старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.
Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.
Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.Т.Казанец, С.Г.Разанец, І.Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.Канстанцінаў, Б.Агурцоў, Л.М.Ушакоў, Т.Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.Іваноў, Х.Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.Ф.Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.А.Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.Абросімаў, Арсеній, С.Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.І.Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.Ф.Хракаў, Л.Б.Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.В.Пасохін, А.А.Мндаянц, Я.М.Стама, П.П.Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.І.Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Древности Московского Кремля. М., 1971;
Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.
Крэмль Маскоўскі.Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.
Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 903. З 10 ст. горад, уваходзіў у Кіеўскую Русь, у 12—13 ст. — у Наўгародскую феадальную рэспубліку. У 1240 захоплены Лівонскім ордэнам. У 1242 вызвалены войскам кн.Аляксандра Неўскага. У 1266—99 тут княжыў кн.Даўмонт. У 14—15 ст. цэнтр Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. У 14—17 ст. П. — буйны гандл., рамесніцкі і культ.цэнтр. З 1510 у складзе Рус. дзяржавы. У час Лівонскай вайны 1558—83 вытрымаў паўгадавую аблогу войск караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя (гл.Пскова абарона 1581—82). У Паўн. вайну 1700—21 у П. знаходзілася штаб-кватэра Б.Л.Шарамецева. З пач. 18 ст. страціў б. значэнне. У 1708 увайшоў у склад Інгерманландскай, у 1717 — Пецярбургскай, у 1727 — Наўгародскай губ. З 1777 цэнтр Пскоўскага намесніцтва (потым губ.). У 1-ю сусв. вайну ў П. размяшчаўся штаб Паўн. фронту. Тут вясной 1917 адрокся ад прастола апошні рас. імператар Мікалай II. У Вял.Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням. фашыстамі. З 1944 цэнтр Пскоўскай вобл.
П. падзелены рэкамі Вялікая і Пскава на 3 часткі: цэнтр (на правым беразе Вялікай), Завялічча (левабярэжжа Вялікай) і Запскоўе (правабярэжжа Пскавы). З 13 ст. пачала складвацца Пскоўская школа дойлідства. Узведзены Пскоўскі крэмль. Крапасныя сцены ахоўвалі раёны горада: з Пд невял. тэрыторыя т.зв. Даўмонтава горада (паводле археалагічных дадзеных, існаваў з 12 ст., умацаваны ў 1266; княжацкая рэзідэнцыя і адм. цэнтр горада), у міжрэччы Псковы і Вялікай — прылеглы да Крома з ПдУ Сярэдні горад (склаўся ў 10 ст., умацаваны ў 1309—75), на яго ўскраінах — Вакольны горад (пачаў фарміравацца ў 11 ст.), за р. Пскова — Запскоўе. Плошча Даўмонтава горада ў 14 ст. шчыльна забудавана палатамі і цэрквамі (у выніку археалагічных раскопак адкрыты фундаменты 18 каменных пабудоў), з паўд. боку абмежавана манум. будынкам 2-павярховых Прыказных палат (1693—95). У 16 ст. сцены даўж. 9 км умацаваны і расшыраны, пабудаваны манум. вежы, у т. л. Грамячая (1524). Найб.стараж. пабудовы П. блізкія да Наўгародскай школы дойлідства: саборыМіражскага манастыра, Іванаўскага (да 1243), Снетагорскага (1310, фрэскі 1313) манастыроў. У 14—16 ст. будавалі невял. прыходскія цэрквы з вапняку: Васіля на Горцы (1413), Успення на Пароменні (1444, перабудавана ў 1521), Касьмы і Даміяна на Прымосці (1463), Георгія на Узвозе (1494), Міколы на Усосе (1536). Сярод каменных жылых дамоў 16—17 ст. — 3-павярховыя палаты Паганкіных (да 1645), дамы Лапіна («Саладзёжня»), Трубінскага (1670—80-я г.), палаты Ямскога (1680-я г). Паводле рэгулярнага плана 1778 у П. пабудаваны на гал. вуліцах каменныя і драўляныя 2-павярховыя дамы паводле «ўзорных» праектаў у стылі класіцызму. Горад моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. Непадалёк ад П. размяшчаюцца комплексы манастыроў Спаса-Елізараўскага (засн. ў 15 ст.) з 1-купальным 3-апсідным саборам 16 ст., Крыпяцкога (засн. ў 15 ст.) на беразе Святога воз. (захаваўся 1-купальны сабор, 1557). Музеі: мастака-рэстаўратара Ю.П. Спягальскага, гіст.-маст. і арх. музей-запаведнік.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАВЫ,
баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл.Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл.Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл.Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус.правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.
Літ.:
Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];
Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];
Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг.М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДМАГІ́ЛЛЕ,
твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.
Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст.рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.Бернардзін), П.Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.К.Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.П.Румянцава (1834, скульпт. В.Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.Коласа (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка, арх. М.Мызнікаў), Я.Купалы (1971, скульпт. А.Анікейчык і А.Заспіцкі), І.Жыновіча (1976, скульпт. З.Азгур), І.Мележа (1980, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў), П.М.Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.Левін, Ю.Градаў), Е.Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.І.Грамовіча (скульпт. М.Рыжанкоў), А.А.Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.Фінскі), Ю.А.Карачуна (скульпт. У.Лятун), В.Ц.Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.Кароль, Казакоў, В.Волчак, В.Занковіч, Г.Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.С.Барадзіну (1975, скульпт. Г.Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.
А.К.Лявонава.
Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.Анікейчык і А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборысв. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),
від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл.Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм.т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл.Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз.стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.
У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр.быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес.музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац.муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац.муз. традыцый, узбагачалі сусв.муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус.нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л.імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв.муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;
Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;
История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.