1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.
Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.
У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).
Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;
Орлова Е.М. Б.В.Асафьев. Л., 1964;
Земцовский И. Б.В.Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́ДАС (Barbados),
дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).
Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.
Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).
Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн.г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.
Барбадас — чл.ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац.дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс.т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн.м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд.кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс.т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс.км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм.Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл.Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл.Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),
Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аўВ. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,
упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл.Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл.Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).
П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл.іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.
П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКАЯ ВАЙНА́ 1939-40,
вайна Сав. Саюза супраць Фінляндыі 30.11.1939—12.3.1940. У сакрэтным пратаколе да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Фінляндыя была аднесена да сферы інтарэсаў СССР. Падставай для вайны стала адмова фін. ўрада адсунуць дзярж. граніцу далей ад Ленінграда (праходзіла за 32 км ад горада), за што СССР прапаноўваў Фінляндыі ўдвая большую тэр. ў Карэліі. Непасрэднай зачэпкай для пачатку ваен. дзеянняў стаў артыл. абстрэл 26.11.1939 сав. тэрыторыі каля фін.пас. Майніла (які бок вёў агонь, не высветлена), у якім СССР абвінаваціў Фінляндыю. 30.11.1939 войскі Ленінградскай ваен. акругі (каманд. камандарм 2-га рангу К.А.Мерацкоў) пачалі наступленне. Вайна фармальна не аб’яўлялася, аднак СССР афіцыйна разарваў дыпламат. адносіны з Фінляндыяй. 1.12.1939 абвешчана пра стварэнне ў занятым Чырв. Арміяй фін.г. Тэрыёкі (цяпер Зеленагорск) нар. ўрада Фінляндскай Дэмакр. Рэспублікі на чале з О.В.Куусіненам (існаваў да канца вайны). Вайна працягвалася 105 дзён ва ўмовах моцных маразоў і высокага снежнага покрыва. Ваен. аперацыі адбываліся амаль на ўсім працягу сав.-фінляндскай мяжы ад Балтыйскага да Баранцава мораў. Больш паспяхова дзейнічала на Крайняй Поўначы 14-я армія (каманд. камкор В.А.Фралоў) пры падтрымцы Паўн. флоту (флагман 2-га рангу беларус В.П.Дрозд). Іншыя злучэнні ў пач.ваен. дзеянняў цярпелі няўдачы і неслі вял. страты. Фін. армія (галоўнакаманд. маршал К.Манергейм) упарта супраціўлялася. Гал. баі разгарнуліся на Карэльскім перашыйку, дзе была пабудавана моцная абарончая «Манергейма лінія» глыбінёй да 90 км. Дзеянні Чырв. Арміі тут падтрымліваў Балтыйскі флот (агнём артылерыі), у складзе якога дзейнічаў падшэфны карабель БССР лідэр эсмінцаў «Мінск». Спроба прарваць «лінію Манергейма» з ходу поспеху не мела. 7.1.1940 створаны Паўночна-Заходні фронт (каманд. камандарм 1-га рангу С.Д.Цімашэнка) у складзе 7-й (каманд. Мерацкоў) і 13-й (камандармам 2-га рангу У.Д.Грэндаль) армій. На 1.2.1940 войскі Чырв. Арміі мелі 40 дывізій (975 675 чал.); фін. армія мела на Карэльскім перашыйку 9 дывізій і 1 кав. брыгаду (усяго больш за 300 тыс.чал.). З 11 лют. да 12 сак. 1940 войскі Чырв Арміі прарвалі «лінію Манергейма», 12 сак. авалодалі г. Выбарг (Вііпуры). У той жа дзень у Маскве быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога граніца на Пн ад Ленінграда адсоўвалася на лінію Выбарг—Сортавала; да СССР адышлі Карэльскі перашыек, шэраг астравоў у Фінскім заліве, невял. тэр. з г. Куалаярві і ч. п-авоў Рыбачы і Сярэдні на Баранцавым м.; Сав. Саюзу перадаваўся ў арэнду на 30 гадоў п-аўХанка на Балтыйскім м. з правам стварэння на ім ваен.-марской базы. Страты Чырв Арміі ў С.-ф.в. склалі 126 875 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і памерлымі ад ран і хвароб; санітарныя страты значна большыя. Паводле даных рас.-фін. даследавання «Зімовая вайна» (Кн. 1. М., 1999. С. 326) у фін. палон трапіла каля 6 тыс. воінаў Чырв. Арміі, з якіх 5 572 чал. вернуты ў СССР пасля заключэння мірнага дагавора (з іх 350 чал. асуджаны на смяротнае пакаранне, 4 354 — на зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 8 гадоў). Страты фін. арміі склалі 66 400 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і параненымі, 1 100 чал. палоннымі (847 з іх вернуты ў Фінляндыю).
За баявыя заслугі каля 70 злучэнняў і часцей Чырв. Арміі ўзнагароджаны ордэнамі Каля 50 тыс. чад. адзначаны ўзнагародамі СССР. Сярод узнагароджаных ураджэнцы Беларусі: флагман 2-га рангу Дрозд, камандзір падводнай лодкі У.С.Дзянісаў, намеснік нач. палітупраўлення Балт. флоту М.А.Торык, каманд. Ладажскай ваен. флатыліяй П.А.Трайнін, камандзір эсмінца «Грымячы» А.І.Гурын, нам.каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі Ф.І.Кузняцоў, нач. тылу Паўн.-Зах. фронту І.І.Трутко і інш Удзельнікамі вайны былі бел. пісьменнікі К.Крапіва, В.Вітка, В.Вольскі. М.Калачынскі, М.Пянкрат. 412 удзельнікаў вайны ўдастоены звання Героя Сав. Саюза, у т. л. 20 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі: П.Р.Алейнікаў, Цз.Д.Валенцік, Б.В.Воўк (пасмяротна), І.І.Валасевіч, М.М.Гармоза, А.І.Дыдышка, П.В.Кандрацьеў, І.П.Кірпічоў, І.М.Кобзун, В.Дз.Кучаравы (пасмяротна), І.М.Максіменя, І.В.Матрунчык, Р.С.Пінчук, М.В.Рапейка (пасмяротна), І.М.Саламонікаў, М.П.Сінюцін, М.Ф.Турцэвіч (пасмяротна), А.Р.Целяшоў (пасмяротна), С.І.Чарняк, С.Я.Ялейнікаў (пасмяротна).
Далучэнне ў выніку С.-ф.в. стратэгічна важных тэрыторый каштавала СССР не толькі вял. чалавечых ахвяр, але і падрыву яго міжнар. аўтарытэту. Сусв. грамадскасць расцаніла вайну супраць Фінляндыі як агрэсію, у выніку чаго СССР у снеж. 1939 быў выключаны з Лігі Нацый. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ўзмацнілася прагерм. арыентацыя Фінляндыі, якая потым выступіла супраць СССР на баку Германіі.
Літ.:
«Зимняя война», 1939—1940. Кн. 1—2. М., 1999;
Советско-финская война 1939—1940 гг.Мн., 1999;
Тайны и уроки зимней войны 1939—1940. М., 2000;
Россия и СССР в войнах XX в.: Потери вооруженных сил: Стат. исслед. М., 2001. С. 200;
Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2;
Кушнер В, Фісуноў В. Савецка-фінляндская вайна 1939—1940 гг. // Бел. гіст часоп. 2000. № 1.