РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч. арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц. папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЧЭ́РЫН Барыс Мікалаевіч (7.6.1828, г. Тамбоў, Расія — 16.2.1904),

расійскі юрыст, гісторык, філосаф, публіцыст, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнай школы ў гіст. навуцы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1849), прафесар у ім (1861—68). Выдаваў з К.​Дз.Кавеліным паліт. рукапісную л-ру. З сярэдзіны 1850-х г. Ч. — адзін з лідэраў ліберальна-заходніцкага рас. грамадска-паліт. руху (гл. Заходніцтва). Ухваляў сял. рэформу 1861, адмоўна ставіўся да рэв. дэмакратаў, падтрымліваў палітыку ўрада ў адносінах да Польшчы і паўстання 1863—64. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1868 у адстаўцы, займаўся навук. працай, удзельнічаў у дзейнасці земства. У філас. поглядах прытрымліваўся правага гегельянства. Працы па гісторыі дзярж. права, паліт. вучэнняў. Аўтар «Успамінаў» (ч. 1—4, 1929—34).

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.

Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАФІ́НЫ (Suometarelajset),

назва ў 1889—1918 членаў Фінскай партыі (т.зв. фенаманы), апанентаў младафінаў. Выражалі пераважна інтарэсы фінл. прадпрымальнікаў, землеўладальнікаў і інтэлігенцыі; выступалі супраць русіфікацыі Фінляндыі. Лідэры — І.​Ір’ё-Коскінен, Ю.​Даніельсан-Кальмары, Ю.​К.​Паасіківі. У пач. 20 ст. ва ўмовах уціску рус. улад прытрымліваліся пазіцыі лаяльнасці і кампрамісу (стратэгія перагавораў) у адносінах да Расіі. У 1907 мелі 59, у 1917—32 месцы ў сейме. У 1918, калі Фінляндыя стала незалежнай ад Расіі, выступалі за моцную манархічную ўладу і знешнепаліт. арыентацыю на Германію; на аснове С. утварылася манархічна настроеная Нац. кааліцыйная партыя.

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

вектарная велічыня, роўная напружанасці магнітнага поля, створанага макраскапічнымі (знешнімі ў адносінах да асяроддзя) і мікраскапічнымі (абумоўленымі часцінкамі асяроддзя) эл. токамі. Абазначаецца B→. З’яўляецца асн. сілавой характарыстыкай магн. поля і вызначае сілу, што дзейнічае ў дадзеным пункце поля на эл. ток (гл. Ампера сіла) і рухомы эл. зарад (гл. Лорэнца сіла). Звязана з намагнічанасцю J→ і напружанасцю знешняга магн. поля H→ формуламі: B→ = μ0H→ + μ0J→ і B→ = μ0μH→ , дзе μ0 — магнітная пастаянная, μ — магнітная пранікальнасць рэчыва. Адзінка М.і. у СІ — тэсла.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ДЫ,

водная частка тэр. дзяржавы, за выключэннем тэрытарыяльнага мора. Да У.в. адносяцца воды рэк, ручаёў, азёр і інш. вадаёмаў, у т. л. пагранічныя воды ў межах граніц тэрыторыі дзяржаўнай, а таксама воды, што размешчаны ў бок берага ад зыходных ліній тэр. мора. Пагранічнымі водамі лічацца водныя прасторы ў межах тых участкаў, па якіх праходзіць лінія граніцы, часта і падземныя воды ў створах, дзе праходзіць дзярж. граніца. Прававы рэжым У.в. вызначаецца ўнутр. заканадаўствам дзяржавы, а ў адносінах пагранічных вод — таксама і пагадненнямі з сумежнымі дзяржавамі.

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ БІ́ЗНЕС,

камерцыйная дзейнасць, арганізаваная ў межах малога (гл. Малое прадпрыемства) ці сярэдняга прадпрыемства з пэўным колькасным крытэрыем працуючых і аб’ёмам гасп. дзейнасці. Такія прадпрыемствы павінны мець незалежнае кіраванне, уласны капітал, лакальны раён дзеяння, адносна невял. памер у адносінах да галіны ў цэлым. Перавагі М.б.: незалежнасць дзеянняў, здольнасць хутка адаптавацца да навакольных умоў (напр., пераарыентавацца на вытв-сць новых відаў тавараў), параўнальна нізкія бягучыя выдаткі, больш высокая абарачальнасць капіталу, хуткае дасягненне эфектыўнасці (атрыманне прыбытку і інш.). Недахопы: фін. цяжкасці, асабістыя адказнасць і рызыка прадпрымальнікаў, няўпэўненасць партнёраў пры заключэнні кантрактаў, залежнасць ад інш. асоб, фірм, дзяржавы ў справе атрымання рэсурсаў і інш. У развітых краінах на М.б. прыпадае асн. частка знешнеэканам. сувязей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІ́Н (ням. Paraffin ад лац. parum мала + affinis роднасны; названы з-за нейтральнасці да большасці хім. рэагентаў),

сумесь насычаных вуглевадародаў з 18—35 атамамі вугляроду ў малекуле пераважна нармальнай будовы.

Воскападобнае рэчыва без паху, tпл 45—65 °C, шчыльн. 880—915 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе і этаноле, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. У звычайных умовах інертны ў адносінах да большасці кіслот, шчолачаў, галагенаў; азотнай к-той і кіслародам паветра пры 140 °C акісляецца да тлустых кіслот. Атрымліваць дэпарафінізацыяй (напр., сумессю кетонаў з талуолам) масленых дыстылятаў нафты з наступнай ачысткай. Выкарыстоўваюць для прамочвання ўпаковачнай паперы, атрымання сінт. тлустых кіслот, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, вырабу свечак (у сумесі з цэрэзінам) парафіналячэння і інш. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

разнавіднасць гідралагічных заказнікаў, прызначаных для захавання і аднаўлення каштоўных у навук. адносінах азёраў і прылеглых да іх прыродных комплексаў. На тэр. азёрных заказнікаў Беларусі забаронены забор вады для гасп. мэтаў, скідванне сцёкавых водаў і бытавых адходаў, правядзенне гідрамеліярац. работ, прамысл. лоў рыбы, знішчэнне прыбярэжнай і воднай расліннасці, турызм і інш. формы арганізаванага адпачынку, выкарыстанне і мыццё маторнага транспарту, узворванне зямель у прыбярэжнай паласе. На тэр., што прылягаюць да азёрных заказнікаў, могуць забараняцца правядзенне гасп. работ, размяшчэнне новых і функцыянаванне наяўных прадпрыемстваў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на стан прыроднага комплексу заказніка. На Беларусі 7 азёрных заказнікаў, усе ў Віцебскай вобл.: Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Рычы, Сосна.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)