50%), ізафераплаціна (Pt3Fe), тэтрафераплаціна (PtFe); ірыдыстая плаціна (10,4—37,5% Ir), паладыстая плаціна (14—40% Pd), паладыстая станаплаціна (16—23% Sn і 17,2—20,9% Pd) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Украпанікі, у россыпах — зерні. Колер сталёва-шэры, сярэбрана-белы. Цв. 3,5—5,5. Шчыльн. 13,1—21,5 г/см³. Коўкі. Найб. самародкі знойдзены на Урале ў дунітах (маса 427,5 г) і алювіяльных россыпах (9635 г) Мінералы П.с. канцэнтруюцца ў радовішчах плацінавых руд. Сыравіна на плацінавыя металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс.га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л.шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар назва Stratus (St)],
шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні. Часта ніжняя паверхня гэтых воблакаў бывае парванай, касмыкаватай. Звычайна закрываюць усё неба шэрай заслонай, але зрэдку могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Размешчаны на выш. да 2 км. Складаюцца пераважна з кропель (пры нізкіх т-рах пераахалоджаных). Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад подсцільнай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці; на ўтварэнне ўплывае і турбулентны перанос вадзяной пары знізу і ўвільгатненне паветра ападкамі, якія выпадаюць з воблакаў інш. тыпаў. З найб. магутных і шчыльных С.в. выпадаюць слабыя ападкі. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРЫ́ТЫ,
малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл.Метэоры).
У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн.км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.
Літ.:
Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;
Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ.М., 1971;
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЙ (лац. Beryllium),
Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6∙10−4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста-шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445∙103кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТЫ (ад лац. granatus зярністы),
група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R2+R3+ [Sio4]3, дзе R2+ — Ca, Fe, Mg, Mn, а R3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.