СТАНКЕ́ВІЧ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 22.8.1923, Мінск),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1950 у Рэсп. Доме нар. творчасці, у 1956—87 рэжысёр на Рэсп. студыі тэлебачання (у 1959—81 гал. рэжысёр). Сярод работ: тэлеспектаклі «Свой хлеб» Л.​Арцішчава (1959), «Слова пра паэта» (1960) і «Ля сіняй бухты» (1976) Б.​Бур’яна, «У хоры» Г.​Леберэхта (1960), «Выпадковыя сустрэчы» Р.​Назарава (1961), «4-1 = 4» А.​Браілоўскага і Бур’яна (1963), «Толькі б кахаць» Р.​Раманава (1966), «Машэка» Е.​Міровіча (1984), «На вастрыі» К.​Крапівы (1986); тэлефільмы: дакумент. «Знаёмцеся, Беларусь» (1967), «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 5-я серыя), маст. «Мы — хлопцы жывучыя» (1974). Стварыў шэраг тэлеперадач з цыкла «Творчыя партрэты» пра дзеячаў тэатр. і выяўл. мастацтва Беларусі, муз. перадач «Блакітны агеньчык», рэпартажаў, трансляцый грамадска-паліт. падзей у краіне.

т. 15, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСІ́МАЎ Георгій Паўлавіч (н. 3.6.1922, ст. Ладажская Краснадарскага краю),

рускі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1986). У 1953—64, 1980—90 і з 1995 рэжысёр Вял. т-ра Расіі. У 1964—75 маст. кіраўнік і гал. рэж. Маскоўскага т-ра аперэты. З 1972 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна (1957), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» С.​Пракоф’ева (1960). Паставіў «Вайну і мір» Пракоф’ева ў Празе (1970). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСА́К (Barsacq) Андрэ (24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),

французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.​Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШКАРО́Ў Барыс Якаўлевіч (29.10.1905, г. Смаленск, Расія — 23.2.1974),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. дз. культуры Беларусі (1968). Скончыў Дзярж. эксперым. майстэрні пры Маскоўскім камерным т-ры (1929). Працаваў акцёрам у маскоўскіх т-рах, у 1944—47 у Дзярж. рус. драм. т-ры БССР. Выступаў пераважна ў ролях класічнага рэпертуару. З 1947 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў на радыё, тэлебачанні як сцэнарыст і рэжысёр, выступаў з артыкуламі па пытаннях тэатр. мастацтва і драматургіі.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЯ́ЎСКІ Аляксей Анатолевіч (н. 2.2.1957, Мінск),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл. т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел. АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.​Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.​Слепаковай паводле Ш.​Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.​Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.​Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава (1987), «Бура» У.​Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.​Барышава (1993), «Ганэле» Г.​Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЛІХ Вера Паўлаўна (12.4.1894, с. Мікалаеўка Сумскага р-на, Украіна — 21.2.1992),

расійская і бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Праф. (1966). Вучылася ў тэатр. школе пры Маск. маст. т-ры (МХТ; 1914—17), у 2-й студыі МХТ. Працавала ў т-рах Яраслаўля, Уладзівастока, з 1932 рэжысёр, з 1943 гал. рэжысёр т-ра «Чырвоны факел» (Новасібірск). У 1960—65 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. Адначасова з 1960 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Сцвярджаючы рэалізм у тэатр. мастацтве, дасягала глыбокай і тонкай характарыстыкі вобразаў, праўдзівага раскрыцця псіхалогіі і пачуццяў сцэн. герояў. Асаблівую ўвагу аддавала акцёрскай творчасці, цэласнасці ансамбля. Сярод лепшых пастаўленых спектакляў: «Зыкавы» (1944), «Апошнія» (1948) М.​Горкага, «Звычайны чалавек» Л.​Лявонава (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Чайка» А.​Чэхава (абодва 1952), «Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага (1956), «Барабаншчыца» А.​Салынскага (1959) і інш.; у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Дванаццатая гадзіна» А.​Арбузава, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна (абодва 1961), «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Вернасць» («Чорныя птушкі») М.​Пагодзіна (абодва 1962), «Паварот ключа» («Уладальнік ключоў») М.​Кундзеры (1963), «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (1964), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1965).

