НАГАСКІ́ВІЦЫ, максілаподы (maxillipedes),

канечнасці 1—5-га пярэдніх грудных сегментаў у ракападобных. Будоваю нагадваюць ніжнія сківіцы (максілы) і хадзільныя ногі. Выкарыстоўваюцца для захопу і раздрабнення корму, як органы дотыку, смаку, часам для дыхання і вентыляцыі шчэлепных поласцей. У губаногіх Н. наз. кіпцюрападобныя ножкі 1-га сегмента тулава.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯНДВІ́ЦА,

у беларусаў мясны выраб; вяленае або вэнджанае мяса, выразанае паабапал хрыбта свіной тушы. П. зразаюць, соляць, націраюць часнаком, перцам і інш. духмянымі прыправамі; для завяльвання ўпіхваюць у гладкую кішку або шчыльна абціскаючы абвязваюць палатном і вешаюць у сухім месцы. Часам перад завяльваннем трымаюць у расоле.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЛЕ́Т (франц. couplet),

частка песні, якая адпавядае адной страфе паэт. тэксту. З інш. строфамі тэксту муз. пабудова паўтараецца дакладна або з рознымі зменамі і ўтварае т.зв. куплетную форму — структурную аснову большасці нар. песень і прафес. твораў песеннага жанру. Пры наяўнасці паэт. рэфрэна К. падзяляецца на запеў і прыпеў (2-часткавая муз. форма). Уласцівае песеннаму фальклору бел. і інш. народаў вар’іраванне К. вядзе да ўтварэння куплетна-варыяцыйнай формы. У множным ліку куплеты — песенны жанр, адметны лёгкім, жартаўлівым, часам сатыр. зместам і даступнасцю, запамінальнасцю мелодыкі. Найб. пашыраны ў эстр. мастацтве, аперэце, часам і ў оперы, напр., куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна» П.​Чайкоўскага, Мефістофеля з «Фауста» Ш.​Гуно. У бел. музыцы рысы К. маюць песня Дзяніса Давыдава з 3-й дзеі оперы «Надзея Дурава» А.​Багатырова, шэраг зонгаў з оперы «Матухна Кураж» С.​Картэса.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РПЫ (Pusa),

род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.

Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Нерпы: 1 — кольчатая; 2 — байкальская; 3 — каспійская.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́РБНІЦА,

гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн. маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.
Скарбніца сядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКГА́УЗ (ням. Blockhaus),

абароннае збудаванне для вядзення кругавога кулямётнага, часам і артыл. агню. У 1-ю і 2-ю сусв. войны выкарыстоўваліся для прыкрыцця мастоў, горных праходаў і інш., а таксама ў сістэме даўгачасных умацаванняў. Сцены і пакрыцці рабілі з дрэва, бетону і інш., меў жылыя памяшканні для гарнізона.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),

1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.

2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.

3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ПРАХО́Д,

скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́Н (франц. cordon),

1) расцягнутае размяшчэнне войск невял. атрадамі ўздоўж пэўнай лініі або дзярж. граніцы.

2) Пагранічны або загараджальны атрад і месца яго размяшчэння. З 1835 ніжэйшае звяно (падраздзяленне) рас. пагранічнай аховы. Назва К. захавалася ў франц. і некат. інш. арміях. Часам К. называюцца пасты аховы лесу і запаведнікаў.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭСПАНДЭ́НЦЫЯ (позналац. correspondentia ад correspondeo адказваю, паведамляю),

1) адзін з найб. пашыраных жанраў публіцыстыкі, прадмет якога — канкрэтная сац. сітуацыя, абмежаваная месцам і часам. Скіравана на вырашэнне актуальнай, параўнальна нешырокай тэмы, вывады якой звычайна не выходзяць за межы аб’екта даследаванняў. Умоўна вылучаюць інфармацыйную і аналітычную К.

2) Абмен пісьмамі, перапіска.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)