БАГДА́НАВА (Галіна Барысаўна) (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),
здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.
Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H+ і OH− іоны (напр., Cr3++3OH− ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H++CrO−2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́ВА,
трава, якая вырасла ў той жа год на кармавых сенажацях пасля скошвання ці страўлення. На пашы пасля страўлення атава адрастае некалькі разоў у залежнасці ад атаўнасці (біял. здольнасці раслін адрастаць за кошт утварэння бакавых парасткаў), надвор’я і прыёмаў догляду пашы. Высокую атаўнасць на пашы маюць райграс пашавы, мятліца лугавая, аўсяніца чырвоная, канюшына белая. Ураджайнасць атавы вышэйшая ў раёнах з вільготным кліматам і на ўрадлівых глебах. Яе можна павялічыць у 2—3 разы ўнясеннем пасля скошвання (страўлення) азотных угнаенняў, асабліва разам з паліваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,
бел.нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РГІІ, Еўратам. Створана адначасова з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (ЕЭС) у 1957 у складзе той жа групы краін з мэтай аб’яднання рэсурсаў атамнай энергіі, атамнай прам-сці і навук.-тэхн. патэнцыялу ў галіне ядз. фізікі і энергетыкі, а таксама каардынацыі нац. праграм развіцця ядз. энергетыкі. Уключае Бельгію, Вялікабрытанію, Германію, Грэцыю, Данію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Люксембург, Нідэрланды, Партугалію, Францыю. Ў 1967 органы Еўратама зліліся з органамі ЕЭС і Еўрапейскім аб ’яднаннем вугалю і сталі. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),
часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКІ,
бел.нар. гульня. У сярэдзіне пляцоўкі чэрцяць круг такой плошчы, каб у ім маглі размясціцца ўсе, што гуляюць — «конікі». Выбіраюць «шпака» і становяцца ў круг. «Шпак», скачучы на дзвюх або адной назе, пачынае лавіць «конікаў» і як толькі выйдзе за межы круга, усе пачынаюць перамяшчацца як і ён. Калі «шпак» зловіць ці дакранецца да гульца, той становіцца «шпаком», і гульня працягваецца з тымі ж умовамі.
Я.Р.Вількін.
Конікі: 1 — лясны, 2 — лугавы, 3 — палявы, 4 — чырвонаваллёвы (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),
назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш.Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,
вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі , падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя :
. Для ізатропных асяроддзяў
. Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІ — ампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.