ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,

гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКІ БАЛЕ́Т ДЗЯ́ГІЛЕВА»

(Les Ballets Russes de Diaghilev),

пастаянная балетная трупа, створаная С.П.Дзягілевым на базе «Рускіх сезонаў» за мяжой у 1911—13 (праіснавала да 1929). Першымі харэографамі былі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, пазней Б.​Раманаў, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын. Афармлялі спектаклі Л.​Бакст, А.​Бенуа, А.​Галавін, М.​Рэрых і інш. У балетах выступалі К.​Гельцэр, Г.​Паўлава, Т.​Карсавіна, Ніжынскі і інш. Трупа папаўнялася замежнымі танцоўшчыкамі, мастакамі і паступова ператварылася ў агульнаеўрап. культурную з’яву. Акрамя балетаў рус. кампазітараў (І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева) ставіліся спектаклі замежных кампазітараў, пераважна франц., створаныя для трупы Дзягілева: «Блакітны бог» Р.​Ана (1912), «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля (1912), балет на музыку «Пасля паўдзённага адпачынку фаўна», «Гульні» (1912) К.​Дэбюсі, «Лані» Ф.​Пуленка (1924) і інш.

Літ.:

Григорьев С.Д. Балет Дягилева, 1909—1929. М., 1993;

Haskell A. Ballet Russe: The Age of Diaghilev. London. 1968;

Kochno B. Diaghilev and the Ballets Russes. London, 1971;

Larionov M. Diaghilev et les Ballets Russes. Paris, 1971.

К.​М.​Дулава.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЬ,

назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл. Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед. гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст. сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл. слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр. ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст. наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх. ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́КІРАЎ (Мілій Аляксеевіч) (2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),

рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.​Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш. народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).

Тв.:

2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у т. л. Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш. для арк.;

2 канцэрты для фп. з арк.;

камерна-інстр. ансамблі;

фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш. для фп.;

хары, рамансы;

музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ.:

М.​А.​Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.

М.А.Балакіраў.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.

Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.​Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.​Альхімовіч, В.​Лукашэвіч, В.​Рускіх, А.​Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.​Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,

баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.​В.​Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс. чал. пры 20 гарматах. 21 ліст. рус. авангард (каля 4,5 тыс. чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс. чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс. чал., у французаў — каля 5 тыс. чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФО́ННАЕ СПЯВА́ННЕ (ад грэч. antiphonos які гучыць у адказ),

папераменнае выкананне песнапення 2 харамі ці салістам і хорам.

Вытокі антыфоннага спявання ў найстаражытнейшых нар.-песенных формах выканання, у стараж.-грэч. трагедыі, дзе хор часта падзялялі на 2 паўхары, у кульце народаў Усходу. У хрысц. богаслужэнне антыфоннае спяванне ўведзена ў 1 ст. н.э., у зах. Хрысц. царкве — у 4 ст. У праваслаўнай царкве, як правіла, чаргаваліся спевы 2 жаночых або мужчынскага і дзіцячага хароў, у каталіцкай царкве — спевы свяшчэнніка, цэлага хору і яго часткі.

Карані ўсходнеслав. антыфоннага спявання ў карагодных песнях, якія суправаджаліся сыходным і разыходным рухам процілеглых радоў (напр., у песні «Проса» з формай руху «сцяна на сцяну», пашыранай у розных меладычных варыянтах у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). На Беларусі падобныя формы да нашага часу сустракаюцца ў Паазер’і і зах. раёнах (напр., у абрадзе «бараны», зафіксаваным у 1981 у Докшыцкім р-не, 3 групы спявачак па чарзе выконваюць строфы песень розных каляндарных жанраў у тым парадку, як яны размешчаны ў гадавым крузе). Яны ўласцівыя вясельным і жніўным песням. Своеасаблівую трактоўку набывае антыфоннае спяванне ў купальскай абраднасці.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл. Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.​М.​Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАВЫ,

сям’я рускіх мастакоў. Фёдар Яўціхіевіч (?—1689), жывапісец. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Сярод твораў, што захаваліся: насценная размалёўка Наваспаскага манастыра ў Маскве, мініяцюры «Тлумачальнага евангелля» (1678), абразы. Іван Фёдаравіч (1667 — пасля 1744), гравёр. Сын Ф.​Я.​Зубава. Вучыўся іканапісу ў Аружэйнай палаце (1695—96) і гравюры ў А.​Шхонебека (1703—05), з 1708 памочнік П.​Пікара ў Маск. друкарні. У тэхніках разцовай гравюры і афорта пераважна па ўласных малюнках ствараў віды Пецярбурга, планы, партрэты і інш.: «Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне» (1727—30), партрэт Пятра I (1721, з гравюры Я.​Хаўбракена). Аляксей Фёдаравіч (1682 — пасля 1750), гравёр. Сын Ф.​Я.​Зубава. Вучыўся ў Аружэйнай палаце (1695—1700) і ў Шхонебека. Жыў у Пецярбургу, з 1732 у Маскве. Выканаў каля 100 аркушаў, сярод якіх партрэт Пятра 1 (1712), «Панарама Пецярбурга» (1716), «Баталія пры Грэнгаме» (1721). Яго творчасць паўплывала на развіццё жанру вядуты ў рус. мастацтве.

Да арт. Зубавы. І.​Зубаў. Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне 1727—30.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)