горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.Тургенева, А.Ганчарова, А.Пісемскага, Г.Гейнэ, раннія творы Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.Чарнышэўскага, М.Дабралюбава, інш.рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.Ж.Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».
Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.Багдановіча народнік А.Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.
Тв.:
Соч.Т. 1—4. М., 1955—56;
Исторические эскизы: Избр. ст.М., 1989;
Литературно-критические статьи. Мн., 1976;
Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1939.
Літ.:
Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.И.Писарева. Л., 1987;
Искра Л.М. Д.И.Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),
форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).
На тэр.Вял.кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл.Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.
У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц.культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказанне гуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎ,
горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс.ж. (1998).
Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст.М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял.кн.ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял.кн.ВКЛСвідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн.Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс.ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв.арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач.Вял.Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс.чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.
Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл.Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл.Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл.Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл.Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл.Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл.Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач.Вял.Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.
Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал.нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл.Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн.Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед.ін-т; гл.Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн.пед. тэхнікум (гл.Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв.вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял.Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл.Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн.Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл.Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч.г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам.ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац.маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.
Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст.н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст.тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр.ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн.ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл.драм.т-ра сфарміравалася Тэатральная пл.Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.
У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах.ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд.ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр.ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш.ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх. А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.
У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл.Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ.«Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час.«Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед.час.«Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв.к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).
У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ.газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач.Вял.Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп.газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп.арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).
Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў.
Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».
Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш.бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб.бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач.Вял.Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.
Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл.Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел.нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж.гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш.Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел.сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв.т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав.т-р (1919), рус.драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.
Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст.муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм.т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..
Літ.:
Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;
Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986;
Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;
Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;
Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;