ТЭЛАМЕРЫЗА́ЦЫЯ хімічная ланцуговая рэакцыя ненасычаных або цыклічных злучэнняў (манамераў) у прысутнасці рэчыва — перадатчыка ланцуга (тэлагена),
што прыводзіць да ўтварэння сумесі нізкамалекулярных гамолагаў. Паводле механізма падобная да полімерызацыі, аднак пры Т. канстанта скорасці перадачы ланцуга значна большая за канстанту скорасці яго росту (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Малекулы прадуктаў Т. — тэламеры маюць ад 2 да 40 звёнаў манамера і канцавыя групы, якія з’яўляюцца фрагментамі тэлагена. Т. адбываецца пры ўтварэнні нафты, фарміраванні паліенавых ланцугоў біялагічна актыўных рэчываў і інш. прыродных працэсах. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці лакаў, эмалей, сікатываў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛАДАЛУЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, цыкладалучэнне,
група арган. рэакцый, у якіх 2 ненасычаныя малекулы далучаюцца адна да адной з утварэннем новага цыкла. Суправаджаецца змяншэннем кратнасці сувязей.
Паводле колькасці атамаў кожнага кампанента адрозніваюць [2+1]-, [2+2]-, [2+4]-цыкладалучэнні і інш. Пры [2+1]-Ц.р. да кратнай сувязі малекулы далучаецца атам з запоўненай і адначасова вакантнай арбіталлю (напр., карбен, дыхлоркарбен), у выніку чаго ўтвараецца трохскладовы цыкл. Чатырохскладовыя цыклы ўтвараюцца ў выніку [2+2]-Ц.р., напр., з алкенаў утвараюцца замешчаныя цыклабутаны. Прыклад [2+4]-Ц.р. — дыенавы сінтэз (рэакцыя Дзільса—Альдэра), які дазваляе атрымаць шасціскладовы цыкл з рознымі замяшчальнымі групамі. Выкарыстоўваюцца Ц.р. ў арган. хіміі для сінтэзу карба- і гетэрацыклічных злучэнняў зададзенай структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАЗЁМЫ,
тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашванне арган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн.га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд. Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі. які ўключае эксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.
Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз.рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз.рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав.АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац.АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац.АН і інш.
Літ.:
Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;
Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hofmann) Аўгуст Вільгельм фон (8.4.1818, г. Гісен, Германія — 5.5.1892),
нямецкі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў ням. прам-сці сінт. фарбавальнікаў. Скончыў Гісенскі ун-т (1840), дзе і працаваў. З 1845 дырэктар Каралеўскага хім. каледжа ў Лондане, з 1865 праф. Берлінскага ун-та. Навук. даследаванні па хіміі араматычных злучэнняў (фарбавальнікаў). Вылучыў з каменнавугальнай смалы бензол, з якога атрымаў нітрабензол, а яго аднаўленнем — анілін (1845, удасканаліў рэакцыю М.М.Зініна). Адкрыў спосаб сінтэзу аліфатычных амінаў уздзеяннем галагеналкілаў на аміяк (рэакцыя Гофмана, 1850), спосаб атрымання першасных амінаў з амідаў карбонавых к-т (перагрупоўка Гофмана, 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.Чырнера, С.Борна і рас. эмігранта М.А.Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЦА́РА (Cannizzaro) Станіслао (13.7.1826, г. Палерма, Італія — 10.5.1910),
італьянскі хімік, адзін з заснавальнікаў атамна-малекулярнай тэорыі. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1889). Атрымаў адукацыю ва ун-тах Палерма і Пізы (1841—48). З 1851 праф.Нац. каледжа ў Александрыі, ун-таў Генуі (з 1856), Палерма (з 1861) і Рыма (з 1871). Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў акісляльна-аднаўленчае дыспрапарцыянаванне араматычных альдэгідаў пад уздзеяннем шчолачы з утварэннем першасных спіртоў і карбонавых кіслот (1853, рэакцыя К.), бензілавы спірт. На аснове закону Авагадра размежаваў паняцці «атам», «эквівалент», «малекула» (1858).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.
К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл.Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТЫЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
металаарганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле атам літыю, непасрэдна злучаны з атамам вугляроду.
У асн. Л.з. — цвёрдыя рэчывы. Бутыллітый C4H9Li і аліфатычныя Л.з. з 7—12 атамамі вугляроду ў малекуле — вязкія вадкасці. Аліфатычныя Л.з. добра раствараюцца ў вуглевадародах (акрамя метыллітыю CH3Li) і эфірах, араматычныя — толькі ў эфірах. Л.з. лёгка акісляюцца (напр., CH3Li у паветры самазагараецца), бурна ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, к-тамі, галагенамі. Паводле хім. уласцівасцей блізкія да рэактываў Грыньяра (гл.Грыньяра рэакцыя). Звычайна атрымліваюць узаемадзеяннем алкілбрамідаў ці алкілхларыдаў з метал. літыем у арган. растваральніку. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, у прам-сці — як каталізатары стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (напр., пры атрыманні бутадыенавых і ізапрэнавых каўчукоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,
сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.