Літ.:

Баландин Л.А. В театр влюбленные. Новосибирск, 1981;

Бурьян Б.И. Судьба чужая — как своя. Мн., 1982.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РЫЧАЎ Юрый Аляксеевіч (28.4.1953, Мінск — 20.9.1997),

бел. акцёр і рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—86, 1989—92 і 1996—97 акцёр, у 1987—89 рэжысёр Бел. дзярж. т-ра лялек, у 1992—93 рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага абл. т-ра лялек, у 1994—96 гал. рэжысёр Мінскага абл. т-ра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). Для акцёрскага мастацтва С. характэрны псіхал. дакладнасць і яркая характарнасць. Найб. поўна талент праявіўся ў спектаклях для дарослых. Сярод роляў: Гефест («Хачу быць богам» А.​Вярцінскага), Мядзведзь, Ілья Мурамец («Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына), Калібан («Бура» У.​Шэкспіра), Паэт («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды), Анёл А («Боская камедыя» І.​Штока) і інш. Паставіў спектаклі: «Церам-Церамок» С.​Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А.​Гайдара (1987), «Пра Фядота-Стральца, удалога малайца» Л.​Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С.​Пракоф’евай і Г.​Сапгіра (1990) у дзярж. т-ры лялек; «Доктар-Айбаліт» В.​Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І.​Сідарука (1993) і інш. ў Брэсцкім т-ры лялек; «Меч анёла» Сідарука (1994), «Незвычайныя спаборніцтвы» Я.​Спяранскага (1995), «Снежная каралева» Х.​К.​Андэрсена (1995), «Доктар-Айбаліт» Карастылёва (1996) у т-ры лялек «Батлейка».

С.​Ф.​Юркевіч.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч (21.1.1954, в. Ілава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 19.8.2002),

бел. рэжысёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (2000). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1980). З 1980 заснавальнік і гал. рэжысёр Гродзенскага, з 1987 гал. рэжысёр Брэсцкага абласных т-раў лялек. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык Мінскага абл. т-ра «Батлейка». У 1995—2002 працаваў у Бел. дзярж. ін-це праблем культуры. Сярод пастановак: «Блакітнае шчаня» Дз.​Урбана (1980), «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага (1981), «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч (1984), «Васіліса Прыгожая» К.​Чарняк (1985), «Кот у ботах» Г.​Уладычынай (1986), «Гарывада» (аўтар Ю.) паводле Н.​Тулупавай (1988), «Прывітанне Мартышцы» Р.​Остэра (1990); «Заяц варыць піва» С.​Кавалёва, «Свята Раждзяство радасць прынясло» І.​Сідарука (абедзве 1992), «Мая Іліяда» (аўтар Ю.) паводле паэт. твораў У.​Караткевіча, «Страшнік Гам» П.​Васючэнкі (абедзве 1994) і інш. Аўтар прац па праблемах лялечнага т-ра, п’ес.

Тв.:

Волшебный мир театра кукол. Мн., 1997 (разам з Л.​М.​Быкавым);

Аб рэжысуры тэатра лялек // Сучасная беларуская рэжысура. Мн., 1998;

Праблемы сучаснай сцэнаграфіі ў тэатры лялек // Сучасная беларуская сцэнаграфія. Мн., 2000;

Беларуская батлейка: традыцыі і сучаснасць // Народныя традыцыі і нацыянальная культура. Мн., 2001. Кн. 1.

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 18, кн. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ Мікалай Паўлавіч (16.4.1901, Харкаў — 6.9.1968),

рускі рэжысёр і мастак. Нар. арт. СССР (1960). Праф. (1960). Вучыўся ў Новай маст. студыі ў Петраградзе (1915—19). З 1922 тэатр. мастак, рэжысёр. У 1935—49 і з 1955 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра камедыі. Лепшыя спектаклі, якія паставіў і аформіў Акімаў, адметныя тонкай іроніяй, дакладнасцю характарыстык: «Звычайны цуд», «Дракон» Я.​Шварца, «Дон Жуан» Дж.​Байрана, «Стракатыя апавяданні» паводле А.​Чэхава і інш. Аўтар графічных работ (кніжная ілюстрацыя, партрэт, тэатр. афіша).

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЦІ́НСКІ Ігар Васілевіч (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.​Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.​Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.​Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.​Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.​Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.​Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.​Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.​Сыскаўца, «Лівень» паводле А.​Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.​Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.​Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)