ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм.н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад.навук. комплексе «Ін-тцепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);
От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып. 4.
Літ.:
М.А.Ельяшэвіч // Весці АНБССР. Сер. фіз.-матэм.навук. 1988. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,
раздзел фізікі плазмы, які вывучае рух плазмы і яе ўзаемадзеянне з рэчывам.
Ураўненні П. вынікаюць з дастасаванняў ураўненняў магнітнай гідрадынамікі да рухомых аб’ёмаў выпрамяняльных сціскальных суцэльных асяроддзяў (напр., газу, плазмы). Характэрная асаблівасць руху такіх асяроддзяў — магчымасць узнікнення і распаўсюджвання ў іх ударных хваль. Задачы П. рашаюцца разлікова-тэарэт. і эксперым. метадамі. Эксперыменты праводзяцца ў звыш- і гіпергукавых аэрадынамічных трубах, балістычных устаноўках, ударных і імпульсных электраразрадных зрубах і інш. Пры даследаваннях плазменных патокаў і ўдарных хваль метадамі П. вызначаюцца ціск, т-ра і інш. параметры плазмы ў вобласці яе распаўсюджвання, у т. л. ў вобласці ўзаемадзеяння плазмы з цвёрдым целам ці інш. плазменнымі асяроддзямі. Гл. таксама Радыяцыйная плазмадынаміка.
На Беларусі даследаванні па пытаннях П. вядуцца з пачатку 1960-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,
накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.
У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн.плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.А.Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІТАВА́ТАЯ ГУ́МА, порыстая гума,
эластычны порысты матэрыял, выраблены на аснове латэксу ці цвёрдага каўчуку. С.г. з латэкснай сумесі наз. пенагумай, з сумесей на аснове цвёрдага каўчуку — губчатай ці ячэістай гумай.
Пенагума мае поры памерам 0,01—1 мм, уяўная шчыльн. 40—250 кг/м³ адноснае падаўжэнне 90—350%. Газа- і водапранікальная (90—95% пор злучаны паміж сабой). Атрымліваюць мех. успеньваннем сумесей на аснове латэксу натуральнага ці (і) латэксаў сінтэтычных з наступнай вулканізацыяй пены ў формах пры 100—140 °C; вырабляюць у выглядзе блокаў ці пласцін. Губчатая гума мае поры ад 0,4 мкм (мікрапорыстая гума) да 0,2—0,4 мм, злучаныя або замкнутыя; для С.г. на аснове натуральнага каўчуку ўяўная шчыльн. 500—700 кг/м³. адноснае падаўжэнне 200—300%. Яе вырабляюць у выглядзе лістоў, пласцін і вырабаў з гумавых сумесей (гл. Гума), якія маюць пораўтваральнікі, што ўспеньваюць сумесь пры вулканізацыі. Выкарыстоўваюць С.г. для вырабу амартызатараў, цепла- і гукаізаляцыйных пракладак, плывучых і выратавальных сродкаў, мэблі, сядзенняў трансп. сродкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЮ́ДЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа слаістых сілікатаў. Хім. састаў зменлівы, агульная формула XY2−3 Z(AL)0−2 Z(Si)2−4 O10(OH, F)2, дзе X — калій, натрый, кальцый; Y — алюміній, магній, жалеза (Fe2+), марганец, хром, літый, тытан, Z — крэмній, алюміній, жалеза (Fe3+), тытан (гл.Сілікаты прыродныя). Паводле саставу адрозніваюць С. магнезіяльна-жалезістыя (біятыт, лепідамілан, флагапіт), алюмініевыя (мускавіт, параганіт) і літыевыя (лепідаліт, цынвальдыт). Крышталізуюцца ў манакліннай сінганіі.
Утвараюць крышталі таблітчастыя, ліставатыя і лускаватыя масы. Афарбоўка светлая, бясколерная, з фіялетавымі, зялёнымі, бурымі адценнямі да чорнай. У тонкіх пласцінках празрыстыя. Цв. 2—4,5. Шчыльн. 2,3—3,3 г/см³. С. характэрны вельмі дасканалая спайнасць, высокія электра-, цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці. Паходжанне магматычнае, пегматытавае, метамарфічнае, метасаматычнае і інш. Пры выветрыванні ператвараюцца ў гідраслюды, потым у каалін і хларыты. Выкарыстоўваюцца ў электра-, радыё- і авіяпрамысловасці; літыевыя С. — руда на літый, часам рубідый і цэзій. Радовішчы ў Расіі, Індыі, ЗША, Канадзе, Бразіліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНО́ЛА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,
сінтэтычныя смолы, прадукты полікандэнсацыі фенолаў з фармальдэгідам ці яго вытворнымі. Атрымліваюць сінтэзам зыходных смол, хім. мадыфікацыяй і спалучэннем з інш. матэрыяламі, пераўтварэннем іх у ацверджаныя густасеткавыя палімеры. Уласцівасці Ф.-ф.с. вызначаюцца ўмовамі іх атрымання: пры лішку фенолу і наяўнасці кіслых каталізатараў атрымліваюць тэрмапластычныя навалачныя смолы; пры лішку фармальдэгіду ў прысутнасці асноўных каталізатараў — тэрмарэактыўныя рэзольныя смолы.
Вадкія ці цвёрдыя аморфныя рэчывы ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру. Добра раствараюцца ў водных растворах шчолачаў, фенолаў, спіртоў, кетонаў і інш. палярных растваральніках. Ацверджаныя Ф.-ф.с. належаць да жорсткіх крохкіх цепла- і тэрмаўстойлівых палярных палімераў. Выкарыстоўваюць як сувязнае ў вытв-сці кампазіцыйных матэрыялаў на аснове драўніны і паперы (драўняна-валакністых і драўняна-стружкавых пліт, фанеры), тканін, фенапластаў, цеплагукаізалявальных пенапластаў, кляёў, лакаў, эмалей, залівачных, прамочвальных і святлоадчувальных (фотарэзістаў) матэрыялаў, таксама ў якасці вулканізавальных дамешкаў у каўчук і гуму, стабілізатараў палімерных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Кноп А., Шейб В. Фенольные смолы и материалы на их основе: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ННЕ,
фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.
Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА Васіль Барысавіч (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар.Нац.АН (1972), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;
Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.Я.Твяркоўкіным);
Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;
Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.