ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,
марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).
т. 4, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,
асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬГЕЛЬМСГА́ФЕН (Wilhelmshaven),
горад у ФРГ, у зямлі Ніжняя Саксонія. Засн. ў 1853 як ваенна-марская база. 91 тыс. ж. (1994). Буйны порт на Паўночным м., у вусці канала Эмс-Ядс, з Вільгельмсгафена пачынаецца нафтаправод да г. Кёльн. Вытв-сць пішучых і лічыльных машын, партовых пад’ёмных кранаў, дызель-лакаматываў, суднаў. Швейная, тэкст., дрэваапр. прам-сць. Рыбалавецкі цэнтр. У Вільгельмсгафене — штаб ваенна-марскіх сіл ФРГ.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫБАЛЬДЗІ́ЙСКІЯ БРЫГА́ДЫ,
італьянскія партыз. атрады руху Супраціўлення ў 1943—45 у 2-ю сусв. вайну. Названы ў гонар Дж.Гарыбальдзі. Пачалі стварацца ў ліст. 1943; па стане на крас. 1945 дзейнічала 575 атрадаў. Значную ч. іх байцоў складалі камуністы. Галоўнакамандуючы — Л.Лонга. Летам і восенню 1944 Гарыбальдзійскія брыгады (каля палавіны партыз. узбр. сіл) узначальвалі наступленне партыз. арміі ў Цэнтр. і Паўн. Італіі.
т. 5, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫ СТАН,
стан сістэмы часціц (цел), пры якім іх адносны рух адбываецца ў абмежаванай прасторы на працягу прамежкаў часу, большых за характэрныя для гэтай сістэмы перыяды. Для ўтварэння З.с. неабходна існаванне сіл прыцяжэння паміж усімі (або асобнымі) часціцамі сістэмы на некат. адлегласцях паміж імі. Прыклады З.с.: элементарныя часціцы (адроны і рэзанансы), ядры атамныя, атамы, малекулы, падвойныя зоркі, зорныя скопішчы, планетныя сістэмы.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РПУС (ваен.),
вышэйшае тактычнае або аператыўна-тактычнае злучэнне (аб’яднанне) узбр. сіл многіх дзяржаў.
Складаецца з некалькіх тактычных злучэнняў (дывізій, брыгад), часцей (палкоў і інш.), а таксама органаў кіравання. Бываюць К. сухапутных войск, ППА, механізаваныя, танк., авіяц., артыл. і інш. На тэр. Рэспублікі Беларусь размешчаны 3 армейскія К. (5, 28, 65-ы; узбр. сілы) і К. аховы грамадскага парадку (унутр. войскі).
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 8, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Анатолевіч) (14.7.1936, Мінск — 4.7.1977),
бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1955). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1965—75 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), чэмпіянату свету (1962, Буэнас-Айрэс) у камандным заліку. Чэмпіён СССР (1955, 1958, 1961, 1962) у камандным заліку.
т. 12, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЙСТАСЕ́ЙСТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ (ад грэч. pleistos найбольшы + seistos страсянуты),
вобласць зямной паверхні, у межах якой пры землетрасеннях бываюць макс. разбурэнні. Найчасцей размешчана ў эпіцэнтры ці непадалёку ад яго (напр., плошча П.в. ташкенцкага землетрасення ў 1966 роўна 20 км²). Плошча і форма П.в. залежаць ад інтэнсіўнасці землетрасення, глыбіні гіпацэнтра, характару і кірунку сіл, якія дзейнічаюць у гіпацэнтры, ад геал. будовы мясцовасці і інш.
т. 12, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў Вялікую Айчынную вайну,
1) дзеянні сав. войск і сіл Балт. флоту па абароне астравоў Маанзундскага архіпелага 6.9—22.10.1941. Аперацыя адбылася пасля захопу ням.-фаш. войскамі Таліна (28.8.1941), у выніку чаго сав. часці на астравах апынуліся ў варожым тыле. Супраць размешчаных на архіпелагу і каля яго 3-й асобнай брыгады 8-й арміі Паўн.-Зах. фронту, 16 батарэй берагавой артылерыі, 6 тарпедных катэраў, 17 тральшчыкаў і інш. суднаў, 12 самалётаў-знішчальнікаў на в-ве Саарэмаа (усяго каля 24 тыс. чал.) дзейнічаў пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі ням. дэсант у складзе 2 пяхотных дывізій (больш за 50 тыс. чал.), які ва ўпартых баях (страціў каля 25—26 тыс. чал.) выцесніў сав. часці. 19—22 кастр. гарнізон астравоў эвакуіраваны на п-аў Ханка. У аперацыі ўдзельнічалі і воіны-беларусы, у т. л. віцэ-адм. В.П.Дрозд. Адцягненне значных сіл праціўніка для захопу Маанзундскіх а-воў садзейнічала аслабленню ням.-фаш. групоўкі, якая наступала на Ленінград.
2) Дэсантная аперацыя войск 8-й арміі Ленінградскага фронту і сіл Балт. флоту (2 стралк. карпусы, 260-я марская стралк. брыгада, каля 100 катэраў і 40 інш. суднаў) па вызваленні занятага ням.-фаш. часцямі (11,5 тыс. чал.) і сіламі флоту Маанзундскага архіпелага 27.9—24.11.1944. У ходзе цяжкіх баёў сав. дэсантнікі авалодалі а-вамі Вормсі (27 вер.), Муху (30 вер.), Хіўма (3 кастр.), Саарэмаа (да 24 ліст.). У выніку вызвалення Маанзундскіх а-воў Балт. флот устанавіў поўны кантроль над Фінскім і Рыжскім залівамі.
Літ.:
Чернов Ю.И. Война погасила маяки. М., 1985;
Виноградов Ю.А. Хроника расстрелянных островов. М., 1985;
Ачкасов В. Моонзундская десантная операция // Воен.-ист. журн. 1973. № 4.
У.Я.Калаткоў, В.А.Юшкевіч.
т. 9, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)